Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Наталля ТРЫФАНАВА

ПАРТРЭТЫ МАНАХАЎ-ДАМІНІКАНАЎ З ПОЛАЦКА

Полацкі дамініканскі кляштар быў заснаваны ў 1672 г. віленскім канонікам Гірскім. Мураваны касцёл Маці Божай заклалі ў 1774 г., але будаўніцтва было адцягнута да 1801—1804 гг. З матэрыялаў полацкага архіва 1920 г. вядома, што ў доме пры дамініканскім касцёле знаходзілася 48 выяваў, якія, відаць, увайшлі ў калекцыю музея, што фармаваўся з 1925 г., і склалі 67 адзінак. У зробленай у 1940 г. даследчыкам беларускага мастацтва І. Хозеравым картачцы-анатацыі 60 партрэтаў вызначаюцца як работы полацкай акадэміі мастацтваў1. Цяпер 10 выяваў прадстаўнікоў дамініканскага ордэна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Падобныя калекцыі вядомыя ў дамініканскіх кляштарах Варшавы, Кракава і, што асабліва цікава, Аглоны. З гэтым кляштарам звязаны партрэт Францішка Шаставіцкага (памёр у Вільні ў 1708 г.). Захаваліся і рэтраспектыўныя партрэты яго бацькоў. Партрэты таксама паходзяць з гэтага кляштара. Яны традыцыйна датуюцца канцом XVIII ст. Асобныя выявы манахаў зафіксаваны ў XIX ст. ва Ушачах, Нясвіжы, хаця наяўнасць партрэтных галерэй ні ў адным з дамініканскіх кляштараў Беларусі пакуль дакументальна не пацверджана.

Прыводзім некаторыя біяграфічныя звесткі пра намаляваных манахаў-дамініканаў з энцыклапедычных выданняў.

1. Партрэт Францішка Шаставіцкага, сына аглонскіх фундатараў. Д. Ходзька пісаў: «Сын Дажбога і Евы Шаставіцкіх, Францішак, быў дамініканам. Праз год пасля заснавання Аглоны ў віленскім кляштары Святога Духа выказаўся супраць ксяндза Габрыэля Смятанскага, які быў тады правінцыялам і прыёрам, а таксама ксяндза Антонія Якавецкага, лектара метафізікі, магістра навіцыята, як сведчыць выпіс Аляксандра Ухромскага, зроблены ўжо ў 1724 г. з рукапісу пад назвай: Metrica Congr. M.D. Litt. S. Angeli Custodis S. Ord. Praedicatorum. Пра далейшае жыццё і год смерці Францішка Шаставіцкага, нягледзячы на стараннасць росшукаў, даведацца не ўдалося»2.

2. Партрэт Тамаша Ганусевіча, экс-правінцыяла Літвы. У 1712 г. ён быў адпраўлены ў Італію. Іншыя біяграфічныя звесткі прыводзяцца ў даследаванні Гіжыцкага, прысвечаным дамініканскаму ордэну. Каля 1737 г. Т. Ганусевіч быў прыёрам у Гродне, дзе пачаў будаваць новы касцёл. Памёр там жа ў 1757 г. Займаў пасаду камісара правінцыі дамініканаў-абсервантаў святога Людвіга Бертранда і правінцыяла (1741—1747 гг.).

Партрэт Аляксандра Шыстоўскага
Партрэт Казіміра Стравінскага
3. Партрэт Аляксандра Шыстоўскага. У зборніку матэрыялаў «Studia nad historią dominikanów w Polsce» пра яго паведамляецца, што «Капітул віленскі (1726) прасіў генерала ордэна змясціць яго ў Kolegium sopra Minerva ў Рыме»3. Прыводзім таксама звесткі з даследавання Гіжыцкага: «[…] ён вучыў філасофіі клерыкаў, потым займаў пасаду прыёра ў Вільні, быў praedicator generalis, а таксама камісарам правінцыі дамініканаў-абсервантаў святога Людвіга Бертранда […] прызначаны прыёрам забяльскім у 1769 г. і заставаўся на гэтай пасадзе да лютага 1773 г.»4.

4. На партрэце Дамініка Чартарыйскага надпіс «M.R.P.L. Pred: Grlis. Dominicus Czartoryjski. Obijt Anno. 1757. (Дамінік Чартарыйскі. Памёр у 1757 годзе)». Ён быў сынам Самуэля-Яна і Катажыны Мнішкаўны. Па звестках Дуніна-Баркоўскага, памёр у 1749 г. у Падкамені.

5. Пра манаха на партрэце з надпісам «R.P.L. Casimirus Strawinski Proff: Thel: obijt Nesvis: Anno. 1785 21 Martij. (Казімір Стравінскі. Прафесар тэалогіі (?) памёр у Нясвіжы 21 сакавіка 1785 года)» звестак знайсці не ўдалося.

6. Партрэт Мельхіёра з Масціцкаў (Melchior Mosticensis). «Podręczna encyklopedia kościelna» аб ім паведамляе: «Масціцкі Мельхіёр нарадзіўся ў 1511 г. у Масціцках, вучыўся ў Кракаве, дзе ўступіў у ордэн, вывучэнне тэалогіі закончыў у Італіі. Быў спаведніком караля Зыгмунта Аўгуста (умацоўваючы яго ў праўдзівай веры разам з дваром – Barącz S. Rys dziejów zakonu kaznodziejskiego. Lwów, 1861. T 1. S.252), haeretіcae pravitatis inquisitor (1558), правінцыялам чатыры разы (1559, 1568, 1574, 1580). Памёр у Кракаве 18 мая 1591 г. Добра паслужыў касцёлу, узвысіўшы яго матэрыяльна і маральна»5. Аўтар шэрагу твораў.

7. Партрэт Якуба Гіяцынта Серы (Jacobus Hyacinthus Sery). У названай вышэй энцыклапедыі адзначана: «Серы Яцэк, дамініканін, тэолаг, слынны таміст, нарадзіўся ў 1659 г. у Тулоне. Штудыі праходзіў у Парыжы пад кіраўніцтвам Аляксандра Наталіса; пасля іх заканчэння вучыў філасофію ў канвікце ордэна ў тым самым горадзе. У 1680 г. прызначаны кансультарам кангрэгацыі Індэксу. У канцы 1696 г. вярнуўся ў Парыж, стаў доктарам, пасля чаго заняў прафесарскую кафедру ва ўніверсітэце ў Падуі, дзе памёр у 1738 г. Напісаў: «Hist. congregationum de auxiliis divinae gratiae», Лувэн, 1700, мела перавыданні. Акрамя таго, пакінуў яшчэ каля 500 літаратурных твораў, якія ахопліваюць усю сферу тэалогіі. Збор яго твораў выйшаў у 6 тамах у Ліёне ў 1770 г.»6.

8. Партрэт Людовіка з Гранады (Ludovicus Granatensis). У згаданай крыніцы паведамляецца: «Людовік з Гранады […] дамініканін, пісьменнік-аскет, вядомы прапаведнік нарадзіўся ў 1504 г. у Гранадзе ў беднай сям'і […] У 1525 г. уступіў у дамініканскі ордэн; спачатку займаў пасаду лектара; у хуткім часе зрабіў такія поспехі ў навуках і набожнасці, што стаў упрыгожаннем і хвалой свайго закону і айчыны. Тэалагічныя штудыі праходзіў у калегіуме свайго ордэна ў Вальядалідзе. Дасведчаны у навуках духоўных і свецкіх, атрымаў у 1564 г. ступень магістра тэалогіі і прысвяціў сябе выключна прапаведніцтву. Выконваючы на працягу 50 гадоў гэтыя абавязкі, пераканаў многіх сваімі казаннямі і творамі. Мова яго была захапляльнай і сапраўды евангелічнай, бо натхнялася Святым Пісаннем і творамі айцоў Касцёла; браў за прыклад святога Яна Златавуста. Сярод іншых аскетаў вылучаўся асаблівай годнасцю прамоў пра Бога. У Бадахасе заснаваў кляштар, быў яго першым прыёрам. Адмовіўся ад прапанаванага яму арцыбіскупства на карысць свайго прыяцеля Барталамея дэ Марцірыбуса. У 1557 г. выконваў абавязкі правінцыяла і быў спаведніком каралевы Кацярыны. Пастаянная праца і аскеза зламалі яго. Памёр 31 снежня 1588 г. у Лісабоне, маючы 84 гады. Сярод яго твораў, якія высока цанілі Рыгор XIII, святыя Карл Барамей і Тэрэза Авільская, першае месца займае выдадзены ў Саламанцы ў 1570 г. выдатны твор «Guia de Pecadores». Яго пераклалі на розныя мовы, у тым ліку на польскую пад назвай Przewodnik grzeszników. (Люблін, 1587). Поўны збор твораў Людовіка з Гранады на іспанскай мове выйшаў у Мадрыдзе ў 1679 г., 3 тамы, in fol.; на лаціне ў Кёльне ў 1625 in folio; па-французску ў Парыжы ў 1658—1662, 10 тамоў7.

9. Партрэт Антонія Масауле (Antoninus Masoulie). «Podręczna encyklopedia kościelna» паведамляе: «Масауле Антоні Dамінік, таміст, нарадзіўся ў 1632 г. у Тулузе. Чытаў казанні доўгі час у розных кляштарах, у 1687 г. быў прызваны ў Рым, дзе ўвайшоў у склад кангрэгацый, утвораных Інакенціем XI, Аляксандрам VIII, Інакенціем XII i Kліментам XI для разгляду звязаных з квіетыстамі розных тэалагічных пытанняў, спраў Фенелона i абрадаў у кітайцаў. […] З яго лекцый пра святога Тамаша вырас вялікі літаратурны твор «D. Tomas sui interpres» у 2 тамах (Рым, 1692). Антоні Масауле памер 22 студзеня 1706 г.»8.

Партрэт Мішэля Квіна
10. Мішэль Квін (Michael Quien). 1661—1733. Французскі эрудыт і знаўца класічных моў, арабскай і габрэйскай, сябра Манфакона9. Аўтар шэрагу даследаванняў, у тым ліку прысвечанага чатыром усходнім патрыярхатам «Oriens Christianus» (Парыж, 1740)10.

На блізкіх па памерах (71—73х59,8—61) партрэтах шрыфт надпісаў розніцца. Найбольш часта ў іх сустракаецца абрэвіятура ARP (admodum reverendus pater) –надта высокашаноўны айцец – і PG (praedicator generalis) – званне, якое атрымлівалі па дасягненні 35-гадовага ўзросту за шматгадовую ўзорную дзейнасць. Праведзенае ў лабараторыі фізіка-хімічных даследаванняў Нацыянальнага мастацкага музея вывучэнне паказала, што надпісы былі зроблены ў час стварэння партрэтаў, бо знаходзяцца пад слоем старой лакавай плёнкі. Мяркуючы па самай позняй даце на партрэце Стравінскага, яны выкананы пасля 1785 г. і належаць да рэтраспектыўнай серыі.

Партрэты пры пэўнай выразнасці характарыстык досыць аднастайныя па кампазіцыі: гэта паясныя выявы, павернутыя на тры чвэрці ў правы ці левы бок. Як прыклад прыводзім партрэт Аляксандра Шыстоўскага. У адрозненне ад дынамічнай манеры пісьма на партрэце Дамініка Чартарыйскага з яскрава выяўленымі мазкамі пры мадэліроўцы яго твар быццам раствараецца ў фоне.

Рэнтгенаграмы дазваляюць прасачыць пэўнае падабенства гэтай групы выяваў з партрэтамі, на якіх намаляваны вядомыя заходнееўрапейскія дзеячы дамініканскага ордэна. Гэтыя творы вызначаюцца большай разнастайнасцю кампазіцыйных рашэнняў. Кампазіцыя партрэта Людовіка з Гранады блізкая да выявы святога Дамініка з Літоўскага мастацкага музея (LDM T 955 дрэва, алей 81х63).

Устойлівасць кампазіцыйных схемаў пры разнастайнасці індывідуальных манераў, што прасочваецца ў полацкіх партрэтах дзеячаў дамініканскага ордэна, якія жылі ў XVIII стагоддзі, на наш погляд, можа сведчыць аб прыналежнасці да адной мастацкай школы. Поруч з віленскімі майстрамі, якія прыцягваліся да работ па афармленні касцёлаў, у апошняй чвэрці XVIII – пачатку XIX стагоддзя значны мастацкі патэнцыял канцэнтраваўся ў полацкім езуіцкім калегіуме, дзе развіваўся партрэтны жанр. Вядома, што езуіты дапамагалі аднаўляць касцёл пасля пажараў і імі ў 1811 г. быў выкананы вялікі паліхромны цыборыум. Полацкія дамінікане былі таксама цесна звязаны з вядомым сваёй школай кляштарам у Забялах, дзе выкладалася маляванне.

Серыя партрэтаў манахаў дамініканаў з Полацка мае вялікую каштоўнасць для вывучэння гісторыі канфесій. Гэта унікальная з'ява ў мастацкай спадчыне Беларусі, і яе далейшае даследаванне, безумоўна, будзе садзейнічаць грунтоўнаму разгляду праблемы мастацкай школы ў еўрапейскім кантэксце.


  1. Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска. Абраз. Партрэт / Аўтар уступнага тэксту Н.Ф. Высоцкая. Мн., 1980. Іл. 163.
  2. Chodźko D.C. Agłona Kościół i klasztor OO. Dominikanów w Inflantach // Pamiętnik religijno-moralny. 1856. № 8.
  3. Studia nad historią dominikanów w Polsce. Warszawa, 1975. T. 2. S. 552.
  4. Giżycki (Wołyniak). Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Kraków, 1917. Cz.1—2. S. 30, 306.
  5. Podręczna encyklopedya kościelna. Warszawa, 1912. T. XXVII—XXVIII. S. 229.
  6. Тамсама. 1911. T. XXV—«VI. S. 208.
  7. Тамсама. S. 26.
  8. Тамсама. S.349.
  9. Larousse P. Grand dictionnaire universel du XIX-e siecle. Paris, S.a. T.10. P. 393.
  10. Vailhé S. Le Quien // The Catholic encyclopedia. New York, 1910. Vol. 9. P. 187—188.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY