Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Фрэскі Эрэмітані1

У змрочны будынак зайшоў я
(збочыў з люднага тракту),
цяжкі, грувасткі, у цэлым.

Аж раптам
сонечны промень
выхапіў з соннай паўцемры
вочы-пралескі:
«Ну, як ты!» —
цёпла ўсміхнуліся
фрэскі.

Нібы й не было тых калецтваў:
ссеклі кулі ім вочы,
ды мілаты не здалелі,
у барадзе прарочай
гойдае вечнасць арэлі.

Прыходзяць турысты
й сыходзяць,
а я ўсё стаю, і нікуды
мне болей ісці не трэба:
у змроку грувасткай спаруды
ярчэй адбіваецца неба.

Пакліканне

Рушніком вышываным
мільярды галактык
прасцяліў Я, племя людское,
для спатолі тваёй усяведы:
самацветамі зорак затканы
космас і раскіданы
планеты,
як маніста якое
ці зерне ў вясновай сяўбе,
толькі б ты не ўдалося да практык
па знішчэнні самога сябе.

* * *

Месяц анемічны, як маца,
заблукаў у павучыне
зорак.
Ні пачатку свету, ні канца,
бо паўсюль у Госпада
падворак.

* * *

Ці веру я ў Бога —
убога
ці не —
тут не пра тое.
Ці верыць Ён мне?
Ці маю якое
зернетка веры
хаця б,
каб
нясмела
пастукацца ў дзверы
даверу?

Ці веру я ў Бога,
каб... ?

Мова

Родная мова – Божая ласка:
адкінь гэты дар —
і загінеш навекі
на сцежцы няславы.
А мы, беларусы,
ці дар той шануем,
чыстыя сэрцам?
Ці ламаем язык,
каб чужую
прыўлашчыць гаворку?

Мова й любоў не даюцца
на поўную меру адразу.
Шлях твой,
кароткі ці доўгі,
няможна прайсці без любові:
толькі не здраджвай
ніколі й нікому,
а Радзіме, Народу,
Матулі — і думаць пабойся.
Як ты пасмееш
да іх прамаўляць,
ад іх прамаўляць,
калі сам
зацягнуў ім вяроўку на шыі?

* * *

Кніга —
вузкая сцежка
ад варвара да чалавека:

многім цесна на ёй,
непрытульна і мулка,
але тут
нацянькі не пяройдзеш.

Сустрэча ў Падуі

Крок ад гулкай via2,
ціхі дворык.
Я зайшоў сюды
невыпадкова:
праваруч у бронзе барэльефа
праз пяцьсот гадоў
зямляк славуты
прывітаў парсунаю юначай.

На яго сыходзяць промні сонца,
вока Бога па-над ім чувае,
ён, нібы нарожны камень свету,
Кнігу Божай Мудрасці трымае.

Знізу — надпіс
нашай роднай мовай
з італьянскім
побач перакладам,
а між імі — зубрава выява,
як пазнака
той нязломнай веры,
што народ наш праз вякі трымае.

Цяжка тое,
пане мой Францішку,
што дагэтуль
мара не збылася,
для якой ты па краях далёкіх,
як апостал,
вандраваў упарта:
душу й цела ацаляць народу.

Можа й добра:
ты таго не бачыў,
як радзіму
здрайцы прадавалі,
як паліў не раз дашчэнту вораг,
як за мову
забівалі каты,
ды і сёння дзеці іх гатовы.

Толькі — марна.
Наш народ ад Бога,
што праз Слова
ўцелавіўся свету;
нашай мовай тое Слова ў кнізе
ты увечніў
і сваю Айчыну
засланіў найвышняй успамогай.

Не забудзе
люд наш паспаліты,
чым было
тваё ўганараванне
«tra le mura… il grado di dottore»3.
І пакуль бялеецца Сафія,
нібы човен вечнасці,
у небе,
будзе жыць і дух твой паміж намі.

Сустрэча ў Падуі

Крок ад гулкай via2,
ціхі дворык.
Я зайшоў сюды
невыпадкова:
праваруч у бронзе барэльефа
праз пяцьсот гадоў
зямляк славуты
прывітаў парсунаю юначай.

На яго сыходзяць промні сонца,
вока Бога па-над ім чувае,
ён, нібы нарожны камень свету,
Кнігу Божай Мудрасці трымае.

Знізу — надпіс
нашай роднай мовай
з італьянскім
побач перакладам,
а між імі — зубрава выява,
як пазнака
той нязломнай веры,
што народ наш праз вякі трымае.

Цяжка тое,
пане мой Францішку,
што дагэтуль
мара не збылася,
для якой ты па краях далёкіх,
як апостал,
вандраваў упарта:
душу й цела ацаляць народу.

Можа й добра:
ты таго не бачыў,
як радзіму
здрайцы прадавалі,
як паліў не раз дашчэнту вораг,
як за мову
забівалі каты,
ды і сёння дзеці іх гатовы.

Толькі — марна.
Наш народ ад Бога,
што праз Слова
ўцелавіўся свету;
нашай мовай тое Слова ў кнізе
ты увечніў
і сваю Айчыну
засланіў найвышняй успамогай.

Не забудзе
люд наш паспаліты,
чым было
тваё ўганараванне
«tra le mura… il grado di dottore»3.
І пакуль бялеецца Сафія,
нібы човен вечнасці,
у небе,
будзе жыць і дух твой паміж намі.

Тварэнне свету

Мне снілася: навокал ні душы,
трымценнаю пранята ўсё цішою;
і свет — нідзе, і сам я — у нічым,
і, як магнітам, сцягнута рукою
нябачнай і няіснаю нішто
для немагчымага паміж
                             няісным бою.

І раптам — грымнула,
                             затрэслася, як звон
                             над вухам бомкнуў,
разлілося ззянне
і абняло, працяла, і нішто
сэнс набыло, і рух, і існаванне,
святло праз цемру выбіла
                             свой шлях,
нябыт і час распачалі змаганне.

Гадоў мільёны несліся, сусвет
змяняў парадак, гінула былое
і паўставала новае за ім...
Адно нязменна заставалася —
                             святое
быцця імгненне для ўсяго,
                             што ёсць,
было і будзе...

Мне снілася: навокал ні душы...
І раптам грымнула,
                             затрэслася і звон
свет абудзіў з паблізкага касцёла.

Псіхалогія завеі

(Паэма чалавечага жыцця)

Вее, вее ноч завея...
Вее, сцеле... Вее, сцеле...

Завіхурыцца, закружыць...
Закалыхваецца... Тужыць...
Сыпле, трусіць, замятае...
Нагрувашчыць, раскідае...
Танчыць, лашчыцца, смяецца...
Ціхне...

Будзіцца! Трасецца,
енчыць, жаліцца, рагоча,
падскугольвае, шаргоча:
насміхаецца, дурэе —
прыхарошваецца, спее...

Вее, вее снег завея...
Вее, сцеле... Вее, сцеле...

Узнімаецца, цяжэе,
свішча, ятрыцца, шалее:
круціць, трэпле, растрасае,
лямантуе, пагражае;
пратэстуе, рэпетуе,
ные, гневіцца, лютуе:
расцярушвае, руйнуе,
разганяецца, ўзлятае...
Ападае, ападае...

Вее, вее ноч завея...
Вее, сцеле... Вее, сцеле...

Мізарнее, моўкне, плача,
шапаціць, знікае... Скача!
Рве, шыпіць, паўзе... Віруе,
цісне, б’е, сычыць — бунтуе!

Прыбіваецца, галосіць:
гнецца, просіць, гнецца, просіць...

Стогне, вые... Аціхае,
прылягае, засынае:
песціць, гладзіць, лагаднее,
моліць, мілажаліць, млее...

Вее, вее снег завея...
Вее, сцеле... Вее, сцеле...

Вее, вее ноч завея...
Кружыць, вее... Кружыць, вее...
Аціхае... Лагаднее...

Вее.. Вее...
Вее.
Днее.


  1. Эрэмітані — старажытная базыліка, якая моцна пацярпела ад амерыканскіх бамбардаванняў Падуі ў 1944 г.
  2. вуліцы (італ.).
  3. «у гэтых мурах... ступень доктара» (італ.).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY