Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Сяргей ЧЫГРЫН

10 ФАКТАЎ З ЖЫЦЦЯ ЭКЗАРХА АНТОНА НЕМАНЦЭВІЧА

Анатоль Крывенка. «Антон Неманцэвіч», палатно, алей, 2002 г.

Антон Неманцэвіч — першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-каталіцкай Царквы, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, педагог, выдавец. У 2023 годзе споўнілася 130 гадоў з дня яго нараджэння і 80 гадоў з дня мучаніцкай смерці.

Менавіта падчас рэлігійнай і грамадска-асветнай дзейнасці Антона Неманцэвіча беларуская мова ўпершыню сталася афіцыйнаю ў царкоўным жыцці. Святар не ажыццявіў ўсё задуманае на ніве беларускасці, але тое, што паспеў, нам, нашчадкам, забываць нельга. Экзарх быў вязнем савецкіх і нацысцкіх турмаў. З апошняй вязніцы яму вярнуцца не ўдалося...

Прапаную чытачам «Нашай веры» дзесяць фактаў з жыцця і дзейнасці Антона Неманцэвіча.

1. Бацькі былі родам з Беласточчыны. Ян і Вікторыя Неманцэвічы былі беларусамі каталіцкай веры. Родам яны з вёскі Парчоўцы Кузніцкай гміны Сакольскага павета Беласточчыны. У пошуках працы Неманцэвічы пераехалі ў Санкт-Пецярбург. Там 8 лютага 1893 года і нарадзіўся іх сын Антон.

2. Пачатковую адукацыю Антон Неманцэвіч атрымаў у Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы, якое скончыў у 1909 годзе. У Санкт-Пецярбургу Антон закончыў таксама прыватную каталіцкую гімназію святой Кацярыны ды абраў нялёгкую святарскую дарогу. Потым вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Падчас вучобы прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвечаны ў святары быў 27 верасня 1915 года.

У 1925–1927 гадах Антон Неманцэвіч вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Бальшавіцкае заканадаўства адносна рэлігійнага і маральнага ўзгадавання дзяцей у параўнанні да Божага, натуральнага і аб’яўленага права». Абарона дысертацыі адбылася на пачатку ліпеня 1927 года.

3. За пратэст супраць арышту беларускага біскупа Яна Цепляка айца Антона Неманцэвіча арыштоўваюць і саджаюць на некалькі месяцаў у турму ў Петраградзе (да 1924 г. Санкт-Пецярбург называўся Петраградам). Потым ён трапляе ў турму паўторна, але ўжо ў Маскве. Святара вызваляць у 1925 годзе ў выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай. Пасля вызвалення Антон Неманцэвіч едзе вучыцца ў Рым, а на пачатку восені 1929 года ён прыязджае ў Альбярцін, што каля Слоніма. Святар прымае ўсходні грэка-каталіцкі абрад і становіцца настаяцелем грэка-каталіцкай царквы.

4. У Маскве Антон Неманцэвіч часова быў прызначаны вікарыем міжнароднай каталіцкай парафіі апосталаў Пятра і Паўла. Ён актыўна шукаў беларусаў і ў касцёле гаварыў казанні па-беларуску. На адным з такіх казанняў аднойчы прысутнічала жонка расійскага святара Уладзіміра Абрыкосава Ганна Абрыкосава. Пасля пачутай беларускай мовы яна напісала ліст у Рым фрэйліне расійскага імператарскага двара Марыі Валконскай, што Неманцэвіч у касцёле прамаўляў казанне «на ломаном русском языке».

Грэка-католікі ў Альбярціне.
У трэцім радзе другі справа — Антон Неманцэвіч, 1935 год.

5. Словы «Да злучэння» можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі святар зрабіў назовам рэдагаванага ім рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выпускаць з 1932 года ў Альбярціне каля Слоніма.

Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да злучэння», які ў 1936 годзе быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон ствараў рэлігійныя гурткі для дзетак, праца ў якіх праходзіла па-беларуску.

Матэрыялы часопіса «Да злучэння» выклікалі насцярожанае стаўленне польскіх уладаў.

У выніку часопіс быў ліквідаваны. Усяго выйшла 60 нумароў.

Працягам часопіса «Да злучэння» з 1938 года стаў часопіс «Злучэнне», які выдаваўся беларускай лацінкай у Варшаве.

6. На пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў Антон Неманцэвіч быў прызначаны 17 верасня 1940 года грэка-каталіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, які дзейнічаў ад імя Папы Рымскага. На гэтай пасадзе Папа Пій ХІІ 22 лістапада 1941 года пацвердзіў айца Антона Неманцэвіча як Апостальскага Адміністратара. Ужо як экзарх ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь». Падчас яго дзейнасці беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнай у царкоўным жыцці.

 
Так выглядаў Альбярцін у 1938 годзе.   Хор у Альбярціне.
У другім радзе другі злева —
Антон Неманцэвіч, 1932 г.
Фота з Беларускага календара
на 1932 год (Вільня).

7. Зварот «Ад рэдакцыі» ў першым нумары часопіса «Да злучэння» (Альбярцін, 1932, студзень) верагодна быў напісаны самім айцом Антонам, пра што сведчаць асаблівасці яго стылю. Гэта адна з лепшых яго публікацый. Вось невялікі ўрывак з яе: «Шмат беларусаў адарвалі расейскія цары ад адзінай Хрыстовай усясветнай Царквы… Стойкасць жа беларуса ў веры хораша апісаў Францішак Багушэвіч у сваёй несмяротнай “Дудцы”. Што перанёс за сваю веру наш беларускі мужык — адзін Бог ведае! Варожая сіла і час, аднак, сваё зрабілі: большая частка нашага беларускага народа была адлучана ад веры бацькоў, а разам з верай — і ад свайго народу як цэласці, ад сваёй Бацькаўшчыны. За часы царскай улады над Беларусяй немагчыма было весці барацьбу супраць несправядлівасці і фальшу. Сягоння мы маем сякую-такую магчымасць казаць народу праўду, клікаць яго да веры бацькоў, да рэлігійнага злучэння…».

8. Як сцвярджаюць Сяргей Гаек і Яўген Усошын (Roczniki teologiczne. Tom LIII-LIV, zeszyt 7, 2006–2007), айцец Антон цураўся палітыкі. Не знойдзем ніводнага ягонага выказвання, якое можна было б трактаваць як палітычнае. У міжваенны час у Заходняй Беларусі шмат беларускіх святароў актыўна ўдзельнічала ў палітычнай дзейнасці. Нават пасля афіцыйнай забароны каталіцкім святарам удзельнічаць у палітыцы некаторыя з іх падтрымлівалі кантакты з беларускімі палітычнымі дзеячамі, але айцец Антон не ангажаваўся ні ў якія палітычныя групоўкі.

9. У канцы лета 1942 года гестапаўцы прыехалі ў Альбярцін, увайшлі ў манастыр і арыштавалі Антона Неманцэвіча. Са Слоніма яго адправілі ў Мінск, дзе праз паўгода святара не стала. Ён быў закатаваны ў мінскай турме СД 6 студзеня 1943 года. 9 студзеня Антона Неманцэвіча пахавалі на нямецкіх могілках у Мінску. Адпяваў яго святар мясцовай праваслаўнай царквы.

10. Грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч Леў Гарошка (1911–1977) пра Антона Неманцэвіча сказаў так: «Ад часу беларускага араджэнскага жыцця а. Неманцэвіч быў першым беларускім святаром, які ўвайшоў у шэрагі каталіцкае ерархіі й на гэтым становішчы выявіў сваю веліч і бязмежную любоў да беларускага народа. Да канца выканаў ён свой абавязак ды завяршыў сваё жыццё найбольшым выявам любові, бо аддаў сваё жыццё за сваіх вернікаў і за беларускі народ» (Часопіс «Божым шляхам», 1956 г., №70-75).

Фотаздымкі
з архіва аўтара.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY