7
У мінулае павяртаюся.
Да цябе я, матулька, звяртаюся;
я шкадую: памерла так рана,
не спаткалася,
не спазналася
з маёй жонкай каханай,
з такой мілай, прыязнай, стараннаю,
што ўся ў клопатах век без прынукі.
Хараством мяне цешыць абраная,
цешаць верныя, шчырыя рукі;
апяваю яе закахана я:
параўнаў бы цябе з Афрадытаю
за красу тваю за жаноцкую,
ды яна ж, Афрадыта, — бязрукая.
А твае рукі цёплыя
аніколькі не страцілі
пяшчоты абдымкаў,
умення кухарыць,
адбельваць бялізну,
вырошчваць кветкі,
лашчыць унукаў,
што азначае —
мяне акрыляць.
Пэўна, мамачка, ў царстве нябёсным
блаславіла ты нашу дарогу
і шчаслівых жадаеш нам вёснаў,
за сям’ю маю молішся Богу.
8
Пяцьдзясят сем год разам,
аж не верыцца часам!
Шчодра вёсны падораны
нашай доляю шчаснай;
Мы для радасці створаны
ў краі продкаў прыўкрасных.
* * *
Хай зразумеў я не адразу:
мы зрушыць можам бедаў горы
і вычарпаць праблемаў мора,
калі ў жыцці шчыруем разам.
Здалося: не было паразаў,
ні слоты, ні цяжкой дарогі,
адны ёсць толькі перамогі,
бо па жыцці мы крочым разам.
О, зноў мы разам,
радасць мая!
Хоць і ў трывозе
і ты, і я.
Вірус паганы
зла натварыў —
болі, хваробы
ўсе абвастрыў.
Табе ў шпіталі
усё ўнушалі:
«Сябе не цеш,
Дадому — рана,
глядзі, памрэш!»
У сямі храмах
за цябе
малілі Бога,
моляць цяпер.
Мы шчыравалі,
як маглі,
гарачку цяжка
перамаглі.
Прыкметна дыхаць
табе лягчэй,
ужо бяссонных
няма начэй.
Тахікардыі
далі мы бой.
Вяртаем радасць
мы з табой!
Ты ўжо мала таблетак глытаеш,
ў інтэрнэце парады знаходзіш,
Караткевіча ўсмак чытаеш
і на шпацыр са мной выходзіш.
Мы набліжаем з табой перамогу,
я з пылам ваюю, мыю падлогу;
ты ўжо ўсміхаешся, ты і жартуеш,
нават капусту на кухні шаткуеш,
мы разам марым, у згодзе кухарым,
напрыклад, кашу любімую варым.
А што за каша
любімая наша?
Ды гарбузовая.
Гарбузок кожны — сонцам багаты.
Мы гадавалі.
Мы набліжалі простыя святы.
Разам мы — і паціху вяртаецца
тое ўсё, што было да расстання.
Нездарма гэты твор называецца
натуральна — «Паэма вяртання».
2021, лістапад-снежань.
|