Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Караль ВАЙТЫЛА

УЗБЯРЭЖЖЫ, ПОЎНЫЯ ЦІШЫ

Аб аўтары...

1.
Далёкія ўзбярэжжы цішы пачынаюцца ўжо за парогам.
Туды не пераляціш, як птушка.
Мусіш стаць і глядзець глыбей і глыбей,
пакуль не здолееш адхіліць душу ад дна.

Там твой погляд не насыціць нават зелень,
не вернуцца вочы, як з-за кратаў.
Думаў ты, жыццё схавацца можа ад Жыцця па смерці
тым, што нахілілася ў бяздонне.

З той плыні – ты ведаеш – не бывае вяртання.
Абдымае таямнічая прыгажосць вечнасці!
Трываць і трываць. Не баяцца адлёту
ценяў, толькі трываць
больш ясна і проста.

Тымчасам саступаеш Камусьці, хто адтуль прыходзіць
і за сабой ціха зачыняе дзверы маленькай хаты –
а як ідзе, то лагодзіць крок –
і тая ціша глыбей сягае.

2.
Гэта Сябра. Ты ўсё вяртаешся памяццю
ў той зімовы ранак.
Ты ўсё верыў столькі гадоў, ты ведаў напэўна,
але не можаш выйсці са здзіўлення.

Нахілены над лямпай, дзе высока перавязаны сноп святла,
не ўздымаючы вачэй, бо навошта –
і ўжо не ведаеш, ці там, дзе відаць здалёк,
ці тут, у глыбіні заплюшчаных вачэй –

Там Ён. А тут нічога, апроч мурашак па скуры,
апроч словаў, аднайдзеных у нічым –
ах, яшчэ з табой долька таго здзіўлення,
у якім цэлая сутнасць вечнасці.

3.
Пакуль прымаеш мора ў свае адчыненыя вачніцы,
якія мігцяць, як хуткія колы,
здаецца табе, утопяцца ў іх усе глыбіні
і ўсе граніцы –
але ўжо нагой дакрануўся да хвалі,
і тут здалося другое:
тое Мора жыло ўва мне,
і навокал разлівалася ціша, як холад.

На дно, на дно! Перакуліцца, потым апускацца
паволі,
не чуць сябе ў тым знікненні цяпла,
дзе ўсё дрыжыць і гусцее –
гэта толькі душа, душа чалавека, заглыбленая
ў маленькай кроплі,
душа, якую вырваў паток.

4.
Жыццё святла не такое.
Калі мора хутка хаваецца
і растае ў маўклівай глыбіні
– святло адбіваецца ўверх ад лёгкіх хваляў
і паволі знікае мора, і плыве яснасць.

А тады, бачны кожнаму, у далёкіх і блізкіх
люстэрках
бачыш свой цень.
Як схаваешся ў тым Святле?
Бо ты ледзь празрысты,
а яснасць дыхае адусюль.

І тады – глядзі ў сябе. Гэта Сябра.
Ён і маленькая жарынка, і ўсё Святло.
І ты, агорнуты вакол той жарынкі,
ужо не заўважаеш нічога
і не чуеш, якой ты агорнуты Любоўю.

5.
Любоў мне ўсё праясніла,
Любоў мне ўсё адгадала –
Таму абагаўляю Любоў,
дзе б яна ні вандравала.

А калі я цяпер раўніна для ціхіх хваляў прыліву,
у якім дзікі вецер не вые, не кідае на бераг
тапляк,
але толькі спакой у хвалях і святло ў глыбіні
маўклівай,
і святло на ўзбярэжных галінах, і спакойна
дыхае так.

Там, у цішы, схаваны мой ліст –
я схаваны, не гоніць вецер,
малы клопат, што падаюць дні,
калі ведаю: падае ўсё на свеце.

6.
Хтосьці доўга нахіляецца нада мной.
Цень не цяжкі на краю брыва.
Быццам святло, поўнае зелені,
быццам зелень, але без адценняў,
зелень безназоўная, бо вырасла з кропляў
крыві.

І гэта добра, гэтае нахіленне, поўнае разам
і холаду, і жару,
якое асядае ўва мне і застаецца па-над мной,
хоць праходзіць далёка – але тады робіцца
верай
і поўняй.

І гэта добра, гэтае нахіленне, поўнае разам
і холаду, і жару,
гэтакай маўклівай узаемнасці.

Замкнёны ў такім абдымку – як дотык
да твару,
пасля якога наступаюць здзіўленне і ціша
без аніводнага слова,
якая нічога не спасцігае, нічога не
раўнаважыць –
у такой цішы ўзношу над сабой нахіленне
Бога.

7.
Пан, калі сэрца пусціць, ёсць як кветка,
якая прагне сонечнага цяпла.
І ты, святло, прыходзь з глыбіняў нязведанага
дня
і прычальвай да майго берага.

Палай не блізка ад неба
і не далёка.
Памятай, сэрца, гэты позірк,
у якім цэлая вечнасць цябе чакае.

Схіліся, сэрца, схіліся, сонца ўзбярэжжа,
заімглёнае ў глыбінях вачэй,
над недасягальнаю кветкай,
над толькі адной з ружаў.

8.
Што гэта значыць – магу столькі
заўважыць, калі нічога не бачу,
калі ўжо за краем зямлі села апошняя птушка,
калі хваля схавала яе ў шкле –
падаю яшчэ ніжэй,
правальваюся з птушкаю разам у плыні халоднай шкла.

Чым больш напружваю зрок, тым менш бачу,
і нахіленая вада над сонцам адбіваецца тым бліжэй,
чым далейшы ад сонца цень яе аддзяляе,
чым далейшы ад сонца цень аддзяляе маё жыццё.

Значыць, у змроку ёсць столькі святла,
колькі жыцця ў расквітнелай ружы,
колькі Бога, які ступае
берагамі душы.

9.
Паволі ў словаў адбіраю ззянне,
думкі ганю, як грамадаў цені,
– паволі ўсё напаўняю пусткай,
што чакае дня стварэння.

Усё таму, каб адчыніць прастору
для Тваіх працягнутых рук,
каб наблізіць вечнасць,
у якой мог бы дыхаць.

Ненасычаны адным днём стварэння,
хачу ўсё болей той пусткі,
каб схіліць сэрца да натхнення
Твае Любові.

10.
За тую хвіліну, поўную дзіўнай смерці,
якая цячэ ў бязмежную вечнасць,
за дотык лёгкага жару,
у якім сад глыбокі – як непрытомны.

Перамяшаліся хвіліна і вечнасць,
кропля праглынула цэлае мора –
сыпецца сонечная ціша
ў глыбіні таго заліва.

Ці жыццё гэта хваля здзіўлення, хваля вышэй за смерць?
Дно цішы, затока заліва – самотныя чалавечыя грудзі.
Адгэтуль адплываюць на неба,
калі выхілішся з лодкі,
перамешваецца шчабятанне
дзяцей – і здзіўленне.

11.
Абагаўляю цябе, духмянае сена, бо не знаходжу ў табе
пыхі спелага калосся.
Абагаўляю цябе, духмянае сена, бо ты прытуліла
Дзіця босае.

Абагаўляю цябе, сырое дрэва, бо не знаходжу скаргі
ў тваім апалым лісці.
Абагаўляю цябе, сырое дрэва, бо хавала Яго
плечы
ў скамянелых кроплях крывавых.

Абагаўляю цябе, бледнае святло пшанічнага
хлеба,
дзе вечнасць затрымалася на хвіліну,
калі падплывала да нашага берага
патаемнаю сцежкай.

12.
Аж сюды дайшоў Бог і спыніўся за крок
ад прорвы,
так блізка да нашых вачэй.
Здалося сэрцам адкрытым, здалося сэрцам
простым,
што знік Ён у цені калосся.

А калі вучні галодныя лускалі зярняты
пшаніцы,
яшчэ глыбей апусціўся ў ніву.
– Прашу, мае мілыя, навучыцеся ад Мяне
тае сховані.
Я трываю там, дзе Я скрыты.

Скажыце, узнёслыя каласы, ці ведаеце,
дзе затаіўся?
Дзе шукаць Яго – каласы, скажыце,
дзе шукаць Яго ў гэтых плёнах?

13.
Бог спачываў у сэрцы і Сусвеце,
але Сусвет астываў,
паволі рабіўся песняй Яго Розуму,
найбліжняй зоркай.

Апавядаю вам пра вялікае здзіўленне,
майстры Элады:
не варта сцерагчы побыту, які вырываецца
з рук,
ёсць сапраўдная Прыгажосць,
схаваная пад жывой крывёю.

Кавалак хлеба сапраўдней, чым Сусвет,
больш поўны ён быцця і Слова
– песня, як разліў мора,
– бездань сонца,
– выгнанне Бога.

14.
Сыне, калі адыдзеш, паглынальная адвечная
глыбіня,
дзе ўбачыў Я ўсё –
Ойча, Любоў – гэта неабходнасць
узмацнення хвалою.

Сыне, глянь, недалёка ад Твае яснасці
наліваюцца спелыя каласы –
Прыйдзе той дзень, калі адбяруць Тваё ззянне,
калі Тваю яснасць аддам зямлі.

Ойча, глянь, недалёка ад мае любові
мой позірк,
які абвівае навечна
гэты дзень, у якім наліваецца зелень.

Рукі Твае здымуць з маіх плячэй –
Сыне, бачыш гэтае знішчэнне,
ззянне Тваё, калі прыйдзе дзень,
аддам калоссю набрынялай зямлі.

Ойча, рукі, знятыя з Тваіх плячэй,
спаўю з абдзертым ад зелені дрэвам,
бледным пшанічным святлом наталю
гэта ззянне, якое ў каласы пераменіш.

Сыне, калі адыдзеш, Любоў адвечная,
хто атуліць Цябе плыняй найбліжняй?

Ойча, пакідаю Твой позірк, заліты сонечным
разлівам,
выбіраю людскія вочы –
выбіраю людскія вочы, залітыя пшанічным
святлом.

15.
Стаць перад Табой вось так і глядзець тымі
вачыма,
у якіх збягаюцца дарогі ўсіх зорак –
О, вочы, несвядомыя Таго, Хто ў вас ёсць,
Хто адбірае ў Сябе і ў зорак бязмежнае зянне.

Таму – яшчэ менш ведаць, але яшчэ больш
верыць.
Паволі апускаць павекі перад святлом,
поўным мігцення,
потым адпіхнуць зрокам наплыў азораных
узбярэжжаў,
над якімі ўжо завісае дзень.

Божа блізкі, перамяні заплюшчаныя вочы
у вочы шырока расплюшчаныя –
і слабы павеў душы, што дрыжыць між
пялёсткаў ружы,
атулі агромністым ветрам.

16.
Часта думаю пра той дзень, калі ўбачу,
пра дзень, поўны здзіўлення
з той Прастаты,
з якой схоплены гэты свет,
і ў якой існуе некранутым
аж датуль
– і яшчэ даўжэй, чым датуль.

А тады простая неабходнасць робіцца ўсё большым
смуткам
па тым дні,
калі ўсё атуліць такая бязмежная Прастата
подыхам любові.

17.
Забяры мяне, Настаўнік, у Эфрэм і дазволь там
застацца з Табою,
дзе ўзбярэжжы далёкай цішы ападаюць на крылы
птушак,
як зелень, як бурлівая хваля, некранутая рухам вясла,
як шырокія кругі на вадзе, на запалошаныя ценем
страху.

Дзякуй, што месца для душы адсунуў так далёка
ад гаму
і што там прабываеш па-сяброўску аточаны дзіўным
убоствам
Бязмежны, ледзь-ледзь займаеш малюткую келлю,
любіш месцы, дзе бязлюдна і пуста.

Бо Ты ёсць сама Ціша, вялікае Маўчанне,
вызвалі мяне ўжо ад голасу,
а прасякні толькі трымценнем Твайго існавання,
трымценнем ветру у спелым калоссі.

Пераклаў з польскай
Алесь ЧОБАТ.

Аб аўтары...

Выдавецтвам "Pro Christo" выдадзена кніга
К. Вайтыла \ Ян Павел ІІ "ПАЭЗІЯ. ВЫБРАНАЕ \ РЫМСКІ ТРЫПЦІХ".


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY