|
|
|
№
1(107)/2024
Асобы
З жыцця Касцёла
Гісторыя
Постаці
Нашы святыні
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ З КАСЦЁЛА УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ Ў БАРЫСАВЕ Спадчына
Літаратуразнаўства
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
ЗВЯРЫНЫЯ ГРАТЭСКІ Ў ПАЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ СЛАВЯНАЎ: АД ФАЛЬКЛОРНАЙ АБРАДНАСЦІ ДА ХРЫСЦІЯНСКАГА КАНТЭКСТУ На кніжнай паліцы
Спадчына
Мастацтва
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Успаміны
Асобы
Культура
|
Вольга БАРЫСЕНКА
З ГІСТОРЫІ ЦУДАДЗЕЙНАГА АБРАЗА
|
|
| Галоўны алтар з цудадзейным абразом Маці Божай у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Фота пач. ХХ ст., з кнігі «Nasze kościoły». |
Цудадзейны абраз Маці Божай з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве з’яўляецца адным са шматлікіх цудадзейных абразоў з правінцыйных касцёлаў, культ якіх у XVII–XVIII стст. меў лакальны характар і пра якія амаль не захавалася звестак ужо ў пачатку ХХ ст. Абраз з Барысава таксама не захаваўся. Аднак гісторыя такіх абразоў вартая даследавання. Разам з іншымі цудадзейнымі іконамі з каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных асяродкаў яны складаюць розныя аспекты шанавання Маці Божай і Яе абразоў на беларускіх землях у розныя часы. Абраз Найсвяцейшай Панны Барысаўскай шанавалі і католікі, і праваслаўныя, і ўніяты, а ў яго гісторыі знайшлі адлюстраванне падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях у XVII–пач. ХХ ст.
Здымак абраза ў інтэр’еры святыні быў апублікаваны ў 1914 г. у выданні «Нашы касцёлы» («Nasze kościoły»)1. Якасць публікацыі здымка вельмі дрэнная, на ім немажліва добра разгледзець абраз. Тым не менш, вядома, што паводле іканаграфіі абраз Маці Божай Барысаўскай адносіўся да тыпу Адзігітрыі: Багародзіца трымала благаслаўляючае Дзіцятка Езуса на левай руцэ. Абраз быў намаляваны на драўлянай аснове2 і аздоблены срэбранай шатаю і каронамі3.
У працах польскамоўных аўтараў XIX–пач. XX ст. інфармацыя пра абраз абмежаваная заўвагаю, што ён быў пашкоджаны вільгаццю4. Аўтар грунтоўнай працы, прысвечанай цудадзейным абразам Найсвяцейшай Панны на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, Алойзы Фрыдрых, на пачатку ХХ ст. адзначыў, што абраз даўней славіўся надзвычайнымі ласкамі, пра якія памятаюць толькі найстарэйшыя асобы ў парафіі. На жаль, даўнія акты знішчыў пажар, а людское паданне замерла («słynął dawniej z łask nadzwyczajnych, o których dzisiaj ledwo najstarsze osoby w parafii coś pamiętają. Dawne bowiem akta zniszczył pożar, a podanie ludowe zamarło»)5.
Святло на пачатак культу гэтага абраза ў каталіцкім асяроддзі праліваюць гістарычныя крыніцы, а менавіта дыярыуш падарожжа расійскага стольніка Пятра Андрэевіча Талстога. Талстой быў адною з 37 асобаў, якіх Пётр I выправіў па ваенную навуку ў Заходнюю Еўропу. Ён выехаў у Італію 26 лютага 1697 г., а вярнуўся ў Пецярбург 27 лістапада 1699 года. Сваё падарожжа ён апісваў у дыярыушы, шмат увагі надаючы апісанню цэркваў, касцёлаў, хрысціянскім традыцыям у мясцінах, якія ён наведаў падчас доўгай дарогі6. Талстой наведваў касцёл у Барысаве 11 красавіка 1697 г.7, пасля чаго падрабязна апісаў цэлебрацыю Імшы і дадаў звесткі пра святыню і цудадзейную ікону Маці Божай.
Апрача аповеду пра паходжанне абраза, стольнік коратка акрэсліў яго мастацкія асаблівасці: «Написан подобно как пишут образ Смоленской Пресвятой Богородицы, а Младенец написан на левой руке; тот образ написан письмом изрядного мастерства подобно московским письмам»8. Ксёндз распавёў Талстому, што абраз першапачаткова знаходзіўся ў царкве ў мясцовасці Гумнаж за 3 мілі ад Барысава. Калі горад занялі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча (1660 г.), абраз быў перанесены ў барысаўскі замак. Пасля вайны ён на працягу 5 гадоў знаходзіўся ў праваслаўным манастыры Уваскрасення Хрыстова, а адтуль ён трапіў у драўляны касцёл у Барысаве, збудаваны барысаўскім старастам Адамам Казаноўскім9, і быў размешчаны на алтары10. У дыярыушы няма звестак пра тое, якім чынам ікона з праваслаўнага манастыра трапіла ў каталіцкі касцёл, але практыка размяшчэння ў касцёлах іконаў з праваслаўным мінулым была даволі пашыраная ў Рэчы Паспалітай11, як і ў краінах Заходняй Еўропы12.
Калі абраз змясцілі ў касцёле, на твары Багародзіцы з’явілася чорная пляма, якая павялічвалася з цягам часу і ў 1697 г. закрывала левае вока, левую шчаку і нос Марыі. Пляму не атрымлівалася замаляваць — кожны, хто спрабаваў гэта зрабіць, адразу пачынаў хварэць на «ручную хваробу», але атрымліваў ацаленне ад таго самага абраза13. У касцёле таксама знаходзіўся шэры камень з адбіткам чалавечых слядоў. Гэты камень быў знойдзены ў даўнія часы ў лесе і прынесены ў Барысаў разам з абразом14.
Такім чынам, абраз трапіў у касцёл у 1670-я гады. Польска-маскоўская вайна, пра якую гаворыцца ў аповедзе пра паходжанне абраза, вялася ў 1654–1667 гг., 5 гадоў пасля яе заканчэння абраз знаходзіўся ў праваслаўным манастыры. Невядома, ці трапіў ён туды ў год заканчэння вайны, то бок, у 1667 г., ці пазней, але ў 1678 г. ён ужо знаходзіўся ў касцёле і славіўся ласкамі і цудамі15. У візітацыі касцёла за 1796 г. адзначана, што з 1677 г. запісваліся «афэрты» (ахвяраванні), складзеныя да абраза. Аднак дата пазначана памылкова, бо спачатку гаворка ідзе пра 1678 г. («ten obraz słynął między mietrykami wprzód baptizatorum od roku 1678, a potem copulatorum od roku 1677 zapisywał się oferty do tego obrazu dane»16). Відавочна, спіс ахвяраванняў — вотаў, да абраза пачалі весці пасля 1678 г. Сярод вотаў была таблічка ў выглядзе нагі, якую прынёс 18 кастрычніка 1788 г. пан Войцех Барычка і папрасіў запісаць яго «testymonium», бо пасля «obrzeczenia» да абраза Маткі Божай Барысаўскай ацалілася яго нага, якую ён зламаў, упаўшы з каня. У якасці прычыны пашкоджання нагі ён вызначыў, што, будучы са сваім панам у Барысаве падчас камісіі, якая разглядала цуды і ласкі Божыя, хто якія меў праз цудадзейны абраз Маці Божай, ён падумаў, што будзе дарэмна прысягаць, бо ніякіх цудаў не атрымаў. Хутка па тым яго і напаткала кара Божая — ён упаў з каня і зламаў нагу, але цудоўным чынам ачуняў без ужывання лекаў17.
Гэта адзіны цуд, пра які вядома на сённяшні дзень, але пра тое, што іх было шмат, сведчыць запіс Пятра Тачылоўскага, суфрагана віленскага, ад 9 сакавіка 1792 г., паводле якога абраз амаль сто гадоў славіўся вялікімі цудамі («ab annis ferme centum multis gratis miraculiosam fulgeno ello»)18. Пра шанаванне абраза ўніятамі сведчыць наяўнасць яго спісаў ва ўніяцкіх цэрквах. У сярэдзіне XVIII ст. спіс абраза Маці Божай Барысаўскай знаходзіўся ва ўніяцкай царкве ў вёсцы Глівін Барысаўскага дэканату19.
У 1796 г. цудадзейны абраз знаходзіўся ў вялікім алтары драўлянага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На абразе былі срэбраныя шаты, якія пакрывалі постаці Маці і Дзіцяці, поле таксама было срэбраным, «у квяты», часткова пазалочаным. У Найсвяцейшай Панны і ў Пана Езуса былі срэбраныя пазалочаныя кароны. Пры алтары было ў суме 40 срэбраных квадратных таблічак, «ручак» і «ножак», 2 пазалочаныя таблічкі, а таксама шмат іншых вотаў20.
У 1806 г. драўляны касцёл згарэў, але цудадзейны абраз быў уратаваны. На месцы знішчанага агнём касцёла плябан, ксёндз Ануфрый Гзоўскі, збудаваў мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (потым — Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі). Цудадзейны абраз зноў быў размешчаны ў вялікім алтары21.
У 1863 г. паводле распараджэння ўладаў набажэнствы ў касцёле адбываліся на рускай мове22, і вернікі перасталі наведваць касцёл. Пра абраз Багородзіцы з Дзіцяткам у тыя часы не гаварылі, каб не звяртаць на яго ўвагі і каб касцёл разам з абразом не аддалі праваслаўным23. Касцёл быў у занядбаным стане амаль 30 гадоў. Адзін з плябанаў аддаў келіхі і іншае касцёльнае срэбра, магчыма, з вотамі з цудоўнага абраза, у заклад мясцоваму габрэю, і гэтыя рэчы зніклі24...
Касцёл быў адроджаны толькі ў 1899 г., калі яго пробашчам стаў ксёндз Юзаф Гурка, які аднавіў святыню і парафіяльнае жыццё25. Акрамя таго, ксёндз Гурка аднавіў срэбраную шату на абразе, на галоўныя Марыйныя святы ў касцёле адбываліся вялікія ўрачыстасці з наплывам вернікаў, аднак да таго часу ўжо не засталося ніякага следу цудадзейнасці гэтага абраза Марыі («żadnego śladu cudowności tego obrazu Maryi»)26. У 1914 г. абраз яшчэ знаходзіўся ў вялікім алтары касцёла. Яго далейшы лёс, на жаль, невядомы. Касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі ў 1937 годзе. У 1989 г. была адноўленая парафія, а ў 1990 г. — касцёл.
Вольга Барысенка
|
|
|