Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Кс. абп. Юзаф СТАНЕЎСКІ

ЗВАРОТ МІТРАПАЛІТА МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАГА
АРЦЫБІСКУПА ЮЗАФА СТАНЕЎСКАГА
З НАГОДЫ ПАДРЫХТОЎКІ ДА СВЯТКАВАННЯ
25-ГОДДЗЯ КАРАНАЦЫІ АБРАЗА
МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

«Маці Будслаўская, Маці святая
Перад Табою галовы схіляем…»

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У наступным каляндарным годзе міне 25 гадоў з таго часу, як кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, аздобіў абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Здзяйсняючы каранацыю, кардынал Казімір Свёнтэк прамовіў: «Маці Божая Будслаўская! Наша Пані і Каралева! Мы, Твае падданыя, пакорна схіляючы перад Табою галовы, абяцаем Табе, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу!»

Звычай каранацыі абразоў Маці Божай з даўніх часоў распаўсюдзіўся ў Каталіцкім Касцёле як знак таго, што Бог праз малітвы вернікаў, узнесеныя перад некаторымі абразамі Панны Марыі, спасылае людзям шчодрыя дары і абуджае хрысціянскую пабожнасць. Каранацыя абразоў з’яўляецца важным выразам любові вернікаў да Багародзіцы і еднасці з Апостальскім Пасадам.

Сярод абразоў Дзевы Марыі, якія былі каранаваныя ў Беларусі, у гэтыя дні хацелася б асаблівым чынам узгадаць пра абраз Маці Божай Будслаўскай, каранаваны 2 ліпеня 1998 года. Вось ужо амаль 25 гадоў папскія кароны на гэтым славутым абразе Багародзіцы з’яўляюцца сімвалам перамогі дабра над злом, радасці над страхам. Ні час ваяўнічага атэізму, ні нядаўні пажар — нішто не змагло знішчыць наш Нацыянальны санктуарый.

Дарагія браты і сёстры! Я хацеў бы запрасіць вас да ўдзелу ў навэнне з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Разам з усімі біскупамі Беларусі мы вырашылі, што з кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць, на працягу дзевяці першых суботаў гэтых месяцаў, у Будславе будзе адбывацца асаблівая малітва.

За кожную першую суботу навэнны будзе адказваць вызначаны святар і група людзей*. Я заахвочваю ўсіх прыбываць у Будслаў у першыя суботы месяца са сваімі радасцямі і турботамі, молячыся за жывых і памерлых.

Будслаў. Каранацыя абраза
Маці Божай Будслаўскай —
Апякункі Беларусі.
2 ліпеня 1998 г.

Кожную першую суботу месяца а 12-й гадзіне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе адбывацца святая Імша, якая з’яўляецца галоўнай часткай нашай малітоўнай падрыхтоўкі. Радуе, што навэнна ахопіць увесь наш Касцёл у Беларусі. У акрэсленыя дні навэнны ў ёй будуць удзельнічаць біскупы з вернікамі сваіх дыяцэзій, а таксама прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы.

Для многіх вернікаў Будслаў — гэта месца паяднання з Богам. У Будславе мы пакідаем свае грахі, разлічваючы на прабачэнне. Разам з усімі біскупамі Беларусі я горача прашу ўсіх нашых святароў рымскага і візантыйскага абрадаў, нягледзячы на занятасць, прыбываць у Будслаў і быць міласэрнымі служыцелямі сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Заахвочваем дзяцей і моладзь праявіць сваю любоў да Багародзіцы, прыняўшы ўдзел у конкурсе верша, песні і малюнка «Марыя ў маім сэрцы». Падрабязная інфармацыя пра конкурс будзе змешчана на партале Сatholic.by.

Магчыма, прыбыццё ў Будслаў будзе азначаць для нас вялікую ахвяру. Ад многіх з нас Будслаў знаходзіцца далёка, а прыехаць туды азначае кардынальную змену планаў. У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца наша моладзь, якая ўлетку без нараканняў, нягледзячы на спёку і адлегласць, пераадольвае пешшу многія кіламетры, каб прыйсці ў Будслаў. У Апостальскай адгартацыі Christus vivit папа Францішак заахвочвае моладзь не праводзіць усё жыццё перад экранам, а жыць і адкрывацца на тое, што ў жыцці найлепшае (CV 143).

Калі мы сапраўды захочам, мы знойдзем час і магчымасць, каб прыйсці да Маці Божай. Няхай нашая малітоўная падрыхтоўка стане ўкладам у будаванне міру ва ўсім грамадстве.


    * Расклад навэнны змешчаны на партале Catholic.by (рэд.).

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY