|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
Любоў СЫСОЕВА
«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»Датаваныя і падпісаныя творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст.
Збор твораў сакральнага мастацтва Беларусі ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — адзін з найбуйнейшых у Краіне. У яго ўваходзяць іконы, алтарны жывапіс і скульптура, творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, рукапісныя кнігі і старадрукі. Як вядома, асаблівасцю сакральнага жывапісу з’яўляецца яго ананімнасць, бо іканапісец не лічыў творцам толькі сябе — ён проста выконваў Божую волю. Таму большасць старых іконаў не мае ні аўтарскіх подпісаў, ні даты стварэння. І хоць імёны некаторых іканапісцаў вядомыя па пісьмовых крыніцах, падпісаных імі працаў налічваюцца адзінкі. Надпісы на іконах з такімі звесткамі сустракаюцца вельмі рэдка і выклікаюць асаблівую цікавасць. Цяжка пераацаніць значнасць пошуку датаваных твораў ва ўсіх жанрах мастацтва, але найбольш важная гэтая інфармацыя для працаў з далёкай мінуўшчыны. Стылістычныя і тэхніка-тэхналагічныя дадзеныя датаванага твора дазваляюць стварыць групу блізкіх яму прадметаў, размясціць іх у лагічнай паслядоўнасці, выбудаваць эвалюцыю развіцця гісторыі сакральнага мастацтва. Вызначэнне даты, веданне звестак пра ўладальнікаў мастацкіх твораў, іх прызначэнне і геаграфічную «прывязку» дапамагаюць скласці «біяграфію» асобных твораў, уключыць іх у агульны працэс развіцця гісторыі і культуры адпаведнага рэгіёну. За апошнія некалькі гадоў у рэстаўрацыйных майстэрнях Нацыянальнага мастацкага музея адбылася рэстаўрацыя значнай колькасці датаваных і падпісаных іх аўтарамі твораў старажытнабеларускага мастацтва, якія неабходна ўвесці ў навуковы ўжытак шляхам публікацый і экспанавання. Гэтай мэце і была прысвечаная музейная выстава «На ўшанаванне і на хвалу Госпаду Богу…», у экспазіцыі якой былі паказаныя творы іканапісу, алтарнага жывапісу, мастацкага металу, а таксама рукапісныя кнігі. Яшчэ раз падкрэслю, што падпісаныя і датаваныя творы жывапісу XVI–XIX стст. — гэта вельмі рэдкія, унікальныя помнікі культуры. У зборы нашага музея іх крыху больш 80-ці. Найбольш раннія іконы з датамі іх напісання належаць да першай паловы XVII ст. — іх распаўсюджанне звязваецца з ростам асобаснага пачатку іканапісцаў Новага часу і з важнасцю падобных замоваў. Самаю ранняю датаванаю іконаю на выставе была ікона «Уваскрэсенне — Зыход у пекла» з Праабражэнскай царквы (1783 г.) горада Чачэрска Гомельскай вобласці. На частцы ўкладнога надпісу да яе занатаваныя словы «На ўшанаванне і на хвалу Госпаду Богу…», якія і былі ўзятыя назваю да ўсёй выставы. Найбольшая колькасць падпісаных іконаў належыць да XVIII–XIX стагоддзяў, гэта — «Багародзіца Адзігітрыя» (1718 г.), «Цуд Георгія аб змею» (1736 г.), «Арханёл Міхал» (сярэдзіна XVIII ст.), «Багародзіца з Немаўляткам» (1750 г.), «Нараджэнне Багародзіцы» (1755 г.), «Унебаўшэсце Хрыста» (1808 г.) Фамы Сілініча і іншыя. Змест тэкстаў да іх разнастайны: ёсць запісы з імёнамі фундатара, іканапісца, звесткі аб панаўленнях. Найбольш падпісваліся вялікія творы, якія змяшчаліся ў храмах на самых бачных месцах. З даваеннай калекцыі музея паходзіць ікона «Сабор арханёла Міхала» (1743 г.), выява якой упершыню была змешчана беларускім мастацтвазнаўцам М. Шчакаціхіным у выданні «Каталог аддзелу старажытнага мастацтва 1-й Усебеларускай мастацкай выставы» (Мінск, 1926 г. С. 16). На іконе — шматфігурная кампазіцыя з вобразамі «войска Гасподняга». У цэнтры кампазіцыі — у воінскіх даспехах і чырвоным плашчы — паказаны арханёл Міхал, акружаны нябеснымі сіламі (анёламі, арханёламі). Як вядома, кожны з анёльскіх чынаў мае сваё прызначэнне, але арханёл Міхал пануе над усімі, і яго імя азначае «Хто ж, як Бог», або «ніхто не роўны Богу». Гэтая ікона з’яўляецца ўзорам своеасаблівага злучэння барока-ракайлевых рысаў. Яе аўтар імкнуўся перадаць аб’ём святлаценеваю лепкаю твараў і мадэліроўкаю складак адзення, проціпастаўленнем ценяў і лакальных высвятленняў, выкарыстаннем вытанчанай і вельмі гарманічнай колеравай гамы, а таксама лёгкіх празрыстых фарбаў, якія робяць ікону святланоснаю. Двухбаковая ікона «Цуд Георгія аб змею. Святы Ануфры» мае раму, па перыметры якой змешчаны ўкладны надпіс, які сведчыць, што ікона была ахвяраваная «рабом Божьим Григорием» і яго братамі ў кастрычніку месяцы (октобер) 1748 года дзеля «грехов отпущения телу». На адным з бакоў іконы паказаны той эпізод з жыцця святога ваяра Георгія, калі ён, забіўшы змея, выратаваў дачку цара Елісаву, прызначаную ў ахвяру змею. На адвароце іконы адлюстраваны святы пустэльнік Ануфры, які моліцца, стоячы на каленях, перад уваходам у пячору. Кампазіцыю дапаўняюць выявы кароны і льва, якія сталі атрыбутамі святога. Вобраз святога Ануфрыя найчасцей сустракаецца ў цэрквах на Валыні, на Берасцейшчыне, адкуль і паходзіць гэты твор. Самая ранняя вядомая нам у мастацкай спадчыне Беларусі ікона-трыпціх з бакавымі створкамі — гэта «Багародзіца Адзігітрыя; святая Наталля; арханёл Рафал». Яна паходзіць з Усесвяцкай царквы (1870 г.) горада Турава (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). На бакавых створках гэтага трохчасткавага складзеня змешчаны ў рост на фоне арак фігуры святой пакутніцы Наталлі (злева) і арханёла Рафала (справа), які трымае ў руцэ лілею. Згадаем, што арханёл Рафал лічыцца ахоўнікам, абаронцам, апекуном усіх пілігрымаў, вандроўнікаў, а таксама моладзі. Святая Наталля была жонкаю пакаранага мучаніка Адрыяна і сама пацярпела за хрысціянскую веру ў часы імператара Максіміліяна ў Нікамідыі (IV ст.). Цэнтральным вобразам, аформленым рамкаю глыбокага ківота, з’яўляецца вобраз Маці Божай у аблоках на сярпе месяца. Яна адлюстраваная ў кароне, са скіпетрам у правай руцэ і Немаўляткам, што сядзіць на Яе левай руцэ — такая выява Багародзіцы рэдка сустракаецца ў праваслаўным і ўніяцкім іканапісе Беларусі XVIII стагоддзя1. Аўтарскія надпісы звычайна змешчаны на пярэднім баку іконы, на палях або ў ніжняй частцы срэдніка. Яны зроблены дэкаратыўным почыркам з рознымі арнаментальнымі дадаткамі і ўспрымаюцца як неад’емная частка мастацкай будовы іконы. На выставе экспанаваліся іконы з надпісамі і з тыльнага боку: напрыклад, на адвароце іконы манаграміста A.W. «Багародзіца Адзігітрыя» (1750 г., з царквы св. Мікалая (1825 г.) з вёскі Чарнякова Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) зроблены надпіс лацініцаю ў чатыры радкі чорнаю фарбаю: «Roku A750 malowan Roku A759 odnowion A.W.». Цікавая тэхніка выканання гэтага твора: цёмна-сіні фон і твары напісаныя тэмперай, а адзенне, кароны, воты, лампады выкананыя разьбою па ляўкасу. У гэтай жа тэхніцы створана ікона «Маці Божая Жыровіцкая» (1751 г.) з Мікалаеўскай царквы (канец ХІХ ст.) у Маларыце (Брэсцкая вобласць). Яна як бы закрытая залатымі чаканнымі шатамі; фарбамі напісаныя толькі твары, рукі, ногі і аголеныя фігуркі анёлаў. Усё астатняе зроблена ў рэльефе, гравіроўкаю па ляўкасу. Гэта адно з самых эфектных і дасканалых увасабленняў Маці Божай Жыровіцкай часу сталага барока. У цэнтры кампазіцыі — велічная фігура Багародзіцы з Немаўляткам на правай руцэ; Яе пазалочаны мафорый амаль зліваецца з пазалочаным фонам, упрыгожаным раслінным арнаментам. Два анёлы трымаюць над галавою Марыі карону. У самым версе змешчана стужка з лацінскім надпісам, які сведчыць, што гэта найсапраўднейшае адлюстраванне цудадзейнай Марыі Жыровіцкай. Унізе змешчана белая палоска з данатарскім надпісам, у якім сказана, што гэты алтар справілі рабы Божыя Васіль Клянкоўскі і Якаў Назарук дзеля даравання грахоў сваіх і грахоў бацькоўскіх. І пазначана дата — месяц люты (февруарий) 1751 года. У XVIII ст. змест надпісаў на іконах становіцца больш інфарматыўным: фіксуюцца не толькі імёны іканапісцаў, але таксама і імёны заказчыкаў, фундатараў; у большасці твораў пазначаліся і даты іх напісання. У якасці такога прыкладу цікавая ікона аўтарства Васіля Маркіяновіча (1730–?) «Дэісус» 1758 года. На яе ніжнім краі зроблены надпіс з пазнакаю імя ўкладчыка іконы ў Ражанскую царкву і іканапісца — Васіля Маркіяновіча. Для гэтай царквы ён напісаў яшчэ чатыры іконы, але на іх няма подпісу мастака. Адна з іконаў — «Тройца Старазапаветная» (1761 г.) — таксама экспанавалася на выставе. Усяго захавалася дзевяць іконаў гэтага майстра, які меў дастаткова шырокую мастацкую практыку, выконваючы працы для цэркваў Слуцкага княства, у тым ліку для слуцкага Троіцкага манастыра. Разгорнутую інфармацыю мае надпіс на іконе «Хрыстос Уседзяржыцель» (ХІХ ст.). Тэкст змешчаны ў 12-ці радках у ніжняй левай частцы іконы: «Сия икона// написана в// память Цар// ской милости //в 1861 году// месяца февра// ля 19 числа Поме// щическим крес// тянам везде// объявленной…// Писал 78 летний// Старик». Падобнага надпісу няма ні на адной з беларускіх іконаў у калекцыі нашага музея. Гэты надпіс можна лічыць адметным прыкладам акадэмічнай манеры пісьма ў іканапісе ХІХ ст. Асобны комплекс выставы складалі іконы святочнага раду іканастаса Свята-Мікалаеўскай царквы з горада Петрыкава Гомельскай вобласці, дзе мясцовы храм (1838 г.) быў пабудаваны на сродкі вернікаў і тутэйшых купцоў — Кебеца, Моргуна, Караля, Карульскага <...>. Узорам каталіцкага алтарнага жывапісу пачатку ХХ ст. на выставе была ікона «Марыя Магдалена», на адваротным баку якой змешчаны надпіс, дзе гаворыцца, што 1 верасня 1912 г. у Маньковічах гэтую карціну «аднавіў» Г. Ленскі. Слова «аднавіў» можа азначаць, што ён, магчыма, даў грошы на яе рэстаўрацыю або сам адрэстаўраваў карціну. Маньковічы ў пачатку ХХ ст. належалі Марыі Друцкай-Любецкай, жонцы Гілярыя Ленскага (1834–1920), члена віленскага Таварыства сяброў навукі, калекцыянера жывапісу. Маньковічы знаходзіліся ў Вілейскім павеце Віленскай губерні. Магчыма, алтарная карціна была набытая і прызначалася для касцёла апостала Паўла ў Войдатах пад Вільняю, бо фундатарам касцёла быў Г. Ленскі. На думку вядучага навуковага супрацоўніка нашага музея Надзеі Усавай, гэты абраз мог быць вясельным падарункам дачцэ Ленскіх — Марыі Магдалене, якая была названая сужэнцамі ў гонар гэтай святой апякункі, а яе вяселле адбылося менавіта ў 1912 годзе. Экспанаваліся на выставе і рукапісныя кнігі з датамі і подпісамі. Самая ранняя з такіх кніг — Евангелле, на апошнім лісце якога зафіксаваны год яго перапісвання — 1568 (!) з больш ранняга тэксту, і ёсць запіс Міхала Борзабагатага <...>. Дэманстраваліся на выставе і прадметы мастацкага ліцця XVII–XIX стст., прызначаныя для адпраўлення набажэнстваў у касцёлах і цэрквах <...>. Усяго на выставе было паказана 37 падпісаных і датаваных твораў сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стст., 15 з якіх, адрэстаўраваныя музейнымі спецыялістамі, экспанаваліся ўпершыню.
|
|
|
|