Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Францішка РАДЗІВІЛ

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

alias ІНФАРМАЦЫЯ ЖЫЦЦЯ
АД ЯСНАВЯЛЬМОЖНАЙ КНЯГІНІ
ЯЕМОСЦІ ФРАНЦІШКІ УРШУЛІ З КАРЫБУТАЎ ВІШНЯВЕЦКІХ РАДЗІВІЛАВАЙ, ВАЯВОДЗІНЫ ВІЛЕНСКАЙ,
ВЯЛІКАЙ ГЕТМАНАВАЙ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА, ДАЧЦЭ МАЁЙ ГАННЕ МАРЫІ ДАНЫЯ ГОДУ 1732

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага.
Перасцярогі дачцэ маёй Ганне Марыі, як яна паводзіць сябе павінна ў далейшым бегу жыцця свайго, калі я сама не змагу даць ёй павучанні, ідучы з волі Божай туды, куды нядобрая слабасць завесці можа, дык прысуду Пана бясстрашным сэрцам чакаючы, дачцэ маёй каханай тыя цноты рэкамендую, якія ніжэй укладаю вершам для лепшай забавы і добрай памяці.

Божа Адзіны, Ты ведаеш колькі
Нам пры жыцці зведаць бедаў і столькі
Клопатаў кожнаму Ты адмяраеш,
Смерцю гады чалавека спыняеш.
Я гэтай хвілі чакаць больш не ў стане,
Сэрцам адважным малю Цябе: Пане,
Дай дастаткова мне волі і сілы
З розумам ясным дажыць да магілы.
Слабасць мяне адусюль атачыла:
Быццам існую, а смерць спіць у жылах.
Дай жа мне, Божа, спакойна памерці,
Ты над жыццём валадарыш і смерцю.
З ласкі сваёй і бясконцай даброці
Дай адкупіць мне жыццём грэшнай плоці
Бацьку з дачкою, альбо хай мы разам
Адначасова ў труне ўсе паляжам.
Можа мальбу маю, Пане, пачуеш,
Мужу з дачкою жыццё Ты даруеш.
Я за каханых сваіх без вагання
Дзён рэшткі здам у заклад аж дазвання.
Лёс свой ніхто з нас прадбачыць не можа,
І прадказаць, калі Суд будзе Божы,
Я ж, покуль тчэцца жыццё павуцінай,
Пункты складаю дачушцы адзінай.

ПУНКТ ПЕРШЫ
Першая цнота, дачушка кахана,
Шануй Бога ў Тройцы – Адзінага Пана,
Творцу, што ў чыстым улонні пачаты
Панны Марыі, бязгрэшна зачатай,
Што з некранутай народжаны Панны.
Мусіш ты ў веры трываць беззаганна.
Верыць, як кажа Касцёл Каталіцкі,
Памятаць Юдаву здраду і скрытнасць,
Як ненадзейны слуга свайго Пана
Здаў, і за грэх яму смерць была дана.
Божая ласка дары шчодра родзіць,
Веру тваю Бог спаўна ўзнагародзіць.

ПУНКТ ДРУГІ
Толькі ад сну абуджаюцца вочы,
Крыжам узбройся, у неба хай крочыць
Думка твая. Стань у кут на калені
І распрані, калі трэба, сумленне,
Душу сваю апрані, перш чым цела,
Раптам да веры яна ахладзела,
Ноччу свавольныя сніла лятункі –
Ранкам ачысці ад грэшнага думкі.
Службу не кідай, як здарыцца нават
Недзе паблізу цікавая справа.
Слухай цярпліва, дачушка кахана,
Быццам стаіш на Судзе перад Панам.

ПУНКТ ТРЭЦІ
Марна на гожыя сукні і строі
Час не губляй, а як хочаш спакою,
То калі ў люстра сябе аглядаеш,
Думай, што з Боскай рукі гэта маеш.
Пана ўхвалі, а пашчасціць, дачуню,
Мець на карсажы шыкоўную сукню
І дарагія карункі, прыпомні,
Што пахавае труна бляску промні,
Ды сцеражыся хвальбы, пад нябёсы
Тлум узнясе цябе рознагалосы,
Ты ж памятай, што на ўсё воля Пана,
Будзеш шчаслівай, дачушка кахана.

ПУНКТ ЧАЦВЁРТЫ
Часам цябе гнеў, дачушка, ўсхвалюе,
Ведай, ён стану твайму не пасуе.
Хоць бы ты мела характар амбітны,
Хай пераможа яго розум спрытны.
Злых Бог не любіць і людзі баяцца,
Лепей за жартам бывае схавацца,
І адступіць, ды сказаць сабе: годзе,
Чым злую славу займець у народзе.
Трэба загадваць з усмешкай на твары
І адпускаць вінаватых без кары.
Служак зычлівых хай гнеў твой не дражніць,
Лепей з любові служыць, чым з баязні.

ПУНКТ ПЯТЫ
Мусіш дарэшты пазбавіцца пыхі,
З ёю не будзе жыццё тваё ціхім.
Гэтай заганаю Бог пагарджае,
Добрыя думкі яна вынішчае,
Шчыраму сэрцу стварае пагрозу,
Сціпласць цябе хай ратуе ды розум.
Помні, ў краіне ты вырасла вольнай,
З станам шляхецкім ты лічышся роўнай,
З гонарам кожнае вымаві слова,
Трэба сябе шанаваць адмыслова,
Ды не ўзнасіцца над іншымі дужа,
Бо і фартуна даўжэй тады служыць.

ПУНКТ ШОСТЫ
Ты не зайздросці ніколі нікому,
Тым задаволься, што маеш ты ў дому.
Іншых хвалі, калі добрае ўгледзіш,
З зайздрасці ганьбіць не ўздумай суседзяў.
Бо, калі зайздрасць паселіцца ў сэрцы,
Ў воку сваім не прыкмеціш ты смецця,
Толькі ў чужым парушынку заўважыш,
А пра сябе ты благога не скажаш.
Хтосьці пахваліць цябе несур'ёзна,
Фальшу не ўчуеш ты, будзе запозна.
Дык сцеражыся дачушка такога,
Зайздрасць заўсёды прыводзіць да злога.

ПУНКТ СЁМЫ
Стрыманай будзь, а не прагнай і хцівай,
Шчодрай і добрай, да ўсіх справядлівай,
Тое, што мусіш, збірай не заўзята,
Не выдаткоўвай свайго забагата.
З бліжнім, як можаш, дзяліся ўпалову,
Дапамагай, як не хлебам, дык словам.
Шчодра аддзяч за чужую паслугу,
Шчыра любі і шануй ты прыслугу.
Май свой сакрэт, будзь сумленнай і спраўнай,
Іншых людзей не распытвай цікаўна.
Будзь міласэрнай для ўбогага люду,
Сквапнасць гані ад сябе, як аблуду.

ПУНКТ ВОСЬМЫ
Кожнага ветла прымай і ласкава,
Хай не зашкодзіць гасціннасці слава.
Ўсіх напаі, накармі з добрым словам
І не шкадуй пачастунку нікому.
Шчыра прасі, але ў час стулі вусны,
Каб не было праз абжорства распусты.
Хай пра цябе скажа лепей грамада,
Што ў доме ты госцю кожнаму рада,
Што ад душы і ласкава прымаеш,
Ды не распусная, меру ты знаеш.
Толькі заўжды, перш чым ладзіць забаву,
Бога прасі блаславіць тую справу.

ПУНКТ ДЗЕВЯТЫ
Ты ў чысціні захавай сваё цела,
Нават, каб думцы грашыць не карцела.
Не дапусці ганарыстасць у сэрца,
Шчасце тваё аб яе разаб'ецца.
Словам ліслівым падманнай любові
Не давярайся, дачушка, ніколі,
Бо адамкнуцца кахання вароты,
І не згадаеш ты ў жарсці пра цноты,
Схочаш навекі застацца каханай,
Грэх незагойнай абернецца ранай.
Сэрца трымай жа ты ў злагадзе з воляй,
Пан Бог адорыць цябе лепшай доляй.

ПУНКТ ДЗЕСЯТЫ
Зло аддалі ад сябе і ляноту,
Шчыра да неба маліся, з ахвотай,
Не застывай у бяздзейнасці млявай,
Будзь да людзей і да неба ласкавай.
Пана ўхваліўшы малітваю ранняй,
Кнігу набожную ты для чытання
Лепей вазьмі, што дарослыя раяць,
Іншых рука твая хай не гартае,
Хай да сумленнай кіруецца працы,
Дзе спрыт жаночы – найлепшы дарадца,
Хутка ў рабоце мінецца дзень нудны,
Госпада ж Бога хвалі ты паўсюдна.

ПУНКТ АДЗІНАЦЦАТЫ
Саманадзейнай не будзь ты і ўпартай,
З мудрым заўсёды параіцца варта,
Перш чым пачаць справу, думай, як скончыць,
Каб не было табе сорамна двойчы.
Мусіш узважыць, што добра, што дрэнна,
І папрасіць для сябе блаславення,
Бо той, хто ўдумаў складанае справіць,
Мусіць наперад нябёсы ўласкавіць.
Той, хто адзіна сабе давярае,
Часта пасля на сябе ж наракае.
Трэба прадумваць дакладна наперад
Дзеянні разам з сябрамі і небам.

ПУНКТ ДВАНАЦЦАТЫ
Трэба бацькоў больш за ўсіх шанаваці,
Шчасце, што маеш ты бацьку і маці.
Дзеці бацькоў не заўжды паважаюць,
Хай цябе прыклады іх не натхняюць.
Бог блаславіў нас дачку нарадзіці,
Мусіш нас шчыра ўсім сэрцам любіці,
Слухаць парады, выконваць без злосці.
А як Пан Бог да сябе нас запросіць,
Ты захавай нас у сэрцы навекі.
Хутка ўжо смерць мне закрые павекі,
Выкажу сёння ж апошнюю волю,
Доня, тваю бласлаўляю я долю.

ПУНКТ ТРЫНАЦЦАТЫ
Смерць забярэ мяне, позна ці рана,
Мачаха месца маё поруч з панам
Зойме, ласкаваю будзь і не лайся,
Ейнага гневу пазбегнуць старайся.
Слухайся бацьку, бо ён справядлівы,
Ён будзе дбаць, каб твой век быў шчаслівы,
Дзе б ні была ты, усялякай парою
Ён ад благога цябе абароніць.
Мусіш прыстойна заўсёды трымацца,
Каб дачкой вартай свайго бацькі звацца.
Не наракай, што не даў Пан Бог долі,
Толькі чыні ўсё па бацькавай волі.

ПУНКТ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Будзеш ты ў радасці, доня, ці ў смутку,
З Божае ласкі ўсё дойдзе да скутку.
Ты сцеражыся найбольш плётак, звады,
Хцівасці, зману, распусты і здрады.
Сціпласць не толькі на словах і ў воку,
Ў кожным павінна прасочвацца кроку.
Шчодрасць у сэрцы жыць мусіць, і шчырасць,
І дабрыня, чалавечнасць, цнатлівасць.
Гэтыя рысы табе дапамогуць,
Знойдзеш да Бога сваю ты дарогу.
Скрыўдзіш, бывае, каго выпадкова,
Літасць сваю акажы яму словам.

ПУНКТ ПЯТНАЦЦАТЫ
Мусіш таксама, дачушка кахана,
Ты запаведзяў трымацца старанна.
Госпаду Богу служыцьмеш з ахвотай,
Ён цябе шчасцем адорыць і цнотай.
Хай прыгажосць і ўсе скарбы сусвету
Здобяць жыццё тваё доўгія лета!
Хай гэтак шчодра, як лье святло сонца,
Бог блаславенствы табе шле бясконца,
Хай дапаможа табе Ён успадчыць
Усяго свету багацце і ўдачу.
Ды лепш, чым грошы, і гонар, і славу,
Хай пасля смерці дасць неба ласкава.
Пераклад Наталлі Русецкай

ПЕРАСЦЯРОГА АБ ТЫМ,
ШТО ТРЭБА БЫЦЬ
ПАКОРНАЙ ДУМКІ
ПРА СЯБЕ САМОГА

Для чалавека самалюбаванне –
Заўсёды натуральнае жаданне.
Што добрага ад гэтага, нябога,
Навука што без страху перад Богам?
Лепш простасць мужыка, што Богу служыць,
Чым мудрасць ганарліўца, што не тужыць
І, пра душу забыўшыся, не ўздрогне,
Дарма над бегам ён планетным сохне.
Чым больш уведае, глыбей спазнае –
Занудзіцца, сабою пагарджае,
Яму ўсё роўна кпіны ці пахвалы,
Ён абыякавы да добрай славы.
Ці ж звязвацца з навукай нетрывалай?
Натуру лепей ведаць дасканала.
У Бога за бясцэнак Судным часам,
Калі адказ за ўсё трымаюць разам,
Сыходзіць хцівасць зведаць усе рэчы.
Цікаўнасць думкі здольная аспрэчыць
Спазнання мудрасць існую. За тое
Вар'яцтва наклікае пекла злое.
Для вумнікаў у радасць рэха славы,
Што іх натура мудрая і справы.
Але бясконцая такая прага,
Для існых ведаў не патрэбна звяга.
Цікаўнасць розум шкодная замуціць,
Але й душу нічому не навучыць.
Упарцяцца ў бязглуздым меркаванні,
Што дрэннага чагось з душой не стане.
Не радуецца мудры словам думкі,
А цешыцца з душэўнае навукі.
Сумленне чыстае – давер для Бога,
Скіроўвае да вечнасці парога,
І суд суровей над такім: загіне
Ягоны розум – і святло нахлыне.
Калі дарогаю святых не пойдзеш,
Як грэшнік – суд і пакаранне знойдзеш.
Да марнага, пустога не імкніся
І фокусам вучоных не вучыся.
Прыкласці бойся розум або рукі,
Дзе ўжо спрактыкаваліся навукі.
Калі ж ліслівае ўяўленне маеш
Ты пра сябе, нядобрае ўспрымаеш –
Больш верыш тым, каго не разумееш,
А сэрцу адмаўляеш, як умееш.
Няхай жа вум і пыха з пустатою
Не мераюцца з сэрца прастатою!
Нашто вышэй за іншых адмыслова
Скакаць? Супольнасць іхняя не нова,
Яны пабачаць хутка грамадою -
Даецца розум ім з нябёс рукою.
Калі ж цікаўны, памятай, нябога:
Жыві ў няведанні, а ў дапамогу
Пагарду мей ты да сябе самога,
Не захапляйся – выбар сябраў строгі.
Істотней, радасней, карысней славы
Пагарда да сябе і ўласнай справы,
Бо гэта мудрасць, дасканалы розум –
Уведаць пра нікчэмнасць думак розных.
Альбо: гасіць гардыню – дар прыроды,
Адным ён дадзены яшчэ ад роду,
Калі ж убачыш апантаных злосцю –
Не асуджай пыхлівага кагосьці.
Няпраўда, што хтось лепшы за другога,
Бо людзі ўсе схіляюцца да злога.
Што добрыя з табою засталіся,
Не вер. Над чалавекам не глуміся.
Аднолькава заганныя на свеце
Мы ўсе. Але павінны ведаць дзеці:
Убогаю трымай сваю асобу,
Душы паслужыць гэта за аздобу.
Пераклад Алы Канапелькі

ПЕРАСЦЯРОГА,
ШТО МЫ ПАВІННЫ БОЛЬШ ДБАЦЬ
ПРА ЖЫЦЦЁ ВЕЧНАЕ,
А НЕ ЧАСОВАЕ

Які абсурд жадаць жыцця зямнога,
Дзе светлага не бачна анічога,
Дзе бесклапотнасць замінае ўсюды,
Наш сумны век наогул повен блуду.
Што будзе з намі, тое не турбуе,
Абы сягоння радасць мець любую.
Не варта тое палюбіць, што згіне,
Падумаць лепш, што заўтра нас адрыне
Быцця бясконцасць: шчасце там не госцем,
Там не падмануць і не пазайздросцяць,
Там прыгажосць наўкол чаруе вочы,
А вуха спеў дзівосны чуць ахвоча.
Паслухай сэрца, што трывожна б'ецца,
Няхай яно з цянётаў здрады рвецца,
Няхай яно такой шукае згоды,
Дзе толькі шчасце лепшай насалодай.
А хто жыве і пра душу не дбае,
Сумленне й ласку Божую губляе.
Пераклад Казіміра Камейшы


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY