Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Данута БІЧЭЛЬ

СПРОБА ЗРАЗУМЕЦЬ СЯБЕ НА ФОНЕ ВЁСКІ БІСКУПЦЫ

Біскупскія жанчыны полюць лён. 50-я г.г.

Я нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. На Крэсах. Тут я і застануся, як мае безыменныя для чалавецтва продкі.

Навукоўцы знайшлі ўспаміны пра нашу вёску ў архівах віленскага біскупа ў ХVІ стагоддзі. З успамінаў таты я ведаю, што калі памёр мой прадзед Юрка, то прабабуля Франуся пайшла да біскупа і папрасіла дапамогі. І біскуп прыслаў ёй хлопца Петраша, які працаваў на гаспадарцы пакуль, не падраслі хлопцы, мой дзед Вінцук і яго браты, а пасля ўцёк некуды ў Расею, і наш род з таго часу сталі называць зневажальнаю мянушкай Петрашы.

Мужчыны нашага роду, калі выпівалі, з-за гэтай мянушкі пачыналі бойку. На вяселлі маёй сястры Рэні таксама не абышлося без бойкі, нават печку ў нашай хаце разабралі на «падручны матэр'ял» – кідаліся цэглай. А было тое ў вельмі халодную зіму 1948 года.

З дзядоў я застала толькі татавага бацьку Вінцука. Бабуля Кастуся загінула на чыгунцы каля Белагруды і пахавана ў вёсцы Крупава на цвінтары каля касцёла.

Бабуля па маці, Франуся Бурнос, памерла цяжарнаю пятым дзіцем. Схадзіла ў Заполле да радні, бо дома не было чым карміць дзяцей, прастудзілася і памерла ад запалення лёгкіх. Яна была другой жонкай у нашага дзеда Адама. А першая яго жонка была родная сястра нашай бабулі. Яна таксама памерла маладой. Яе дзве дачкі і сын жылі ў Лодзі, працавалі там на фабрыцы, дапамагалі ўжо ў трыццатыя гады маёй маме і цёткам Броні і Яніне. Сувязь з імі абарвалася ў другую сусветную вайну. Наш дзед Адам ездзіў на заробкі ў Амерыку, але з чым паехаў з тым і вярнуўся – нічога там не зарабіў.

Мама ўсё дзяцінства і дзявоцтва служыла нянькай у Шайбаках каля Ліды.

Каля нашай вёскі была сядзіба польскага пісьменніка Антонія Гарэцкага, удзельніка паўстання 1831 года. Нашы людзі мелі надзелы зямлі аж каля Бердаўкі, за 6–7 кіламетраў ад вёскі, за балотам, ехаць трэба было па грэблі.

Калі Гарэцкага адсылалі ў Сібір за ўдзел у паўстанні, а маёмасць яго канфіскоўвалі, ён аформіў дакумант на абмен сваёй зямлі і зямлі вяскоўцаў: тую, што каля Бердаўкі, перадаў у казну, а гэтую, сваю, што каля Біскупцаў, перадаў сялянам.

Пра гэты ўчынак польскамоўнага пісьменніка вёска апавядала сваім дзецям, а кніжку Антонія Гарэцкага чыталі па чарзе, а захоўвалася яна ў Стася Сайковага.

Мой тата Ян Бічэль быў старэйшым у дзеда Вінцука, нарадзіўся ў 1899 годзе (памёр у 1975). Нейкі час рос неахрышчаным – у канцы стагоддзя царскімі ўказамі дзейнасць каталіцкага Касцёла была забаронена, а ў царкве дзед не хацеў хрысціць сваіх дзяцей.

Летнім надвячоркам дзед вёз з Казечыны па лясной каляіністай дарозе вялікі воз сена. Насустрач у лёгкай брычцы ехаў у Дакудава праваслаўны святар. Дзеду не хацелася перавярнуцца з сенам. Святар лічыў, што ён вялікі чалавек і яму павінны саступаць дарогу. Доўга перапіраліся. Нарэшце святар сказаў, што за гэты ўчынак дзеду давядзецца заплаціць штраф за знявагу дзяржаўнага чалавека... Але, калі ахрысцяць хлопца ў царкве, штрафа не будзе. Давялося тату ахрысціць у царкве, але праз нейкі час ён сам схадзіў у касцёл і там перахрысціўся.

Летам 1919 года тата пайшоў дабравольцам у польскае войска да Юзафа Пілсудскага. Удзельнічаў у кампаніі радавым 77-га палка пяхоты да канца 1921 года.

Тата апавядаў мне, як перад бітвай Юзаф Пілсудскі аглядаў строй, падымаў салдатам баявы дух, а тату, які стаяў у канцы строя, бо быў невялікага росту, нават паправіў на назе абмотку. Гэта была наша сямейная легенда, таямніца. Суседка Нюта, пасварыўшыся, часам палохала: «Я ведаю, дзе ты ваяваў! Я раскажу!» Але не расказала, мусіць, таму, што начальства пад гарачую руку не траплялася. Мы жылі заўсёды надта далёка ад начальнікаў. Трапіць да іх было няпроста пры ўсіх уладах.

Сваім салдатам Юзаф Пілсудскі выдзяляў зямлю. Але тата атрымаў надзел аж каля Татарцаў, зноў недалёка ад той Бердаўкі, за балотам. Зямля была неапрацаваная, трэба было карчаваць кусты. Тата быў гультаяваты ад прыроды. Ён ад той зямлі адмовіўся, а мы засталіся хоць беднымі, але ў роднай хаце.

Зямлю на хутары Загасцінец тата купіў за грошы, якія зарабіў за плыты. Папрацаваў сезон плытагонам. Дзед Вінцук гаспадарку не падзяліў, пакінуў на ёй аднаго малодшага сына Мікодыма. Яхім пайшоў у прымы да ўдавы ў Мялёгава, мусіць, на 5-х дзяцей.

Марылю выдалі замуж таксама за ўдаўца ў Галенава, аж пад Іўе.

Тата ажаніўся з такою ж, як сам, беззямельнаю і беспасажнаю сіратою. Мае бацькі першыя ў вёсцы пажаніліся па каханні. Пасля іх і іншыя бедныя закаханыя пачалі жаніцца, суцяшалі сябе: «Яська з Марыляй не прапалі, то і мы будзем жыць».

Хаціну перасыпалі з хлевушка, дзед аддаў той хлевушок у пасаг тату. Тата часам казаў, што я яму дапамагала будаваць нашу хату ўлетку 1938 года: я сядзела на надворачку ды глядзела, як ён працаваў, хадзіць я яшчэ не ўмела. Мяне бацькі надта песцілі, бо адчувалі сябе вінаватымі перада мною – не хацелі другога дзіцяці, а я ўзяла ды нарадзілася. Жаночай працы ў нашай хаце мне не хапала, з ёю Рэня спраўлялася. Тата браў мяне ўсюды з сабою на мужчынскую работу. Ад нараджэння я была «свойскім хлопцам».

Мой тата ніколі не звяртаўся да лекараў. Толькі ў маладосці нямецкі вайсковы хірург прааперыраваў тату нагу, і з гадамі ён злёгку пакульгваў. Нас тата вучыў, што да болю трэба прывыкнуць – і боль пройдзе.

Быў выпадак, што не хапіла вясною збожжа на насенне. Схадзіў тата да ксяндза, але ксёндз не пазычыў. Затое пазычыў праваслаўнаму. З таго часу ў таты было правіла – не пазычаць. І мы перанялі ў яго гэтае правіла.

Мама ўсё жыццё працавала і малілася. У нядзельку казала так: «Не буду я з табой святым угоднікам спрачацца». Нават па ягады ў лес не пускала, пакуль Імша ў касцёле. Чытаць не ўмела, але свой малітоўнічак чытала. Сама схадзіла да апошняй споведзі ў Фарны касцёл у Гродне вясною 1997 года. Праўда, дадому з касцёла – метраў 200 – ледзьве я яе давяла, можна сказаць, данесла з дапамогай знаёмай.

І ведала яна, што гэта апошняя споведзь.

І неўзабаве загадала, каб мы завезлі яе ў вёску «да свайго народа». Памерла яна перад Вялікаднем у Рэнінай хаце ў сваім ложку. Лёгка памерла, у тым самым месяцы, што і нарадзілася, у красавіку.

Сястра Рэня з сяброўкаю. 1947 г.

Мая сястрыца Рэня пакахала праваслаўнага хлопца Мікалая Супрэна. Бацька яго рана памёр, пакінуў яму цэлую гаспадарку. Была ў яго малодшая сястра Верка, а астатнія браты і сёстры малымі паміралі.

Шлюб маладыя бралі ў царкве. Наша ўся радня перажыла гэтую ганьбу з маўклівым дакорам.

Вучылася Рэня добра, але ў трэцім класе вучылася тры сезоны. Спачатку ў польскай школе. Гэтую школу яна ўспамінае ў сувязі з тым, што ставілі дзіцячую п'есу, у якой Рэня была пеўнем. Тую ролю пеўня і я вывучыла напамяць, так часта яна ўспаміналася.

У 39-м годзе прыйшлі саветы, польская настаўніца Гізінская засталася вучыць па-расейску. З гэтага часу захавалася апавяданне пра ўрокі спеваў, калі спявалі савецкую песню «Если завтра война», а пасля польскую «Военко, военко», паколькі гэта пра адно і тое ж.

Доўга не паспявалі. Гізінская была з асаднікаў, яе вывезлі ці то ў Сібір ці то ў Казахстан.

Скончылася вайна. Прыгожая школа была спалена партызанамі. Пачалі вучыцца ў вясковай хаце Войдакаў (Гойдавых – так называлі ў вёсцы). Дарослых дзяўчат і хлопцаў зноў пасадзілі ў трэці клас, каб успомніць тое, пра што забыліся. Але ім пара было выходзіць замуж ды жаніцца.

18-гадовая аўтарка ў родных Біскупцах.
1956 г.

Хлопцы і мужчыны ў нашай вёсцы стараліся пераседзець вайну, каб не выступаць ні на чыім баку, – свайго ж боку не было. Калі ў вёску нечакана прыходзілі няпрошаныя госці, было не сорамна, і ніхто з гэтага не смяяўся, хадзіць у бабскай хусце, у спадніцы.

Удзельнічалі ў абозах. Некалькі хлопцаў зацягнулі ў АК. Малодшы татаў брат Стась адпрацаваў у шахтах Казахстана і быў вывезены ў Польшчу без дазволу заехаць да нас. Стэфан Дукі таксама па ГУЛАГу апынуўся ў Польшчы і стаў настаўнікам па скрыпцы. Астатнія загінулі.

У партызаны наша вёска не пайшла.

Аднаго дзядзьку чужая партызанка застрэліла перад Крыжам ні за што, каб паказаць, што Бога яна не баіцца.

Двух мужчынаў закатавалі на вачах у дзяцей і жонак сыны тых асаднікаў, якіх гэтыя мужчыны выдалі саветам у 39-м годзе. Да таго ж так стараліся, што ў муку насыпалі бітага шкла.

Найболей ахвяраў было ў нашай вёсцы ад пакінутай зброі. Пастушкі падрываліся на мінах. Аднойчы знайшлі ў Гаўі шмат усяго, вырашылі кінуць у агонь. Кінулі – і ўсе загінулі, хто ў той ранак пасвіў каровы.

Я таксама памятаю розныя бліскучыя страшныя цацкі.

Наша вёска не гарэла ў вайну. Войска рознае заходзіла ў вёску і выходзіла. Ішлі па гасцінцы з поўдня і з поўначы. Вялі палонных. Я аднаго з дазволу напаіла малачком каля цётчынага плоту...

Тата выкапаў склеп (называлі «схрон»).

Часцей мы хаваліся ў цётчыным склепе. Ён быў прасторны. Цётка брала з сабой саган з вуголлем, каб не мерзнуць. Некалькі разоў нас абстрэльвалі.

Аднойчы тата з мамай паехалі ў Ліду мяняць пашпарты, мы з Рэняй засталіся адны. Гарэлі Мікулічы. Мы пабеглі да цёткі Броні. Там пачулі, што немцы з Мікулічаў ідуць на Біскупцы. Мы пабеглі праз поле ў лес, па нас стралялі, кулі ціўкалі, як птушкі. Мы дабеглі да глінішча, упалі ў яму, цётка нас зверху сабою спрабуе закрыць, а немец ужо над намі. Кажа нам выходзіць. А сусед каля глінішчаў сядзеў з сякерай на зрубе – паказваў, што ён заняты мірнай працай. Так і сядзеў, яго не чапалі.

Нам сказалі вярнуцца дахаты. І вёску нашу не спалілі.

Спалілі Дакудава, дзе былі партызаны.

Калі ў нашу хату заходзілі людзі са зброяй, я хавалася на печ за комін.

Усю вайну і ўвесь савецкі час, калі загналі нас у калгас, вёска наша малілася ў кожную пару года. У чыёй-небудзь хаце. Або пад Крыжам. Або на могілках. Капліца на могілках струхлела і развалілася. Я яе памятаю ўжо напаўразбуранай. Касцёл спалілі ў вайну партызаны, але ён быў не ў нашай вёсцы.

Са студэнцкімі сяброўкамі. 1955 г.

Большасць часу святара не было. Хрысціць і вянчацца ездзілі ў Іўе, Ліду, Міноўты ці Ліпнішкі. Хавалі памерлых (у нас ужываюць форму «хаваліся») без ксяндза, толькі на Імшу памінальную ездзілі ў касцёл. Мелі свянцоную вадзічку, Крыж, харугвы, шаты. Нехта выконваў рытуал за святара. Адпявалі заўсёды, і цяпер гэта робяць, і праваслаўных адпяваюць па-каталіцку. Лічаць гэта за высокі абавязак перад Богам. І сапраўды, з песняй святою лягчэй развітвацца з дарагім чалавекам, песня гоіць смутак, адводзіць адчай.

Запамятала з маленства, як наша вёска стаўляе Крыж. Усё робіцца ў адну ноч: абчэсваюць бярвенні і складаюць Крыж, прадуць і ткуць палатно на ручнік, шыюць, упрыгожваюць, плятуць вянок. Стаўляюць Крыж да ўсходу сонца. Увесь час моляцца і пяюць святыя песні. Каля вёскі Крыжы стаялі на ўсіх скрыжаваннях. Некалькі Крыжоў калгасныя актывісты знішчылі, але бальшыня засталася і цяпер.

Усёй вёскай маліліся па-каталіцку. Мужчыны таксама прыходзілі на ружанец. І дзеці.

Наша вёска заўсёды брала на сябе абавязкі міласэрнасці, апякунства. Калі заходзілі цыганы, бежанцы, іх пускалі пагрэцца, пераначаваць, з імі дзяліліся вопраткай, хлебам. Колькі ім трэба было, столькі і заставаліся ў вёсцы. Некалькі прышэльцаў з усходу ў канцы вайны засталіся ў нас жыць.

Кожную зіму ў вёсцы жыў старац.

Я памятаю таго, якога называлі «вохаха», бо ён так стагнаў. Ён быў брудны, вашывы. Яго адмывалі, адпойвалі, лячылі, кармілі, апраналі. Начаваў па сутках па чарзе. Цяплела – і сам знікаў. Яго не праганялі. Мог бы і застацца каровы пасвіць, але не хацеў.

Касцёл быў у Гаўі. Каля ракі Гаўі. Ад драўлянага касцёла ішла брукаванка на высокі драўляны, з прыгожымі парэнчамі мост. На мосце былі гладкія габляваныя маснічыны, як на падлозе. Там танцавалі ў дні вялікіх фэстаў. Маліліся толькі па-польску. Але цётка Броня ўмела замаўляць ружу, урокі і перэпалахі. Шаптала яна замовы па-беларуску. Спявалі ў нашай вёсцы вельмі прыгожа на беларускай, польскай, расейскай і на вельмі скалечанай украінскай мове. Зрэшты, і расейскай даставалася – круцілі яе, як хто хацеў.

У нашай хаце было некалькі кніжак. Паэмы Адама Міцкевіча, кніга пра экспедыцыю на паўднёвы полюс, некалькі віленскіх часопісаў лацінкай па-беларуску. Я па іх вучылася чытаць. Чытала вершы Цёткі і Багушэвіча ў адрыўным календары. Янку Купалу я прачытала ўжо ў канцы вайны. Настаўнік Урбановіч даў мне кнігу, каб я занесла Рэні. Я праз жыта бегла, адгарнула кнігу і прачытала:

«Бегла поле і другое, узбегла і на трэце...» і падумала, што гэта пра мяне.

Першую споведзь я памятаю таму, што бегла сцежкаю праз поле і надта хацелася вырваць стручок гароху, але нельга было есці. Касцёл у маім уяўленні быў падобны да Раю – каля нашага касцёла надта шмат было бэзу, ружаў і самых розных кветак. Кусты цвілі. Сад цвіў. Дрэвы цвілі.

Наш ксёндз загінуў у ГУЛАГу.

Пасля вайны мы хадзілі пешкі ў Ліду да касцёла. Хадзілі басанож, абуваліся перад касцёлам. Мама з жанчынамі, у тым ліку і з праваслаўнымі, некалькі разоў пешкі хадзілі ў Вільню ў Вострую Браму.

Жыццё маё ў вёсцы было прыгожым.

Таму мне і цяпер сніцца вёска. Вось я сёння сніла сядзібу цёткі Яніны. Яна знаходзілася ў Масцішчах, на горцы паміж лесам і далінай. Ад хаты ішла крутая сцежка да азярца, на якім была пабудавана драўляная кладачка. Я сніла тое возера, але кладачка ляжала на дне. На той жоўтай горцы і балоцістым азярцы мы праводзілі свае бесклапотныя дні.

Святы праходзілі ўрачыста і прыгожа. Пасцілі. Асабліва доўга пасцілі перад Вялікаднем. Квас ды бульба. Саладуха. Пражанае семя. Брушніцы мы варылі ў бочачках без цукру, з грушкамі. Журавіны стаялі на гарышчы ў кошыку, мерзлыя прыносілі ў хату.

Многія пасцілі нават без вады.

Цётка Броня пяць дзён нічога не ела і прасіла Бога, каб дзядзька Вінцук узяў яе замуж...

У час кароткага адпачынку з аднавяскоўцамі на ганку роднай хаты. Канец 60-х г.г.

Перад святамі рабілі генеральную чыстку хаты, нават бялілі печ і часам пераклейвалі шпалеры. Рэня перад Калядамі выцінала з каляровай паперы фіранкі, сурвэткі і рабіла цацкі на ялінку. Яна і вышывала, і рабіла карцінкі з саломкі. Тата ездзіў у Ліду па ласункі. Хадзіў у Бурносы, вёску над Нёманам, па сушаную рыбку і па свежую рыбу. У яго там былі сябры.

Варажылі ў сумоўі з Богам. Варажылі прыгожа, з вялікай верай у варажбу. Я падглядала, як сястра ставіла кубак з вадзічкай пад ложак і клала на краі дубчык, – гэта яна павінна была прысніць, хто перавядзе яе праз раку.

Я і цяпер на Новы год ранкам прачнуся – гляджу ў акно. Як убачу хлопца, то і добра. Як убачу першы раз бусліка на крыллях, цешуся. Як пачую зязюлю, лічу, колькі яна мне гадоў накукуе. Разгадваць сны вёска любіць, гэта не лічыцца грахом. Я і цяпер сню прарочыя сны. Прысню перасохлыя вазоны, – ведаю, што буду плакаць. Прысню лес, баравічкі, – ведаю, што буду ў добрым таварыстве. Прысню сабаку – добра. Ката прысню – нехта з блізкіх абмане. Гадзюку прысню – на грошы...

Сню мост праз Нёман на цяжкія выпрабаванні. У снах я лётаю птушкай. Лётаю высока і лёгка. Я сню каляровыя сны. Я не прымаю выраз «боязь Бога». Не разумею, чаму трэба баяцца Бога. Бог у маім разуменні – прыгожы, добры, якім быў мой тата. (Прабач, Божа, за такое параўнанне.) Вёска ўспрымае Бога як Галоўнага Кантралёра, які з нябёс ацэньвае жыццё па справядлівасці.

У вёсцы Бог побач, таму што і неба блізка, а на даляглядзе яно злучаецца з зямлёю. У вёсцы прырода моліцца з чалавекам.

Перад Ружанцам мы збіраліся і шпацыравалі па лясной дарозе, часам палілі вогнішча. Нашы мамы і бабулі ўходжваліся, даілі кароў, а мы ўжо былі вольныя. З намі цешыліся птушкі і жабкі на пастаўніку. Наша вера ўпрыгожвалася наіўнотай. Наша вёска не стала савецкай дзякуючы таму, што захавала ў сабе таямніцу.

Наша мама малілася за ўсіх нас, за ўвесь наш род. А цяпер адказнасць звалілася на Рэню і на мяне, няма яе моцных слабенькіх плячэй, стаім мы перад Богам, не заслоненыя нікім. Але страх мы пераступілі.

Жабрачка каля касцёла пытаецца ў мяне: за каго памаліцца? Я звычайна кажу – за ўсё чалавецтва. Яна перапытвае: за ўсю сям'ю? І можна дапусціць, што гэта адно і тое ж...

Мая сястра сама сабе выбрала такую магчымасць – маліцца ў касцёле і ў царкве. Яна ведае шмат старажытных прыгожых малітваў. Яна прыгожа спявае. У царкве яе запрашаюць да пеўчых. У касцёле яна спявае. Калі была памінальная Імша па маме ў бердаўскім касцёле, яна прыступіла да спавядніцы. Я ёй ціха напомніла, што бацюшка не даруе і Мікалаю скажуць. «Не баюся я ні бацюшкі, ні Мікалая...»

Мікалай ужо не сварыцца з Рэняй з-за веры. Як забралі яго зямлю ў калгас, ён перастаў быць лепшым за Рэню, бо страціў гаспадарку і стаў роўным.

Думаю, што яны ўсё жыццё пражылі ў каханні. Мала сем'яў у нашай вёсцы ўсчынялі бойкі. І ўсе такія дрэнна скончылі, паўміралі не сваёй смерцю.

Неяк адпасвала я каровы... Увогуле я пасвіла каровы тры гады. Адзін год толькі сваю. Другі год – сваю і тры з Рэнінай сям'і. Трэці год – сваю, Рэніных і цёткі Броні. Да таго ж, у цёткі Броні адна карова калолася. Усіх каровак было шэсць і бычок Лазіл, якому ўвогуле было мора па калені, ён уцякаў ад статку, хаваўся ў кусты, а наша Падласка ўцякала ў Бурносы, бо мы яе там купілі.

Але я з імі ўсімі спраўлялася і добра іх напасвала. Толькі аднойчы ў лесе згубіла дзяружку, яе Антак Габрушчыкаў на дрэва закінуў, я не знайшла таго дрэва.

Ага. Адпасвала я каровы. Колік Габрушчыкаў, пачуўшы, што муж набіў жонку, сказаў: «Разумны гаспадар і скаціну не ўдарыць». І так мне гэта ўрэзалася ў памяць.

Не змянілася наша вёска. Людзі пастарэлі.

Многія «пахаваліся» пад бярозкамі.

Ян Бічэль і Віка Загнетава. Дзед з унучкаю на сваім надворку. 1975 г.

Маладыя пакінулі вёску, паехалі ў савецкі горад, каб вяртацца да працавітых бацькоў і дзядоў па вясковую падтрымку. Вясковыя людзі засталіся такімі, як іх прадзеды.

У канцы 80-х прыехалі да нас з-пад Чарнобыля. Пажылі і паехалі ў прывілеяваныя пасёлкі. Дамы ў нашай вёсцы пабудавалі для фермы, а рост фермаў у канцы 80-х спыніўся.

Прыехалі ў тыя дамы выгнанцы з Прыбалтыкі.

У Рэні на агародзе вырвалі за ноч усю моркву. Яна нават сяброўкам не сказала. Падумала: пражыву неяк без морквы. Яны хадзілі да яе кожны дзень пазычаць цыбулі, бульбы, сала, запалак, грошай.

Пасля самі сталі прапаноўваць дапамагчы ёй соткі капаць. Пачалі з ёю па-беларуску размаўляць. У сваіх сем'ях і выпіваюць, і б'юцца. Вёска іхнім прывычкам не паддалася.

Мама Марыля з сваёю, мабыць, апошняю свінкаю. 80-я г.г.

У савецкіх умовах я не змагла б жыць у сваёй вёсцы і пісаць вершы. Паехала ў горад вучыцца. У ціхі горад Гродна. Але ён крэсовы, сумежны. Тут людзі хістаюцца то на ўсход, то на захад, – калі як выгодней. Я прайшла па Гародні, як па вузкім тратуары, спрабую не зачапіцца, а не выходзіць. Але тут у мяне была мая праца. На мяне ўплывалі літаратары, найболей Ларыса Геніюш і Мацей Юзаф Канановіч.

Ларыса Геніюш пацвердзіла перакананне, што наша вёска нясе ў сабе высокую культуру і глыбокую духоўнасць.

Ларыса Геніюш казала, што ў чэскай Празе яна з вёскі трапіла ў еўрапейскую эліту, і ёй не было сорамна за свае паводзіны.

Мацей Юзаф Канановіч прыйшоў у маю гродзенскую кватэру ў другой палове шасцідзесятых гадоў, ён быў светлым Анёлам, які дапамог мне прайсці праз гады выпрабаванняў, стратаў. Ён прысылаў мне пагодныя лісткі і карткі з простымі словамі: «Дануся, не паддавайся».

Васіль Быкаў навучыў мяне ў маладосці, што ў пісьменніка ёсць ручка і папера, – нічога болей. Не рабіць кар'еру, не шукаць прызнання. Праца – узнагарода пісьменніка.

Наша пісьменніцкая прафесія вымагае сумоўя, размоў і спрэчак, абмену думак, прынамсі на першым этапе, пакуль не ведаеш сам, што чыніш. Бывае, што радкі верша ствараюцца несвядома, як бы нехта водзіць тваёй рукой па паперы. Найлепшыя радкі з'яўляюцца раптоўна, але пасля доўгіх роздумаў і пошукаў.

Вёска мяне навучыла – банальная ісціна – працаваць. Не чакаць лепшага часу, не цешыць, што шчасце прыйдзе само аднекуль, а быць шчаслівай сёння, у кожную хвіліну. Не ілгаць без патрэбы. Не красці. Гэта няпраўда, што вёска раскрадае плёны калгаса! Не блытаць жыццё і гульню, не прытварацца. Не заступаць іншым дарогу, не выбягаць наперад іншых. Саступаць.

Мама Марыля з унучкаю Вікаю, праўнукам Стасем, зяцем Мікалаем і дачкою Рэняю. Біскупцы. 1997 г.

Калі агрэсіўныя начальнікі і іх бяздарныя падначаленыя хапаюць плёны маёй працы, то што тут прыдумаеш?! – мусіш ім саступіць. Прывучыла сябе не шкадаваць страчанага, не плакаць і не апавядаць пра свае паразы тым, хто пра гэта пытаецца! У вёсцы ў такім стане добра схавацца ў лес. У горадзе добра пайсці ў касцёл. Я люблю начное неба, люблю хадзіць па горадзе ноччу і размаўляць з зоркамі. Крыўды я ўспрымаю як Божую кару. Дзякую Богу і шкадую крыўдзіцеляў. Дзякую Богу, што за мае правіны карае мяне, а не маіх дзяцей і ўнукаў.

У вёсцы людзі лёгка ўзаемна дароўваюць.

А як дараваць у горадзе, калі тут савецкія людзі, а яны лічаць, што праўда заўсёды на іх баку?! У думках я ім дароўваю...

Спавядаюся толькі тады, калі крыўды, боль заціхнуць. Пакутую ад адчування, што споведзь неглыбокая, няпоўная.

Жывучы ў горадзе, часамі мусіла быць адна ўсёй вялікай вёскай, калі трэба заступіцца за несправядліва пакрыўджаных. Такое заўсёды не пад сілу.

Толькі вёска Біскупцы і цяпер ёсць, я магу туды вярнуцца па падтрымку ў любы час. І я звяртаюся да сястры Рэні, якая там за лідэра, ёсць у яе свая моцная каманда.

Я са сваёй вёскай жыву ў іншым вымярэнні, чым цывілізаваны свет. У нас інтэрнэту няма. Нам трэба няшмат. У нас сваё прызначэнне, збавенне і памяць. Асабліва памяць. Думаю, Бог нас разумее.

30 студзеня 2000 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY