Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

* * *

Гарэў і не згараў
куст у пустыні.
Свяшчэнная гара
пад небам стыне.

Пад небам стыне кроў
зямных прарокаў.
Гарэла над гарой
не поўня — вока.

Не куст гарэў — вачэй
бяздонных смутак.
— Не падыходзь, хутчэй
знімі абутак!

Бо там, дзе чуеш ты, —
зямля святая.
Пракляцце глухаты
агонь знімае.

Гарэў і не згараў
бяздонны Голас…
Свяшчэнная гара
ў пустыні голай.

25 лютага 2023 г.

* * *

          …Выйдзі са сваёй роднай зямлі
          і з дому айца твайго…
          …І будуць благаслаўлёныя
          ў табе ўсе плямёны зямлі.

(Быц 12, 1.3)

Пакінь твой дом, зямлю бацькоў тваіх —
і станеш бацькам новага народу.
Бясконцы выдых і бясконцы ўдых —
і так гучыць жыцця нязнаны подых.

Забудзь, як дыхаць, — і ўдыхні ЯГО.
Нямым зрабіся — і пачуеш СЛОВА.
Не сей насення ў юбілейны год —
напоўніш свіран зернем без паловы.

Па свеце — з торбай. Сына — на алтар.
Бо Сынам тваім будзе свету Цар.
І спадчына твая — бясконцасць, бо
тваім нашчадкам захацеў быць Бог.

4 сакавіка 2023 г.

* * *

На ўскрайку Вавілона лесапарк,
прыціснуты да кальцавой дарогі.
Па ёй імчацца калясніцы, дрогі…
Выццё сірэн (ці бойка, ці пажар).

А птушкам — што сірэны, што вайна,
бо іх у гнёздах птушаняты клічуць.
На ўскрайку пекла — шум і мітусня
і лесапарк, дзе ты — адзін ляснічы.

13 чэрвеня 2023 г.

* * *

Як ствараўся калісьці Сусвет —
для цябе і мяне сакрэт:
у майстэрню да Бога тур
не для ўразлівых нашых натур.

Не для нашых тупых галоў,
як узнікла ў цемры святло…
Як ствараецца дух і час —
вось відовішча самы раз!

Паглядзі на эпох раскол
(вось для зручнасці мікраскоп),
на пустоты жыццяў і душ
(прэпарат рукамі не руш!).

Як узніклі хвасты камет —
не для нашага курсу прадмет.
Як у дух прарастае час —
паспрабуй адшукаць адказ!

29 чэрвеня 2023 г.

* * *

          Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў
          і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў,
          і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

(Ян 20, 25)

Трыццаць праклёнаў,
трыццаць манет,
трыццаць паклонаў
звонкай мане.

Хцівыя складзіны,
торг на мяжы.
Хто не прададзены,
той тут не жыў.

Палец — у раны,
здрада — у плоць.
Хто апляваны —
той мой Гасподзь.

Таннае срэбра
гулкіх пустот.
Цемра — у рэбры,
воцат — у рот.

(Любіць жалеза
грэцца ад рук.)
Цемры адзежа,
немасці гук…

Палец — у раны,
рукі — у бок.
Раскрыжаваны —
значыць, Бог.

3 ліпеня 2023 г.

* * *

Агонь для саломы — канец,
агонь для святла — пачатак.
Пры зняцці сямі пячатак —
аднолькавы ўсім вянец.

Вянец залатога агню
камусьці папаліць голаў,
а хтосьці на цемі голым
паправіць рукою кволай
і пешшу — у вышыню.

22 ліпеня 2023 г.

* * *

          І ў гэты час няма ў нас ні кіраўніка,
          ні прарока, ні правадыра,
          ні ўсеспалення, ні ахвяры,
          ні дароў, ні каджэння,
          ні месца, дзе прынесці
          першыя плады перад Табою
          і знайсці Тваю міласэрнасць.

(Малітва Азарыі, Дан 3, 38)

І, можа, хацеў бы ахвяру прынесці,
але для ахвяры няма ў нас больш месца,
бо з месцам на свеце зусім стала дрэнна.
Сціскаецца свет: акіян па калена,
паветра — са жменьку, зямлі не хапае,
каб мёртвых хаваць… Ніхто й не хавае.
І мёртвыя побач з жывымі тут ходзяць,
і месца няма, стала цесна ў народзе.
Прастора і час сталі цеснымі раптам:
секунда з секундай і з атамам атам
у цеснай кватэры жывуць камунальнай;
усе тут суседзі — і бліжні, і дальні.
Ахвяру прынесці — пліта, дзве канфоркі.
Сусвет камунальны пад чорнаю зоркай.

25 ліпеня 2023 г.

* * *

Час — гэта
партрэт вечнасці,
а малюеш яго ты сам.
І не хлусі, быццам
цябе не вучылі маляваць.
Прызнайся — ты проста
быў гультаём.

3 верасня 2023 г.

* * *

          Над рэкамі Вавілона сядзелі мы
          і плакалі, калі ўспаміналі пра Сіён.

(Пс 137, 1)

Справа налева пісаўся зыход
з рэк Вавілона, дадому з палону, —
знішчаны храм аднаўляць пасярод
голых вякоў і маўчання Сіёна.

Гэтак і верша твайго палатно
тчэцца ад рыфмы на захад, налева:
голым вякам — на кашулю радно,
дням Вавілона — сіёнскія спевы.

20 верасня 2023 г.

* * *

Хіба не аб дынары
ты дамаўляўся са мною?

(Мц 20, 13)

У Царстве Нябесным няма велічынь —
дынарый адзін, лічы не лічы.
І колькі суседу грахоў дараваць —
забудзь, як лічыць, памнажаць, плюсаваць.
Апошняя лепта каштуе мільярд,
насенне тут кідаюць на тратуар:
насення тут шмат, і не лічыць ніхто
ні акраў, ні цэнтнераў тут, ні ратоў.
Бо хлебам адным накарміць можна ўсіх
галодных, самотных, старых і малых.
Забудзь матэматыку. Іншых навук
тут шмат: біялогія счэпленых рук,
акустыка цішы і слыху граматыка.
Успомні бясконцасць, забудзь матэматыку.

23 верасня 2023 г.

* * *

Недзе ёсць тыя формулы цуду
(нам да іх пехатой не дайсці)…
У глыбіні закідвай вуды
і лічы да шасці.
Бо шэсць дзён вымаўляўся гэты
(не для нашага вуха) Храм
(недзе ёсць чарцяжы Сусвету,
што расчытваць не нам).
…І лічы да шасці, а потым
слухай сёмага дня святло —
гэтак ззяюць ноты суботы.
Шабат шалом!

24 лістапада 2023 г.

* * *

Калі хтосьці чакае верш,
значыць, сёння жыццё не спыніцца,
значыць, можна сказаць: «Вер!» —
і гара тая ў мора кінецца,
значыць, можна сказаць: «Будзь!» —
і быццю, а не толькі вершу,
значыць, пешую нашу хадзьбу
можна доўжыць і там — у памежжы,
у бязмежжы, у сцюжы начэй,
бездарожжы маўклівых расстанняў…
Калі хтосьці слову, яшчэ
не народжанаму, шле прывітанне.

30 лістапада 2023 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY