Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(101)/2022
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Ірына БАГДАНОВІЧ
ПРАЗРЫСТАЯ КАЛОНА
Мастацтва
Спадчына
Паэзія

ЦУДОЎНАЕ
Постаці

«КСЁНДЗ РУСАК»
Літаратуразнаўства
Культура

Кс. Люцыян ДАМБРОЎСКІ

ВЯРТАННЕ СВЯТЫНІ

Да 100-годдзя вяртання ў Баруны абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных

Цудатворны абраз
Маці Божай Барунскай.

Дагэтуль невядома, кім быў намаляваны абраз Маці Божай Барунскай, але ён стаў сэрцам Барунаў і прыцягвае да гэтага месца тысячы людзей, якія прагнуць знайсці падтрымку ў Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты невялікі (42×60 см), але славуты цудамі абраз на працягу стагоддзяў стаў бачным знакам асаблівай апекі Маці Божай.

Адкуль жа бярэ пачатак ушанавання гэтага прыгожага абраза? Першыя згадкі сведчаць, што абраз Маці Божай Барунскай быў уласнасцю айца Язафата Бражыца з ордэну св. Базыля Вялікага. Святар кіраваў некалькімі кляштарамі айцоў базыліянаў у Хэлме, Мінску, Полацку і Віцебску. Паўсюль ён быў вядомы як добры прапаведнік. У гэтым сваім служэні айцец Бражыц заўсёды меў пры сабе цудоўны абраз, які ўжо тады славіўся шматлікімі ласкамі.

У 1666 г. падчас побыту айца Бражыца ў Мінску ўспыхнула небяспечная эпідэмія, якая распаўсюджвалася з незвычайнай хуткасцю. Аднак айцец Бражыц заўсёды быў гатовы да святарскай паслугі, яго не палохала нават гэтая зараза. Як пастыр ён заставаўся каля сваіх авечак, пакуль сам не захварэў. Браты, якія даглядалі яго падчас хваробы, сцвярджалі, што святар памёр. Тым часам праз некалькі гадзінаў да айца Бражыца вярнулася жыццё. Братам-манахам святар сказаў, што менавіта Маці Божая вярнула яму жыццё, каб ён не пакідаў хворых у патрэбе і далей пашыраў веру, настаўляў людзей на добры шлях. Айцец Бражыц сведчыў, што ў той момант, калі ён ляжаў непрытомны, яму аб’явілася Панна Марыя і сказала: «Падабаецца Мне твая руплівасць каля душаў людскіх, крывёю Сына Майго адкупленых. Не пакідай іх! Вось Я выпрасіла для цябе жыццё і дар выганяць злых духаў». З гэтага часу да айца Бражыца пачалі прыходзіць тыя, хто быў апантаны нячыстаю сілаю, і пасля яго малітвы д’ябал пакідаў цела чалавека.

Цудатворны абраз
Маці Божай Барунскай.
Старажытная гравюра.

Перад смерцю айцец Бражыц перадаў найкаштоўнейшы скарб — абраз Маці Божай з Дзіцяткам — сваяку Мікалаю Песляку і папрасіў, каб Мікалай асабліва шанаваў гэты абраз, аднак Песляк захінуў яго палатном і схаваў у скрыню ў фальварку Казюкоўшчына. 12 лютага 1683 г. айцец Бражыц адышоў з гэтага свету, аднак перад смерцю ўбачыў яшчэ раз Найсвяцейшую Панну ў такой выяве, як на абразе. Мікалай Песляк пакінуў свой фальварак і пайшоў на службу да Пліна, у маёнтак падскарбія надворнага Францкевіча, служыў там ажно пяць гадоў і ўжо забыўся пра наказ айца Язафата і яго цудоўны падарунак. Аднак Маці Божая прагнула апекавацца людзьмі, дапамагаць ім і сцерагчы ад зла. Таму ва ўладаннях Песляка пачалі адбывацца розныя вельмі дзіўныя рэчы. Так, жыхары Казюкоўшчыны бачылі над будынкамі цудоўнае ззянне: ім нават здавалася, што будынкі гараць ясным полымем, аднак застаюцца непашкоджанымі. Гэтая сядзіба заставалася пад заўсёднаю апекаю Маці Божай, і не было тут месца ніякім няшчасцям. У той час як жыхары Казюкоўшчыны цешыліся благаслаўленнем Нябеснай Маці, Мікалай цяжка хварэў і ўжо чакаў толькі смерці. Калі ён ляжаў у гарачцы, яму аб’явілася прыгожая Панна і сказала: «Чаму ты не паклапаціўся пра належнае месца для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражыца? Я прагну, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе пры Маім абразе». Раніцаю, апрытомнеўшы, Песляк узгадаў пра вялікі падарунак, які атрымаў ад айца Бражыца, і любой цаной вырашыў выправіць сваю памылку. Ён як мага хутчэй вярнуўся ў свой маёнтак, знайшоў скрыню, а ў ёй — абраз. Аднак, зірнуўшы на яго, анямеў: прыгожы абраз, які калісьці свяціўся сваім цудоўным бляскам, прыйшоў у занядбанне. Мікалая ахапіла невыносная роспач, ён вельмі доўга і шчыра маліўся, паабяцаўшы Маці Божай, што пабудуе для Яе прыгожую капліцу. Паўстала толькі праблема, дзе знайсці належнае месца і як сабраць патрэбную суму грошай. Песляк вырашыў, што пабудуе каплічку на ўзгорку, які быў яго ўласнасцю. Ідучы на гэтае месца, ён страціў прытомнасць і ўбачыў чарговае аб’яўленне: маленькі Хлопчык узнік перад ім і завёў да прыгожай Жанчыны, якая стаяла на дарозе, што цяпер злучае Мінск з Вільняй. У Жанчыне Мікалай Песляк распазнаў Найсвяцейшую Марыю з абраза айца Бражыца. Ён зірнуў на Хлопчыка і зразумеў, што гэта маленькі Езус. Марыя прамовіла: «Не будуй для Мяне капліцы на гэтым узгорку, бо тут магілы язычнікаў і ерэтыкоў. Калі пойдзеш за Мной, Я пакажу табе годнае месца, якое выбрала для сябе. Хачу, каб менавіта там быў Мой абраз». Песляк паслухмяна пайшоў за Марыяй і Езусам. Крочылі яны па балоце ў бок Вільні, але прайшлі па ім як па сушы ажно да таго месца, дзе разыходзяцца дарогі на Гальшаны і Вільню. Там Марыя спынілася і паказала Мікалаю месца, дзе павінен стаяць крыж з абразом. Затым Яна рушыла ў цёмны густы бор, а дрэвы і кусты, кланяючыся, саступалі Ёй дарогу. Урэшце Марыя затрымалася каля дзвюх невялікіх елачак і тут паказала месца, дзе павінен быць вялікі алтар з Яе выяваю ў пабудаванай Мікалаем капліцы. Песляк не мог паверыць, што Маці Божая выбрала сабе гэтае бязлюднае месца. Яшчэ цяжэй яму станавілася ад думкі пра тое, што ён зусім не меў грошай на пабудову санктуарыя. Марыя нібы прачытала яго думкі, і зноў загучаў Яе цудоўны голас: «Не турбуйся пра тое, што Я загадваю табе будаваць касцёл у глухой пушчы. Я ўчыню так, што людзі кожны дзень будуць Мяне тут вітаць. Ведаю таксама, што ў цябе вельмі мала грошай, толькі 12 злотых, але гэтага хопіць, каб паставіць крыж. Я ўчыню таксама, каб на пабудову касцёла ты кожны дзень меў ахвяру ад Маіх верных. Гэта месца назавеш Барунамі. Тут Я заўсёды буду спасылаць вялікія ласкі людзям, якія будуць да Мяне маліцца».

Копія цудатворнага абраза
Маці Божай Барунскай.

Калі Мікалай зразумеў гэтае даручэнне і паабяцаў Маці Божай усё гэта паслухмяна выканаць, ён выздаравеў. Найперш ён даручыў тром рамеснікам змайстраваць прыгожы крыж. Калі гэты знак веры ўжо быў пастаўлены на паказаным месцы, Мікалай сам змясціў на ім цудоўны абраз, на якім ужо не было ніякіх слядоў занядбання. Адбывалася гэта ў 1691 г., і Маці Божая з першай хвіліны пачала дапамагаць людзям: Яна вяртала зрок невідушчым і спасылала сваім верным шматлікія ласкі. Вестка пра Добрую Панну з цёмнага бору распаўсюджвалася хутка. Вернікі з навакольных вёсак, гарадоў і мястэчкаў пачалі прыходзіць да Яе. Песляк убачыў, што прадказанне Найсвяцейшай Марыі спраўдзілася, і вырашыў распачаць будоўлю касцёла. Праз год, у 1692 г., ужо быў закончаны фундамент пад драўляную святыню. Мікалай прымацаваў каля крыжа скарбонку, якая напаўнялася ахвяраваннямі на будаўніцтва касцёла. Аднойчы да яго прыйшоў бедна адзеты хлопец і ахвяраваў яму пяць бітых талераў1. Сказаў, што гэтую шчодрую ахвяру прыслаў яго пан. Калі Мікалай адвярнуўся, каб запісаць прозвішча ахвярадаўцы, хлопец раптоўна знік. Тады Песляк зразумеў, што гэта быў пасланнік з неба. З гэтага часу ён не адчуваў недахопу грошай на будоўлю святыні для Найсвяцейшай Маці.

У 1692 г. будоўля драўлянага касцёла заканчвалася. Не хапала яшчэ толькі даху, аднак, нягледзячы на гэта, пабожны фундатар вырашыў урачыста ўнесці абраз у святыню. Ён папрасіў святара з суседняй вёскі адслужыць набажэнства. На гэтую ўрачыстасць прыбыло шмат вернікаў. Сярод тлуму было трое невідушчых. Ад усяго сэрца маліліся яны да Найсвяцейшай Панны, каб вярнуць сабе зрок. Як толькі абраз унеслі ў святыню і невідушчыя ўкленчылі перад ім, яны адразу ўсе трое пачалі бачыць.

Мікалай Песляк запрасіў у новапабудаваны касцёл айцоў базыліянаў. Манаская ўлада прызначыла туды на служэнне айца Спірыдона Сакалоўскага і айца Аляксандра Барысовіча з кляштара ў Вільні. Святы Язафат, біскуп Віцебскі і мучанік, першыя гады свайго манаскага жыцця правёў менавіта ў гэтым кляштары, а потым быў яго настаяцелем2. З гэтага часу пачалося будаўніцтва новай сядзібы, якая пасля стала мястэчкам. Як і наказала Маці Божая, мястэчка назвалі Барунамі. Пры драўлянай святыні пабудаваў свой дом таксама Мікалай Песляк. Астатнюю тэрыторыю забудавалі касцёльнымі будынкамі і дамамі.

Касцёл і кляштар базыліянаў у Барунах.
Гравюра па малюнку Напалеона Орды.

У 1702 г., падчас нападу шведаў, занепакоеныя базыліяне дзеля бяспекі перадалі цудадзейны абраз у атрад гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Вішнявецкага ў Валожын. З таго часу некалькі гадоў абраз Маці Божай вандраваў разам з войскам і славіўся цудамі ў Брэсце, Пінску і ў Літве.

У 1707 г. пажар знішчыў Баруны, кляштар і частку касцёла. Аднаўленне касцёла пачалося праз два гады, калі скончыліся ваенныя дзеянні і абраз быў вернуты ў Баруны. У 1715 г. адбылася ўрачыстая кансэкрацыя касцёла, які атрымаў тытул Апекі Маці Божай. Цудадзейны абраз быў упрыгожаны каронамі Марыі і Дзіцяткі Езуса. У 1750–1757 гг. працягвалася далейшае аздабленне касцёла. Тры ўнутраныя навы былі ўпрыгожаныя дзевяццю алтарамі. Непадалёку ад святыні былі пабудаваныя мураваная званіца і каплічка.

У 1839 г. у сувязі з ліквідацыяй уніяцкіх кляштараў базыліяне перадалі абраз Маці Божай сям’і Важыцкіх, якія жылі непадалёку ад Алянаў. Далей кляштар быў перададзены праваслаўнаму духавенству, і толькі ў 1919 г. святыня была вернутая католікам: кляштар і касцёл прыняў ашмянскі вікарый ксёндз Станіслаў Мікульскі. Адразу ж распачалося аднаўленне святыні, а ў 1922 г. абраз Маці Божай быў урачыста ўнесены ў Барунскі санктуарый. У 1923 г. касцёл у Барунах атрымаў тытул святых апосталаў Пятра і Паўла.

На працягу стагоддзяў вернікі розных веравызнанняў шукалі падтрымкі і суцяшэння ў Маці Божай Барунскай. Як раней, так і цяпер Марыя атуляе сваёю любоўю ўсіх, хто кленчыць каля Яе цудадзейнага абраза, адорвае шматлікімі ласкамі і цудамі сваіх шанавальнікаў і выпрошвае для нас Божую міласэрнасць.

Паводле кнігі ксяндза Люцыяна Дамброўскага
«Санктуарый Маці Божай Барунскай», 2007.


  1. Манета са срэбра або золата высокай пробы. У той час гэта быў гадавы заробак.
  2. Святы Язафат Кунцэвіч нарадзіўся ў 1580 г. У 1604 г. уступіў у кляштар айцоў базыліянаў. У 1617 г. стаў біскупам Віцебскім. У 1623 г. пераследнікі Каталіцкага Касцёла закатавалі яго ў Віцебску. Падчас жыцця і пасля смерці ён славіўся цудамі. У 1907 г. быў кананізаваны.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY