|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
Анатоль БРУСЕВІЧ
ПРАСТОРА, ПРЫДАТНАЯ ДЛЯ ПАЛЁТАЎПра кнігу Аксаны Данільчык «Час знешняй адсутнасці» (Лондан: «Skaryna Press», 2024)
У італьянскай мове ёсць адна цікавая і, хіба што, безэквівалентная прыказка: «Niuno è savio d’ogni tempo». На беларускую крылаты выраз перакладаецца прыкладна так: «Ніхто не разумнейшы за свой час». Невядома, ці Аксана Данільчык, для якой Італія — калі не другая айчына, то, прынамсі, духоўна і, напэўна, фізічна блізкая прастора, працуючы над зборнікам «Час знешняй адсутнасці», задумвалася над сэнсам гэтай народнай мудрасці, аднак эстэтычны хранатоп яе чарговай кнігі паэзіі відавочна карэлюе з агучанымі вышэй словамі. Кніга атрымалася сапраўды сучаснай, надзвычай сугучнай усім актуальным працэсам — ад сацыяльна-культурных да літаратурна-мастацкіх. Пра адпаведнасць менавіта сённяшнім, а не ўчарашнім і заўтрашнім рэаліям сведчыць нават рамачны тэкст з інфармацыяй пра месца выдання і каманду адмыслоўцаў, што дапамагалі ў падрыхтоўцы і выданні кнігі, як і аскетычны мінімалізм дызайну вокладкі з прыцягненнем увагі да ключавога слова «час» — дамінантнага матыву зборніка і асноўнага паказчыка, з аднаго боку, дынамізму, няспыннага руху творчай свядомасці Аксаны Данільчык, а з другога — нестабільнасці яе мастацкай сістэмы. Зрэшты, галоўнай прычынай гэтай няўстойлівасці выступае не што іншае, як «хісткасць навакольнага сусвету». Гэтую «хісткасць», непазбежную «Дваістасць вераснёўскага паветра, // што рухалася і змяняла далеч», паэтка ўспрымае належным для творчай асобы чынам: як «мастацтва жыць у іншым вымярэнні». Заўважым, некалі такому мастацтву былі вымушаныя вучыцца беларускія і польскія пострамантыкі — Адам Аснык, Францішак Багушэвіч і іншыя аўтары, якія ўдзельнічалі ў Студзеньскім паўстанні 1863–1864 гг. і ўспрынялі яго паразу як уласную трагедыю, у выніку чаго рассыпаліся іх колішнія ваяўнічыя рамантычныя ідэалы, а ў паэтычнае светаадчуванне глыбока пранікла пачуццё меланхоліі. Падобнай мастацкай візіяй Аксана Данільчык надзяляе многіх сваіх лірычных герояў. Ёсць гэта і ў адным з праграмных вершаў, радкі з якога даюць назву ўсёй кнізе: «Час знешняй адсутнасці — // калі ўсё, здаецца, нармальна, // але нікуды не хочацца // бегчы, спрачацца, прысутнічаць». Аднак добра, што час ёсць. Яго прысутнасць ужо сама па сабе, нават пры знешняй адсутнасці героя-наратара, дорыць надзею на лепшае, бо жыццё ідзе, рухаецца наперад, падштурхоўвае да пошуку «свайго месца», таго «пачэснага пасаду», пра які марыў яшчэ Янка Купала. Вядома, усяму свой час. Гэтай біблейскай ісціны з Кнігі Эклезіяста (Экл 3, 5) трымаецца і аўтарка кнігі «Час знешняй адсутнасці», хоць і раскрывае старадаўні сэнс па-свойму, па-сучаснаму, але разам з тым па-майстэрску і па-беларуску:
Можна неаднойчы пераканацца, што мастацка-эстэтычны хранатоп Аксаны Данільчык, маючы цалкам беларускую прыроду і аснову, сягае па-за межы нацыянальнага культурнага канону. Найперш — у Італію, радзіму вялікіх майстроў слова, напрыклад, Петраркі, які робіцца нават героем аднаго з вершаў («Калі Петрарка пра самотнае жыццё…»), альбо Джакамо Леапардзі, чые радкі сталіся эпіграфам да верша «Маяком на ўзбярэжжы аблокаў начных…». Гэтая краіна, зрэшты, не такая ўжо і далёкая, прынамсі, для гераіні верша «Перакладаючы Кампану» (тут, як і ў многіх іншых творах, постаць наратара цалкам супадае з асобай паэткі), якая прызнаецца: «З-за дзвярэй я чую італьянскую гаворку — // вось ён, непараўнальны каларыт // майго жыцця». Даволі блізкім для Аксаны Данільчык, як, дарэчы, для добрага дзясятку іншых сучасных аўтараў, аказаўся і шведскі Готланд, уражанні ад якога ўвасобіліся ў пяшчотныя, з лёгкім флёрам эратызму, паэтычныя радкі (верш «Вецер з Готланда»), дапаўняючы ўжо даволі немалы цыкл беларускіх літаратурна-мастацкіх прысвячэнняў гэтай выспе ў Балтыйскім моры:
Маюцца ў кнізе і другія паўночныя вобразы і матывы, навеяныя, напрыклад, старажытнымі саамскімі казкамі, а таксама творчасцю сучаснай нарвежскай пісьменніцы Хеге Сіры. Увядзенне ў беларускую мастацкую парадыгму запалярнай экзотыкі, вядома, здольнае заінтрыгаваць нават самага дасведчанага чытача, але аўтарская задума палягае ў іншым: паказаць анталагічную знітаванасць прадстаўнікоў усіх народаў, усіх насельнікаў свету, незалежна ад іх геаграфічнай, культурнай, ментальнай лакацыі. Вось чаму вобраз Аканійдзі, гераіні фіна-ўгорскай міфалогіі, гэтак гарманічна ўпісваецца ў беларускі кантэкст:
Літаратурны касмапалітызм, характэрны для зборніка «Час знешняй адсутнасці», праяўляецца не толькі ў выкарыстанні экзатычных сродкаў мастацкай вобразнасці. Некаторыя творы кнігі ўступаюць у адмысловае сумоўе з іншымі культурнымі і эстэтычна-вербальнымі традыцыямі дзякуючы цытатам сусветна вядомых аўтараў, узятых альбо як эпіграф, альбо змешчаных унутр вершаў у якасці адкрытай рэмінісцэнцыі. Так, «суразмоўцамі» беларускай паэткі сталі Эміль Мішэль Чаран і Хорхе Луіс Борхес, Чэзарэ Павезэ і Іосіф Бродскі, Уільям Сомерсэт Моэм і Аляксандр Блок. У гэтым Аксана Данільчык нагадвае Максіма Багдановіча — нашага першага паэта-касмапаліта, які шчодра аздабляў свае творы эпіграфамі прадстаўнікоў рускай, французскай, італьянскай, нямецкай, польскай і беларускай літаратуры, наладжваючы тым самым масты паміж айчыннай культурай і астатнім светам. Паэтычная геаграфія кнігі «Час знешняй адсутнасці» часам здзіўляе празмернай канкрэтыкай, аднак аўтарка свядома ідзе на такі крок, слушна абгрунтоўваючы ўвядзенне гэтага мастацкага прыёму рамантычнай ідэяй захавання гістарычнай і культурнай памяці:
Адметна, што ў паэзіі Аксаны Данільчык памяць не становіцца мастком паміж мінулым і будучыняй, але арганізуе ўласную «часапрастору», актуалізуючы найважнейшыя прынцыпы чалавечай экзістэнцыі: любоў да Бога, да Айчыны, да іншых людзей — далёкіх і блізкіх. Менавіта гэтыя прынцыпы напаўняюць жыццё праўдзівым сэнсам, нават тое жыццё, якое «ўсе паэты выдумляюць», — мастацкі свет асобнага верша, паэтычнага цыклу альбо цэлай кнігі, у нашым выпадку — зборніка «Час знешняй адсутнасці», дзе кожны радок чарадзейным чынам далучае да «прыгажосці, разлітай // у празрыстай азёрнай вадзе, // у знаках на нашым шляху, // у нашых жаданнях…». Далучанасць да красы акурат і стварае адчуванне, «што Бог // час ад часу гладзіць нас па валасах…». Хаця, вядома ж, добры Пан Бог робіць гэта пастаянна, асабліва ў час нашай знешняй адсутнасці — ненаўмыснага (альбо і знарочыстага) дыстанцыявання ад веры, надзеі, любові, суперажывання. Адолець названыя вяршыні не проста, бо кожны з нас можа раптам адчуць: «цяпер маё крылле — вітраж з выбітымі // шкельцамі». Хочацца, аднак, спадзявацца, што паэзія Аксаны Данільчык, нягледзячы ні на што, назаўсёды застанецца прасторай, «спрыяльнай для палётаў уяўлення», прычым аднолькава прыдатнай як для яе самой, так і для чытачоў.
|
|
|
|