|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
Вікарны біскуп
Падзяляючы выказанае яшчэ ў 1820 г. падчас першапачатковых гістарычных даследаванняў таго перыяду меркаванне, мы без ваганняў называем асобу, якую, прымаючы пад увагу яе імя, сан, час жыцця, а таксама іншыя акалічнасці, можна з дастатковай упэўненасцю лічыць аўтарам Chronicon Moguntinum: гэта біскуп Хрысціян Літоўскі. На пачатку гэтага даследавання ўсю нашу ўвагу звярнулі на сябе некаторыя выказванні Даля (Dahl) у Archiv II, 329. Справа ў тым, што ў згаданым месцы ён пісаў: «Такім чынам, арцыбіскуп Хрысціян, на маю думку, аўтарам Хронікі не з'яўляецца. Аднак аўтар яе быў у Майнцы, і ў майнцкай гісторыі ён добра вядомы; больш за тое, ён з'яўляўся відавочцам пэўных падзей і таму, напэўна, добра ўсё ведаў, таму я не выключаю salvo meliori (захоўваючы лепшае), што ім, магчыма, з'яўляўся адзін з майнцкіх вікарных біскупаў, нягледзячы на тое, што да гэтага часу ніводзін з вікарных біскупаў перыяду кіравання Хрысціяна ІІ невядомы. З часу кіравання арцыбіскупа Вернэра, які заняў Майнцкі пасад у 1259 годзе, згадваецца нейкі «Christianus Episcopus Licoviensis». Але наконт таго, ці быў той Хрысціян сапраўды майнцкім вікарным біскупам, упэўненасці няма; такім чынам, і я не магу сцвярджаць, што ён быў аўтарам той старадаўняй Хронікі». Аднак выказаная Далем думка наконт таго, што аўтара нашай Хронікі трэба шукаць сярод майнцкіх вікарных біскупаў сярэдзіны XIII стагоддзя, не можа прэтэндаваць на навізну, таму што, як мы ўжо коратка зазначылі вышэй, яшчэ ў XVII стагоддзі ў Удзінуса (Оudinus) у «Supplementum de scriptoribus vel scriptis ecclesiasticis a Bellarmino omissis» (Дадатак пра касцельных пісьменнікаў ці творы, не згаданыя Бэлярмінам) (Parisiis 1686) 517, а потым і ў «Commentarius de scriptoribus ecclesiae antiquis illorumque scriptis» (Каментар пра старажытных касцельных пісьменнікаў ды іхнія творы) III, 203 (Lipsiae 1722) падаецца выказванне «Сonradus Episcopus Rerum Moguntinarum Scriptor, sub nomine Episcopi notus, floruit anno 1240 et ultra sub seculi XIII medium, qui nunquam Moguntinensis Archiepiscopus fuit, sed succursarius tantum ac Archiepiscopi absentis vel functiones suas obire nolentis vices suppleturus. Hic ergo commodatitius Episcopus scripsit Chronicon Moguntinarum Rerum ab anno 1140 ad annum 1250» (Біскуп Конрад, майнцкі гісторык, пад іменем Біскупа быў вядомы ў 1240 г. і пазней — каля сярэдзіны ХІІІ стагоддзя. Ён ніколі не быў Майнцкім арцыбіскупам, а толькі дапаможным біскупам (succursarius) і замяшчаў арцыбіскупа, які адсутнічаў альбо не хацеў выконваць свае абавязкі. Таму больш верагодна, што Біскуп пісаў Хроніку майнцкіх падзеяў ад 1140 да 1250 года). А напрыканцы згаданага артыкула Удзінус адзначаў: «Distinguendus est igitur Conradus iste Suffraganeus vel Chorepiscopus Moguntinus, qui Moguntinas res ad annum usque MCCL. scripsit, a Conrado Moguntino illo Archiepiscopo, qui anno 1202 mortuus est» (Неабходна адрозніваць гэтага Конрада, Майнцкага суфрагана ці дапаможнага біскупа (chorepiscopus), які апісваў майнцкія падзеі да 1250 г., ад Конрада Майнцкага — таго арцыбіскупа, які памёр у 1202 г.). На гэтае месца спасылаўся Ёаніс (Joannis) у Прадмове да другога выдання Chronicon Moguntinum Ройберы (Reuberi), Veterum SS, 758, дадаючы заўвагу: «Sed sine ullo, quod fidem faciat, argumento: ut adeo haud opus sit, multis hic expendere, bene secusne id ille statuat; quem ceteroqui, dum col. 204 Eisengreinium modo et Possevinum, modo Vossium et Miraeum sibi refellendos sumsit, turpiter se dedisse, nemo paullum peritior diffitebitur» (Але без таго аргумента, які запэўнівае, што няма патрэбы разважаць тут над усім гэтым, добра ці кепска ён гэта ўстанаўлівае; зрэшты, узяўшыся абвяргаць (у кал. 204) то Айзэнграйна і Пасэвіна, то Фосія і Мірэя, ён асаромеўся, бо нельга абвяргаць таго, хто больш дасведчаны). Нягледзячы на такое даволі рэзкае адмаўленне ідэі Удзінуса, Даль, як мы бачым, з даверам звяртаецца да гэтай ідэі і развівае яе, няхай сабе і стрымана: ён нават пэўнага вікарнага біскупа, імя якога, вядома, не Конрад, а менавіта Хрысціян Літоўскі, называе як магчымага аўтара Chronicon Moguntinum. Калі ён памылкова называе яго Licoviensis, то памылка гэтая грунтуецца на лёгка вытлумачальным недаглядзе пры друкаванні цытаванага акту арцыбіскупа Вернэра ад 15 красавіка 1262 г. (у: Joannis R. M. II, 422). «Episcopus Licovie» сустракаецца і ў Bohmer, Cod. Francof. I, 127, але правільна, без сумнення, Litoviensis. Менавіта так і трэба надалей разумець гэты дадатак, хаця памылковае напісанне сустракаецца неаднаразова. У Chronicon Menkonis (M. G. SS. XXIII, 547) пад 1259 г. сустракаецца наступнае месца: «Eodem anno consecrata et ecclesia Floridi Orti a domino Christiano Lecowiensi Episcopo» (У той жа год быў асвечаны касцёл Флёрыдус Гортус (лац. Квітнеючы Сад, абацтва Байндт, Вюртэмбэрг) панам Хрысціянам, Лекаўскім біскупам), адносна чаго Вайланд (Weiland), выдавец цытаванай крыніцы, заўважае: «Nescio quam episcopii sedem Noster intelligat. Fortasse legendum est Letowiensi» (Не ведаю, якую сядзібу біскупства мае на ўвазе наш (храніст). Магчыма, трэба чытаць Летаўскім). Тыбус (Tibus) у «Geschichte der Weihbischofe von Münster «(«Гісторыі вікарных біскупаў мюнстэрскіх») адзначае на с. 15, што Герман Кох (Hermann Koch) у Series episcoporum Monast. (1802 г.) у якасці першага вікарнага біскупа называе біскупа Хрысціяна Christianum episcopum Lecowiensem (Хрысціяна, Лекаўскага біскупа), менавіта спасылаючыся на трактат Delices des Pays-bas. Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што ў Histoire ecclesiastique d'Allemagne Хрысціян называецца «Eveque de Lecovie ou Luccor/v/ie»1. Аднак гэтыя крыніцы, на нашу думку, аўтарытэтнымі не з'яўляюцца, таму лічым і памылковым, і непатрэбным дадзенае Тыбусам тлумачэнне, што, магчыма, тое месца, дзе Міндоўг, кароль Літоўскі, збудаваў катэдру, называлася Лецаў ці Ліцаў. Прыметнікавыя формы Lethoviensis, Lithoviensis, а таксама Lithociensis, Leoteviensis (Thuringia sacra 896 і 897) ва ўсялякім разе правільныя і адпавядаюць назоўнікавым формам, якія прыводзіць Тыбус: Littovien, Lettovien, Letovien, Lithuanien i Luthuanien, а таксама тым, якія ўжывае Кох (Erfurter Weihbischofe /Zeitschrift für thüringische Geschichte VI, 65) — Lytouga i Lituania. Форме Lucovie ў Historie eccles. d'Allemagne роднасны — прынамсі па гучанні каранёвага складу — прыметнік Lutwinensis, што сустракаецца ў Necrol. B. M. Erfurt, датаваным 9 лютага (Mone, Anzeiger 1835 г., с. 141, i Zeitschrift für Geschichte des Oberrheins IV, 254; параўн. Koch, тамсама) . Дастаткова; тут перад намі паўстае вікарны біскуп Хрысціян Літоўскі, чыё жыццё складаецца з нешматлікіх, аднак часткова цікавых і надзвычай важных для нашай адмысловай мэты момантаў. Адносна радзімы Хрысціяна коратка адзначым, што за права называцца ёю спрачаюцца дзве мясцовасці. Тыбус у цытаваным выданні выказвае меркаванне, што «ён, відавочна, нарадзіўся ў гэтай мясцовасці (г. зн. Мюнстэрскім краі)», аднак доказаў не прыводзіць, і, вядома ж, нельга лічыць доказам сцвярджэнне ў Акце біскупа Герхарда Мюнстэрскага ад 1271 г. (Wilmans, Westfalisches Urkundenbuch. Том І, 473), што нейкі брат Хрысціяна пасля смерці апошняга неабгрунтавана заявіў свае правы на маёнтак, прыбытак ад якога Дом Нямецкага ордэна св. Георга ў Мюнстэры аддаў пажыццёва ў распараджэнне біскупу Хрысціяну (параўн. Tibus, тамсама, с. 12, заўвага 18 і с. с. 14, 15). Р. Герке (R. Herquet) у «Nachtrage zu der Geschichte des Bischofs Kristan von Samland / Preußische Monatsschrift, том ХІІ, 572) піша пра неабходнасць перадачы прыбыткаў вікарнага біскупа Хрысціяна Літоўскага ў валоданне аднаму з двух пастырскіх канвентаў у Мюльгаўзэне, Цюрынгія, таму што паводле акту Вялікага майстра ад 1265 г. (Herquet, Muhlhauser Urkundenbuch, № 170) касцёл у Гермары пад Мюльгаўзэнам знаходзіўся ў валоданні Хрысціяна пажыццёва, але пасля ягонай смерці павінен быў аб'яднацца з пастырскім канвентам Нойштат-Мюльгаўзэна. Аднак адсюль можна зрабіць выснову, што Хрысціян карыстаўся прыбыткамі ад касцёльных маёнткаў як у Мюнстэры, так і ў Гермары цягам усяго жыцця, але не мог спаслацца на які-небудзь акт валодання, што меў дачыненне да ягонага паходжання і гарантаваў бы яму права распараджацца самім маёнткам, ад якога ён атрымліваў прыбыткі. Іншая справа з распараджэннем Хрысціяна адносна свайго штогадовага памінання. У Necr. B. Mariae Virg., Эрфурт, пад 9 лютага пазначана: «Ob. Christianus episcopus Lutwinensis, qui jacet ante altare s. Martini cuius anniversarius /ibidem peragetur, et dantur de manso in Rudenstete / Riudelste = Рудэльштат, што на паўночны ўсход ад Эрфурта ля Шлосс-Віппаха 2 1/2 maldra» (Пам.[ёр] Хрысціян. Лютвінскі біскуп, пахаваны перад алтаром св. Марціна, гадавіна якога будзе адзначацца тамсама, і даюцца з зямельнага ўладання ў Рудэльштаце 2 1/2 мальдры (адзінка аб'ёму, 3 цэнтнеры?). (Mone, Anzeiger I, 141 i Zeitschrift für Geschichte des Oberrheins IV, 254.) Адсюль вынікае, што наш вікарны біскуп валодаў зямельным надзелам у Рудэльштаце як уласнасцю, і гэта сведчыць пра тое, што названая мясцовасць была ягонай радзімай, таму што ён як вікарны біскуп без прыбытку ад парафіі, нават калі і быў пажыццёва забяспечаны прыбыткамі з розных месцаў, напэўна, не мог набыць уласную маёмасць. Гэта пацвярджае меркаванне Герке, што наш Хрысціян паходзіў з Цюрынгіі, хоць і не з'яўляўся «сынам» горада Мюльгаўзэна, радзімы біскупа Хрысціяна Земгальскага. Няхай сабе і слабое, але ўсё ж пацвярджэнне дапушчэння, што Хрысціян нарадзіўся ў Цюрынгіі, магчыма, варта бачыць у той акалічнасці, што менавіта гэтае імя ў сярэднявеччы надзвычай часта ўжывалася ў Цюрынгіі, а ў прырэйнскіх мясцовасцях яно сустракалася вельмі рэдка. Сярод усіх вышэйшых святароў майнцкіх касцёлаў і кляштараў, якія згадваюцца ў Johannis R. M. II, мы знаходзім толькі двух з імем Хрысціян, прычым абодва арцыбіскупы, што мелі імя Хрысціян, паходзілі з Цюрынгіі. Даведацца што-небудзь пра сям'ю Хрысціяна цяжка, аднак дакладна вядома, што ён належаў да рыцарскага роду, бо ў цытаваным вышэй акце біскупа Герхарда Мюнстэрскага (1271) брат Хрысціяна называецца «Fridericus miles» (Фрыдэрык рыцар). Выхоўваўся Хрысціян, магчыма, у Майнцы, бо пра страшэнную буру, якая ў 90-х гадах XII стагоддзя прынесла тамтэйшай катэдры столькі стратаў, ён зазначае: «Ego memor sum istud ultimum accidisse» (Я памятаю, як здарылася гэта апошняе). Менавіта гэтае сцвярджэнне даказвае, што падзея, пра якую тут гаворыцца, адбылася ў далёкі час, напэўна, у юнацкія гады аўтара. У двух актах Майнцкага капітула св. Пятра ад 3 чэрвеня 1222 г. і ад 1228 г. (Baur, Hessische Urkunden I, 58 і 71) сустракаецца такое рэдкае ў Майнцы імя Хрысціян, першы раз без дадатку, а другі пад рубрыкай canonici, і, напэўна, не будзе занадта рызыкоўным сцвярджаць, што гэты Хрысціян і ёсць наш вікарны біскуп Хрысціян Літоўскі. Калі Кох у цытаваным месцы, услед за згаданымі спісамі вікарных біскупаў мюнстэрскіх, згадвае біскупа Хрысціяна Літоўскага як аднаго з вікарных біскупаў таго самага біскупства, а Тыбус у цытаваным месцы называе яго «дапаможным біскупам» Эрфурцкім, то, напэўна, і тое, і другое дакладным не з'яўляецца; мы ж лічым, што яго — як гэта робіцца ў Johannis, R. M. II, 422 — трэба лічыць Майнцкім вікарным біскупам, таму што ягоная дзейнасць у Нямеччыне — наколькі мы ўвогуле маем звесткі пра яе — ахоплівала толькі тэрыторыю Майнцкага арцыбіскупства2. Да яго належаў, як вядома, і Эрфурт, дзе Тэадорык Вірляндскі меў пасаду вікарнага біскупа. («Hoc etiam anno /1253/ Maguntinus cuidam Theodorico episcopo /Vironensi/ de minorum fratrum ordine vices suas in Thuringia commisit, qui Erphordie septimana pentecostes ordines celebravit, ac in festo apostolorum ad fratres predicatores sacras virgines velavit» (У гэтым жа годзе [1253] Майнцкі [арцыбіскуп] даверыў замяшчаць сябе ў Цюрынгіі нейкаму біскупу Тэадорыку [Віронскаму] з Ордэну Меншых Братоў, які ў Эрфурце ў тыдзень Спаслання Духа Святога ўдзяляў пасвячэнні, а на свята апосталаў у братоў прапаведнікаў надзеў вэлюм законніцаў на паннаў). Annales Erphord., у: M. G. SS. XVI, 39. Параўн. Koch, тамcама; Mooyer, Dietrich Bischof von Wirland, y: Mittheilungen zur Geschichte Livlands. IX. На старонцы 126 ён перакладае «sacros ordines celebravit» як «прачытаў высокую Імшу» — такую памылку я, дарэчы, ужо аднойчы знайшоў у аднаго пратэстанцкага гісторыка: Bunge, Livland die Wiege der deutschen Weihbischöfe, 48—63). Наш біскуп Хрысціян, здаецца, менавіта тут, у Эрфурце, выконваў біскупскія функцыі ўжо ў 1253 г., таму што для нас амаль няма сумнення ў тым, што паведамленне ў Annales Erphord. 1c: «Hoc anno 3 Nonis Octobris dedicata est basilica beate Virginis Erphordie ab episcopo Theodorico, tribus aliis episcopis cooperantibus, quorum unus erat de ordine Cisterciensium, alter de ordine minorum, tertius de ordine domus Teutonice» (У гэтым годзе, 5 кастрычніка, была асвечаная базыліка Найсвяцейшай Панны ў Эрфурце біскупам Тэадорыкам, якому дапамагалі тры іншыя біскупы: адзін з іх быў з ордэна цыстэрцаў, другі з Ордэна [Братоў] Меншых, а трэці з Нямецкага ордэна), тычыцца яго, калі гаворка ўвогуле ідзе пра нейкага біскупа з Нямецкага ордэна. Хаця Бэндэр у цытаваным месцы, 17, заўвага 96, і не выключае магчымасць, што пад «episcopus de ordine domus Teutonice» можна разумець альбо біскупа Арнольда Зeмгальскага, альбо Хрысціяна Літоўскага, аднак мы лічым, што пра першага тут гаворкі няма. Што да Хрысціяна, то ў той акалічнасці, што ён супольна з біскупам Наўмбургскім асвячаў новыя раскошныя хоры на ўсходняй палове касцёла Святой Марыі Эрфурцкай3, мы бачым пераканаўчы доказ, што гэтым біскупам Хрысціянам мог быць толькі вікарны біскуп Літоўскі. Бо менавіта ён — пра што далей будзе больш падрабязная гаворка — і менавіта ў 1253 г. атрымаў распараджэнне Папы прынесці біскупскую прысягу перад біскупам Наўмбургскім4. У 1262 г., 15 красавіка, біскуп Хрысціян Лівонскі даў святакацярынінскаму кляштару 40-дзённае адпушчэнне грахоў «accedente consensu Reverendi Patris et Domini nostri Wernheri, Archiepiscopi Maguntini, loci eiusdem Diocesani» (Са згоды вялебнага айца і пана нашага Вэрнэра, Майнцкага арцыбіскупа, дыяцэзіяльнага [адміністратара] гэтага месца). (Johannis, R. M II, 422 i Bohmer, C. d. Moenofr. I, 127.) У 1268 г. наш вікарны біскуп Хрысціян згадваецца ўжо ў трох актах (біскупа Дзітрыха Наўмбургскага, біскупа Фрыдрыха Мерзэбургскага і Friderici Karelensis episcopi et Dorwecensis ecclesiae postulati) (Фрыдэрыка, Карэльскага біскупа і пастулата Дорвецкага (?) касцёла), у якіх гаворка ідзе пра асвячэнне малельні ў цыстэрцыянскім кляштары Porta coeli (Брама неба) і спалучаныя з гэтай урачыстасцю працэдуры адпушчэння грахоў. 3 ліпеня 1269 г. Хрысціян асвячаў нават алтар у Майнцкім саборы, як зазначае Герке ў цытаваным месцы паводле рукапіснага зборніка Германскага музея ў Нюрнбергу (№ 23,0777, апісанне ў: Kunde der deutschen Vorzeit. 1869, № 5. Тамсама на с. 11 гаворыцца: «Anno domini MCCLXIX. proximo die post Ulrici, III. Non. Julii (1269 Juli 3.) dedicavit hoc altare (у Майнцкай катэдры) Cristianus Theutonici ordinis episcopus in honore domini nostri Jhesu Christi et sancte Marie matris sue, Johannis apostoli et evangeliste, Pauli apostoli, Laurenci martirus et aliorum sanctorum reliquie recondite sunt in hoc altari»5) (У 1269 г., у найбліжэйшы дзень пасля [свята] Ульрыка, 5 ліпеня (1269, 3 ліпеня?)* гэты алтар (у Майнцкай катэдры) асвяціў Хрысціян, біскуп з Нямецкага ордэна, у гонар Пана нашага Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Марыі, Маці Яго, апостала і евангеліста Яна, апостала Паўла, рэліквіі мучаніка Лаўрэнція ды іншых святых былі ўкладзеныя ў гэты алтар. Пра жыццё і дзейнасць Хрысціяна ў Нямецкім ордэне да яго пасвячэння на біскупа са шматлікіх крыніц дакладна вядома, што ён быў святаром Нямецкага ордэна і выкладаў Міндоўгу, каралю Літоўскаму, хрысціянскае веравучэнне да пераходу апошняга ў хрысціянства ў 1251 г.6 Першае вынікае галоўным чынам з булаў Папы Інацэнта IV, якія ўвогуле даюць нам звесткі пра тыя акалічнасці, пры якіх Хрысціян быў узведзены ў сан біскупа Літоўскага, і таму нам неабходна будзе заняцца імі больш падрабязна. Што да другога факта, то була Папы Інацэнта IV ад 24 жніўня 1253 г., адрасаваная арцыбіскупу Адэльберту Лівонскаму і Прускаму, дае яму дакладнае тлумачэнне. Папа піша: «Postmodum autem idem rex per litteras, affectione plenas, petivit a nobis, ut de fratre Christiano de domo Theutonicorum in Livonia, viro utique litterato, provido et honesto, quem secum tempore suae conversionis habuit, et iuxta se in futurum habere desiderat, praedictae provideri ecclesiae faceremus» (Пасля ж той жа кароль у напісаным з гарачым пачуццём лісце прасіў нас, каб мы паклапаціліся прызначыць для памянёнага касцёла брата Хрысціяна з Нямецкага ордэна ў Лівоніі, мужа адукаванага, разважлівага і годнага, які быў з ім падчас ягонага навяртання і якога ён хоча мець каля сябе ў будучыні). (Bunge I, 337). Пасля таго як кароль Міндоўг — верагодна, увесну 1251 г. — разам з жонкаю, сынамі і прыдворнымі прыняў хрост, ён з урачыстай місіяй накіраваў Папу просьбу прыняць яго і ягоную краіну ва ўлонне Касцёла. Інацэнт ахвотна задаволіў ягоную просьбу і ў ліпені 1251 г. адказаў на гэтую важную падзею шасцю лістамі. (Potthast, Reg. Pontif. № 14350-54 i 14363.) Нас тут цікавіць найперш ліст Папы да біскупа Хайдэнрайха Кульмскага ад 17 ліпеня (Potthast № 14354), у якім гаворыцца: «...nos de tua circumspectione confisi presentium tibi auctoritate committimus, quatinus virum honestum et providum, ac in spiritualibus et temporalibus circumspectum, qui pontificali conveniat oneri et honori, predicte Lithowie auctoritate nostra preficias in episcopum et pastorem, ac duobus vel tribus accersitis episcopis, sibi munus consecrationis impendas. Ceterum postquam de prefato episcopo, quem soli Romano pontifici volumus subiacere, provisum fuerit iuxta mandati nostri tenorem, tu ab ipso fidelitatis solite iuramentum nostre et ecclesie Romane nomine recipias iuxta formam, quam sub bulla nostra tibi mittimus interclusam. Formam autem iuramenti, quod ipse prestabit, de verbo ad verbum per eius patentes litteras suo sigillo signatas nobis per proprium nuncium quantocius destinare procures» (Давяраючы тваёй абазнанасці, даручаем табе моцаю гэтага ліста паставіць нашаю ўладаю мужа дастойнага і разважлівага, абазнанага ў духовых і дачасных справах, прыдатнага для пантыфікальнага абавязку і годнасці, біскупам і пастырам памянёнай Літовіі і, заклікаўшы да сябе двух ці трох біскупаў, удзяліць яму дар пасвячэння. Але перш мы хочам, каб памянёны кароль вызначыў найлепшы надзел зямлі для заснавання катэдральнага касцёла і адпаведныя ўпасажанні таму, каму належыць, і тады ён [біскуп] наведаў бы зямлю гэтага караля, калі будзе зручна, і выканаў там усё, што павінен выконваць біскуп. Зрэшты, пасля таго як памянёны біскуп, які з нашай волі мае падпарадкоўвацца толькі рымскаму пантыфіку, згодна са зместам нашага даручэння будзе пастаўлены, вазьмі ад яго прысягу звычайнай вернасці ў імя нашае і Рымскага Касцёла паводле формы, якую мы дасылаем табе запячатанаю нашаю булаю. Форму ж прысягі, якую ён дасць ад слова да слова, паклапаціся як найхутчэй даслаць нам праз уласнага пасланца, у ягоным адкрытым лісце, апячатаным яго [ж] пячаткаю). (Параўн. Bonnel, тамсама, 288.) Аднак біскуп Гайдэнрайх Кульмскі не выканаў атрыманага ад Папы даручэння. Чаму? Першую прычыну бачылі ў тым, што кароль Міндоўг да прызначэння біскупа павінен быў даць абяцанне, што ён забяспечыць пабудову катэдры, другая ж прычына прамаруджання, як меркавалася, тоя, што каралю Міндоўгу была непрыемная асоба, якую яму прапанаваў на пасаду біскупа Літоўскага біскуп Кульмскі. Магчыма, ад гэтых двух меркаванняў не трэба адмаўляцца цалкам, аднак і не варта надаваць ім занадта вялікага значэння, тым больш што мы бачым велізарную перашкоду, пастаўленую на шляху пасвячэння брата Нямецкага ордэна Хрысціяна на біскупа, — ёю была прысяга, якую Папа Інацэнт патрабаваў прамовіць слова ў слова і якой ён надаваў, як мы ўжо бачылі з ягонага паслання, накіраванага ў ліпені 1251 г. біскупу Гайдэнрайху Кульмскаму, найвялікшае значэнне. Гэтае ж патрабаванне адносна прысягі, якую павінен быў прынесці будучы біскуп Літоўскі, Папа Інацэнт паўтарыў у дзвюх сваіх булах ад 24 чэрвеня і 21 жніўня 1253 г., накіраваных арцыбіскупу Адэльберту Лівонскаму і Прускаму (Potthast № 12027 i 15098).) Але перш чым гэтае патрабаванне Папы дайшло да арцыбіскупа Адэльберта, апошні паспеў пасвяціць святара Нямецкага ордэна Хрысціяна на біскупа, ён сам прыняў ад апошняга прысягу на вернасць ад ягонага ўласнага імя і ад імя ягонага Касцёла. Біскуп Гайдэнрайх Кульмскі ва ўсялякім разе на такую рызыку не адважыўся б, а арцыбіскуп Адэльберт зрабіў гэта, і наступствы ўчынку не абмінулі яго. Справа ў тым, што Папа Інацэнт, выкарыстоўваючы ўвесь свой апостальскі аўтарытэт, у верасні 1254 г. апратэставаў прынятую арцыбіскупам прысягу ў чатырох пасланнях7 (да караля Міндоўга, арцыбіскупа Тэадорыка Наўмбургскага, самога біскупа Хрысціяна і біскупа Дорпцкага) і вызваліў Хрысціяна ад ягонага абавязку перад арцыбіскупам. Адначасова ён настойліва паўтарыў сваё патрабаванне біскупа Літоўскага складаць звычайную прысягу яму і Рымскаму Касцёлу перад біскупам Наўмбургскім8. І ў хуткім часе гэта было зроблена, аднак з таго моманту, калі Папа Інацэнт IV упершыню выказаў свой пратэст і да выканання ягонага патрабавання, г. зн. з ліпеня 1251 г. і прыкладна да верасня 1254 г., прайшло ўсё ж больш за тры гады, на працягу якіх арцыбіскуп Нямецкага ордэна, а з ім і біскуп Хрысціян, знаходзіліся ў зацятай апазіцыі да Апостальскага пасаду ў гэтым даволі прынцыповым пытанні. Але такія варожыя стасункі з'яўляліся фонам, на якім разгортваецца ўся тая сітуацыя, што адлюстроўваецца ў нашай Хроніцы. Магчыма, яе аўтар ставіў перад сабой задачу захавання незалежнасці Нямецкага ордэна, для якой, на ягоную думку, існавала пагроза з боку апостальскіх легатаў, асабліва ж важна для яго было шляхам абгрунтаваных гістарычнымі развагамі нападаў на дзейнасць легатаў абараняць і мацаваць уяўнае права арцыбіскупа Нямецкага ордэна ў Прусіі і Лівоніі прымаць прысягу вернасці ад ягоных намеснікаў, на што прэтэндаваў сам Папа — магчыма, менавіта дзякуючы намаганням сваіх легатаў у Нямеччыне. Апрача надзвычай каштоўных высноваў у гістарычна-прагматычным аспекце, якія можна зрабіць з часткова цытаваных булаў Інацэнта IV, апошнія даюць яшчэ і вельмі каштоўныя падказкі для правільнага разумення выразу «presbyter episcopali nomine indignus» (Прэзбітэр, не варты біскупскага тытулу), які ўжывае адносна сябе аўтар Хронікі.
Über den Verfasser des Chronicon
Moguntinum von Cornelius Will. S. 367—387.
Пераклад з нямецкай мовы Валянціны Выхоты
Прапануем:
|
|
|