|
|
№
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Кс. Люцыян Дамброўскі
ВЯРТАННЕ СВЯТЫНІ Да 100-годдзя вяртання ў Баруны абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
АЗДАБЛЕННЕ ІКОНЫ БУДСЛАЎСКАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў 1632–1783 ГГ. Мастацтва
Спадчына
Мікола КУПАВА
РАДЗІМА ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ — СЛАЎНЫ ГОРАД ПОЛАЦК Да 500-годдзя заснавання друкарні Ф. Скарыны ў Вільні і кнігадруку ў ВКЛ Паэзія
Алесь ДЗІТРЫХ
ВЕРШЫ Асобы
Міхась СКОБЛА«ІСЦІНА ЗАЎСЁДЫ НАДЗЁННАЯ І МІНУЛАЮ НЕ СТАНОВІЦЦА…» З гутарак з Алесем Разанавым Да 90-годдзя Адама Мальдзіса
Ірына БАГДАНОВІЧ«ДУХОЎНЫ ЗАПЛЕЧНІК» ПРАФЕСАРА АДАМА МАЛЬДЗІСА Постаці
Літаратуразнаўства
Культура
|
Няхай даруе дарагі чытач за тое, што работа ў навуковым фармаце пачнецца з лірычнай ноткі — згадкі пра размову з незабыўным коласазнаўцам Міхасём Іосіфавічам Мушынскім. Мне давялося неяк спытацца ў яго, калі ж Якуб Колас перайшоў на арыентацыю ў часе па грыгарыянскім календары? На што аўтар летапісу жыцця і творчасці народнага паэта адказаў, што ведае пра гэтую праблему, але ўсяго Якуба Коласа яму не ахапіць і ён пакідае вырашэнне пастаўленага пытання таму, хто пра яго задумаўся. Такім чынам, з благаслаўлення Міхася Іосіфавіча прымемся за ліквідацыю, здавалася б, дробнай, але прынцыпова важнай навуковай і культурнай праблемы. Якуб Колас, так сталася гістарычна-біяграфічна, заўсёды надаваў значную ўвагу феномену часу — як у аспекце філасофскім, так і бытавым. Прычым абодва аспекты цесна перапляталіся (канцэптуалізацыя тэмы тэмпаральнасці ў творчасці народнага паэта яшчэ чакае свайго даследчыка). Вельмі часта класік датаваў свае творы (часткі вялікіх твораў таксама). Надаваў ён значэнне святам, рэлігійным і свецкім. Так, адзін з яго першых запісаў — «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле» (1902–1903) — пачынаецца з першага дня Новага года, якога аўтар чакаў менавіта дзеля парадку ў натаванні назіранняў [2, т. 6, с. 374–375]. Акрамя таго, па творчасці Коласа можна ўбачыць яго ўвагу да Калядаў, да свайго дня нараджэння. Таму аналіз арыентацыі Якуба Коласа ў часе, менавіта яго выкарыстанне календара, уяўляе інтарэс. Адказ на агучанае пытанне ўдакладніць даты напісання твораў, розных падзей у жыцці народнага паэта і дапаможа большаму разуменню яго твораў і яго часу наогул. Канкрэтызуецца і прынагоджванне юбілеяў, што спраўляюцца сучаснікамі.
* * * Нарадзіўся Якуб Колас 22 кастрычніка 1882 года па так званым старым стылі — юліянскім календары. У ХІХ ст. яго разыходжанне з грыгарыянскім складала 12 дзён, таму па новым стылі атрымалася 3 лістапада. Згаданая інфармацыя спатрэбіцца нам у далейшым… Доўгія дзясяткі гадоў юліянскі каляндар ляжаў у аснове часавай арыентацыі Якуба Коласа: нідзе нам не сустракаліся адхіленні ў бок грыгарыянскага. Між тым апошні таксама не скідваўся з рахунку на Беларусі. У сувязі з гэтым зробім невялікі экскурс у мінулае. Першыя сведчанні пра адлік года ад 1 студзеня згодна з хрысціянскім календаром на беларускай зямлі адносяцца да ХІІ ст. Тым не менш у народзе гэта яшчэ доўга не прыжывалася. Да таго ж у хрысціянстве адбыўся раскол (канчаткова ў ХІ ст.), і праваслаўнымі было прынята весці гадавы адлік ад 1 верасня <…>. Пачынаючы з ХІV ст. Вялікае Княства Літоўскае ішло на збліжэнне з Польскай Каронай, якая імкнулася распаўсюджваць свае ўплывы на ўсход. У першай палове ХVI ст. у ВКЛ канчаткова замацоўваецца летазлічэнне ад Раства Хрыстова, або ад Н. Х. Да каляндарнай сістэмы спрычынілася Люблінская ўнія (1569). У 1582 г. папам Грыгорыем XIII уводзіцца каляндар, папраўлены з улікам «лішніх» 10-ці дзён, якія набеглі да таго часу ў рамках юліянскага летазлічэння. Рэч Паспалітая (разам з Італіяй, Іспаніяй, Партугаліяй — у сучасным разуменні гэтых краінаў) першай у свеце прыняла грыгарыянскі каляндар. Гэта адбылося 4 кастрычніка 1582 года. Тым не менш пераход на новы стыль, як яго пачалі называць, не быў гладкім. У 1583 г. агульны для абедзвюх дзяржаваў кароль Стэфан Баторый выдае загад, каб замацаваць у дзяржаве грыгарыянскі каляндар, якому працівіліся праваслаўныя і пратэстанты. Схіліць народныя масы да першастудзеньскага пачатку года дапамагло ўніяцтва, якое ўзнікла ў 1596 г. і перавяло большасць праваслаўных пад каталіцкую юрысдыкцыю. Пры гэтым у рамках самой Царквы захоўвалася функцыянаванне згодна з юліянскім календаром. Зазначым, што ў Расіі адлік новага года з 1 студзеня быў уведзены толькі ў 1700 г. указам Пятра І, але — па юліянскім календары. Ён пратрымаўся там яшчэ доўга і быў зменены на грыгарыянскі толькі ў лютым 1918 г. бальшавікамі. Гэта значыць, што беларусы па сучасным календары сталі жыць на 335 гадоў раней за расіянаў. Праўда, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі ўвайшлі у склад Расійскай імперыі, таму функцыянаванне грамадства па грыгарыянскім календары было перарвана. Зрэшты, для беларускага сялянства каляндарныя змены не мелі прынцыповага значэння: яно жыло ў культурнай парадыгме той рэлігійнай канфесіі, да якой належала. Паноўнымі ж былі праваслаўе, уніяцтва (1596–1839) і каталіцызм.
* * * Сям’я Якуба Коласа належала да праваслаўных (у 1866 г. пераведзеных з (грэка?)-каталіцызму [1, с. 382; 4, с. 23]). Бацька паэта Міхал Міцкевіч служыў лесніком у памешчыкаў католікаў. Можна лічыць, што сям’я суіснавала з грыгарыянскай каляндарнай рэчаіснасцю, якая пастаянна нагадвала беларускаму грамадству пра сваё існаванне праз пазначэнні датаў паводле абодвух стыляў (напрыклад, у перыёдыках на польскай мове даты часта дубляваліся, бо выкарыстоўваліся абодва календары, прычым на практыцы ў польскім ужытку быў менавіта новы стыль). Двайную каляндарнасць не мог не засвоіць і будучы класік літаратуры, але менавіта «юліянскія каардынаты» так укараніліся ў свядомасці, што нават значна пазней Якуб Колас не сумняваўся ў даце той ці іншай падзеі паводле юліянскага фармату. Так, аднойчы праз некалькі дзясяткаў гадоў ён выйграў спрэчку пра дзень стварэння турэмнага верша «Краска». Разыходжанне з візаві заключалася якраз у арыентацыі на каляндар: маладзейшае пакаленне пісьменнікаў глядзела на дарэвалюцыйны час па грыгарыянскім стылі, Якуб Колас — па юліянскім [3, с. 15-17]. Дзіўна, але гэты выпадак не навучыў самых першых даследчыкаў творчасці класіка ўлічваць гэта, і яны часцей датавалі ўзнікненне таго ці іншага верша, апавядання, нататкі так, як гэта было пазначана рукою аўтара, без папраўкі на грыгарыянскі стыль (хаця і выключэнняў тут нямала). Таму, на жаль, традыцыйна склалася так, што па сённяшні дзень творы Якуба Коласа датуюцца з памылкай у 13 дзён. Напрыклад, першая публікацыя — у дэбютным нумары газеты «Наша Доля» — 1 верасня 1906 г. па старым стылі ў работах многіх даследчыкаў так і засталася не скарэктаванай на 14 верасня. Тое самае з датай заключэння ў турму Канстанціна Міцкевіча — 15 верасня 1908 года. Маецца на ўвазе стары стыль. Правільна будзе — на 13 дзён пазней — 28 верасня. Факт арыентацыі Якуба Коласа на юліянскі каляндар без увагі на грыгарыянскі ў дарэвалюцыйны перыяд яго жыцця сам па сабе зразумелы. Цікавіць іншае: як доўга паэт жыў паводле юліянскага календара і калі адбыўся пераход на грыгарыянскі?
* * * Каб знайсці адказ, нам давядзецца звярнуцца да некаторых асабістых традыцый, звычак, правілаў Якуба Коласа. У дадзеным выпадку павінна дапамагчы такая завядзёнка паэта, як штогадовае складанне вершаў з нагоды сваіх народзінаў. Першым падобным досведам варта лічыць верш «Апошні лісток» (1910). Напісаны яшчэ ў час турэмнага зняволення, твор з’яўляецца, на першы погляд, звычайнай пейзажнай замалёўкай: стары лісцік на дрэве аджывае свой век і будзе зменены на новы наступнай вясною. Не будзем адназначна сцвярджаць, што тут маецца на ўвазе пражыты менавіта аўтарам год, але адмысловае датаванне, да якога паэт звяртаецца часта з мэтай падкрэсліць яго важнасць пры напісанні твора, дазваляе нам паглядзець на пейзажную замалёўку як на алегорыю менавіта ў азначаным сэнсе. Дый пазнейшае — 1918 года — прызнанне: «Я кожан год свой дзень радзінаў // Прывык ў раздум’і ўспамінаць» [2, т. 2, с. 82], — таксама грае на карысць нашай гіпотэзы (да таго ж — цікава — гэта адзіны з таго года верш, які дайшоў да нас). Падмацоўвае думку і верш, напісаны роўна праз год, — «...Ні красак, ні зыкаў. Замерла прырода...» (1911). У ім аўтар ужо зусім не хавае нагоду і сваіх асабістых перажыванняў, не камуфлюе іх за алегорыямі:
Заўважым, перажыванні ў абодвух вершах цалкам тоесныя: іх не змяніла вызваленне аўтара з-за кратаў, якое адбылося больш чым за месяц перад гэтым і, здавалася б, магло прыўнесці ў жыццё, ва ўспрыманне рэчаіснасці паэтам больш радасных пачуццяў. Насамрэч па выхадзе на волю ён сутыкнуўся з чарговым душэўным крызісам, які паглыбляўся адносінамі да нядаўняга зэка і ўладаў, і многіх людзей навокал. Па яго прызнанні адно толькі творчасць і ратавала яго [2, т. 2, с. 123]. Праз два гады сацыяльнае становішча Якуба Коласа выглядала значна лепшым: ён ужо год працаваў настаўнікам у Пінску, паспеў ажаніцца. Верш «Позна. Восень агаліла…», напісаны ў сувязі з яго днём нараджэння, характарызуецца, з аднаго боку, працягам сумнага настрою, бо «зноў мінуўся год!», з іншага боку, усё ж сум ужо не такі глыбокі. Гэта адчуваецца, напрыклад, па вершаваным памеры: у вершы 1911 г. чатырохстопны амфібрахій стварае нудны гукапіс і на такім фоне чатырохстопны харэй выглядае нашмат жвавей. Да таго ж у творы 1913 г. за алегорыяй хаваецца самаіронія: лірычнаму герою, які з’яўляецца праз займеннік першай асобы толькі ў апошняй страфе, дождж бубніць пра мімалётнасць чалавечага існавання (налёт іроніі, аднак, не адмяняе тужлівай філасафічнасці радкоў) [2, т. 2, с. 40–41]. Вершы Якуба Коласа ў сувязі з яго днём нараджэння ў некаторыя гады адсутнічаюць. Не выключана, што яны проста страціліся ў віхурах часу, але былі, бо, напрыклад, Новы год у той час пачаў рэгулярна трапляць пад увагу паэта, што адлюстравалася і ў назвах яго вершаў: «На Новы год» (1914), «Новаму, 1915 году» (1915), «Новаму году» (29.12.1915). Прычым першыя два адразу і былі апублікаваны (у «Нашай Ніве»). Апошні — не. Прычынай стала нямецкая акупацыя заходняй часткі этнічнай Беларусі, у тым ліку Вільні, дзе выходзіла «першая беларуская газета з рысункамі», якая перапыніла існаванне. Прынагоджаныя да свайго дня нараджэння вершы іх аўтар публікаваць не спяшаўся (яны ўбачылі свет пасля надыходу міру). Таму рыфмаваныя рэфлексіі-самапрысвячэнні даваеннага часу маглі існаваць і ў іншыя гады, але не захавацца: паэт у 1915 г. пакідае Беларусь на шэсць гадоў, а ў родны кут вяртаецца больш чым праз дваццаць гадоў. Нават пры адсутнасці вершаў пра свой аджыты год і надыход новага перапынак па першым часе не быў працяглым. У 1915 г. Якуб Колас ізноў задумваецца ў чатырох трохрадковых строфах (прычым з гэтага часу паэт улічваў сацыяльныя пертурбацыі і больш беражліва адносіўся да сваіх твораў, захаваўшы многія з іх):
Роўна праз год паэтычны одум з гэтай нагоды быў яшчэ карацейшым, без пытанняў, толькі з сумнай, упадніцкай канстатацыяй:
Да такіх самых развагаў Якуб Колас вяртаецца ў рэвалюцыйным 1917 годзе, але ў развагах пра асабістыя «блуканні без дарог» заўважныя і развагі пра шырэйшы — сацыяльны — кантэкст:
Усе вышэйназваныя вершы пазначаны канкрэтнай датай — 22 кастрычніка. Аўтар тут быў паслядоўны і пунктуальны. Іх нагода і роля не выклікаюць сумненняў. Трыгерам быў дзень нараджэння.
* * * У наступным — 1918 г. — кіраўніцтва Расіяй, дзе прыйшлі да ўлады бальшавікі, афіцыйна пераходзіць на грыгарыянскі каляндар. Так адбылося ў лютым, які ў выніку аказаўся ўрэзаным без малога на палову — на 13 дзён. Якуб Колас не здраджвае запачаткаванай ім традыцыі — укладае ў рыфмаваныя радкі з нагоды свайго дня нараджэння асабістыя меркаванні пра актуальныя падзеі і чаканні ад бліжэйшай будучыні, у тым ліку сацыяльнага плану:
З твора вынікае, што аўтар не прымае наяўнага развіцця падзей. Не чакае пазітыву ад змены ўлады. Перажывае, што родная краіна не здолела дабіцца збавення. Тым часам Якуб Колас жыў у сельскай мясцовасці Курскай губерні. Там змены ўлады дапаўняліся прыходам немцаў і ўкраінскіх вайсковых фарміраванняў (вясною 1918 г.). Пазней, восенню 1919 г., на пару месяцаў усталёўвалася ўлада «белых» — дзянікінцаў. У студзені 1921 г. наведваліся на кароткі час атрады бацькі Махно. Пераход на грыгарыянскі каляндар у такі бурлівы час мог і не дайсці да глыбінкі. Да таго ж і каляндар на год быў ужо куплены (Якуб Колас быў аматарам адрыўных календароў). Таму па ім сям’я Міцкевічаў і жыла. Таму па ім адбывалася і датаванне твораў. У прыватнасці пад апошнім цытаваным вершам стаіць традыцыйнае 22 кастрычніка. Аднак і ў наступным — 1919 г. — вершы (іх было два: «На чужыне» і «Год за годам уцякае…») у яго дзень нараджэння па-ранейшаму датуюцца 22 кастрычніка. У чарговы раз яны прасякнуты глыбокай настальгіяй і сумам з прычыны мімалётнасці чалавечага існавання: «вясенька маладая // Мігатнулась, як у сне»; «Час праходзіць, жыццё гіне…»; «А куды яшчэ закіне // Доля-гора…» [2, т. 2, с. 84–85]. На той год календары павінны былі выпускаць па новым стылі. Чаму так атрымалася — загадка. Тым не менш для нас важна, што Якуб Колас арыентуецца яшчэ на юліянскі адлік часу. Тое самае назіраем у вершы 1920 г. «Ну якіх жа прыгод…» — і дата паўтараецца, і лейтматыў:
Тэматычна і ідэйна вершы, пазначаныя днём нараджэння па старым стылі тыповыя, тоесныя. Значыць, будзем лічыць, што да канца 1920 г. Якуб Колас датаваў свае творы па старым стылі. Вытлумачыць дэтэрмінаванасць азначанага падыходу пакуль не ўяўляецца магчымым. Да таго ж, працуючы настаўнікам і наогул прымаючы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, паэт не мог не ведаць пра перавод функцынавання расійскага грамадскага жыцця на грыгарыянскі каляндар, аднак упарта працягваў датаваць свае творы па-старому. На добры лад варта было б акунуцца шляхам грунтоўнага вывучэння архіўных дакументаў па Курскай губерні ў сацыяльную атмасферу 1918–1921 гг.
* * * Што гэта змяняе? Ды фактычна ўсё датаванне жыцця і творчасці да гэтага часу. Напрыклад, напісанне паэмы «Сымон-музыка» (як пасля выявіцца, то была толькі першая рэдакцыя твора). Аўтар ставіў даты на напісаных фрагментах. Так, заканчэнне твора пазначана 12–25 снежня 1918 г. (гл. мал.), што значыць па новым стылі 25 снежня 1918 г. – 7 студзеня 1919 г. Адпаведна кропка была пастаўлена роўна на праваслаўныя Каляды. Гэта характэрна для манеры Якуба Коласа — заканчваць вялікі аб’ём працы пад пэўнае, таксама вялікае, свята. Пазней паэма «Новая зямля» будзе закончана таксама практычна на Каляды — 5 студзеня 1923 г. Гэта значыць, што намінальна завяршэнне паэмы «Сымон-музыка» зрушваецца на цэлы год (памятаецца, 100-гадовы юбілей першай рэдакцыі твора адзначалі ў 2018 г., аднак у святле выяўленай фактуры, відавочна, паспяшаліся). У наступныя гады тэма свайго дня нараджэння надоўга знікае з-пад пяра Якуба Коласа. З канца 1930-х гг. некалькі разоў яна лаканічна ўзнімаецца ў лістах (прычым у 1939 і 1940 гг. аўтар называе дату 4-га (не 3-га) лістапада, як прынята ў юрыспрудэнцыі, а не ў побыце) [2, т. 18, с. 254, 281; т. 19, с. 303, 469, 571; т. 20, с. 33, 111, 114], у дзённікавых запісах [2, т. 20, с. 264; 297, 299], аднойчы ў вершы («Самому сабе», 3 лістапада 1945 г.), дзе Колас працягвае тыя ж матывы, што былі ў аналагічных творах часоў маладосці толькі з папраўкай на свой ўзрост [2, т. 3, с. 169–170]. Гэтыя выпадкі стасуюцца з грыгарыянскім календаром, што і не дзіўна, бо з часу яго ўвядзення мінула шмат гадоў. Такім чынам, відавочна, што Якуб Колас да 1920 г. арыентаваўся на юліянскі каляндар, паводле якога датаваў свае творы. Думаецца, так было да пераезду з Курскай губерні ў Менск — з глыбінкі ў сталіцу фармальна суверэннай Беларусі (май 1921 г.). Там сацыяльнае жыццё Якуба Коласа набыло найвышэйшы ўзровень, важнасць, як у савецкі час казалі, рэспубліканскага значэння. Разам з тым некаторыя пытанні, загадкі ў акрэсленай тэме застаюцца.
|
|
|