|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
Аматары духоўнай і класічнай музыкі даўно заўважылі незвычайнае ўздзеянне музыкі аўстрыйскага генія Вольфганга Амадэя Моцарта на стан здароўя чалавека. Музыка геніяльнага Моцарта дабратворна ўплывае на стан здароўя чалавека — засведчылі супрацоўнікі Міжнароднага цэнтра музыкатэрапіі падчас канцэрта ў Белдзяржфілармоніі. Віртуозная, чыстая, экспрэсіўная, яркая музыка Вольфгана Амадэя Моцарта ўздзейнічае на кару галаўнога мозга такім чынам, што ў слухачоў паляпшаецца памяць і здольнасць да канцэнтрацыі ўвагі, музыка ўздзейнічае на эмоцыі і інтэлект, у душу прыходзяць спакой і гармонія. Альберт Эйнштэйн лічыў, што ў музыцы Моцарта адлюстроўваецца цэлы Сусвет…
У той прыгожы ліпеньскі вечар у выкананні Арцёма Шаплыкі, Алены Навуменкі, Калінікі Мядзведзевай, Алесі Алясюк, Анастасіі Міклаш і Ангеліны Можар прагучалі творы Вольфганга Амадэя Моцарта: Сімфонія № 40, канцэрт для фартэпіяна з аркестрам № 21, «Маленькая начная серенада», «Фіялка», «Турэцкае ронда» і ўрывак з яго апошняга твора — «Pэквіем». Праграма адбывалася пры свячах, шчымліва і ўзнёсла гучалі скрыпкі, альт, віяланчэль, арган, асаблівыя гукі стваралі чашы, званочкі і іншыя інструменты, да якіх дадаваўся шум акіяну, гукі дажджу, на экране дэманстраваўся відэашэраг з велічнымі краявідамі. Адчуўшы на сабе гаючае ўздзеянне музыкі Моцарта, якая дадала мне жыццёвай сілы, я адчула патрэбу наблізіцца да разгадкі таямніцы гэтай музыкі і вырашыла наведаць Дом-музей Моцарта ў Вене. Маленькі віртуоз і кампазітар яшчэ ў дзяцінстве захапіў Еўропу сваім талентам, выступаючы ў Мюнхене, Вене, Парыжы, Лондане. У другі раз, ужо чатырнаццацігадовым, ён зведаў трыумф, выступаючы як клавесініст-віртуоз, як скрыпач і арганіст, і тады яго канцэрты праходзілі з вялікім поспехам. Моцарт граў на аргане ў касцёлах, катэдрах і кляштарах. У Рыме Папа узнагародзіў яго ордэнам Залатой шпоры. Пётр Чайкоўскі пісаў у адным з сваіх дзённікаў: «Па маім глыбокім перакананні, Моцарт — найвышэйшая кульмінацыйная кропка, якой прыгажосць дасягае ў сферы музыкі. З ім я плакаў, трапятаў ад радасці, ад асэнсавання сваёй блізказці да таго, што мы называем Ідэалам». «Вечнае сонечнае святло ў музыцы, імя табе «Моцарт», — пісаў Рубінштэйн у сваёй кнізе «Музыка і яе прадстаўнікі». Даследчыцкія шляхі прывялі мяне на Домгасэ, 5, дзе жыў аўстрыйскі геній з сям’ёй з 1784 года. Іспанамоўны гід, сеньёр Анджэло, правёў турыстычную групу да Дома Моцарта, нагадваючы, што менавіта з Венай было звязана жыццё такіх выбітных кампазітараў, як Гайдн, Бетховен, Ёган Штраус і іншых. 27-гадовы Вольфганг Амадэй Моцарт і яго жонка, 22-гадовая Канстанцыя Вебер, знялі апартаменты з чатырох пакояў на другім паверсе дома на Домгасэ, 5. У гэтай кватэры кампазітар жыў больш, чым у іншых, ён ужо стаў знакамітым, меў прыслугу і кухара, більярд, і дом яго прыцягваў аматараў музыкі. У венскі перыяд Моцарт стварыў цудоўныя оперы «Чароўная флейта» і «Міласэрнасць Ціта», а менавіта на Домгасэ, 5 кампазітар напісаў «Вяселле Фігара». Тут збіраўся музычны салон, абмяркоўваліся музычныя ідэі і праекты. Моцарт працаваў да позняй ночы, яго знаходзілі схіленым над нотамі. Наведаўшы кватэру кампазітара, пранізаную асабліваю музычнаю атмасфераю, агледзеўшы сямейныя фотаздымкі сям’і Моцартаў, архіўныя дакументы, я вельмі добра адчула гэтую духоўную і творчую атмасферу.
Разгадка таямніцы знаходзілася вельмі блізка: за сто метраў ад дома Моцарта ўзвышаецца велічная катэдра святога Стэфана, самая высокая ў Вене, у якой спалучаюцца рысы гатычнага і раманскага стыляў — яе шпілі ўзнесеныя высока ў неба. Паветра ў катэдры і на плошчы вакол яе насамрэч пранізанае праменнямі Святога Духа… У 1147 г. маркграф Леапольд IV заснаваў святыню ў раманскім стылі, а ў пачатку ХIII стагоддзя яе тэрыторыя была пашыраная на захад. З таго часу захавалася заходняя сцяна катэдры з парталам і дзвюма вежамі, якія былі пазней перабудаваныя ў гатычным стылі. Унутры яна велічна дэкараваная. Як і большасць каталіцкіх святыняў, яе вокны ўпрыгожваюць вітражы са сцэнамі з біблейскіх сюжэтаў — асабліва багатыя ўзоры размешчаны пад алтаром. Захаваліся пяць вітражоў ХV cтагоддзя, астатнія былі пераробленыя. Катэдра святога Стэфана славіцца велічнымі арганамі, якія былі ўсталяваныя ў розны час. Самы вялікі арган мае 4 рады клавіятуры і 10 тысяч трубаў. Святыня ХV стагоддзя выклікае захапленне. На яе парэнчах — стварэнні, якія сімвалізуюць дабро (яшчаркі) і зло (жабы). Саму катэдру ўпрыгожваюць барэльефы айцоў Касцёла Аўгустына, Амброзія Міланскага, Гераніма Стрыдонскага, святога Рыгора Вялікага. У Штэфансдоме (так яшчэ называюць сабор), захоўваецца цудатворны абраз Ікона Маці Божай, якую прывез у Вену імператар Леапольд I на знак удзячнасці аб выбаўленні з турэцкага палону ў 1697 годзе. На даху святыні з чарапіцы розных колераў выкладзены герб Аўстрыі, які таксама з’яўляецца сімвалам Вены. Уся прастора ўнутры і вакол катэдры святланосная, яна злагоджвае дух кожнага падарожніка, бо прыўносіць спакой, замілаванне і духоўную радасць.Такім светлым духам і напоўнена музыка вялікага аўстрыйскага генія Вольфгана Амадэя Моцарта, якая праз стагоддзі гучыць у святынях і канцэртных залах на розных кантынентах.
Эла Дзвінская.
|
|
|
|