Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Аляксей ЯРОМЕНКА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ


Ордэн бернардзінцаў быў створаны ў Іспаніі ў 1415 г. у выніку рэформы францішканскага ордэну, праведзенай Бернардам Сіенскім. У Еўропе манахі гэтага ордэну больш вядомыя як францішкане-абсерванты, а на тэрыторыі Рэчы Паспалітай за імі замацавалася назва «бернардзінцы» (паводле імя заснавальніка ордэну). Асноўным заняткам бернардзінцаў была місіянерская і пастырская дзейнасць.

На нашых землях манахі бернардзінцы ўпершыню з'явіліся ў Гародні ў 1494 г. У Мінску яны з'явіліся другімі з адзінаццаці манаскіх аб'яднанняў, што асталяваліся ў горадзе ў ХVII–ХVІІІ стст. Толькі на 10 гадоў іх апярэдзілі манахі дамініканскага ордэну. Затое бернардзінцы адразу заснавалі і мужчынскі, і жаночы кляштары, якія занялі паўночна-заходнюю частку плошчы Верхняга рынка (цяпер плошча Свабоды). Кляштары выходзілі на плошчу бакавымі фасадамі касцёлаў – святога Юзафа (мужчынскага кляштара) і Наведвання Найсвяцейшай Марыі Панны (жаночага кляштара). Будынкі кляштараў ад плошчы спускаліся ўніз да Свіслачы, займаючы ўвесь квартал. Між імі ад ракі да плошчы ішла вуліца Вялікая бернардзінская – цяпер вуліца Кірылы і Мяфодзія.

Сучасны выгляд комплексу бернардзінскіх кляштараў.
Мужчынскі кляштар ордэну бернардзінцаў быў заснаваны ў Мінску ў 1624 годзе па фундацыі краснасельскага старосты Андрэя Кансоўскага і яго брата Яна. Згодна з фундацыяй бернардзінцам пад рэзідэнцыю перадаваўся драўляны дом на ўсходнім баку Верхняга рынка. У 1628 г. гэты фундуш пацвердзіў Яўстафій Валовіч, віленскі біскуп. У 1630-я гг. бернардзінцы ўзвялі драўляныя касцёл і канвент і занялі ўжо ўвесь вугал квартала, утвораны рынкавай плошчай і Бернардзінскай вуліцай. Як выглядаў першы бернардзінскі кляштар у Мінску, невядома, бо ўвесь комплекс згарэў у 1644 г. Пасля пажару да 1652 г. былі нанова пабудаваныя (ужо каменныя) касцёл пад тытулам святога Юзафа і кляштарны корпус. Кляштар яшчэ некалькі разоў гарэў (у 1656 г., 1740 г., 1835 г.), але кожны раз адбудоўваўся. Найбольш значная рэканструкцыя была зроблена ў 1752 г., у выніку чаго кляштар і набыў рысы сталага барока. З цягам часу комплекс мужчынскага бернардзінскага кляштара заняў увесь квартал паміж Вялікай, Малой бернардзінскімі, Зыбіцкай вуліцамі і плошчай Верхняга рынка.

Выява кляштара бернардзінцаў на карце Г. Ляйбовіча «Бернардзінскія мужчынскія кляштары Літоўскай правінцыі». 2-я палова XVIII ст.
На гравюры з карты бернардзінскіх кляштараў Літоўскай правінцыі ордэну, выкананай майстрам Гершкам Ляйбовічам у 2-ой палове ХVІІІ ст., кляштар у Мінску паказаны без бакавых наваў, з масіўным купалам у цэнтры. Безумоўна, гэта ўсяго толькі схема, але яна дае нейкае ўяўленне пра тое, як выглядаў кляштар да рэканструкцыі 1752 г.

У канцы ХVІІІ ст. комплекс бернардзінскага кляштара складаўся з касцёла, які ўтвараў замкнёнае карэ вакол унутранага двара, брацкага корпуса, некалькіх каменных і драўляных флігеляў, а таксама гаспадарчых пабудоваў. Увесь квартал, які займаў комплекс, быў абнесены высокай каменнай агароджай з брамамі, галоўная з якіх (тая, што знаходзілася перад касцёлам) мела трохпралётную кампазіцыю, завершаную «вазонамі точанымі».

Касцёл святога Юзафа належаў да тыпу бязвежавых базылікаў. Амаль квадратны аб'ём храма падзяляўся шасцю апорамі на тры навы, цэнтральная з якіх завяршалася падоўжным прэзбітэрыем з трохграннай апсідай, якую падпіралі два магутныя контрфорсы. Дамінантай комплексу быў галоўны фасад касцёла – крывалінейная плоскасць, багата дэкараваная слаёнымі пілястрамі, падзеленая шматпрофільнымі карнізамі на чатыры ярусы, завершаная высокім франтонам складанага крывалінейнага абрысу. Хутчэй за ўсё, крывалінейнымі паўфрантонамі завяршаліся і тарцы бакавых наваў на галоўным фасадзе, але сёння яны страчаныя. Кампазіцыя фасада вянчалася «копулкай малой», падобная да яе сігнатурка завяршала 2-схільны гонтавы дах над прэзбітэрыем. У нішах уваходнага фасада стаялі скульптуры святых, «у вокнах фасада віселі тры званы» (напэўна, гаворка ідзе пра вокны ў тарцах бакавых наваў, праўда, у інвентары 1796 г. згадваюцца і «малыя вежачкі, на якіх званоў 4»). Інтэр'ер касцёла быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі над вокнамі, скляпенне над прэзбітэрыем было распісана. Бакавыя навы завяршаліся двума перакрытымі крыжападобнымі скляпеннямі з ляпным дэкорам і капліцамі, адну з якіх у 1676 г. фундаваў Кшыштаф Завіша. На хорах, куды вяла вінтавая лесвіца ў тоўшчы сцяны галоўнага фасада, меўся арган на 10 галасоў. На пачатку ХІХ ст. яго змяніў новы шыкоўны арган «на 22 галасы і з 4-ма мяхамі». Пад касцёлам, у крыпце, спачывалі прадстаўнікі вядомых шляхецкіх і магнацкіх родаў – Завішы, Кенсоўскія, Тышкевічы.

Выгляд комплексу былога кляштара ў пач. ХХ ст. Фота з архіва НГМБ.
Інтэр'ер Юзафаўскага касцёла ўпрыгожвалі 9 каменных, атынкаваных і дэкараваных гіпсавай лепкай алтароў. Вялікі алтар падзяляў апсіду на перадалтарную частку і хор за ёй. Кампазіцыя на тарцовай сцяне апсіды ўяўляла з сябе велічнае Ўкрыжаванне, што абапіралася на барочны антаблемент з фігуркамі анёлаў, які неслі калоны і пілястры са статуямі чатырох евангелістаў. Пад Укрыжаваннем былі фігуры Маці Божай і Яна Хрысціцеля. Праём прэзбітэрыя фланкіравалі два двухярусныя алтары, «гэткай жа архітэктуры», што і галоўны. У левым, над абразом Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнага Пачацця, у сярэбранай і пазалочанай шаце быў абраз святой Барбары. У правым, над абразом святога Антонія ў сярэбранай шаце і пазалочанай кароне, мясціўся абраз святога Банавентуры. Пры гэтым алтары былі статуі святога Бернарда, заснавальніка ордэну (злева), і святога Вінцэнта Ферарскага. У алтары левай капліцы, над абразом Езуса Укрыжаванага, была гіпсавая выява святой Веранікі, а таксама статуі святых Канстанціна і Алены. У правай капліцы алтар св. Францішка вянчала ляпная выява святых Францішка і Дамініка ў атачэнні серафімаў у воблаках. Пры гэтым алтары былі статуі св. Сікста V Папы (злева) і св. Мікалая ІV Папы. Каля бліжэйшых да прэзбітэрыя апораў знаходзіліся алтары, кампазіцыі якіх завяршаліся багатай гіпсавай ляпнінай, якая адлюстроўвала слупы, берлы, анёлаў. У левым алтары абраз святога Юзафа атачалі статуі святых Марціна і Пятра, у правым абраз святой Ганны акружалі статуі святых Захарыі і Альжбэты. І яшчэ два алтары знаходзіліся каля апораў у цэнтры санктуарыя. У левым – абраз святой Тэклі ў атачэнні статуй святых Вікторыі і Ісідара вянчаўся гіпсавай выявай святой Мехільды. У правым алтары кампазіцыя з абразом Святой Марыі Магдалены завяршалася гіпсавай лодкай св. Пятра ў атачэнні воблакаў і анёлаў. Тут жа стаялі статуі св. Агнежкі (злева) і св. Марты.

Да паўночна-заходняга фасада касцёла св. Юзафа прымыкаў «кляштар мураваны ў тры лініі, у дзвюх лініях ... па два паверхі, а ў трэцяй папярочнай, пад гарой пабудаванай, тры паверхі ... лініі завяршаюць сабой квадрат з агародам і альтанкай з кветкамі» і пладовымі дрэвамі. У карпусах знаходзіліся келлі манахаў, трапезная, бібліятэка, архіў, іншыя памяшканні. Фасады тарцоў корпуса таксама завяршаліся фігурнымі франтонамі (захаваўся толькі адзін, які далучаецца да галоўнага фасада касцёла).

План кляштара бернардзінцаў і касцёла св. Юзафа на ўзроўні 0.00. Рэканструкцыя на 1818 г. А. Яроменкі. 1. Фурта (вахта). 2. Пакой фурціяніна і слуг. 3. Кельі манахаў. 4. Памяшканні архіва. 5. Калідоры. 6. Кладоўка прыёра. 7. Памяшканні прыёра. 8. Пякарня. 9. Кухня. 10. Рэфектаж (трапезная). 11. Закрыстыя. 12. Скарбій. 13. Хор законны. 14. Клаўструм.
Алтары:
A. Галоўны алтар. B. Беззаганнага Пачацця Панны Марыі. C. Св. Антонія. D. Капліца Бічавання Езуса. E. Капліца св. Францішка. F. Св. Юзафа. G. Св. Ганны. H. Св. Тэклі. J. Марыі Магдалены.
У кляштары звычайна жыло 20–25 законнікаў. Яшчэ ў 1753 г. на ахвяраванні Я.Юдзіцкага, рэчыцкага харунжага, тут было заснавана брацтва святой Ганны. Пры кляштары працавала школа філасофіі, дзе 2 выкладчыкі навучалі 8–12 студэнтаў. У 1819 г. адчынілася пачатковая школа навучання па сістэме Бэла-Ланкастэра, якую наведвалі каля 90 навучэнцаў. Да 1817 г. квартал кляштара ад плошчы Верхняга рынка адсекла галерэя гандлёвых радоў, якія арганічна ўпісаліся ў комплекс кляштара (тады іх часта называлі «бернардзінскімі крамамі»).

У 1832 г. кляштар бернардзінцаў застаўся апошнім з васьмі мужчынскіх каталіцкіх кляштараў Мінска – астатнія былі зачыненыя пасля задушэння паўстання 1831 г. Пасля наступнага паўстання 29 жніўня 1864 г. з прычыны хваляванняў сярод манахаў кляштар ліквідавалі, будынкі перадалі ва ўласнасць горада, а зямлю – у казну. У выніку касцёл святога Юзафа быў прыстасаваны пад праваслаўную палкавую царкву святых Кірыла і Мяфодзія (з 1872 г. святыню перабудавалі пад архівы, шыкоўны франтон касцёла разабралі, дах намнога панізілі), а ў карпусах размясціліся казармы Каломенскага пяхотнага палка і Дзяржаўная следчая камісія, якая займалася справамі ўдзельнікаў нядаўняга паўстання – такім чынам карпусы былі прыстасаваныя пад самую звычайную турму.

У 1983 г. знешні выгляд комплексу, абвешчанага помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння, быў рэстаўраваны. Над касцёлам зноў з'явіўся франтон, узнёсся чарапічны дах (арх. Г.Босак). Унутры ж, на жаль, усё засталося па-ранейшаму: былы касцёл падзелены перакрыццямі на пяць паверхаў – тут змешчаны Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў літаратуры і мастацтва Беларусі. У карпусах кляштара – вайсковыя камендатура і пракуратура.

Архітэктары А. Яроменка, І. Радзевіч.
Фота А. Яроменкі.


Літаратура
  1. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1993.
  2. Хольц Л. История Христианского монашества. Спб., 1993.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996–99.
  4. Пазняк З. Рэха даўняга часу. Мн., 1985.
  5. НГА Б, Ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 256, 265, 285, 340.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY