Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Мікола КУПАВА

ШКОЛА МІХАСЯ РАМАНЮКА


Ён пачаў свой палёт ярка, прыгожа і запамінальна, але зарукаю гэтага палёту была вялікая мэтанакіраваная сістэмная праца, вялікае імкненне да большых ведаў, спасціжэння асноваў культуры і прага яе найбольшага развіцця.

Нарадзіўся Міхась Раманюк 3 студзеня 1944 года. Бацькі ён ніколі не бачыў — загінуў пры вызваленні Латвіі ў тым жа 1944-м. Гадавала Міхася мама, і ён з дзяцінства прывык да самастойнай выніковай працы...

У 1981–1982 гг. выстава беларускага народнага адзення са збораў Міхася Раманюка ярка і самабытна прагучала ў экспазіцыях Парыжа і Ліёна. Гэта быў трыумф маладога мастака і мастацтвазнаўцы, этнографа і культуролага. Гэта было і адкрыцце Беларусі ў яе найярчэйшых праявах для французаў у самым сэрцы Еўропы. А перад гэтым пабачыла свет ягоная кніга-альбом «Беларускае народнае адзенне» выдавецтва «Беларусь», 1981 г. Гэта быў плён ягонай вялікай творчай і навуковай працы, яго пошукаў у архівах, музеях, у жывым асяроддзі па ўсёй Беларусі, дзе захаваліся і яшчэ бытавалі традыцыі народнага жыцця, дзе зберагалася адзенне нашага народу як першатворны нацыянальны скарб, скрышталізаваны цягам доўгіх стагоддзяў нашай гісторыі. Гэтыя скарбы збіраліся ўсе 1970-я гады і 1980 год. Кніга стала сапраўднай сенсацыяй у беларускім мастацтвазнаўстве, культуралогіі, гісторыі беларускага нацыянальнага ўбору, нацыянальнага адраджэння і культуры наогул. Малады навуковец упершыню ў гісторыі Беларусі правеў комплекснае ўсебаковае даследаванне беларускага народнага строю па ўсіх рэгіёнах краіны. Ён зрабіў «раянаванне» народнага строю зыходзячы з рэальных рэгіянальных асаблівасцяў адзення. І гэта было ажыццёўлена таксама ўпершыню ў Беларусі. У кнізе шмат каляровых здымкаў аўтарa, які выкарыстаў таксама значныя фатаграфіі адзення беларусаў мінулых часоў: канца ХІХ — пачатку ХХ ст., у першую чаргу фотаздымкі І. Сербава, які імкнуўся да навуковага творчага падыходу ў фатаграфаванні аб’ектаў этнаграфіі і жыхароў краю, ды іншых фатографаў першых гадоў новага стагоддзя.

Міхась Раманюк, Міхась Дубянецкі, Вацлаў Жыдліцкі і Алег Лойка
ў майстэрні М. Раманюка.

Міхась Раманюк актыўна займаўся этнаграфіяй ўсе 1970-я гады, і плён быў відавочны, а ў поле зроку даследчыка трапляла многае, што хвалявала яго прагную цікаўную душу: гэта адзенне, абутак, прадметы сельскага і местачковага побыту, хатняе начынне, народныя дываны, посцілкі, маляванкі, цацкі і яшчэ шмат чаго. І сёння гэты вялікі збор народнага мастацтва можа быць аўтарскім музеем Міхася Раманюка, бо сын і дачка Міхася дбайна захавалі гэты ўнікальны збор. Гэты музей, я ўпэўнены, абавязкова знойдзе сабе месца ў адным з будынкаў старога Менска.

Адной з галінаў дзейнасці і захаплення Міхася Раманюка была прафесійная мастацкая фатаграфія. Яго здымкі і склалі аснову альбома «Беларускае народнае адзенне». Яму часта пазіравалі ягоныя вучні, якіх ён апранаў у адпаведныя ўборы. Здымкі былі пастановачныя, прадуманыя і ў выніку значныя і прыгожыя, а цяпер ужо і гістарычныя. На ягоных здымках прыгожа занатаваны вельмі важны гістарычны час, калі рупліва ствараўся мастацкі летапіс Беларусі...

...Міхась часта бедаваў, што ў большасці паселішчаў у Беларусі мала захавалася мужчынскага адзення, бо мужчыны сыходзілі ў войска і на вайну і шмат хто ўжо не вяртаўся дамоў — такая наша сумная гісторыя...

Пасля адкрыцця выставы Язэпа Драздовіча ў Палацы мастацтва
ў майстэрні А. Марачкіна. Злева — Міхась Чарняўскі, Уладзімір Савіч,
Мікола Купава, Пётра Свентахоўскі, Яўген Кулік,
Валянціна Маркавец-Бартлава, Міхась Раманюк.
Справа — Віктар Маркавец, Хведар Ладуцька, Генадзь Сакалоў-Кубай,
Яўген Шмыгалеў, Сяргей Трыпуцін, Зміцер Санько, Ніна Сакалова-Кубай.
17 траўня 1979 г.

Але калі я працаваў над тэмай беларускага гістарычнага і народнага адзення для 1-га тома «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва», я змог дамагчыся балансу паміж жаночым і мужчынскім адзеннем дзякуючы пільнай увазе Міхася да маёй працы і пастаяннай яго дапамозе неабходнымі матэрыяламі. Гэты том з чатырма каляровымі ўклейкамі выйшаў з друку ў 1984 годзе.

Міхась Раманюк быў не толькі мастаком і мастацтвазнаўцам, але і галоўным рэдактарам першых гадоў выдання часопіса «Мастацва Беларусі» ў час яго станаўлення, загадчыкам кафедры гісторыі і тэорыі выяўленчага мастацтва, прафесарам Акадэміі мастацтваў, што было вынікам ягонай вялікай працы і грунтоўнай кампетэнцыі ў сферы гісторыі і практыкі выяўленчага мастацтва.

...Святло зоркі Міхася Раманюка не згасне на беларускім мастацкім даляглядзе — гэтая зорка сёння ззяе яшчэ ярчэй, чым раней. Яна нам вельмі патрэбная сёння. Мы з гэтай зоркай бачымся багацейшымі маральна і духоўна...

Роля яго ў беларускай культуры і з вышыні ХХІ стагоддзя бачыцца як каласальная, бо ён і сёння ўплывае на розныя праявы развіцця сучаснага мастацтва і культуры цалкам. Школа Міхася Раманюка, якую ён стварыў у нашай Акадэміі мастацтваў, жыве і развіваецца ў ягоных вучнях і ў вучнях вучняў. Згадваю шыкоўныя ўборы такіх беларускіх калектываў, як «Песняры», «Харошкі», «Сябры» ды іншыя, што былі створаны вучнямі Міхася Раманюка. Школа Раманюка па-ранейшаму жыве і творыць!

...У 1970–1980-я гады, калі мая сястра і швагер служылі і жылі ў Латвіі, каля мястэчка Вайнэдэ яны знайшлі магілу бацькі Міхася — Хведара Раманюка, маладога героя Другой сусветнай вайны. Міхась доўга збіраўся наведаць магілу бацькі, але так і не здолеў гэта зрабіць, не паспеў — яго зваліла цяжкая жорсткая хвароба ў 1997 г. у самым росквіце творчых сілаў...

Няхай жа гарыць яго зорка! Гарыць вечна!

Мікола Купава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY