|
Азерца, поўнае слёз
За цудоўным свіронкам цёткі Яніны
сонейка з ветрам залатую горку стварылі.
Дзеці ў азерца каціліся з горкі,
у цянёк ад сонейка хаваліся зоркі…
Дзеці мелі свае тайнічкі ў аерцы,
як яечкі, загортвалі ў лісцейка сэрцы…
Кволыя сэрцы жабоцькаў баяліся,
а жабоцькі ад бусліка ў зоркі хаваліся…
На глыбіню быў пракладзены мосцік,
сушыўся на беразе мосцікаў хвосцік…
А мамы бялілі палотнаў сувоі,
пранікі сварыліся паміж сабою…
з малымі плюскаліся да адвячорка…
Пракапалі канаву — і знікла азерца.
А было так добра ўмацавана, здаецца,
у кошыку, сплеценым з карэння аеру…
Нібы нехта шпурнуў у азерца сякеру…
Вада праз канаву выцекла ў Гаўю…
за аерам, за ветрам, за спалоханым гаем —
Азерца пяшчоты ад людзей вымагае…
Азерца смутку — гэта ўсё, што мы маем.
Мы Табе ўдзячныя, добры наш Божа,
за хістанні, блуканні, за горыч няўдач.
Дай нам Духа Любові, як вадзіцы не можна!
Што азерца засохла, — о Божа, прабач!
22 мая 2022 г.
|
Цудоўная хатка
Захісталася кладка:
што ні слоўца — то міна…
Рассыпаюцца слёзкі —
вачмі не збярэш…
Ты — гарчычкі зярнятка —
малая Краіна —
скамянелыя вёскі…
З болю вырваўся верш…
2 чэрвеня 2022 г.
|
Час — як рака
Божа, кожнага з нас у адведзены час,
нібы ў лету, прыслаў…
Што каму было трэба ад бясконцага неба,
тое кожнаму даў…
Можна лепшыя справы прысніць.
Можна ўсё змарнаваць і змяніць…
Толькі зблытаць нічога нельга!
Нельга блытаць Нёман і Niemen!
Нёман — з тутэйшых словаў ад сялянскага голасу —
мудрага беларуса Якуба Міцкевіча-Коласа…
«Niemnie, rzeko moja domowa...» —
у Адама Міцкевіча, родам з Завосся…
Што з Наваградка, з Любчы ў Міцкевіча засталося!?.
Слёз санеты з прыгожай Лаўрай расстання…
Ледзяныя крыгі ўспамінаў, сумота кахання…
зрэдку згубленым шчасцем паводкай пральецца…
павіруе і вернецца ў слова,— ці ў паэтава сэрца.
Чэслаў Niemen з местачковага неба
Старых Васілішкаў…
нібы з тутэйшых, але з завоблачных вышкаў,
з невідочных планетаў, далячыняў-засветаў,
у дзіўны час людскіх справаў не дзеля забаваў
на фестывалі ў Сопаце ў кашулі сонечнай выйшаў —
цудоўны версэт ад пагоркаў наднёманскіх выканаў —
узбунтаваную песню зубра напрадвесні —
усхвалявана, прагна, непрадказальна прыгожа, —
сонных збудзіў, нахабнікаў абсадзіў,
выпусціў змучаных з лёхаў,
шмат каго напалохаў —
скалануў, страсянуў, агалмошыў…
«Dziwny jest ten świat»…
Суддзяў, артыстаў, залу давёў да шалу…
нябеснаю магмай агню і гартанных гукаў, —
вучань балотных каняў,
лясных драздоў і зазулькаў!
Дзіўны кліч з грудзей маладых
да людзей добрай волі –
і цяпер разбурае змрок —
як глыток вады,
як драбок солі…
…У пачатку дарогі, аднойчы…
за кулісамі сцэны
мы сустрэліся вочы ў вочы,
хлапец усміхнуўся дзяўчыне,
якая «пад казачным дубам над Нёманам сінім»…
шчаслівая на аблачыне…
…Аднойчы, у Старых Васілішках …
на каменьчыку сэрца выгрызла мышка…
На сваім панадворку камень
Чэслаў кранаў маладымі нагамі …
А я падняла, калі там была, —
і цяпер у руках трымаю.
Пагрэю рукі хвіліну…
Захачу — у Niemen закіну,
скажу: «Ляці ў паднябессе!
Лаві сваё сэрца, Чэсік!»
23 чэрвеня 2022 г.
|
Матылёк
«Па-над белым пухам вішняў,
быццам сіні аганёк,
б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
сінякрылы матылёк…»
Максім Багдановіч, «Маёвая песня».
Папа Рымскі, святы Ян Павел II, ступіў на
родную зямлю і прамовіў:
«Niech zstapi Duch Twoj i odnowi oblicze ziemi...
Tej ziemi...»
Дух Святы хвалямі дыхання панёс
па планеце жаданне Адновы (эфект матылька)…
|
Максімаў сінякрылы матылёк —
агню глыток —
малымі крылцамі паблытаў час…
Агонь на папялішчы не пагас…
Зрабіўшы ў часе круг,
зноў прыляцеў на луг.
На лузе, у мясцінцы для забаў,
павевам крылцаў
над чмяліным рылцам
крылатае паветра калыхаў…
Раскалыхаў крылатую раку,
рабінкі ды бярэзінкі ў гайку,
дубочкі, клёнікі ды вербалоз…
Над гаем хмарку разгайдаў да слёз…
Сам не прыкмеціў —
пачаўся дождж і вецер…
Заплакалі ў дупле сіроты-дзеці…
Пасыпаліся спелыя ранеты…
З гнілых балотаў, нібы з апраметнай,
са скрыпам павылазілі ракеты,
раздзьмухалі пажар
на ўвесь абшар…
Лячыў зямліцы скуру павучок —
абвуглены, скруціўся ў камячок…
Ані дыхнуць, ні кропелькі — глынуць…
Тут застаецца легчы і заснуць.
Ляціць у холад
жалезнай злосці молат.
А залаты сярпок –
на сонцаспёк…
У чарнаскурых афрыканцаў голад:
замест ячменных цёплых праснакоў –
ядуць жывых бяскрылых матылькоў…
Што натварыў крылаты матылёк?!
Нячыстых з апраметнай прывалок!
Паміж сяліб узняўся чорны грыб…
Забрудзіў попел чыстую Еўропу…
Ці вінаваты сіні матылёк,
што крылейкам узбударажыў змрок?!
Падаў драбінкі матыльку Максім.
Забраў яго на неба назусім.
Пасланы Богам да людзей, Паэт
злучыў мінулы і сучасны свет,
гарачы сонцакруг агнём замкнуў…
Людзей анёльскім крыллем ахінуў.
28 мая 2022 г.
|
Янку Купалу, жывому ў сэрцах паэтаў …
Іван Дамінікавіч, Янка Купала!
Я па Вашых сцяжынках ступала!
Рвала кветкі купальніку ў лесе…
Я Вас сустрэла ў леце…
на Яна,
у вяночак вершаў прыбраная.
Я Вас сустрэла ў вершах,
у першых, у самых найлепшых;
я Вас пачула ў песнях,
з вуснаў касцоў, найспяўнейшых;
я Вас згледзела на палянцы
ў Вязынцы, у цярнёвай вязанцы…
Я Вас вымаліла на Ружанцы!
Добра нарадзіцца летам!
Добра быць Беларускім Паэтам
і верыць Святым Запаветам!
…З усмешкай музейшчыцы Ліды Камінскай,
з Купальскай прапіскай,
у якой і дзень нараджэння
за Вашым днём зусім блізка…
Я ўбачыла Вас на Дняпры,
у Ляўках, над абрывам гары…
У вірах акуналіся, часам зрываліся –
Якуб і Максім, і Бутрым, —
Вашай долі шляхотнай сябры!
Мы з дзяўчатамі Вас віталі на Вашым Свяце,
на Стагоддзі, пры сонцаўзняцці —
у драўлянай, нанова пабудаванай
са смольных бярвёнаў хаце!
Купалянятамі зноў нарадзіліся,
першы з апошняю там памірыліся.
Вы перад намі паўсталі на п’едэстале —
усенародным нашым багаццем!
Ажывіліся зноў у Купальскім святле —
Алаізы, Канстанцыі, Уладзі, Паўлінкі —
Вы — ўсімі ўзлюблены і вялікі…
І мы купаемся ў Вашым Купаллі,
Ваша Слова ў сэрцы прымаем…
І верым, што выраем узляцім, утрымаемся —
у бязмежжы Святла перад Богам над Краем!
…дзе кожны б’ецца галавою аб сцену —
бы ў заграным яйку курыны зародак —
якога аднойчы вялікім народам
Вы, Іван Дамінікавіч, вывелі
на сусветную сцэну…
Даруйце — ў маскоўскім гатэлі
мы ў палёце Вас не сустрэлі,
сэрцы свае, як падушачкі, не падаслалі, —
шчэ Купалінкі не ўзняліся…
…Толькі па часе
тыя пліты слязьмі пагладзілі,
якія Вашай крыві напіліся…
Калі Бандароўна загіне…
Наталька Машэку здрадзіць,
тройчы штылет яго ў шыю ўсадзіць…
…Іван Дамінікавіч, выцірайце з Нябёс
рэкі-азёры слёз
нязломнай змагарцы Ўкраіне…
Ды не шкадуйце вочы
Жар-птушкі, зняволенай Ночы…
На волю адпушчанай Вамі…
Няхай Няволю поіць слязамі…
«Ляці, імчыся, думка, вышай, далей,
Як вокам стрэліць можна, у блакітну даль!
Схапі стуль песню з перуновай сталі
І прынясі мне волю, сільную, як сталь.
Я песняй мілую сваю праслаўлю
Паміж народамі сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у бяспраўю, —
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасцель…»
(Янка Купала, паэма «Яна і Я», 21 ліпеня 1913 г.)
27 красавіка 2022 г.
|
Цудоўны Ружанец
Веру ў цуд.
Калі ружы губляюць пялёсткі на росы,
на лузе Касцы з нябёсаў
з расою косяць пракосы –
Ясная Панна Марыя
з’яўляецца перад намі,
асвятляе зямныя змрокі
любячымі вачамі.
Пярлінкі ружаў
на складзеных Маці далоньках —
запрацаваным рукам
найлепшы лек і палёгка.
Паднімайце сівыя галовы,
скідайце страху кайданы,
аплятайце малітвамі ружаў
Родны Край зрабаваны!
Ружанцовая Гаўя шчасця
ледзь чутна кранаецца пальцаў —
між азярыны вока і глыбокім затокам…
Не памятаю людзей, блытаю час і падзеі,
выплываю на глыбіню
ружанцовай надзеі.
Ружанцовымі таямніцамі грэюся,
як хусцінкай матулінай, —
можна схавацца, наплакацца,
Ружанцам атуленай…
…Мой пакалечаны сын вяртаецца з працы —
стомы крывавыя кроплі расцякаюцца па вадзе, —
гэта сляпыя слязіны майго Ружанца…
Я малюся, а Божая Маці
за руку майго сына вядзе…
Людзі, давайце верыць
у цуд найсвяцейшай пробы —
замест ракетаў і бомбаў
Зямлю Ружанцам аздобім!
У жывых ружанцовых зярнятках
знойдзе супакаенне вар’ятка.
Небам абнятая, наша планета Зямля,
малітвамі закалыханая, як немаўля,
ад сэрцаў да сэрцаў, над бяздоннем пакут,
адмаўляе Ружанец —
з цудаў святых найсвяцейшы цуд!
9 мая 2022 г.
|
Калі мама не мела часу…
Любоў мая — рэчанька Гаўя!
З табой падрастала я ў шчасці.
Ты мяне, немаўля, калыхала,
калі мама не мела часу.
Як сена на лузе грэблі —
ты ўмела лавіць наш смех
і тупат пятак па грэблі…
У кожнага ў людзей свая смерць…
Калі я ўпаду пад ваду,
у вырай кульнуся са стромы, —
ты лішне мяне не шкадуй,
уздыхні і плыві сабе ў Нёман.
Непакошаны луг напоіш,
пот і стому здымеш увечары.
Ты столькі прынесла любові, –
хопіць на вечнасць…
30 сакавіка 2022 г.
|
|
|