Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

З МІНУЎШЧЫНЫ — У БУДУЧЫНЮ

Пуцявінамі Адама Мальдзіса

Да крыжа «Аняліна». У пошуках мясціны, дзе стаяў крыж «Аняліна». Здымак Алеся Юркойця. 2012 г.

З гадамі перастаў разумець доўгія журботныя хваласпевы-прызнанні, прамоўленыя над труной пры развітанні, якія пачынаюцца словамі: «Я ведаў яго [быў з ім знаёмы] 10–20 [30–40] гадоў»…

Лічбы, вядома, рэч важкая (мераючы звыклымі меркамі чалавечага веку). Але важкасці яны не надаюць. Плыткія. У людзей старонніх могуць спарадзіць адчуванне: чалавеча, ты ўжо сам на свеце нямала жывеш. І ў пэўны (развітальны) момант хочаш прысуседзіцца да зробленага за жыццё тымі, з кім развітваешся. Развітваешся. Развітваешся... Назаўсёды. З тымі, без каго пусцее зямля.

А сам — што зрабіў? Чым узбагаціў? Каб зямля не рабілася пустэчай, каб Айчына не пачувалася бяздомнай сіратою?..

Што ні кажы — шлях мой у глыбіні даследавання айчыннай культуры ў вызначальнай меры пачаўся з Адама Мальдзіса. Вы не ведаеце, што гэта значыць дапытлівым школьнікам-старшакласнікам сустрэць у кніжцы назву радзімага мястэчка: РАКАЎ… Адразу адчуваеш прыналежнасць сваёй ціхай, правінцыйнай «малой Радзімы» да няспыннай хады вялікай маці-Гісторыі.

Кніга тая называлася звабліва: «Падарожжа ў XIX стагоддзе». Выйшла ў 1969 годзе (на маё 10-годдзе), калі быў вучнем пачатковых 3-4 класаў. Зразумела, пазней з’явілася яна ў хатняй бібліятэцы дзякуючы не мне: набыў яе старэйшы брат-мастак Фэлікс (будучы мастак-жывапісец), 15-17-гадовы навучэнец Рэспубліканскай школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве. Кніга тая нібы заклікала ў падарожжа (разам з бясконцымі тэкстамі «на хвалях радыёперадач» пра «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра ды іншых літаратурных твораў, што гучалі ў цішы местачковай хаціны з радыёкропкі — рэч забытая й невядомая для ХХІ стагоддзя). І кніжка тая ахоплівала абсяг не геаграфічна шырока, а вяла ў глыб нацыянальнай гісторыі твайго радзімага наваколля, праўдзіва стала «настольнай для ўсіх, хто цікавіцца нашай культурнай спадчынай». Як адзначалася ў анатацыі, у ёй былі пададзены яскравыя партрэты не толькі пісьменнікаў, але і музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху…

Адным з тых нацыянальных творцаў мінулага называўся чалавек з прозвішчам Міхáл Грушвíцкі. «Нарадзіўся ён 29 лістапада 1828 года ў Выганічах, ля Ракава. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. У музычных кампазіцыях Грушвíцкага «гучала свойская, чуллівая мелодыя». Напісаў ён музыку да «Дзядоў» А.Міцкевіча, «Вясковага лірніка» Ул. Сыракомлі. Часта выступаў з аўтарскімі канцэртамі. Памёр у Ракаве 5 сакавіка 1904 года». Гэтыя ашаламляльныя радкі, вычытаныя Мальдзісам у свайго папярэдніка, выключна працавітага й пладавітага гісторыка-краязнаўца ХІХ стагоддзя Аляксандра Ельскага, сталіся для мяне моцнай матывацыяй для пошуку з братам Фэліксам той невядомай магілы ды падмуркам першай маёй публікацыі «I яшчэ адна старонка: Пра кампазiтара Мiхала Грушвiцкага» («Працоўная слава» (Валожын), 29 чэрв. 1976 г.) — кароценькі аповед-апісанне невядомай магілы на Ракаўскіх могілках, дзе адзін бок быў выкананы ў выглядзе нотнага запісу. Подпіс сведчыў, што нататку даслаў «вучань 10 класа Ракаўскай сярэдняй школы».

На падворку Літаратурнага музея Якуба Коласа: Галіна Дубянецкая-Сыс, Ірына Дубянецкая, Адам Мальдзіс, Язэп Янушкевіч, Вера Рыч, Уладзімір і Вольга Някляевы, Валеры Стралко, Марыля Міцкевіч. Красавік 2007 г.

Лёсавым для мяне стала паступленне ва ўніверсітэт адразу пасля заканчэння Ракаўскай школы (1976), а потым і паступленне ў аспірантуру акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (1981). І я адразу (маючы 22 гады) трапіў у кагорту найлепшых навукоўцаў: «старажытнікаў» Віктара Дарашкевіча, Уладзіміра Кароткага ды Аляксандра Коршунава, даследнікаў пазнейшых стагоддзяў Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Мархеля… — суквецця і праўдзівага сузор’я вучоных, якіх цяпер не сустрэць у акадэмічных гуманітарных інстытутах. Проста пашанцавала, што мяне пакінулі там для далейшай працы, паспрыялі абараніць кандыдацкую дысертацыю (1987).

Гэты акадэмічны асяродак з маладых гадоў натхняў-інспіраваў актыўна друкавацца: напрыканцы кожнага года на справаздачных паседжаннях Аддзела «гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (загадчык Адам Мальдзіс) ці Вучонай рады ўсяго Інстытута літаратуры (пры мне напачатку ўзначальваў Іван Навуменка, потым — Віктар Каваленка) вёўся падрахунак зробленага. І тое, што на сваім рахунку, да прыкладу, налічваю не 400–450, а больш за паўтысячы публікацый — навучаў падліку не столькі блізкі калега, слынны Генадзь Кісялёў, а менавіта Адам Мальдзіс, паказваючы, як за падрыхтаваны мною аднатомнік твораў Вінцэся Дуніна-Марцінкевіча (1984) падчас справаздачы можа залічвацца не адна, а тры-чатыры-пяць ці нават болей бібліяграфічных пазіцый: і укладанне, і прадмова, і каментарыі, і асобныя публікацыі тэкстаў ды матэрыялаў, упершыню перакладзеныя і якія анідзе не друкаваліся (слынны аўтэнтык «Пінскай шляхты»).

А калі будуць падлічаныя публікацыі Адама Мальдзіса?

Кніжныя даследаванні навукоўца-асветніка, ад насычаных навуковымі адсылкамі тэкстаў кандыдацкай дысертацыі «Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (1966) да публікацый «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987) да тамоў «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001), «Выбранае» (2007) — сталі запатрабаванымі ў айчыннага чытача. Без іх нашае духоўнае адраджэнне напрыканцы мінулага ХХ стагоддзя дакладна было б плытчэйшым, неглыбокім, пазбаўленым жыццядайнай глебы і пазначаным няведаннем трывалых каранёў у постацях нашых змагарных папярэднікаў-пачынальнікаў.

Аўтограф Адама Мальдзіса аўтару гэтага тэксту. Без даты (кніга 1982 г.) Расшыфроўку не падаю... Паспрабуйце прачытаць самастойна, на імгненне адчуўшы сябе калегамі прафесара Мальдзіса, «археографамі-архівістамі»...

Крыху наўзбоч ад гэтага пераліку стаіць неардынарная кніга Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — удалы сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства і асабістых успамінаў. Праўдзіва: скажы мне, хто твае сябры, і я адкажу… Да пералічаных прозвішчаў калегаў у акадэмічных колах асобнай старонкай біяграфіі стала сяброўства Адама Восіпавіча з аўтарам «Каласоў». І хоць з апошнім таксама цесна сябраваў знакаміты «Кротус Генус» — Генадзь Кісялёў, але сваім авантурна-вясёлым характарам Адам Мальдзіс быў да знакамітага пісьменніка бліжэйшым, што наклала адбітак і на характар ягоных навуковых поглядаў. «Магу заўважыць, што Мальдзіс ня быў такім „кротусам“ як спадар Генадзь — і лягчэй успрымаў нават рызыкоўныя вэрсіі, быў у навуцы крыху большым фантазёрам» (Лявон Баршчэўскі).

І гэтаксама, як Караткевіч на пісьменніцкіх пленумах, з’ездах, нарадах ці падчас творчых вандровак заўжды рабіўся душой кампаніі сярод літаратараў, так у асяродку навукоўцаў вылучаўся Адам Мальдзіс. Ягоная прысутнасць на кожнай міжнароднай канферэнцыі і навуковых кангрэсах ад Японіі да Ватыкана (дзе неаднаразова сустракаўся з сёння святым Папам Янам Паўлам ІІ) падымала ўзровень спрэчак і дыскусій.

…Ніколі не думалася, што спрэчкі пра постаць самога Адама Мальдзіса палыхнуць пасля ягонага адыходу….

5 студзеня 2022 года ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску адбылося развітанне з Адамам Мальдзісам. Жалобную ўрачыстасць ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў пранікнёнай казані-навуцы адзначаў: «Адам Мальдзіс – чалавек заслужаны, якога добра ведае Беларусь. Ведаюць не толькі літаратары, не толькі гісторыкі, не толькі пісьменнікі, але ведаюць і простыя грамадзяне. Гэта быў грамадзянін нашай краіны і верны сябар Каталіцкага Касцёла, той, хто фармаваў беларускую культуру, даследаваў яе, і той, хто пакінуў трывалы след на нашай зямлі…. Кожны з нас добра ведае, што такое гадзіннік. Паводле гадзіннніка мы ўстаем. Ідзём да працы. Гадзіннік зямнога жыцця прафесара Мальдзіса затрымаўся, ён болей не ідзе. Але ж мы крочым далей, і шлях чалавека вызначае тое, што ён нясе ў духоўным заплечніку… Бярыце ў яго кнігі прафесара Мальдзіса…

І не з пустым заплечнікам адышоў з гэтага свету святой памяці прафесар Адам Мальдзіс. Ён стаяў ля вытокаў адраджэння нашай краіны. Адраджэння яе гісторыі, культуры, пісьменніцтва, літаратуры. Ён шмат зрабіў дзеля таго, каб беларуская мова гучала як мага больш, як мага мацней. І за гэта ўсё мы можам называць яго патрыярхам адраджэння нашай культуры. Мы таксама карысталіся з ягоных парадаў пры падрыхтоўцы літургічных тэкстаў… Мы ж ведаем, што чалавек складаецца не толькі з цела, але і душы. Душою кожнага народа з’яўляецца ягоная культура. І ты, прафесар Мальдзіс, ажывіў гэтую душу. Ты дапамог нам зразумець нашую тоеснасць. Ты адышоў з гэтага свету, але памяць пра цябе застаецца ў той вялікай колькасці людзей, якія сёння прыйшлі да цябе ў працоўны дзень у гэты Чырвоны касцёл. Гэта тыя, з якімі Ты тварыў новую культуру нашага народа. Бачу, тут людзі жагнаюцца не толькі па-каталіцку, але і па-праваслаўнаму. Ты быў адкрыты для кожнага…»

Гэткая рыса адкрытасці пад канец жыцця ставіла навукоўца ў вечны цэйтнот, на які ён часта скардзіўся пры маіх кароткіх сустрэчах-аўдыенцыях: «Мне вунь тэрмінова трэба том здаваць у друк, вычытаць-адрэдагаваць, а тут прыязджаюць з усіх раёнаў краіны». Прадчуваючы, хто і пра што будзе гутарыць, прафесар пачаў ужываць тактыку размовы «на нагах», пры тым папярэджваючы: «Давайце гаварыце ў тэлеграфным стылі…»

Тут да месца было б зазначыць, што Мальдзіс пры сустрэчах падкрэсліваў, што ягонае прозвішча паходзіць ад літоўскага maldá, г. зн. «малітва».

Апошнія хвіліны развітання.
Краязнаўца Алесь Юркойць (з надмагільным крыжам),
сын Яраслаў Мальдзіс, паэт Міхась Скобла. 05.01.2022 г.
Вёска Задворнікі Астравецкага раёна. Здымак Язэпа Карловіча.

У той самы развітальны дзень адбылася яшчэ адна пахавальная Імша: на радзіме навукоўца. Адам Мальдзіс вярнуўся на вечны спачын на сваю любую Астравеччыну. Апроч сталічных калег-літаратараў, ля труны прамаўлялі і землякі. «Думаю, будзе правільна, калі адну з вуліц Астраўца мы назавём імем Адама Мальдзіса. Трэба падумаць і пра мемарыяльную дошку ці бюст, прысвечаны нашаму слыннаму земляку», — прапанаваў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Генадзь Бычко.

Адама Мальдзіса пахавалі на яго Бацькаўшчыне, на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна. І хто б мог прадбачыць, што праз паўгода, перад ягоным 90-гадовым юбілеем, распачнуцца спробы дыскрэдытаваць яго ахвярнае служэнне Бацькаўшчыне! Вось жа, сапраўды, як было трапна зазначана ў згаданай вышэй развітальнай прамове арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча:

«Бог не з’яўляецца аўтарам смерці. Аўтарам смерці з’яўляецца злы дух, д’ябал».

Зробленае й рупліва назапашанае цягам жыцця ў «духоўным заплечніку» Адамам Мальдзісам забяспечвае несмяротнасць не толькі яму асабіста, але і ўсяму нашаму народу. Усёй нашай вялікай нацыі. Неабходна нагадваць й нагадваць, як ненажэрны расейскі імперыялізм у пазамінулым ХІХ намагаўся нахабна-цынічна пахаваць увесь наш «забраны край», і яму паплечнік барацьбіта Аляксандра Герцэна, расейскі думанік-мысляр Мікалай Дабралюбаў, адказаў: «Вось так: цэлы народ узялі і забілі? Пабачым, што скажуць самі беларусы».

А за паўстагоддзя перад сёлетняй вакханаліяй, Уладзімір Караткевіч, ахвяруючы Адаму Мальдзісу паэтычны «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў» (1968) нібы прадбачыў будучыню сябра.

Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,
Свінні — рыцца ў гноі сваім.
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві...

Таму адсунуць кудысьці на задворкі нашай культуры прозвішча Адама Мальдзіса — выбітнага навукоўца (паэт Рыгор Барадулін гарэзліва-пашанотна звяртаўся да сябра «Акадэмік Мальдзіс», прафесара (доктара філалагічных навук), гісторыка (архівіста-археографа), пісьменніка-эсэіста (старшыні Мемарыяльнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў), заслужанага дзеяча польскай культуры (1982), Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1980), нашага сучасніка-грамадзяніна, узнагароджанага медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019), ордэнам Францыска Скарыны (2013), заснавальніка і шматгадовага дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшыню камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры — не атрымаецца анікому. Зробленае ім у імя мінулага і будучыні Айчыны будзе сведчыць за нас і пра нас наступнікам. У сузор’і трох яркіх імёнаў архівістаў-першаадкрывальнікаў: Сцяпана Александровіча, Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса — пакаленні нашых нашчадкаў будуць узгадваць іх імёны поруч з імёнамі народазнаўцаў Адама Кіркора, Яўхіма Карскага, Вацлава Ластоўскага…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY