Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Уладзімір ЯГОЎДЗІК

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ


Як большасць пачаткоўцаў, вершаскладаннем я стаў займацца за школьнай партай. Вядома, адразу не ўдавалася складна рыфмаваць, але паступова, як кажуць, набіў руку: надрукаваўся ў раённай газеце, потым на старонках «Бярозкі». У дзясятым класе паслаў вершы ў часопіс «Маладосць» і хутка атрымаў паведамленне, што запланаваны мой дэбют.

Кожны месяц з нецярпеннем гартаў новы нумар, аднак не знаходзіў сябе сярод аўтараў. У ліпені 1973 года, на ўступных экзаменах у БДУ, пасля кансультацыі падаўся ў рэдакцыю. Загадчык аддзела паэзіі Мікола Аўрамчык спытаў, ці прывёз новыя вершы, каб дапоўніць дасланыя раней. Калі мы размаўлялі, у пакой зайшоў статны дзядзька і паклаў на стол папку. Я пазнаў яго па фотаздымках — гэта быў Ніл Гілевіч. Ён зразумеў, што я прыехаў паступаць у вну, пацікавіўся, куды падаў дакументы, і пахваліў мяне, калі даведаўся, што на беларускае аддзяленне філфака, а на развітанне сказаў:

— Значыць, мы хутка сустрэнемся.

Экзамены пачаліся з беларускага сачынення. У аўдыторыі, сярод экзаменатараў, я нечакана ўбачыў знаёмы твар. Праз нейкі час побач са мной спыніўся Ніл Сымонавіч і, нібы незнарок, правёў пальцам на слове «німа» на лістку. Калі ён адышоў, я шапнуў суседу:

— Дзе тут памылка?

У адказ пачуў:

— Трэба пісаць «няма»…

Адкуль узялося гэтае «німа»? З маёй вёскі Кастровічы, так у нас гавораць людзі. Я паправіў некалькі памылак. Конкурс быў вялікі, здаецца, сем чалавек, каб замест «пяцёркі» паставілі «тройку», наўрад ці паступіў бы.

Ніл Гілевіч выкладаў першакурснікам фальклор. Памятаю, ён прыносіў на лекцыі магнітафон, мы слухалі народныя песні, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. У школах-інтэрнатах, дзе я вучыўся з першага класа, мы чулі толькі піянерскія шлягеры накшталт «Взвейтесь кострами синие ночи...». Дзякуючы фальклору я адкрыў для сябе жывую крыніцу роднага слова.

Перад экзаменам праштудзіраваў білеты, атрымаў у залікоўку «пяцёрку». Хацеў паказаць свае літаратурныя практыкаванні, але не адважыўся: Ніл Сымонавіч здаваўся мне строгім і недаступным. Толькі ўзяўшы ў рукі яго «Запісы. З дзённікаў розных гадоў» («Про Хрысто», 2006), даведаўся, што яму спадабаўся мой дэбютны «Стрэл дуплетам», надрукаваны ў «ЛіМе». Шкада, не пачуў гэта адразу пасля публікацыі, добрае слова акрыляе:

«23-га лютага 1978 г. Прачытаў апавяданне — першае — нашага студэнта Уладзіміра Ягоўдзіка, якому дапамагаў паступіць на філфак. Неблагое ўражанне. Здольнасць відавочная. Асабліва спадабалася мне мова. Ды і псіхалагічная матывіроўка ўчынкаў, паводзін досыць пераканаўчая. Адным словам, як для пачатку — дык зусім нядрэнна».

 

Паэзію Ніла Гілевіча я адкрыў для сябе, прачытаўшы ягоныя «Актавы» — зборнік васьмірадкоўяў. На маім асобніку ёсць аўтограф: «Уладзіміру Ягоўдзіку на ўспамін аб гадах студэнцтва, жадаючы поспехаў у вучобе і творчасці. 12/ІІІ-77. Ніл Гілевіч». А ў памяці па сённяшні дзень захаваліся дзве шчымлівыя страфы:

Знаю: мне не вяртацца гэтым шляхам ніколі —
На апошнюю ростань, на спатканне з былым.
Белай стужкай дарога раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі — толькі шызы палын.

Дзівакам неабачным — лёс кладзе засцярогі.
Дзівакам застаецца сумна-горкі ўспамін…
Сонцам плавіцца далеч, дзень самлеў ад знямогі,
А па ўзбоччы дарогі — толькі шызы палын.

У пачатку 80-х я часта бываў у майстэрні Уладзіміра Савіча. Ён працаваў тады над афармленнем «Родных дзяцей». «Палымянскую» публікацыю рамана я не чытаў, спачатку ўбачыў малюнкі да тэксту. Аказалася, простым алоўкам можна стварыць такое багацце светлых і цёмных таноў, такую простую на першы погляд і разам з тым незвычайную метафарычнасць, што з паперы нібыта гучала музыка.

— Заказалі дваццаць палосных ілюстрацый, — сказаў Валодзя, — а ў папцы ўжо трыццаць, амаль на дзве кнігі.

— Цябе паланіла велічнасць Ніла, — пажартаваў я ў рыфму.

— Не магу спыніцца, — патлумачыў мастак, — бяры хоць любы раздзел, не трэба высмоктваць з пальца.

   
Ілюстрацыі Уладзіміра Савіча
да паэмы Ніла Гілевіча «Родныя дзеці».

Асобным выданнем «Родныя дзеці» ўбачылі свет у 1985 годзе. У супервокладцы, на мелаванай паперы, адным словам, у палепшаным выданні. Раман у вершах — так пазначана на тытульнай старонцы. Я неаднойчы чуў меркаванне, што гэта не раман, а рамантычная хроніка пра няспраўджаныя спадзяванні двух маладых сэрцаў, у творы не адлюстраваны вострыя праблемы, значныя грамадскія падзеі, сюжэтная лінія таксама не вызначаецца навізной. Кампазітар Сцяпан Якубавіч Вячорка, прыехаўшы ў родную вёску да матулі, спаткаў сваё першае каханне — настаўніцу Альжбету Францаўну Кудзёлку і яе дарослую прыгажуню дачку… Аднак ніхто не аспрэчыць: у «Родных дзецей» склаўся шчаслівы літаратурны лёс. Тут яскрава праявіўся талент Гілевіча-лірыка і Гілевіча-гумарыста з пярчынкай сатыры.

Гэтыя старонкі я пішу на сваім лецішчы, побач з вялікім возерам Палазер’е, што на Віцебшчыне. Вырашыў праверыць сваё даўняе ўражанне, паехаў у мястэчка Бачэйкава, да маіх прыяцеляў Міколы Крыля і Міколы Талстога. Абодвум за шэсцьдзесят з гакам, першы — дыпламаваны егер, а па прызванню садавод, другі — дыпламаваны аўтамеханік, шмат гадоў выкладаў у школе працоўнае навучанне. На кніжнай паліцы Міколы Крыля стаяць не толькі кнігі пра паляванне і рыбалоўства, а таксама зборнікі Ахматавай і Ахмадулінай. За бяседным сталом я здзівіў іх «кулінарным адступленнем»:

А побач — зірк! — як цуд, як казка, —
З каляндрай, з перцам, з часнаком —
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком!

К таму ж падсохла на гарышчы —
Дык толькі плеўка шапаціць!
Умэнт кальцо з паўметра знішчыў —
Адно раз’ятрыў апетыт.

— Ну як, мальцы (так, часам звяртаюцца да мужчын на Віцебшчыне), ці падабаецца вам такая паэзія?

А яны ў адзін голас:

— О, вельмі смачная!

— Ёсць гурманы, якія лічаць гэта вершаплёцтвам.

— Відаць, ім пандэмія адбіла чуйку…

Потым прачытаў яшчэ два адступленні — гістарычнае і ў гонар маці, і пераканаўся, што не памыліўся з ацэнкай выдатнага твора.

Ніл Гілевіч зрэдку заходзіў да свайго малодшага брата Міколы Гіля, намесніка галоўнага рэдактара «ЛіМа». Неяк мы сутыкнуліся на калідоры, я павіншаваў яго з прыгожым выданнем і дадаў, што яму пашанцавала з мастаком.

— Ах, які талент, які талент! — заківаў галавой Ніл Сымонавіч. — Ён быццам зазірнуў мне ў душу, намаляваў тое, што я не выказаў да канца. Мабыць, вы сябруеце?

— Сябруем.

— Я пазваніў Уладзіміру Пятровічу, падзякаваў. Калі ўбачыш яго, абавязкова пакланіся ад мяне.

— Пакланюся, — паабяцаў я.

Звычайна Ніл Сымонавіч спяшаўся. Што ж, не дзіўна, у першага сакратара СП хапала клопатаў. Тым разам атрымалася інакш. Ён узяў мяне пад руку, мы выйшлі на вуліцу Румянцава, спыніліся пад зялёным каштанавым парасонам. Хвілін пяць пра штосьці размаўлялі, затым першы сакратар весела падміргнуў мне:

— Валодзечка, ты да канца прачытаў мой опус?..

Я развёў рукамі і прадэкламаваў яму радкі:

Апроч таго, мой дружа шчыры,
Я знаю кошт тваіх гадзін —
І я не стану іх транжырыць:
Паэтаў — шмат, а ты — адзін.

Ты й так парой як непрытомны:
Няма жыцця — хоць апупей! —
Ад мнагатомных, мнагатонных
І манатонных эпапей!

— О, некаторыя апупейнікі аж пазелянелі ад маіх рыфмаў, — засмяяўся Ніл Сымонавіч, і мы на тым развіталіся.

Па дарозе ў Бягомль (злева направа): Ніл Гілевіч, Уладзімір Ягоўдзік,
Васіль Быкаў, Ігар Лучанок, Яраслаў Еўдакімаў, Пімен Панчанка,
Міхась Савіцкі. Красавік 1983 г.

Гэты здымак зрабіў фотакарэспандэнт Анатоль Каляда. У салоне аўтобуса — шэсць чалавек і кожны з усмешкай на твары. У згаданым ужо дзённіку Ніла Гілевіча ёсць запіс: «1-га красавіка 1983 г. з досыць велькай брыгадай — у Бягомль, на «сустрэчу з народам». У брыгадзе — Панчанка (Бягомль — яго радзіма), Быкаў, Лучанок, Міхась Савіцкі, Яраслаў Еўдакімаў, ад «ЛіМа» — У. Ягоўдзік. Сустрэча магла б быць цікавай і нават вельмі, калі б яе наладзіў нехта іншы…»

Далей крытыкуецца чалавек, які арганізаваў мерапрыемства, а ў канцы выснова: «Вярнуўся — як запэцканы граззю. А яшчэ гэтае дзікае раённае п’янства! Задыхнуцца можна…»

Пра тую паездку «ЛіМ» апублікаваў мой рэпартаж. У Бягомльскай сярэдняй школе адбылося літаратурнае свята, потым госці ўсклалі кветкі да помніка ў вёсцы Шунеўка, спаленай фашыстамі, а на развітанне павячэралі ў докшыцкім рэстаране з раённым начальствам.

Памятаю, у застоллі здарыўся вясёлы казус. Гаспадары папрасілі сказаць тост народнага паэта Пімена Панчанку. Яго маленства прайшло ў Бягомлі, там ён скончыў васьмігодку. Пімен Емяльянавіч узяў фужэр шампанскага, падняўся і… апусціўся ў крэсла, не сказаўшы ні слова. Усе здзіўлена глядзелі на яго, а ён засмяяўся:

— Хлопцы, не магу падняць ног!..

Аказалася, прыбіральшчыца так намасцічыла паркет, што падэшвы прыліплі да падлогі. Афіцыйная частка скончылася, пасыпаліся жарты, анекдоты. Пасля, хто змог, кульнуў «аглаблёвую» каля вогнішча на лясной палянцы…

Ніяк не магу зразумець: дзе першы сакратар убачыў «дзікае раённае п’янства»? Ён прыспешваў усіх, бо раніцай у Саўміне была запланавана нейкая важная нарада, а Пімен Емяльянавіч абдымаўся з землякамі. Побач стаяў Васіль Быкаў і ўсміхаўся, гледзячы на іх…

 

Ніл Сымонавіч меў начальніцкую паставу, яму пасаваў на лацкане пінжака значок дэпутата Вярхоўнага Савета. Менавіта дзякуючы яго намаганням узнікла Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Памятаю, па Мінску папаўзлі чуткі, маўляў, стварыў па загадзе ЦК КПБ, каб адцягнуць людзей ад БНФ… Лухта, шматлікія суполкі Таварыства значна пашыралі магчымасці нацыянальнага адраджэння.

Мяне расчаравала іншае: раптам аб’явіліся прэтэндэнты на аўтарства паэмы «Сказ пра Лысую гару». У друку нават узнікла спрэчка, каму належыць славуты шэдэўр. Ніл Сымонавіч абнародаваў чарнавікі, мабыць, забыўся пра папярэджанне Ведзьмака Лысагорскага:

А хто пісаў паэму гэту,
І дзе тварыў ён, і калі —
Навечна канула у Лету
І толькі бурбалкі пайшлі.

Адкрыцця гэтага не зробіць,
Хоць зад натрэ да мазалёў,
Ні крот Сцяпан Александровіч,
Ні кротус Генус Кісялёў.

Я хацеў спытаць: навошта ён гэта зрабіў?.. Адкладваў на зручны момант, але не адважыўся. Пасля здагадаўся, прачытаўшы «Запісы». Дзённік — праўдзіва-небяспечнае люстэрка, яно непрыкметна паказвае прыхаваныя аўтарам таямніцы.

 

А далей, як пісаў англійскі беларусіст, прафесар Арнольд Макмілін, настала эпоха «літаратуры ў халодным клімаце». Як вядома, халодны клімат загартоўвае, у «Народнай волі» рэгулярна друкаваліся вострыя балючыя вершы Ніла Гілевіча. Мы вырашылі на планёрцы ў «Бярозцы» адзначыць 70-годдзе з дня нараджэння народнага паэта.

   
Аўтографы Ніла Гілевіча.

Алесь Бадак дамовіўся на інтэрв’ю, яно атрымалася вялікае і змястоўнае. Я прынёс кнігі юбіляра, каб адсканаваць для публікацыі, падабралі прыгожыя фотаздымкі. Алесь хацеў завезці гатовую вёрстку Нілу Сымонавічу, але ён сам прыехаў у рэдакцыю. Убачыўшы два прыгожыя часопісныя развароты, расчуліўся, а калі вычытаў інтэрв’ю, заўважыў на стале кнігі. Узяў у рукі, пагартаў, здзіўлена ўскінуў бровы:

— Чаму няма аўтографа?..

І размашыста напісаў на тытульнай старонцы «Родных дзяцей» свайму колішняму студэнту: «Дарагому Уладзіміру Ягоўдзіку — з павагай і любоўю яшчэ ад тых філфацкіх гадоў. Ніл Гілевіч. 16. 8. 01.»

Інтэрв’ю пад назвай «Ісці дарогай жыцця з любоўю і верай у сэрцы» было апублікавана ў вераснёўскім нумары за 2001 год. Разважаючы пра свой жыццёвы і творчы шлях, Ніл Сымонавіч сказаў:

«Аб чым шкадую? Па-першае, аб тым, што стала драмай (вялікай бядой!) нашага пакалення незалежна ад нас, па віне рэжыму, уціск якога мы адчувалі амаль усё жыццё. Адсутнасць грамадзянскіх правоў, свабоды слова, засілле хлусні, татальны страх рэпрэсій, пазбаўленне доступу да скарбаў сусветнай літаратуры і філасофіі — як гэта жорстка адбілася на маім творчым лёсе. А па-другое, шкадую, што вельмі шмат часу і жыццёвых сіл змарнаваў на дробязі, на рэчы і захапленні выпадковыя, на тое, што мне было рабіць зусім не абавязкова, — ніякай неабходнасцю не дыктавалася (напрыклад, у свае лепшыя, «залатыя» гады перакладаў на беларускую мову другарадныя балгарскія раманы і аповесці). А цяпер гляджу: колькі не здзейснена задум і планаў! Колькі недададзена Беларусі!..»

Наступны юбілей — 75-годдзе — мы адзначылі ў часопісе «Лесавік (5/2006), надрукаваўшы яго вершы з прыгожымі малюнкамі Алены Лось. У тым самым годзе я выдаў фотаальбом «Птушыная дарога. Птушкі ў беларускім слове». Там, акрамя здымкаў, сабраны павер’і, прыказкі, загадкі, прысвечаныя крылатай дружыне. Адзін асобнік паслаў «прафесару Нілу Гілевічу з удзячнасцю за фальклорную навуку». Ён хутка адазваўся, пазваніў мне вечарам:

— Ах, як ты мяне парадаваў! Гартаў і не мог адарвацца. Валодзечка, у мяне да цябе ёсць просьба…

— Якая?

— Падрыхтуй падобны альбом пра звяроў. Такія выданні павінны быць у кожным садку, у кожнай школе, яны далучаюць дзетак да народных каранёў.

Мы доўга не бачыліся і не перазвоньваліся. Неяк сустрэў на прыпынку Хрысціну Лялько (мы жывем па суседстве), спытаўся пра Ніла Сымонавіча. Яна сказала, што на вуліцу не выходзіць, бо моцна баляць ногі, а дома яго часта адведвае Алег Глекаў — тэхнічны і мастацкі рэдактар выдавецтва «Про Хрысто».

Алег у канцы 90-х вярстаў «Бярозку», затым пачаў супрацоўнічаць з выдавецтвам «Про Хрысто». Я патэлефанаваў яму, мы дамовіліся зрабіць візіт у «пісьменніцкі дом», што стаіць непадалёк ад Купалаўскага тэатра. Там у свой час жылі Янка Маўр, Васіль Вітка, Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка…

Мы прыйшлі вечарам, за тыдзень да каталіцкага Раства. Ніл Сымонавіч з цяжкасцю перастаўляў непаслухмяныя ногі. Прыселі за стол. Хутка навагодняе свята, Каляды, без чаркі каньяку ніяк не абысціся. Ён паўшчуваў мяне, што перастаў выходзіць «Лесавік». Я патлумачыў: за пятнаццаць гадоў прытаміўся цягнуць воз, на што пачуў рашучае:

— Нельга апускаць рук! Не забывай: паміраць збірайся, а жыта сей.

Потым спытаў пра маю жонку Марыю. Парадаваўся, што нашага ўнука завуць Міхась, а ўнучку Зося (так запісана ў пасведчанні аб нараджэнні). Уздыхнуў, паківаў галавой:

— А майму ўнуку за дваццаць. Добры хлапчына, кожны дзень прыбягае да дзядулі...

— Няхай не спяшаецца ў жаніхі, — пажартаваў я, — Зося праз год ідзе ў першы клас. Сучасныя дзяўчаткі — акселераткі, як на дражджах растуць.

— Добра, загадаю, — паабяцаў Ніл Сымонавіч, — глядзіш, і праўда яшчэ паскачам на вяселлі…

У пакоі, дзе мы размаўлялі, на падлозе былі раскладзены кнігі з сіняй вокладкай, падобныя на сінія сляды. Гэта былі асобныя тамы Збору твораў, выдадзеныя за кошт аўтара.

Белай стужкай дарога раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі — толькі шызы палын…

Творчасць Ніла Гілевіча — выдатная старонка нашай літаратуры. Ён пакінуў незабыўны след на беларускай палыновай дарозе…

2023 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY