Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Мікола КУПАВА

РАДЗІМА ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ — СЛАЎНЫ ГОРАД ПОЛАЦК

Да 500-годдзя заснавання друкарні Ф. Скарыны ў Вільні і кнігадруку ў ВКЛ

Полацк у канцы XV– пач. XVI ст.
Малюнак В. Маркаўца.

Францыск Скарына, вялікі беларускі асветнік, мысляр, першадрукар, пісьменнік, філосаф, доктар медыцыны і доктар вольных мастацтваў, мастак, гісторык, гуманіст, нарадзіўся ў Полацку, які ў канцы XV ст. быў вялікім горадам і меў славутую гісторыю, вялікія культурныя і духоўныя традыцыі. Сёння многія даследчыкі жыцця і дзейнасці Скарыны даводзяць, што беларускі асветнік — грамадзянін свету, таму і суграмадзянам-нашчадкам гуманіста эпохі Адраджэння і людзям у шырокім свеце будзе цікава даведацца больш пра родны горад Скарыны, дзе асветнік нарадзіўся, вучыўся, дзе атрымаў такую грунтоўную гуманістычную, духоўную і культурную падрыхтоўку для паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт.

Канец XV ст. у ВКЛ — гэта прадвесне Адраджэння, якое фармавалася ў Вільні, Полацку, Наваградку, Супраслі, Горадні, Друцку, Воршы, Віцебску, Берасці, Нясвіжы. І з прыходам у гэты культурна-гуманітарны працэс Францыска Скарыны беларускае Адраджэнне набывае ўсёабдымны характар і выводзіць ВКЛ на ўзровень еўрапейскай цывілізацыі. Нам варта зазірнуць углыб полацкай гісторыі, каб зразумець, як развівалася полацкая зямля.

Першае ўзгадванне пра крывічоў прыпадае на пачатак І тысячагоддзя і яго сярэдзіну — час шырокага бытавання гэтага балцкага племя. Яго арыял бытавання вызначаецца межамі на поўначы ад Чудскага возера ўніз да Заходняй Дзвіны, агінаючы Наўгародскую зямлю да вярхоўяў Волгі і Акі, затым на паўднёвы захад ад Рослава, Смаленска, Воршы, Мсціслава на поўдзень, і па правым беразе Нёмана і Віліі на захад да Горадні і Крывіч-горада (Вільні), да Браслава. Вось гэтая тэрыторыя стала галоўнай часткай прарадзімы фармавання беларускага этнагенезу. На гэтай тэрыторыі пражывалі розныя балцкія плямёны: літва, яцвягі, дайнова, латыголы. Этнонім «крывічы» напэўна пайшоў ад родапачынальніка Крыва або ад іх першасвятара Крыва-Крывейта. Ад этноніма — і назвы паселішчаў у многіх раёнах полацкай зямлі: Крывічы, Крывіч, Крывое і рэчка Крывінка… Прышлыя славяне засялілі гэтую тэрыторыю і стварылі разам з крывічамі этнагенез беларусаў. Полацк упершыню прыгадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» у 862 г. Разам з тым у энцыклапедыі «Францыск Скарына» напісана, што паводле скандынаўскіх сагаў Полацк называўся Paltesjuborg, а далей энцыклапедыя «маўчыць»… Між тым ісландская сага паведамляе пра штурм і ўзяцце Полацка гунамі ў V стагоддзі. Гуны — качавое племя, продкі сённяшніх чувашоў, а значыць першы крывіцкі горад у V ст. жыў, развіваўся, падвяргаўся разбурэнням чужынцамі, аднаўляўся і даваў жыццё новым пакаленням крывічоў. На тое, што Полацк мае балцкае паходжанне, паказвае яго назва: «палтэ», «палтс» — «лужына» (балцкае слова).

Скарыніч са шкалярамі
ў Полацку і Вільні.
Акварэль М. Купавы.

Князь Рагвалод напэўна быў сынам княгіні Прадславы, згаданай у 945 г. у дамове, падпісанай паміж Візантыяй і Кіевам. Рагвалод будаваў сваю незалежную дзяржаву, за што і паплаціўся жыццём. Ні адзін з летапісаў не фіксуе факту хрышчэння Полацка, тым больш прымусовага, а гэта значыць, што крывічы-палачане прынялі хрост раней за Кіеў. Навукоўцы мяркуюць, што ў Полацку хрышчэнне крывічоў праходзіла ў заходняй традыцыі хрысціянства. І ў далейшым, ужо ў ХІ ст., палачане памяталі сваю прыналежнасць да ўніверсальнага хрысціянства. Пазней наладзіліся цесныя кантакты з Візантыяй, таму і ўсходняе хрысціянства мела свой уплыў на Полацк.

Полацкае княства ніколі не прасілася ў склад Кіеўскай дзяржавы — палачане заўсёды баранілі незалежнасць свайго княства.

Параўнаем цікавыя факты адносна трох гарадоў усходнееўрапейскага рэгіёна ў ХІ стагоддзі. Пскоў у гэты час займаў плошчу 60 га, Кіеў — 120 га, а Полацк — 200 га. Па тагачасных параметрах гэта быў мегаполіс еўрапейскага значэння. «З сілаю Полаччыны лічыліся нямецкія крыжаносцы, за якімі стаяла паў-Еўропы і якія пнуліся завалодаць усім Падзвіннем. У „Лівонскай хроніцы“ крыжакі называлі Полацкую зямлю магутным „каралеўствам“, а яе князя — каралём. Ваенная моц Полацка была той заставай-асілкам, што наглуха зачыніла заходнім рыцарам дарогу на Смаленск і далей…» — так пісаў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў.

Еўфрасіння ля збаўчай Еўфрасіннеўскай святыні. Акварэль М. Купавы.

…«Адной з самых першых ад “шматковай імперыі Рурыкавічаў” пачала адыходзіць Полацкая зямля. Па сваіх памерах, геаграфічных абсягах, прыродных і эканамічных багаццях яна стала ўпоравень з многімі тагачаснымі дзяржавамі» (Карл Маркс).

У пачатку ХІІІ ст. жыхары Полацка разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць нямецкіх крыжакоў, якія ўварваліся ў Прыбалтыку, захапілі гарады Полацкага княства, Кукейнос і Герцыку. У Полацку княжылі і князі полацкай дынастыі, і вылучэнцы ВКЛ, але процівагой княскай уладзе было баярскае веча, пэўны інстытут дэмакратыі. У ХIV ст. князем Полацкім быў Канстанцін Бязрукі — сын Паўцівіла. Знешнія сілы ў асобе Лівонскага ордэну часта парушалі мірнае жыццё Полацка, і ў 1307 г. горад увайшоў у склад ВКЛ, але Полаччыне была дэклараваная аўтаномія, пацверджаная вялікакняскімі граматамі 7 разоў аж да 1634 г. У 1498 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр Казіміравіч даў Полацку самакіраванне паводле магдэбургскага права і зацвердзіў герб горада.

Вось у гэты час напрыканцы бурлівага стагоддзя ў сям’і купца Лук’яна Скарыны нарадзіўся другі сын, які праславіў Полацк на ўвесь свет. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Скарына пабачыў свет у 1486 годзе, 6 сакавіка, у дзень, калі адбылася зацьма сонца, і гэтая астранамічная з’ява была бачна ў Полацку. Гэтую дату нараджэння Скарыны называў М. Шчакаціхін, і цяпер ужо многія навукоўцы лічаць менавіта так.

Ілюстрацыя «Ісус Навін вядзе людзей
праз Ярдан» да «Кнігі Ісуса Навіна».

Адна з галоўных загадак Скарыны — яго каталіцкае імя. Напэўна, сям’я была ўсё ж праваслаўнай веры, паводле даўняй полацкай традыцыі. Тым не менш, мы павінны ўлічваць вядомы гістарычны факт, што яшчэ ў ХІІІ ст. у Полацку быў збудаваны першы каталіцкі касцёл нямецкімі ганзійскімі купцамі, якія гандлявалі на Полацкай зямлі. І гэта не магло не аказаць ніякага ўплыву на жыхароў Полацка. Але згадаем, што ў 1469 г. вялікі князь Казімір запрасіў у Вільню бэрнардынаў, падараваў ім пляц зямлі каля млына на Віліі, дзе і пачалося будаўніцтва кляштара бэрнардынаў. Адначасова бэрнардынскія місіянеры пачалі прапаведаваць і ў Полацку. Бацькі будучага асветніка паводле нейкага загадкавага фактару апынуліся ў цэнтры тых падзеяў, што адбываліся ў духоўным асяроддзі, якім апекавалася місія айцоў францішканаў. Маючы цесныя ўзаемаадносіны з прапаведнікамі францішканскага ордэну, бацькі хрысцілі свайго сына менавіта ў бэрнардынскім касцёле і далі яму імя заснавальніка ордэну св. Францішка Асізскага. Гэта была падзяка Лук’яна Скарыны ордэну за яго ўвагу і клопат пра іх сям’ю.

Можна меркаваць, што ў прамежак часу ад нараджэння першага сына Івана і да нараджэння Францішка ў бацькоў Скарыны былі дочкі… Гэты вакуум адсутнасці інфармацыі пра сям’ю Скарына пазней кампенсуе ў сваёй творчай працы. У тытульнай ілюстрацыі «Ісус Навін вядзе людзей праз Ярдан» да «Кнігі Ісуса Навіна» мы бачым па сутнасці ўсю сям’ю Скарыны: наперадзе ідзе рыцар у даспехах, з пікай у левай руцэ, са шчытом у правай. Гэта — Ісус Навін. Справа ад Ісуса Навіна ідзе Лук’ян Скарына — бацька Францішка. У яго з кішэні відаць купецкі бязмен, што не дае ніякіх шанцаў на іншае меркаванне. Злева ад Ісуса ідзе старэйшы сын Іван. Але галоўнае, што справа каля Івана ідзе той, хто нас асабліва цікавіць, — малы хлопчык гадоў трох-чатырох. Гэта і ёсць Францішак, які моцна падобны да Ф. Скарыны на аўтапартрэце 1517 года. За Іванам ідзе яго жонка з сынам Раманам на руках. А далей — сталы мужчына з барадой, напэўна, дзядуля Францішка, бабуля і маладыя жанчыны, усе ў полацкіх намітках. Так Скарына паказаў сваю сям’ю і сябе ў раннім дзяцінстве з полацкага перыяду жыцця. Гравюра датаваная Скарынам у Пражскім выданні Бібліі 1517 годам. Прачытанне гравюры зрабіў чэшскі скарыназнаўца Пэтар Войт у 2017 годзе.

У Полацку пры кляштарах і храмах былі школы, дзе навучалі грамаце, і «падручнікаў» было ўдосталь: у першую чаргу Святое Пісанне, Псалтыр, Евангеллі. У Полацку была вялікая і старажытная бібліятэка, фонды якой фармаваліся з часу з’яўлення ў Полацкім княстве пісьменства і пабудовы Сафійскага сабора, а Францыск быў цікаўным хлопчыкам. Што ён бачыў вакол сябе? Што было культурным, эмацыйным фонам для развіцця юнага Скарыны? Францыск мог бачыць пячаткі полацкіх князёў, княгіняў, Еўфрасінні Полацкай, тэксты полацкіх граматаў, прывілеі вялікіх князёў ВКЛ, пячатку горада з гербам і многае іншае... Зразумела, велічныя помнікі архітэктуры роднага горада ўражвалі юнака: сабор святой Сафіі, княжацкі храм на Верхнім замку, сам замак, праз які ў свой час праязджала князёўна Алена (маскоўская), якая выходзіла замуж за вялікага князя Аляксандра і ехала ў Вільню ў вясельным экіпажы. Гэта адбылося ў 1495 г., калі Францішак ужо вучыўся. Вядома, ён бачыў Еўфрасіннеўскую царкву ў тым выглядзе, якога мы не бачылі, бо яе знявечылі ў ХІХ ст. маскоўскія ўладары. І сёння яна адраджаецца намаганнямі кампетэнтных беларускіх рэстаўратараў. Францішак з замілаваннем глядзеў на вялікія размалёўкі з абразамі на мурах Еўфрасіннеўскай святыні. Ён бачыў кляштар у Бельчыцах, княскую царкву-пахавальню, царкву святога Юрыя, царкву Багародзіцы на вялікім пасадзе, царкву на дзядзінцы ІХ–Х стст., адкуль і пайшоў Полацк. І, вядома, бачыў, як будуецца Полацкая ратуша. Трэба звярнуць увагу на важную акалічнасць, якая з’явілася ў полацкай архітэктуры. Менавіта ў гэты час, у канцы XV ст., сабор святой Сафіі быў грунтоўна перабудаваны. Пастаянная пагроза маскоўскіх князёў і войны, якія яны вялі з ВКЛ, дыктавалі новыя варункі абароны, пабудову моцных абарончых аб’ектаў. Першым такім стратэгічным аб’ектам стаў сабор святой Сафіі. У канцы XV ст. ён атрымаў выразныя рысы позняй готыкі з элементамі абарончай стратэгіі. У храме з’явіліся чатыры вежы з байніцамі і машыкулямі. Услед за Сафіяй Полацкай быў збудаваны шэраг інкасталяваных цэркваў і касцёлаў у Сынковічах, Маламажэйкаве, Вільні, Супраслі, Наваградку, Берасці і іншых мясцінах.

 
Фрэска з Еўфрасіннеўскай святыні.   Евангеліст Лука.
Аршанскае Евангелле. XIII ст.

Зразумела, Францішак бачыў Рагвалодавы-Барысавы камяні, помнікі старажытнай манументальнай эпіграфікі, на якіх былі высечаны шасціканцовыя крыжы ў памяць пра Барыса Усяславіча, князя полацкага.

У 1491–1493 гг. у кракаўскай друкарні нямецкі прадпрымальнік Швайпольт Фіёль выдаў першую славянскую кнігу на царкоўнаславянскай мове, якая была актыўнаю ў кніжнай практыцы на землях Усходняй Еўропы. Фактычна гэта была старабалгарская мова, якая ў Полацку і ў ВКЛ называлася славенскай і была ў шырокім ужытку ў Царкве ўсходнееўрапейскіх краінаў. Паводле паглыбленых доследаў біяграфіі Фіёля, ёсць дадзеныя, што выдаўца звалі Святаполкам, і гэта ў значнай ступені тлумачыць, чаму ён узяўся за выданне славянскіх богаслужбовых кніг. Вядома, што менавіта Нямеччына ў старажытныя часы была прарадзімай славянаў: там пражывалі славяне, якія ў V–VІ стст. гнаныя немцамі, трапілі на балцкія тэрыторыі на Нёмане і Дзвіне. Гэта была адна з хваляў міграцыі славянаў. Вульгарызатарская думка, што, маўляў, Ш. Фіёль як камерсант толькі дзеля прыбытку стаў друкаваць славянскія кнігі, цалкам правальная. Фіёль нават быў абвінавачаны ў ерасі інквізіцыяй, але быў апраўданы. І галоўнае, менавіта бэрнардыны ў Кракаве дапамагалі Фіёлю выдаваць славянскія праваслаўныя кнігі. Можна не сумнявацца, што ў выніку яго друкарскай дзейнасці на кніжныя паліцы Полацка, Вільні, Супрасля і іншых кнігасховішчаў побач з рукапіснымі сталі друкаваныя кнігі, і Францішак, якому ўжо было 10–12 гадоў, асабліва ў больш сталым узросце, імі карыстаўся. Але самае галоўнае, што на паліцах кнігасховішчаў Полацка і Вільні з’явілася Біблія Чэшская, якая пабачыла свет Божы яшчэ раней (у 1488 г., і другое вялікамараўскае выданне ў 1489 г.). Гэта Біблія была першай, надрукаванай на народнай мове, а перакладаў Святога Пісання на чэшскую мову было ажно 25 варыянтаў. Гэта адбылося на рубяжы XIV–XV стст. Для Францішка Скарыны гэтыя кнігі былі стымулам для роздумаў і ў перспектыве прыняцця важных рашэнняў…

Руплівы даследчык беларускай літаратуры ад Скарыны і да сучаснасці Аляксей Каўка задае пытанне: «Што чытаў Скарына?» і адказвае: «Пісьмовыя крыніцы канца XV – пачатку XVI ст. занатавалі такія бібліятэкі ў кляштарах і храмах: у Полацкім Сафійскім саборы [і ў іншых храмах ВКЛ. — М.К.], бібліятэка вялікага князя Аляксандра, вялікага князя Жыгімонта Старога, віленскага ваяводы і канцлера А. Гаштольда ў Вільні [і ў ягоным замку ў Геранёнах. — М.К.], сярод прыватных кнігазбораў тае пары прыгадваюцца прозвішчы слуцкіх князёў Алелькавічаў, уладальнікаў Супрасля — Хадкевічаў, Жыровічаў, Пінска, Шчорсаў і г.д. і да т.п.». У бібліятэках Літвы–Беларусі ўдосталь было сусветнавядомай літаратуры, і гэтыя літаратурныя творы паўплывалі на духоўнае сталенне Скарыны. На іх, на «Троі», «Александрыі» ды «Трышчане», малады Францішак яшчэ ў Полацку адточваў сваё ўласнае сціло будучага літаратара і асветніка. Пацвярджэннем гэтаму — згадка Скарыны пра «Александрыю» і «Трою» ў прадмове да кніг Бібліі. І не толькі на гэтых творах мастацкай літаратуры фармаваўся наш асветнік. У бібліятэках Полацка, Вільні, Супрасля ды іншых гарадоў Літвы–Беларусі было ўдосталь і друкаваных кніг на грэцкай і лацінскай мовах. Былі сярод іх і творы антычных аўтараў: Авідзія, Вергілія, Цыцэрона, Арыстоцеля, Гарацыя, кнігі рымскіх класікаў, а таксама Дантэ, Петраркі — заснавальнікаў італьянскай літаратурнай мовы. І тут мы бачым найважнейшыя праявы Адраджэння — новая літаратура Італіі ўвасабляла Адраджэнне-Рэнесанс на самым яго пачатку. Менавіта ў гэты час, у 1498 г., у Полацку быў заснаваны бэрнардынскі кляштар, але місію бэрнардынаў у горадзе Скарыны здаўна выконвалі віленскія прапаведнікі. Школа полацкага бэрнардынскага кляштара стала першай навучальнай установай, у якой Скарына спасцігаў веды ў хрысціянскай адукацыйнай прасторы. Можна не сумнявацца, што юны Скарыніч менавіта ў сваім горадзе засвоіў Святое Пісанне і вывучаў асновы лацінскай, а можа і грэцкай мовы. Верагодна, што ён дасканаліў свае веды ў Віленскай катэдральнай каталіцкай школе, вышэйшай навучальнай установе з гуманітарным кірункам, заснаванай у 1387–1388 гг. Падобна да таго, што асветнік у Вільню прыязджаў і раней за 1520 год. У яго тут былі сталыя кантакты з віднымі віленчукамі, якія ўжо ў 1517–1519 гг. далі свой вынік адносінаў Скарыны з чальцамі Віленскага гарадскога магістрата. У 1475 г. у Вільні згарэў увесь комплекс бэрнардынскага кляштара і касцёла, які потым доўга праектаваўся, будаваўся і перабудоўваўся. У 1506 г. пабудову храма ўзначаліў архітэктар М. Энкінгер, і ў 1513 г. касцёл і кляштар набылі той выгляд, які мы бачым сёння. Гэта помнік позняй готыкі з элементамі Рэнесансу, але галоўнае, што ён ужо меў функцыі абарончай стратэгіі. Гэты храм вельмі падобны да Полацкай Сафіі і іншых, якія былі збудаваныя на рубяжы ХV–XVI стст. у стылі позняй готыкі і з новымі функцыямі ўкрыцця ад ворага. Таму недарэчна выглядаюць творы некаторых мастакоў, якія паказваюць Ф. Скарыну на асноведзі баракальнай уніяцкай базылікі Св. Сафіі, пабудаванай у 1750 г. Вядома ж, барока яшчэ і ў паміне не было — да барока было жыць яшчэ гадоў 150. Полацкі сабор Св. Сафіі як храм-цытадэль праіснаваў да 1710 г. У той час Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была партнёрам з арміяй Расійскай імперыі ў вайне супраць Швецыі, і Пётр І, быўшы ў Полацку, шабляй забіваў полацкіх святароў, а ў саборы Св. Сафіі жаўнеры склалі выбухоўку і такім чынам наш архітэктурны шэдэўр быў знішчаны. Менавіта той помнік быў галоўным сведкам сталення Францішка Скарыны.

Рагнеда з Iзяславам.
Малюнак М. Купавы.

Такім чынам, сабор Св. Сафіі мае тры дні нараджэння: першы — у 1066 г. (быў збудаваны паводле загаду полацкага князя Усяслава ў выглядзе храма, характэрнага для архітэктуры Візантыйскай імперыі); другі — у канцы XV ст., прыблізна ў 1480–1890 гг. (у гэты час Полацкая Сафія была перабудавана ў познегатычны храм-цытадэль); трэці — у 1750 г. (на месцы Полацкай Сафіі XI і XV стст. была збудаваная барочная базыліка з уключэннем старажытных рэшткаў храма ў аб’ём новага сабору. Вось такі сабор Св. Сафіі мы сёння і бачым.

Полацкі сабор Св. Сафіі — гэта цудоўны помнік нашай шматвяковай гісторыі, архітэктуры, культуры. Гэта наша духоўна-гістарычная памяць. Пра гэты ўнікальны помнік трэба пісаць кнігі, ствараць розныя культуралагічныя праекты, каб адукоўваць народ. У энцыклапедыі «Францыск Скарына» пра гэты вялікі помнік нашай культуры няма адмысловага артыкула, ён наогул не прыгадваецца ў кантэксце гістарычнага агляду…

У Францішка Скарыны быў выбар, у які ўніверсітэт паступаць. У Пражскі ці Кракаўскі? Нагадаем, што Пражскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1348 г., а ў 1397 г. у ім была адкрыта спецыяльная Літоўская калегія для студэнтаў з ВКЛ. У 1471 г. на чэшскі сталец быў узведзены Уладзіслаў, сын вялікага князя ВКЛ Казіміра. Зразумела, у гэты час навучанне ва ўніверсітэце літоўскай моладзі адбывалася з яшчэ большым спрыяннем, але Францішак Скарына, якому ўжо было 18 гадоў, усё ж едзе паступаць у Кракаўскі ўніверсітэт, бо на пачатку XVI ст. гэты ўніверсітэт стаў надзейнай апорай гуманізму, і кіраўніцтва з Польшчы таксама падтрымлівала літоўскіх студэнтаў. Ва ўніверсітэце была створана бурса для студэнтаў з ВКЛ, але гэта было не галоўнае. Важным фактарам, стымулам для паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт была апека братоў бэрнардынаў. Асноўны іх цэнтр знаходзіўся ў Кракаве. І яшчэ раз згадаем, што бэрнардыны хрысцілі Францыска паводле каталіцкага абраду, далі яму гэтае, цяпер ужо такое нам блізкае і зразумелае імя Францыск. Не выключана, што ў экіпажы бэрнардынаў, пад іх аховай Францыск шчасліва даехаў да Кракава і, заплаціўшы свае 2 грошы, стаў студэнтам. Яшчэ трэба падкрэсліць, што менавіта ў Кракаве бэрнардыны ўжо даўно вялі сваю такую важную і актыўную дзейнасць, і менавіта бэрнардыны дапамагалі ў выданні Ш. Фіёлем першых богаслужбовых кніг на царкоўнаславянскай мове. Менавіта бэрнардыны прапаведавалі, апрача сказанага, збліжэнне праваслаўя з каталіцтвам. І Скарына не раз згадваў пра хрысціянскую «едноту».

Ратуша ў Полацку.

Але вернемся зноў да Полацка. Што Скарына мог бачыць, але не бачыў у Полацку? Раскажам пра галоўныя скарбы горада — яго страчаную і захаваную, адноўленую спадчыну…

…Аднойчы князёўна-ігумення Еўфрасіння папрасіла свайго сваяка візантыйскага імператара Мануіла Камніна і патрырха Луку Хрысаверга даслаць ёй абраз Багародзіцы Эфескай, які нібыта яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі намаляваў апостал Лука. І патрыярх даслаў полацкай князёўне абраз Божай Маці, які ў слаўным горадзе Скарыны набыў назву Адзігітрыя Полацкая (Шляхаводная). У нас няма фактаў, каб сцвярджаць, што гэта быў арыгінал, хутчэй гэта была копія, але сам факт пра многае сведчыць. Абраз цэлае стагоддзе захоўваўся ў Еўфрасіннеўскай святыні, а ў 1239 г. з Полацка быў перанесены ў Тарапецкую Уваскрасенскую царкву як дарагі падарунак, калі там вянчаліся полацкая князёўна Параскева, дачка Брачыслава, з князічам Аляксандрам, які пазней стаў Неўскім… Важна, што на пачатку ХХ ст. Адзігітрыя Полацкая трапіла ў Рускі музей Санкт-Пецярбурга. На думку многіх мастацтвазнаўцаў, гэты твор па сваіх мастацкіх якасцях займае значнае месца ў гісторыі выяўленчага мастацтва. Гэты сюжэт з’яўляецца пачаткам важнай духоўнай традыцыі, якую ён і заклаў у нацыянальнай школе сакральнага жывапісу. Ён мае цікавую гісторыю, сведчыць пра важныя сувязі Еўфрасінні Полацкай з імператарам Мануілам Камнінам, з Візантыяй наогул, але зразумела, што Скарына ўжо не бачыў гэты абраз...

З 1161 г. галоўным сімвалам Полацкага княства быў Крыж Еўфрасінні Полацкай, які стаў духоўным сімвалам усяго беларуска-літоўскага народа, усіх канфесій і ўсіх жыхароў нашай Бацькаўшчыны. Крыж Еўфрасінні аб’яднаў цягам доўгіх стагоддзяў усіх крывічоў-беларусаў у адзіную нацыю, багатую духоўна, гордую, незалежную. Францішак Скарына пра гэта ведаў, хоць ужо больш за 300 гадоў як сімвал Полаччыны знік са славутай полацкай святыні. На мяжы ХІІ–ХІІІ стст. паміж смаленскімі крывічамі і Полацкам адбыўся канфлікт: Смаленск пачаў аспрэчваць першынство Полацка ў аб’яднаўчым працэсе крывічоў і пайшоў вайной на Полацкае княства. Вынікам гэтай недарэчнай вайны стала канфіскацыя Крыжа і вываз яго ў Смаленскае княства. У Смаленску Крыж таксама шанаваўся. Ён захоўваўся ў адным са смаленскіх храмаў да 1514 года. Калі маскоўскія захопнікі развязалі вайну супраць ВКЛ і захапілі Смаленск, Крыж быў выкрадзены, вывезены ў Маскву і знаходзіўся там да 1563 г., калі маскоўскі цар Іван Жахлівы (Грозны) развязаў крывавую вайну супраць ВКЛ за выхад Масковіі на Балтыйскае мора, але, на дзіва, менавіта Іван Жахлівы пабаяўся тых словаў-закляцця, якія напісаў на Крыжы Лазар Богша: «…Да не изнесеться из манастыря никогда же, яко ни предати, ни отдати. А ще се кто преслоушаеть, и знесет и от манастыря, да боудеть проклятъ святою животворящею троицею и святыми отцы…» У час акупацыі Полацка Крыж вярнуўся ў Еўфрасіннеўскі храм. Напэўна, цар усведамляў свае грахі ў Полацку і вырашыў замаліць усе свае злачынствы на нашай зямлі. Гэта адбылося ў 1563 годзе.

Сынкавіцкая святыня. Канец XV cт.

Францыск Скарына не бачыў галоўнага сімвала Полаччыны ніколі… Вялікі асветнік не бачыў гэтае самае жорсткае і злачыннае вайны, якая была на зямлі Крывіціі — Полацка–Літвы–Беларусі. У той вайне загінуў кожны другі жыхар Полацка і Полацкай зямлі. У паход на ВКЛ і Полацк цар прывёў 26 933 коннікаў, з якіх 6 461 былі татары і новаахрышчаныя (мардва, чувашы і інш.). Гэта было цяжкое выпрабаванне для палачанаў. Скарына гэтай трагедыі сваёй Радзімы таксама не бачыў. Геній Полацкай зямлі завяршыў свой зямны гераічны шлях у вялікім хрысціянскім свеце, а да таго разам з лепшымі прадстаўнікамі эліты ВКЛ, пры яе актыўнай падтрымцы, сцвердзіў сваю галоўную місію ў еўрапейскім Адраджэнні. Ён заклаў магутны падмурак беларускай культуры і вывеў айчынную культуру на актыўны шлях Адраджэння. Злачынныя войны супраць Радзімы Скарыны не спынілі поступу Рэнесансу: Адраджэнне толькі спатыкнулася, было моцна паранена, але ўваскрэсла і з новай энергіяй рушыла наперад, развіваючы ўсе віды мастацтва, культуры: права, горадабудаўніцтва, асвету. У 1579 г. войскі вялікага князя ВКЛ, караля Стэфана Баторыя, вызвалілі родны горад Скарыны. Полаччына была зруйнаваная і разрабаваная, але ў 1580 г. у Полацку быў заснаваны езуіцкі калегіум, рэктарам якога стаў Пётр Скарга. Ужо былі ўведзены ў жыццё дзве рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага ў 1529 і 1566 гг. Да стварэння Статута Скарына меў самае рэальнае дачыненне — такое меркаванне выказвалі выдатныя беларускія навукоўцы і ў першую чаргу доктар юрыдычных навук, прафесар Язэп Юхо.

Геніяльны праект князёўны Еўфрасінні Полацкай і Лазара Богшы стаў вялікім сімвалам Радзімы Скарыны, а праз стагоддзі — духоўным вобразам-сімвалам усёй Беларусі.

Пазней такі крыж стаў высякацца на валунах усцяж па Дзвіне, а яшчэ пазней выкарыстоўваўся ў нацыянальнай геральдыцы, стаў важнейшым элементам нацыянальнай сімволікі ВКЛ і Рэспублікі Беларусь. У гэтым галоўная роля і моц крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Полацкая цывілізацыйная формула, якая складвалася цягам усёй гісторыі Полацкай зямлі ў XVI ст., выразна аформілася ў моцную плынь Адраджэння з яе галоўнымі прыярытэтамі: народ, дзяржава, культура, мова, дэмакратыя і свабода ўсяго паспольства. І цяпер ужо Скарына ўплываў на працэс Адраджэння. Ён стаў каля стырна новага гуманістычнага часу. Ён стаў мулярам вялікалітоўскай культуры Адраджэння. У ВКЛ культурай стала высокая культура Полацкай эпохі. Полацк сваю гістарычную місію завяршыў і перадаў функцыі культуратворчага працэсу Вільні з усімі выразнымі чыннікамі культуры, якія развіваліся ў Полацкім княстве: летапісанне, горадабудаўніцтва, архітэктура, мастацтва, права, фальклор, рыцарскія традыцыі і, нарэшце, кнігадрук. Вільня жывілася культурнымі сокамі Полацка. Так быў дадзены моцны імпульс далейшаму росквіту вялікалітоўскай культуры. Полацк фактычна сфармаваў светапогляд Скарыны, яго патрыятызм. Скарына як самы дзейсны яго прадстаўнік і рухавік праз Вільню ўвасабляў у вялікалітоўскую культуру ідэі Адраджэння. А ў Чэхію Скарына ўжо хутка паедзе. Ён гэта ведаў. Ён не мог не паехаць у Прагу. Уяўленне пра Чэхію–Маравію ў Францыска складвалася яшчэ ў Полацку. А ў Кракаве Скарына ўжо пераканаўся, што ў Чэхіі ўтварылася ўнікальная грамадзянская сітуацыя канфесійнай роўнасці і свабоды. Акрамя Чэхіі, такая гуманістычная сітуацыя запанавала толькі ў Венецыянскай Рэспубліцы і ў Вялікім Княстве Літоўскім. І гэта было Адраджэнне.

 

Літаратура

  1. Францыск Скарына. Біблія Руска. Прага, 1517–1519 гг. Факсімільнае выданне ў 3-х тамах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1991.
  2. Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье. — С. Петербургъ–Москва, 1882.
  3. Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. — Коўна, 1926.
  4. Мікола Шчакаціхін. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны // Чатыросотхлецце беларускага друку. — Мінск, 1926.
  5. 450 год беларускага кнігадрукавання. — Мінск: Навука і тэхніка, 1968.
  6. Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VI, X. — Мінск, 1972, 1974.
  7. В. Л. Янин. Полоцкий Матриархат // «Знания — сила». — № 2, 1970.
  8. Лявон Баразна. Гравюры Францыска Скарыны. — Мінск: Беларусь, 1972.
  9. Міхась Ткачоў. Замкі Беларусі. — Мінск: Полымя, 1977.
  10. Георгий Штыхов. Города Полоцкой земли. — Минск: Наука и техника, 1978.
  11. Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988.
  12. Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1988.
  13. Спадчына Скарыны. Зборнік матэрыялаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1989.
  14. Аляксей Каўка. Тут мой народ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989.
  15. Анатоль Цітоў. Гарадская геральдыка Беларусі. — Мінск: Полымя, 1989.
  16. Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагрудскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990.
  17. Адам Мальдзіс. Францыск Скарына як лучнік паміж праваслаўем Усхода і каталіцкім Захадам // «Беларуская святыня». — № 1, 1990.
  18. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.
  19. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны. Крыж святой Еўфрасінні Полацкай. — Мінск: Асар, 1998.
  20. В. Ф. Шматаў. Мастацтва беларускіх старадрукаў XVI–XVIII стст. — Мінск: Тэхналогія, 2000.
  21. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня: Наша будучыня, 2002.
  22. Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2-х тамах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005, 2007.
  23. М.В. Нікалаеў. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага. Т. 1. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2009.
  24. Здзіслаў Сіцька. Адкуль Літва, ліцвіны? // «Скарыніч»: літаратурна-навуковы гадавік. — Вып. 8–9. — Москва: Советский писатель, 2010.
  25. Сяргей Абламейка. Нечаканы Скарына. — «Бібліятэка Свабоды». — 2018.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY