Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(107)/2024
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Спадчына

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
На кніжнай паліцы

ЯШЧЭ АДНО ІМЯ...
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Мастацтва

«НА БОЖУЮ ХВАЛУ…»
Проза

БАРАНАЧНІЦА ВЕРА
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ
Успаміны

БЕЛАЯ СТУЖКА ДАРОГІ
Асобы
Культура

Мінулае стагоддзе аказалася надзвычай выпрабавальным для жыцця каталіцкай канфесіі ў Беларусі. Многія вернікі і святары, апынуўшыся ў складаных умовах, далі прыгожае і мужнае сведчанне нязломнай веры. Дзейнасць тых, хто жыў і працаваў у заходняй частцы краіны, сёння адносна добра вядомая і даследаваная. Імёны асобаў, якія паходзяць з усходу Беларусі, на слыху ў значна меншай ступені. Адна з такіх асобаў – ксёндз Юзаф Барадзюля (1893–1982), душпастыр з Віцебшчыны і шматгадовы вязень сталінскіх лагераў. У 2023 годзе споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння легендарнага святара і 40 гадоў з дня яго смерці. Яго жыццё разглядаецца ў новай кнізе кандыдата гістарычных навук Раісы Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны».

У мінулым годзе я меў шчасце рэцэнзаваць рукапіс будучай кнігі. Выказаныя мною дробныя заўвагі былі ўлічаныя аўтарам, у першапачатковы тэкст былі ўнесеныя праўкі. Напрыканцы 2023 года кніга пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто». Яна напісана на беларускай мове і налічвае 204 старонкі, на якіх сярод машынапіснага тэксту змешчана вялікая колькасць якасна і эстэтычна аформленых ілюстрацый. Выданне распачынаецца прадмоваю Віцебскага біскупа Алега Буткевіча, у якой Яго Эксцэленцыя ахарактарызаваў пратаганіста кнігі як «сапраўднага Хрыстовага святара і пакутніка» (с. 5). З восьмай старонкі і далей слова належыць аўтару.

Спадарыня Раіса Зянюк сцвярджае, што «постацяў, падобных да ксяндза Юзафа Барадзюлі, у гісторыі Каталіцкага Касцёла Беларусі ХХ ст. няма» (с. 8), і паслядоўна апісвае яго шматпакутны жыццёвы шлях на працягу трынаццаці частак, з якіх складаецца кніга. Перадапошняя частка прысвечана раскрыццю асаблівасцяў характару і поглядаў святара, прычым пад поглядамі маецца на ўвазе яго духоўны свет. Напрыканцы манаграфіі (с. 160–195) дадаецца аўтарскі пераклад на беларускую мову ўспамінаў ксяндза Юзафа.

Адметна, што даследчыца выкарыстоўвае напісанне імя як Юзаф, а не Язэп. З апошняй формай можна часта сустрэцца, калі задацца мэтай пашукаць інфармацыю пра святара ў прасторах інтэрнэту і на старонках беларускай каталіцкай перыёдыкі. Але менаваць ксяндза Юзафам, на думку аўтара, больш правільна, паколькі ён сам сябе так называў (с. 9). Паводле ўспамінаў, святар лічыў сябе «беларусам польскай культуры», а іншым разам — «ліцвінам польскай культуры» (с. 135).

У сваім даследаванні Раіса Уладзіміраўна уводзіць ва ўжытак шырокі спектр дакументальных крыніцаў, у тым ліку матэрыялы вуснай гісторыі – інтэрв’ю з Ірэнай Барадзюляй, пляменніцай ксяндза. Аднак яна адзначае, што да нас дайшлі не ўсе дакументы, у сувязі з чым «жыцёвы шлях святара магчыма вывучыць толькі часткова» (с. 10). Тым не менш, нават тыя матэрыялы, на якія абапіралася даследчыца і якія трапілі ў кнігу ў выглядзе ілюстрацый, уражваюць і могуць задавольваць крыніцазнаўчую цікавасць будучых гісторыкаў.

 
Кс. Юзаф Барадзюля.
Чэрвень 1980 г.
  Першая старонка
машынапіса ўспамінаў
кс. Юзафа Барадзюлі.

Жыццёвы шлях ксяндза Юзафа арганічна ўпісаны ў агульнагістарычны кантэкст. Асаблівая ўвага прысвечана гісторыі і асаблівасцям адукацыі і выхавання ў каталіцкіх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі (с. 21–33). Варта заўважыць, што Раіса Зянюк з’яўляецца ў нашай краіне адным з вядучых спецыялістаў у вывучэнні гэтага пытання. Яна добра паказвае душпастырскае служэнне ксяндза Юзафа на фоне трагічнага для Каталіцкага Касцёла ў савецкай Беларусі перыяду 1920–1930-х гадоў. Магчыма, можна было б больш увагі надаць узаемадачыненням Барадзюлі з прадстаўнікамі іншых канфесій. Так, напрыклад, на саракавой старонцы цытуецца цікавы дакумент – ліст святара арцыбіскупу Э. Ропу з апісаннем сітуацыі ў Полацку летам 1919 года, у якім ксёндз Барадзюля ўзгадвае пра «даносы з боку іншаверцаў» на ксяндза Леанарда Бараноўскага. Гэтымі «іншаверцамі» маглі быць тыя хрысціяне, сярод якіх назіралася большая лаяльнасць да савецкай улады, чым сярод веруючых католікаў. Вядома, што праблема міжканфесійных ўзаемаадносінаў у такім аспекце вельмі складаная, а па-другое — усё ж такі патрабуе больш аб’ектыўнага вывучэння і ўгрунтаванасці на канкрэтных крыніцах, якіх пакуль проста не хапае. Таму можна зразумець, чаму гэта пытанне засталося неразгорнутым.

Абапіраючыся на ўскосныя звесткі, Раіса Зянюк спрабуе верыфікаваць асобу ксяндза Юзафа Барадзюлі на прадмет сувязі з дзейнасцю беларускіх арганізацый падчас яго вучобы ў Пецярбургу (с. 133–135). Даследчыца слушна робіць асцярожныя высновы па гэтым пытанні, бо няма яўных фактаў, якія б сведчылі на карысць актыўнай заангажаванасці святара ў беларускую грамадска-палітычную і культурную справу. Тым не менш, можна не сумнявацца, што ксёндз Юзаф «належаў да невялікага кола святароў з устойліваю беларускаю нацыянальнаю самасвядомасцю, якую ён не хаваў, але і не прапагандаваў» (с. 135).

Адзначу таксама, што Раіса Уладзіміраўна паказвае ў сваёй кнізе выдатны ўзровень валодання спецыфічнай канфесійнай тэрміналогіяй. Ёй удалося выказаць свае думкі празрыста і зразумела. Праца падрыхтавана сумленна і на высокім узроўні. Падсумоўваючы, можна сказаць, што кніга «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны» з’яўляецца важным унёскам у даследаванне гісторыі каталіцтва ў нашай краіне. Манаграфія, безумоўна, выкліча цікавасць і аматараў гісторыі, і ў прафесійных даследчыкаў і, магчыма, падштурхне да далейшых пошукаў. Галоўная заслуга аўтара ў тым, што дзякуючы яе намаганням яшчэ адно светлае імя з нашай гісторыі стане больш вядомым беларускаму народу.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY