Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Алесь ЖЛУТКА

БАЛТЫЙСКІЯ ШЛЯХІ ХРЫСЦІЯНСТВА

Шляхі славянаў на ўсход

Надзвычай высокі сацыяльна-эканамічны і культурны ўзровень, дасягнуты палабскімі і паморскімі славянамі ў VІІІ–Х стст., наяўнасць буйных гандлёвых цэнтраў на моры, добра развітае мараплаўства давалі магчымасць падтрымліваць дальнія сувязі на Балтыцы, здзяйсняць далёкія марскія падарожжы, у т.л. і на ўсход. Сёння ёсць шэраг пераканаўчых падставаў для сцвярджэнняў пра перасяленне асобных групаў славянскага насельніцтва з палабска-паморскіх земляў у рэгіён Старой Ладагі, Ноўгарада і Пскова. Археолагі, напрыклад, адзначаюць падабенства жытлаў, элементаў абарончых умацаванняў, керамікі пскоўска-ноўгарадскага рэгіёну VІІІ–Х стст. з палабска-паморскімі1. Ёсць паралелі і ў антрапалогіі. У прыватнасці, найбліжэйшыя аналогіі да раннесярэднявечных чарапоў ноўгарадцаў выяўляюць чарапы абадрытаў з Мекленбурга2. Навукоўцы знаходзяць таксама падабенствы ў рэлігійных поглядах, паданнях, звычаях, некаторых юрыдычных нормах, геаграфічнай наменклатуры і антрапаніміцы ноўгарадскіх і балтыйскіх славянаў3. У мове ноўгарадцаў і пскавічоў лінгвісты адкрываюць заходнеславянскія рысы.

Апрача тыпалагічнай блізкасці, якая вынікае з заходняга паходжання крывічоў і славенаў, некаторыя знаходкі ў ранніх гарадзішчах Ноўгарадчыны і Пскоўшчыны дазваляюць меркаваць пра перамяшчэнне сюды асобных групаў заходнеславянскага насельніцтва ў ІХ–Х стст. Пра гэта сведчаць адкрытыя ў «Гарадку» на Ловаці і ў гарызонце «д» Старой Ладагі ганчарныя вырабы, якія цалкам адпавядаюць заходнеславянскай кераміцы торнаўскага і фрэзендорфскага тыпу з палабска-паморскага рэгіёну. З'яўленне гэтай керамікі ў «Гарадку» на Ловаці В.Гарунова звязвае з асяданнем тут групы славянаў, якія прыбылі з паўднёва-заходняй Балтыкі водным гандлёвым шляхам4. Варта дадаць, што фельдбергерская і фрэзендорфская кераміка ІХ ст. выяўлена і пры раскопках у Бірцы5.

Прамежкавымі, перавалачнымі пунктамі гандлю і славянскіх перасяленняў з захаду на ўсход былі, відаць, калоніі ў прыморскіх абшарах Прыбалтыкі. Існаванне тут некалі значнай колькасці славянскіх паселішчаў даводзіцца, перш за ўсё, матэрыяламі тапанімікі, асабліва наяўнасцю назваў рэк і населеных пунктаў з асновамі Vind–(Wind-), Vent–(Went-), Ven–(Wen-), якія, на думку лінгвістаў, паходзяць ад племяннога наймення палабскіх славянаў – вендаў. Пра гэта ж сведчаць старажытныя запазычанні ў мясцовыя балцкія і фінскія мовы, якія маюць заходне-славянскае паходжанне, а таксама археалагічныя дадзеныя6.

Найбольш відавочныя сляды заходнеславянскай каланізацыі навукоўцы знаходзяць на тэрыторыі старажытнай Куроніі (Курляндыі), якую лакалізуюць на заходнім узбярэжжы сённяшняй Латвіі. Адно з прыморскіх паселішчаў вендаў знаходзілася ў вусці р.Венты (Віндавы), што ўпадае ў Балтыйскае мора. Паводле «Хронікі Лівоніі» Генрыка Латышскага, які жыў у ХІІІ ст., пазней група вендаў была прагнаная з гэтай мясціны курамі і перасялілася ў вусце Дзвіны, а потым далей на ўсход7. Славянскасць колішняга насельніцтва ля р.Венты пацвярджаецца матэрыяламі раскопак, а таксама даследаваннямі антрапалогіі сучасных жыхароў гэтага рэгіёну. Славянскія рысы выяўляюць і могільнікі ў раёне Ліепаі і Гробіна, дзе археолагі знаходзяць і скандынаўскія старажытнасці. Магутныя абарончыя збудаванні гарадзішча VІІІ ст. Кентэскаліс каля г.Огрэ маюць найбліжэйшыя аналогіі з заходнеславянскімі8.

Як лічыць Д.Зяленін, праз Прыбалтыку адбывалася міграцыя заходніх славянаў на ўсход9. У Ладагу і Ноўгарад, відаць, маглі перамяшчацца перш за ўсё некаторыя прадстаўнікі бодрычаў. На беларускія землі, як даводзяць В.Пануцэвіч і П.Урбан, перамяшчаліся, перадусім, выхадцы з земляў вільцаў-люцічаў10. Руяне-рутэны маглі трапляць як у рэгіён Полацка і Смаленска, так і на ноўгарадска-пскоўскія землі. Перамяшчэнне магло адбывацца як воднымі шляхамі, гэтак і сушаю, некалькімі этапамі і не насіла глабальнага характару. Адным з верагодных шляхоў магчымай міграцыі мог быць Нёман. Прынамсі, беларуска-літоўскія летапісы ХV–ХVІ стст. фіксуюць нейкі няясны ўспамін пра такое перасяленне ў выглядзе легенды пра прыход з-за мора Палемона – роданачальніка літоўска-беларускай знаці. Выпадак перасялення палабскіх славянаў, якія рухаліся па сушы на поўдзень, зафіксаваны яшчэ ў 736 г.11 Ёсць падставы меркаваць, што адток насельніцтва з палабска-паморскага рэгіёну павялічыўся з узмацненнем тут нямецкай экспансіі ў канцы ІХ–Х стст.

Дзеі Рорыка Ютландскага і місія св.Ансгара

У Старой Ладазе адкапаны таксама скандынаўскі могільнік, сінхронны пластам з заходнеславянскай керамікай. Датуюць яго 850–925 гг. На сёння даследавана 15 курганаў гэтага могільніка. У 7 ці 8 з іх былі пахаванні паводле абраду спальвання, а ў адным – пахаванне ў драўлянай камеры, аналагічнае знойдзеным у Гэдэбю і Бірцы12. У Бірцы з пахаваннямі ў драўлянай камеры звязваюць пашырэнне хрысціянства ў час місіі Ансгара. Гэты могільнік, на думку даследчыкаў, мог быць пакінуты варагамі, якія, паводле «Аповесці мінулых гадоў», былі прызваныя «княжит и володети» ва ўсходнеславянскіх землях, магчыма, нават самой рурыкаўскай дружынай13.

Летапіснага Рорыка некаторыя даследчыкі атаесамляюць з рэальнаю асобаю – адным з дробных дацкіх конунгаў Рорыкам (Hroerekr) Ютландскім, які выйшаў на гістарычную арэну ў першай палове ІХ ст. Пачынаючы з 811 г. у Даніі разгарэлася міжусобная вайна за каралеўскую ўладу паміж дзвюма партыямі – сынамі Годфрэда і сынамі Гальфдана. Сыны Гальфдана, пацярпеўшы ў гэтым змаганні паразу, спачатку мусілі шукаць прытулку ў абадрытаў, а потым звярнуліся за падтрымкаю да нямецкага імператара Людовіка Пабожнага (814–840 гг.). Пасля смерці двух сваіх братоў, пры няпэўным становішчы пры двары трэцяга, прыхільнасць імператара здабыў чацвёрты – Гаральд. Яго пляменнікам і быў Рорык (менш пераканаўчае меркаванне пра тое, што Рорык быў пятым братам сыноў Гальфдана). Людовік паабяцаў Гаральду сваю дапамогу, калі гэтага запатрабуюць абставіны, і пасяліў яго ў памежнай з дацкімі землямі Саксоніі14. Саксы былі падпарадкаваныя і ахрышчаныя яшчэ Карлам Вялікім, які заснаваў на іх тэрыторыі восем біскупстваў. Тады ж прынялі хрост і фрызы15.

Археалагічныя сведчанні гандлёвых
кантактаў і культурных уплываў:
фрызскі посуд –
прадмет балтыйскага гандлю.
Вырабы гібрыднага тыпу з Гнёздава.
Прымаючы ў сябе дацкіх выгнанцаў, Людовік, відаць, імкнуўся мець у сваіх руках рычаг уплыву на ваяўнічых паўночных суседзяў, а таксама выношваў планы хрысціянізацыі Даніі і славянаў. Пад яго ўплывам Гаральд разам з жонкаю, сынам, пляменнікам і вялікай колькасцю іншых датчанаў у 826 г. урачыста прыняў хрост у Майнцы. Не выключана, што пляменнікам быў Рорык, хоць Г.Лаўмяньскі схільны адносіць яго хрост на пазнейшы час – каля 862 г. Пра намеры імператара ў сувязі з хростам Гаральда красамоўна сведчыць «Жыццё Ансгара»: «Потым надумаў ён знайсці адданага Пану Богу мужа, які б заўсёды быў з конунгам як яго спадарожнік і быў для яго і яго людзей настаўнікам у святым Евангеллі для ўмацавання і аховы іх веры ў Бога. Хацеў ён выправіць таго (Гаральда – А.Ж.) назад на радзіму, каб той, падтрыманы яго дапамогаю, змог спагнаць назад свае ўладанні»16.

Такім чынам разам з войскам Гаральда ў Данію выйшаў самы выдатны хрысціянскі дзеяч ІХ ст., названы пазней «Апосталам Поўначы», Ансгар. Паходзіў святы з французскай Пікардыі і ўжо з маленства быў аддадзены на выхаванне ў кляштар Корбі (ці на лаціне Corbeia пад г. Ам'енам у паўночна-ўсходняй Францыі ля пратокі Ла-Манш). Кляштар, які ў 657 г. адпачкаваўся ад заснаванага св.Калюмбанам Люксэя, грунтаваўся на калюмбанска-бенедыктынскай рэгуле і быў адным з найвыдатнейшых асяродкаў ірландска-франкскага манаства17. У 822 г. імператар Людовік Пабожны заснаваў кляштар Новая Карбея ў Саксоніі на р.Везеры, куды пасяліў з французскага Корбі групу манахаў, сярод якіх быў і св.Ансгар18. Як сведчаць Сакс Граматык і Гэльмольд, новакарбейскія манахі, часам з небяспекаю для жыцця, адважна абвяшчалі Слова Божае сярод палабскіх славянаў. Але найбольшага поспеху, на думку храністаў, яны дасягнулі ў руянаў, якіх навярнулі ў хрысціянства і нават збудавалі на в.Руген храм пад вызваннем св.Віта. Аднак пазней руяне адпалі ад веры.

Працаваў над навяртаннем славянаў і сам св.Ансгар19. Пачынаючы сваю паўночную місію, ён выкупляў з палону дацкіх і славянскіх хлопчыкаў, «каб выхаваць іх на служэнне Богу»20. Магчыма таму, пазней св.Ансгар, апрача іншых прадстаўнікоў народаў Поўначы, быў прызначаны папскім легатам таксама і для славянаў21. У Даніі ўжо да прыходу сюды «Апостала Поўначы» ў 822 г. адбылася місія Рэймскага арцыбіскупа Эбона, якому ўдалося ахрысціць некаторых датчанаў22. Разам з Гаральдам праз фрызскі Дорэстад Ансгар прыбыў у Данію. Гаральд здолеў прыйсці да ўлады, і місіянер нейкі час прапаведваў датчанам, а затым, відаць з Гэдэбю, накіраваўся морам у г.Бірку ў Швецыі23. Там, на падараванай шведскім конунгам зямлі, ён каля 830 г. збудаваў першы касцёл. След гэтай першай місіі археолагі бачаць у з'яўленні адмысловых пахаванняў па абраду трупапалажэння ў ямах і драўляных камерах24. Пасля вяртання з Швецыі ў 831 г. Ансгар быў пастаўлены арцыбіскупам Гамбургскім. Арцыбіскупства задумлялася яшчэ Карлам Вялікім як мітраполія для ўсіх славянаў і датчанаў25.

«Пагоні» славянскіх уладароў палабскага рэгіёну:
Пячатка маркграфа Ота з Мэйсэна (1161 г.)
Пячатка князя Мікалая
з Ростака (1289 г.)
Пячатка князя Віцлава ІІ
з Ругена (1291 г.)
Тым часам Гаральд другі раз быў прагнаны з Даніі сынамі Годфрэда і зноў папрасіў дапамогі ў імператара для барацьбы са сваімі супернікамі. Нейкі час ён вёў з імі вайну на дацка-саксонскай мяжы ля р.Эйдэр. Гаральд, яго брат Гэмінг, сын Гаральд малодшы і пляменнік Рорык у розны час атрымалі ў лен ад Людовіка Пабожнага ўладанні на ўзбярэжжы Фрызіі, забяспечваючы ахову ад марскіх нападаў вікінгаў, перадусім, дацкіх. Рорык пасля 834 г., а магчыма, і з 826 г. валодаў Дорэстадам. Пасля смерці Людовіка Пабожнага Рорык, выкарыстоўваючы суперніцтва яго сыноў Людовіка Нямецкага і Лотара, замацаваў свае пазіцыі ў Фрызіі і рабіў пірацкія рэйды на землі Лотара26.

У гэты час адбываліся важныя падзеі на тэрыторыі Германіі. Датчанамі ў саюзе з абадрытамі быў дашчэнту зруйнаваны Гамбург і арцыбіскупства. Таму Людовік Нямецкі аб'яднаў арцыбіскупства з брэменскім біскупствам (у 847–848 гг.) і зрабіў іх кіраўніком арцыбіскупа Ансгара. З гэтага часу місіянер стаў часта наведваць Данію (мабыць, у якасці нямецкага пасланніка) і навязаў добрыя стасункі з дацкім каралём. Кароль дазволіў яму хрысціць усіх ахвотных і заснаваць два касцёлы – у Гэдэбю і Рыбе. Каля 850 г. святы зрабіў другую місійную паездку ў шведскую Бірку, дзе таксама закладаў храмы і хрысціў паганцаў. Згодна са словамі храніста, ад таго часу «хрысціянства... у Даніі і Швецыі нагэтулькі ўмацавалася, што калі часам і вагалася пры навальніцах пераследаў, але ніколі да канца не выкаранялася»27. Сінхронна са шведскаю місіяй Ансгара адбылася нейкая марская выправа датчанаў на Бірку, а адтуль на «аддаленую крэпасць зямлі славянаў». Некаторыя даследчыкі схільныя лічыць гэтай крэпасцю Ноўгарад, альбо паморскі Волін, хоць не выключана, што гэта была адна са славянскіх калоній на ўзбярэжжы Прыбалтыкі. Заўважым, што датчане зрабілі прыкладна тады ж няўдалы напад на куршаў28. Усе місійныя паездкі Ансгара павінны былі праходзіць праз тырыторыі, кантраляваныя Рорыкам. Магчыма, у некаторых з іх ён сам мог браць удзел альбо дапамагаць дзейнасці місіянера.

Марскія рэйды Рорыка на землі імператара Лотара змусілі таго пайсці на саступкі і ўкласці з Рорыкам дамову, нават дазволіўшы яму каля 857 г. стварыць флатылію, мэтаю якой маглі быць вайсковыя ці гандлёвыя аперацыі. Рорык прэтэндаваў таксама на нейкія, відаць, родавыя ўладанні ў паўднёвай Даніі. Новы дацкі кароль Горык (ці Эйрык) ІІ саступіў яму частку каралеўства паміж Паўночным морам і р.Эйдэрам29. Такім чынам, у 857 г. у руках Рорыка павінна была апынуцца паўднёва-заходняя частка Ютландскага паўвострава. Ён кантраляваў і Дорэстад і выхад на захад да паўднёва-дацкага гандлёвага цэнтра Гэдэбю. На поўдні па р.Эйдэру ён меў мяжу з саксамі і абадрытамі, а менавіта з ваграмі. Здаецца, з абадрытамі ён каардынаваў свае пазнейшыя напады на саксонскія землі30.

Хрысціянская спадчына Рорыка

У 863 г. Рорык яшчэ знаходзіўся на Захадзе. Недзе ў гэты час, як лічаць А.Кірпічнікаў, І.Дубаў і Г.Лебедзеў, яго і маглі запрасіць да сябе ладажскія славяне31. Паводле Іпацеўскага летапісу, Рорык з дружынаю «придоша к словеном первее и срубиша город Ладогу» (маецца на ўвазе ўмацаванае гарадзішча для абароны ад знешніх нападаў). Пасля гэтага ён пайшоў да в.Ільмень і на р.Волхаў «сруби город и прозваша и Новгород». Такія ж умацаванні ён загадаў збудаваць і ў іншых усходнеславянскіх палітычных цэнтрах: «и роздая мужем своим волости и городы рубити: овому Польтеск, овому Ростов, другому Белоозеро»32. Каля 870 г. Рорык меўся вярнуцца на Захад, каб урэгуляваць маёмасныя адносіны з франкскім і нямецкім каралямі. Не пазней за 874 г. ён зноў прыбыў да славенаў і, паводле летапісу, памёр тут у 879 г.33 Гэтая версія паходжання легендарнага Рорыка пры пэўнай гіпатэтычнасці мае і шэраг перавагаў. У прыватнасці, яна ўказвае на крыніцу хрысціянскасці Аскольда і Дзіра, якая арганічна спалучалася з хрысціянскім веравызнаннем самога Рорыка-Рурыка. Яна магла б вытлумачыць і з'яўленне ў пахаванні канца ІХ ст. стараладажскага могільніка інгумацыі ў яме з драўлянай камерай. Даволі верагодна, што хрысціянства магло пранікаць у Ладагу таксама праз фрызскіх купцоў і рамеснікаў, якія сяліліся ў горадзе ўжо з другой паловы VІІІ ст.34

Цікавыя штрыхі да рурыкавай гісторыі дадае ў сваёй працы В.Тацішчаў, спасылаючыся на незахаваны Іякімаўскі летапіс. Шмат хто з гісторыкаў лічыць гэтыя звесткі праўдзівымі. У кароткім пераказе крыніцы Тацішчавым апавядаецца пра нашчадкаў князя Славена, якія авалодалі многімі прыбалтыйскімі землямі і княжылі ў г.Вялікім. Найбольш славутымі з іх былі Вандал, Бурывой, які пашырыў сваю ўладу аж да Бярміі (частка Фінляндыі) і Гастамысл – апошні славянскі князь перад Рурыкам. Адну са сваіх трох дачок Умілу Гастамысл аддаў за варажскага князя. Аднойчы Гастамыслу прысніўся сон, у якім ён убачыў, як з улоння яго сярэдняй дачкі вырасла вялікае і плоднае дрэва, што акрыла сабою ўвесь горад Вялікі. Вешчуны, разбіраючы сон, прадказалі сыну Умілы вялікую будучыню. Таму Гастамысл перад смерцю паслаў да варагаў прасіць свайго ўнука на княжанне35.

Тацішчаў лічыць гэтыя паведамленні за ноўгарадскую версію ранняй гісторыі, супярэчную кіеўскай, выкладзенай у «Аповесці мінулых гадоў»36 . Імя князя Вандала ён суадносіць з назваю палабска-паморскіх славянаў, пададзеную ў Гельмольда як вандалы, альбо вінулы, а горад Вялікі атаясамляе са Старой Ладагай37.

Легендарная частка Іякімаўскага летапісу можа ўзыходзіць да агульнабалтыйскага фонду эпічных сюжэтаў. У прыватнасці, сон Умілы вельмі нагадвае сюжэт з Рагнхільдаю, маці нарвежскага конунга Гаральда Прыгожавалосага38. Іншыя рысы легендарнай часткі таксама могуць трактавацца як указанні на яе заходняе паходжанне. Перш за ўсё звяртаюць на сябе ўвагу імёны князёў і геаграфічныя назвы. Імёны Бурывой і Гастамысл адпавядаюць славянскім антрапонімам палабска-паморскага рэгіёну. Нагадаем, што ў 844 г. у вайне з немцамі загінуў старэйшы князь абадрытаў Гастамысл39. Храналагічна гэтая асоба магла б адпавядаць Гастамыслу Іякімаўскага летапісу. Назва Бярмія не сустракаецца ва ўсходнеславянскіх пісьмовых помніках, але звычайная для скандынаўскіх. Княскія імёны Гардарык і Гунігар супадаюць з тэрытарыяльнымі назвамі ўсходнеславянскіх тэрыторыяў, пададзенымі ў германскіх крыніцах. Пад горадам Вялікім можа хавацца абадрыцкі Мекленбург-Рэрык, які арабскі аўтар Ібрагім ібн Якуб каля 965 г. называе Веліградам, а Адам Брэменскі (памёр каля 1076 г.) Магнаполісам, што таксама азначае «Вялікі горад»40.

У такім выпадку, калі ісці за Іякімаўскім летапісам, Рурык мог нарадзіцца ад дацкага конунга і дачкі абадрыцкага князя. Такія дынастычныя шлюбы былі звычайнымі ў дачыненнях датчанаў з абадрытамі. Ёсць і іншыя падставы, каб звязваць Рурыка з абадрыцкімі князямі. Яго імя і дацкую назву Мекленбурга Рэрык часам разглядаюць як адлюстраванне наймення родавага ці племяннога татэма абадрытаў – сінеблакітнага сокала, які ў заходніх славянаў завецца «рарогам». Як выяву сокала з раскінутымі крыламі трактуюць і родавы знак рурыкавічаў, найчасцей адлюстраваны на манетах41. У кожным выпадку «рурыкаўская легенда» нейкім чынам звязаная з дацка-славянскім рэгіёнам у паўднёва-заходняй Балтыцы. Там жа трэба шукаць і вытокі азначэння «варагі» і назвы «Русь».

Знакі Рурыкавічаў на кіеўскіх манетах.
Наяўнасць у пластах другой паловы ІХ ст. Старой Ладагі побач са скандынаўскімі старажытнасцямі заходнеславянскай керамікі сведчыць пра тое, што разам з Рурыкам сюды прыбывалі і скандынавы, і палабскія славяне, сярод якіх маглі быць не толькі абадрыты але, напрыклад, і руяне-рутэны, што мелі сувязі з Ладагаю ўжо на пачатку ІХ ст. З «прызваннем Рурыка» можа быць звязаны таксама і фрызскі «след» у археалагічных гарызонтах Старой Ладагі ІХ ст. Дацкі Рорык быў хрысціянінам і калі ён тоесны Рурыку «Аповесці мінулых гадоў», то не падлягае сумневу, што і многія з яго атачэння таксама былі хрысціянамі. Вызнаўцамі хрысціянства, без сумневу, былі і фрызскія рамеснікі і купцы, якія асядалі ў Ладазе. Улічваючы службу Рорыка і яго людзей у хрысціянскай Фрызіі, адносіны з Гаральдам і нямецкім імператарам, сувязь з дацкай місіяй Ансгара, гэта можна сцвярджаць цалкам упэўнена. Вызнаўцамі хрысціянства мусілі быць перадусім «мужы», якіх Рурык пасадзіў ва ўсходнеславянскіх палітычных цэнтрах: Полацку, Растове і Белвозеры. Такім чынам полацкае хрысціянства можа мець пачатак ужо з часоў варажскага «мужа», пастаўленага ў горад Рурыкам. Ва ўсялякім выпадку, далейшая гісторыя пашырэння веры на беларускіх землях сведчыць пра старажытнасць тутэйшага хрысціянства і яго сувязі з паўднёва-заходнім берагам Балтыкі. Зрэшты дадатковы хрысціянізацыйны імпульс Полаччына магла атрымаць і ад двух іншых дружыннікаў ноўгарадскага князя.

Паводле «Аповесці мінулых гадоў», два «мужы» Рурыка Аскольд і Дыр папрасіліся ў яго ісці ў Царгарад «с родом своим». Ідучы ўніз па Дняпры, яны занялі Кіеў і пачалі кіраваць ім42. Каля 865 г., згодна з Ніканаўскім і некаторымі іншымі летапісамі, Аскольд і Дыр падпарадкавалі Полацкую зямлю43. Некаторыя гісторыкі выказваюць сумненні ў іх прыналежнасці да атачэння Рурыка альбо нават лічаць іх кіеўлянамі. Але, здаецца, іх варажскае паходжанне цяжка аспрэчыць44. Рурык перад смерцю перадаў княжанне ў Ноўгарадзе свайму родзічу Алегу, якому даверыў і выхаванне малалетняга сына Ігара. У 882 г. Алег з малым Ігарам, сабраўшы вялікае войска, якое складалася пераважна з варагаў, славенаў і крывічоў, спачатку ўзяў Смаленск, а затым захапіў Кіеў і забіў Аскольда з Дырам. Пахавалі іх «на горе... кде ныне Олъмин двор; на той могиле поставил Олъма церковь святаго Николу; а Дирова могила за святою Ориною»45.

Некаторыя даследчыкі лічаць Аскольда і Дыра хрысціянамі. На думку М.Чубатага, не з'яўляецца выпадковым прыгадванне цэркваў св.Арыны і св.Міколы ў сувязі з пахаваннем князёў. Збудаванне царквы св.Міколы на магіле Аскольда магло б, напрыклад, указваць на хроснае імя князя46. Дарэчы, у Іякімаўскім летапісе Аскольд нават названы блажэнным47. У сувязі з гэтым заўважым, што культ св.Міколы адпавядае шанаванню арханёла Міхала, якое пашыралася сярод заходніх славянаў ірландскімі місіянерамі. Найбольш праўдападобнае тлумачэнне паходжання формы Мікола, прапанаванае лінгвістамі, зыходзіць з імя Міхал праз пасрэдніцтва нямецкага Michel. Імя ж Нікалай было суаднесена з Міколам-Міхалам значна пазней. Зрэшты, найбольш пераканаўчымі аргументамі з'яўляюцца формы гэтага імя ў заходніх славянаў, а таксама функцыі Міколы ў фальклоры, дзе ён выступае не проста як святы, а як паплечнік ці намеснік Бога48. Такім чынам, з'яўленне царквы св.Міколы на магіле Аскольда ізноў указвае нам на той надбалтыйскі край, у якім сыходзіліся межы датчанаў, славянаў і немцаў, дзе абвяшчаў Слова Божае св.Ансгар ды іншыя манахі ірландскай арыентацыі, і адкуль ішлі да ўсходніх славянаў варагі і Русь.

«Аповесць мінулых гадоў» прыпісвае Аскольду і Дыру таксама паход на Царгарад у 866 г., але навуковая крытыка прызнала гэты эпізод пазнейшай устаўкаю, запазычанаю Нестарам з прадаўжэння грэцкай хронікі Амартола, дзе імёнаў Аскольда і Дыра не было49. Аднак хроніка Амартола не падавала як нападніка Кіеўскую Русь. Іншыя візантыйскія крыніцы таксама гавораць толькі пра напад нейкага племені «Рос», ідэнтычнасць якога з Кіеўскай Руссю яшчэ патрабуе доказаў. Візантыйскія аўтары, не паведамляючы імёнаў правадыроў выправы, адносяць гэтую падзею да 860 г.50 Усё сказанае дае важкія падставы для сумненняў у тым, што Аскольд і Дыр бралі ўдзел у паходзе на Канстанцінопаль, паколькі паводле летапісу прыбылі ў Кіеў у 862 г., г.зн. ужо пасля нападу.

Саму выправу некаторыя грэцкія аўтары, пачынаючы з 867 г., спрабавалі трактаваць як штуршок да пачатку хрысціянізацыі народу «Рос» з Візантыі. Але гэта ўжо тэма іншай гаворкі.


  1. Седов В.В. Жилища словенско-кривичского региона VIII–X вв. // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 183. 1984. С. 12, 14; Белецкий С.В. Культурная стратиграфия Пскова (Археологические данные к проблеме происхождения города) // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 160. С. 10, 15; Смирнова Г.П. Лепная керамика древнего Новгорода // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 146. С. 3, 6.
  2. Седов В.В. К палеоантропологии восточных славян // Проблемы археологии Евразии и Северной Америки. М., 1977. С. 154.
  3. Тамсама. С. 151.
  4. Горюнова В.М. О западных связях «Городка» на Ловати (по керамическим материалам) // Проблемы археологии и этнографии. Вып. 1. Л., 1977. С. 56–57.
  5. Славяне и скандинавы. С. 368.
  6. Зеленин Д.К. О происхождении северовеликоруссов Великого Новгорода // Доклады и сообщения Института языкознания АН СССР. № 6. 1954. С. 81–94.
  7. Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.-Л., 1938. С. 106.
  8. Вилинбахов В.Б. Славяне в Ливонии // Slavia antiqua. T. XVIII. 1971. S. 116–121.
  9. Зеленин Д.К. О происхождении северовеликоруссов... С. 94.
  10. Panucevič V. Litva i Żmudź. Chicago, 1953–1954; Урбан П. Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвіноў. Мн., 1994.
  11. Гильфердинг А.Ф. История балтийских славян. Т. 1. М., 1855. С. 319.
  12. Назаренко В.А. Могильник в урочище Плакун // Средневековая Ладога. М., 1985. С. 156–169.
  13. Кирпичников А.Н., Дубов И.В., Лебедев Г.С. Русь и варяги... С. 194.
  14. Ловмяньский Г. Рорик Фрисландский... С. 230.
  15. Гельмольд. Славянская хроника. С. 38–40.
  16. Цыт. паводле: Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 61.
  17. Strzelczyk J. Iroszkoci w kulturze... S. 124.
  18. Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. С. 292.
  19. Гельмольд. Славянская хроника. С. 45.
  20. Ронин В.К. Христианизация полабских славян // Принятие христианства народами Центральной и Юго-Восточной Европы и крещение Руси. М., 1988. С. 189.
  21. Pommersches Urkundenbuch. Bd. 1. 786–1253. Hsgb. Klempin R. Stettin, 1868. S. 2.
  22. Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. С. 292.
  23. Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 60–61.
  24. Булкин В.А., Лебедев Г.С. Гнездово и Бирка (К проблеме становления города) // Культура средневековой Руси. Л., 1977. С. 16.
  25. Гельмольд. Славянская хроника. С. 40–41.
  26. Ловмяньский Г. Рорик Фрисландский... С. 231–233.
  27. Гельмольд. Славянская хроника. С. 42–44.
  28. Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 48; Ловмяньский Г. Рорик Фрисландский... С. 224–225, 242.
  29. Ловмяньский Г. Рорик Фрисландский... С. 235.
  30. Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. С. 301–304.
  31. Кирпичников А.Н., Дубов И.В., Лебедев Г.С. Русь и варягиx... С. 193.
  32. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. М., 1962. С. 14.
  33. Кирпичников А.Н., Дубов И.В., Лебедев Г.С. Русь и варягиx... С. 194.
  34. Hilczerуwna Z. O grzebieniach ze Starej Јadogi // Slavia antiqua. T. 13. S. 451–457; Рябинин Е.А. Скандинавский производственный комплекс VIII века из Старой Ладоги // Скандинавский сборник. Вып. 25. С. 176.
  35. Татищев В.Н. История Российская. Т. 1. М.–Л., 1962. С. 108–110.
  36. Тамсама. С. 108.
  37. Тамсама. С. 114.
  38. Кирпичников А.Н., Дубов И.В., Лебедев Г.С. Русь и варяги... С. 201–202.
  39. Павинский А. Полабские славяне. С.51.
  40. Херрманн Й. Ободриты, лютичи ... С. 338.
  41. Вилинбахов В.В. Волх и Рюрик – патронимы преданий и легенд Новгородской земли // Русский фольклор. Т. ХIII. 1972. С. 215–217; Ширинский С.С. Ременные бляшки со знаками Рюриковичей из Бирки и Гнездова // Славяне и Русь. М., 1968. С. 220.
  42. Повесть временных лет. Ч. 1. С. 20.
  43. ПСРЛ. Т. 2. С.9; Татищев В.Н. История Российская. Т. 2. М., Л., 1962. С. 33.
  44. Петрухин В.Я. Начало этнокультурной истории Руси IX–XI веков. Смоленск – М., 1995. С. 133–135.
  45. Повесть временных лет. Ч. 1. С. 23.
  46. Чубатый М. Історія християнства на Руси-Україні. Т. 1. Рим – Ню Йорк, 1965. С. 83.
  47. Татищев В.Н. История Российская. Т. 1. М.–Л., 1962. С. 108.
  48. Успенский Б.А. Филологические разыскания в области славянских древностей (Реликты язычества в восточнославянском культе Николая Мирликийского). М., С. 18–20.
  49. Чубатый М. Історія християнства... С. 81–81.
  50. Рамм Б.Я. Папство и Русь в Х–ХV веках. М.-Л., 1959. С. 24.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY