Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Бруна ДРВЭСКІ

БЕЛАРУСЬ: АБШАР КУЛЬТУРЫ ПЛЮРАЛІЗМУ

Пераважную частку сваёй гісторыі Беларусь дзеліць з суседнімі нацыямі. На дабро і на зло разам з імі ўдзельнічала яна ў будаўніцтве і развіцці такіх дзяржаўнасцяў, як кіеўская, літоўская, польская, расійская і савецкая. З гэтай прычыны беларусы былі адкрытыя ўсім вятрам гісторыі, і гэта тлумачыць, чаму яны не могуць – у адрозненне ад сваіх суседзяў – атаясамлівацца толькі з адной дзяржаўнай і культурнай традыцыяй. З другога боку, беларусы без перабольшання могуць лічыць сябе за спадчыннікаў усіх традыцый мінулых і цяперашніх дзяржаваў – на роўных з тымі нацыямі, якія часам прэтэндуюць на сваю выключную ролю ў іх паўстанні і фармаванні. Але невядома з якіх прычынаў тое, што ёсць казырной картай беларусаў, у іх свядомасці зрабілася крыніцай раздражнення і адчування ўласнай непаўнавартасці сярод сучасных еўрапейскіх народаў.

Для вонкавага назіральніка, асабліва для назіральніка з несуседніх краінаў Заходняй Еўропы, сённяшняя Беларусь – гэта без сумневу навіна, да якой трэба прызвычаіцца і якую цяжка адназначна акрэсліць. Напрыклад, французам, прызвычаеным да нацыянальнай свядомасці, што абапіраецца на існаванне неперарвальнай дзяржаўнасці, Беларусь уяўляецца нейкім малавыразным стварэннем, нейкім прахадным дваром па дарозе на Маскву, нейкай дзяржавай, якая нават бегам падзей асуджаная на непазбежны заняпад і страту незалежнасці. Само існаванне Беларусі таксама загадкавае для яе набліжэйшых суседзяў і... шмат для каго з яе ўласных насельнікаў. Трывалае існаванне Беларусі і цяпер усё яшчэ ставяць пад пытальнік. Жыхары Беларусі ў сваёй гісторыі перажылі шмат розных уплываў. Гэта тлумачыць, чаму яны не маглі цалкам прыняць аргументы іх суседзяў, якія адмаўлялі іх уласную адметнасць. І менавіта гэта дае ім права на існаванне, права мець сваю ўласную незалежную дзяржаву.

Суседзі Беларусі таксама адчуваюць іншасць гэтага Краю. Напрыклад, тыя палякі, што ў міжваенным часе нарадзіліся і выраслі сярод беларусаў, а цяпер параскіданыя па свеце, ведаюць адметнасць гэтай зямлі, якая ўвабрала ў сябе занадта шмат польскіх уплываў, каб быць рускай. Але гэтая зямля адначасова ўвабрала вельмі шмат рускіх уплываў, каб быць польскай. У сваю чаргу, тыя рускія, што цяпер жывуць на Беларусі, таксама падкрэсліваюць адметнасць гэтага Краю, асабліва акцэнтуючы, што тут адносіны паміж людзьмі больш лагодныя і спакойныя, чым у суседніх краінах, а людзі на Беларусі вызначаюцца большай талерантнасцю.

Калісьці мне сустрэўся былы карэспандэнт у Маскве газеты французскай камуністычнай партыі, які хоць бы з прычыны свайго якабінскага выхавання ў цэнтралізаванай нацыянальнай культуры, а таксама з сімпатый да пабудовы савецкага грамадства павінен быў, здавалася б, ігнараваць усялякую беларускую спецыфіку. Аднак ён сцвердзіў, што колькі прыязджаў на Беларусь, столькі здзіўляўся відавочнасці нябачнай мяжы паміж дзвюма савецкімі рэспублікамі, Расіяй і Беларуссю, адрозненнем паводзінаў людзей, іх адносінаў да працы і ўсяго, што робіцца навокал. Паводле яго словаў, у штодзённым жыцці можна лёгка заўважыць, што выйсце з нядаўніх феадальных звычак на Беларусі адбываецца прасцей і лягчэй, чым у Расіі, з той прычыны, што тут меншы дэспатызм, спадчына яшчэ ад татарскіх ханаў. Для таго камуністычнага карэспандэнта чалавек на Беларусі меў здаўна пэўныя рысы характару, якія адпавядаюць светапогляду нашага часу, навамодным тэорыям і плыням грамадскай думкі Еўропы.

Беларусь існуе хоць бы з той прычыны, што як самі жыхары Беларусі, так і староннія назіральнікі заўважаюць яе адметнасць ад суседзяў. А таму трэба акрэсліць, у чым менавіта тая адметнасць і спецыфіка:

  • як моцна адметнасць Беларусі выводзіцца з рысаў, якія яна стварыла сама ў сабе?
  • як моцна адметнасць Беларусі выводзіцца з яе супольнага з суседзямі ўдзелу ў розных працэсах стварэння дзяржаўнасці і культураў?
  • як моцна адметнасць Беларусі выводзіцца з яе гістарычнай ролі пасярэдніцы паміж яе суседзямі, чые традыцыі дзяржавы і культуры так значна адрозніваюцца паміж сабой?

Традыцыі культуры на Беларусі

Паколькі да нядаўняга часу беларусы ніколі, дакладней, амаль ніколі, не жылі ў сваёй уласнай дзяржаве, не былі цалкам аддзеленыя ад сваіх суседзяў, цяжка знайсці выключна асобныя, гістарычна беларускія рысы – значыць цяжка акрэсліць рысы нацыянальнага характару. З той прагісторыі, гэта значыць з тых далёкіх часоў, калі беларускія землі яшчэ не належалі нікому, ніякай дзяржаве, паходзяць сляды, асобныя элементы паганскай славяншчыны. Безумоўна, яны належаць не адной Беларусі – беларусы дзеляць іх з іншымі славянскімі народамі, але тут, на Беларусі, сляды праславянства мацнейшыя, чым у любым іншым месцы.

Наступным важным вытокам беларускай самасвядомасці ў гісторыі ёсць места Полацк, якое ад ХІІ стагоддзя іграла самастойную і выключна важную ролю, бо з Полацка на ўсе бакі, як праменні, выходзілі культурныя ўплывы на суседнія народы. Полацк – гэта своеасаблівы злучальны ланцуг паміж традыцыямі Візантыі і Кіева з тымі традыцыямі, што пазней замацаваліся ў Маскве.

Гэтаксама спецыфічнай рысай беларускай гісторыі ёсць уніяцтва. Аднак уніяцтва не было выключна беларускай праявай. Не было б ніякага уніяцтва без спалучэння традыцый Візантыі і Кіева з традыцыямі Рыма і Польшчы. З гэтага ясна відаць, што нават самыя выразныя беларускія гістарычныя рысы напаўняюцца глыбінёй і ззяюць веліччу толькі тады, калі праяўляюцца ў ланцугу сувязяў розных традыцый.

Непасрэдна развіваючы традыцыі, якія перакрыжоўваліся тут на працягу стагоддзяў, жыхары рускай Літвы (пазней Беларусі) пасярэднічалі таксама ў распаўсюджванні культурных уплываў, якія ішлі з Захаду на Усход ці з Усходу на Захад. Архітэктары, рамеснікі, літаратары, друкары, выкладчыкі з Полацка і з усяе Беларусі адыгралі немалую ролю ў развіцці расійскай культуры. Сялянскі беларускі фальклор жывіў славянскай аўтэнтычнасцю культуры суседніх народаў. Хіба гэтым можна растлумачыць, чаму так шмат польскіх літаратараў і музыкаў паходзіць з беларускай зямлі. У польскай культуры тыя скарбы, што стварыла эліта, выразна дамінуюць. Канфрантацыя «польскага элітарызму» з «беларускай сялянскасцю» стварыла надзвычай творчаплённую мяшанку, якой польская культура павінна быць удзячнай за свае многія дасягненні. Прозвішча Адама Міцкевіча – гэта найвышэйшы сімвал такога сінтэзу дзвюх культураў, іх сімбіёзу, узаемнага пранікнення, але падобныя прыклады можна доўжыць бясконца, можна пералічваць выдатных дзеячаў польскай культуры, якія паходзілі з Беларусі: Сапегі, Радзівілы, Касцюшка, Манюшка, Ажэшка еtc... Асаблівасцю Беларусі было менавіта тое, што яна дала свету шмат выдатных постацяў, якія злучалі ў сабе рысы, узятыя ад розных культурных традыцый.

У ХХ стагоддзі габрэі-«ліцьвіны», а дакладней, габрэі-беларусы, ігралі выключную ролю ў наданні вартасці сучаснаму сусветнаму мастацтву. Найбольш вядомай асобай з гэтага асяроддзя быў віцябчанін Марк Шагал. Але тое, што ён не асобны выпадак, што такіх творцаў было шмат, сведчыць менавіта аб тым, што беларуская зямля стала калыскай культуратворчага працэсу ХХ стагоддзя.

Беларусь – гэта абшар, дзе сутыкаюцца самыя розныя ўплывы і ўзаемна пранікаюць самыя розныя культурныя традыцыі. Найбольш дзіўнае, амаль невытлумачальнае на Беларусі тое, што пры сваёй уласнай традыцыі, якая абапіраецца на мясцовы фальклор – напрыклад, для многіх палякаў гэта толькі «сялянка», «страчаная Аркадыя»! – усё ж такі галоўнай рысай ёсць адсутнасць засцянковай абмежаванасці, адсутнасць адасобленасці, адгароджвання ад свету. Наадварот, Беларусь дала свету шмат выдатных асобаў, якія належаць дзвюм культурам і нават... некалькім. Напрыклад, сярод гістарычных постацяў Польшчы мала знойдзецца такіх, пра каго можна катэгарычна сказаць: «Гэта быў толькі беларус, і ніякая іншая нацыя не мае на яго права!». Беларусь так ці іначай усё ж такі зямля, пакліканая для ідэі адкрытага грамадства, здольнага на універсалізм і інтэрнацыяналізм. Аднак у сённяшнім свеце ад кожнага чалавека ўсё яшчэ «патрабуюць», каб ён выразна акрэсліў сваю тоеснасць і самасвядомасць, і тое ж «патрабуецца» ад кожнай супольнасці людзей. А гэта ў сваю чаргу вядзе да таго, што адсутнасць адназначнасці і катэгарычнасці спараджае... адчуванне сваёй «ненармальнасці», «непаўнавартасці».

Нерэальнасць нацыянальнага беларускага праекта ў «эпоху нацыяналізмаў»

Няма сумневу, што з прычынаў гісторыі беларусам толькі ў нейкім малым сэнсе ўсіх далейшых падзеяў пашчасціла далучыцца да еўрапейскага працэсу пабудовы ўласнай нацыі ў ХХ стагоддзі. Што праўда, беларусы не згубіліся ў большай і мацнейшай нацыі гэтаксама, як аўтахтоны Уэльса, палабы, жыхары Аквітаніі альбо фрызы. Аднак, з другога боку, беларусы не здолелі выпрацаваць ясны, крышталізаваны сэнс адчування ўласнай самасвядомасці як асобнай нацыі, а тым больш агульнанацыянальнай палітычнай ідэі і перспектывы.

У ХХ стагоддзі ціск сучаснай «нармальнасці» выключна моцны – і гэта тлумачыць узнікненне на Беларусі дзвюх супрацьлеглых, але адначасова выключна падобных паміж сабою тэндэнцый, кожная з якіх цягнула і цягне да таго, каб беларусы маглі зрабіцца грамадствам, абсалютна падобным да іншых. Адны сыны беларускай зямлі, добра засвоіўшы адсутнасць выразных, выключных і ўласных традыцый свае дзяржаўнасці, цягнулі да таго, каб растварыцца ў гатовай, ужо напрацаванай і асвечанай, традыцыі дзяржаўнасці – расійскай ці польскай і нават літоўска-«ліцьвінскай». Іншыя як маглі імкнуліся да збудавання міфа пра існаванне адвечнага беларускага пранарода, які здаўна меў і мае свае асаблівыя, толькі яму прыналежныя і нідзе не паўтораныя нацыянальныя рысы, што абапіраюцца на этнічныя асаблівасці беларусаў. Што праўда, хоць так і рабілася тады паўсюдна ў Еўропе, але ў выпадку Беларусі ні той, ні другі шлях не мог даць ані драбносткі псіхалагічнага камфорту, бо бракавала... лакальнай традыцыі. Немагчыма было ні зусім замаўчаць і адкінуць беларускую адметнасць, але немагчыма было і цалкам атаясаміцца з якой-кольвек дзяржаўнай традыцыяй. Гэта адрознівала беларусаў ад усіх іх суседзяў, якія з большай ці меншай тэндэнтнасцю маглі, аднак, развіваць уласную самасвядомасць.

Вытокі сучаснага нацыянальнага самаадчування

Па ўсіх ператрусах і няўдачах, выкліканых развіццём этнічных нацыяналізмаў, наступіла адноснае працверазенне. Вядома, што паўсюль на свеце сучасныя нацыі ўзніклі ў ХІХ стагоддзі адначасова з развіццём індустрыялізацыі ды урбанізацыі. Нацыі ў сучасным разуменні раней проста не існавалі. Асобна ўзяты чалавек, таксама і нейкія супольныя згрупаванні, што не змяшчаюцца ў тых зверху вызначаных і невядома кім акрэсленых «нормах», маюць прыкрае пачуццё свае «ненармальнасці», быццам іх спіхнулі з дарогі. Такое пачуццё найбольш часта сустракаецца на Беларусі.

Але гэта, аднак, усяго толькі чарговая навіна ў чалавечай душы – таму трэба гэта рэлятывізаваць, што дасць беларусам магчымасць прыстасавацца да новых рэаліяў канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя. Да ХІХ стагоддзя гэтак званыя нацыянальныя мовы не былі адзіным цэлым і кананізаваным. Гэта была мазаіка самых розных дыялектаў. Пачуццё прыналежнасці было больш шматпланавае, асобныя элементы самасвядомасці накладаліся на саміх сябе ў залежнасці ад канкрэтнага рэгіёна, сацыяльнай групы, формы рэлігійнага культу. Творцы сучасных нацыянальных праектаў выбралі і выкарысталі ў ХІХ і ХХ стагоддзях пэўныя элементы, вынесеныя з гісторыі, на падставе якіх можна было ўбіваць у галовы тлумам, што іх «нацыянальная свядомасць» існавала спрадвеку, а цяпер будзе даволі толькі яе «абудзіць». Фактычна ж працэс гэты быў не «абуджэннем люду», а стварэннем абсалютна новых рамак супольнага жыцця, каб тыя тлумы маглі браць чынны ўдзел у тагачасных грамадскіх рухах. Нацыяналісты выпрацавалі тады тэорыю, адпаведна якой усіх французаў, напрыклад, можна было лічыць непасрэднымі спадчыннікамі... галаў, франкаў і «каралёў Еўропы»! Усіх палякаў – непасрэднымі спадчыннікамі Пястаў і Ягелонаў (заўважым, што нават постваенныя польскія камуністы, якія з дапамогай Сталіна змянілі «Крэсы Всходне» на Гданьск, Вроцлаў і Шчэцін, супрацьпастаўлялі «буржуазнай» Польшчы Ягелонаў (!) «народную»... Польшчу Пястаў! – А.Ч.), усіх рускіх і ўсе «русіфікаваныя» этнічныя групы – спадчыннікамі Кіева, Масквы, царызма etc... Сёння вядома, што сярэднестатыстычны жыхар Францыі не меў да канца ХІХ стагоддзя пачуцця «французскасці», а часта і на літаратурнай французскай мове не ўмеў гаварыць. Тое самае датычыцца ўсіх жыхароў былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, што належалі да «простых людовых» тлумаў.

Чаму ж гэта сёння, напрыклад, падкракаўскі паляк хлопскага паходжання мае права думаць, што яго продкі ад вякоў удзельнічалі ў жыцці польскага народа, а падмінскі беларус мужыцкага паходжання не мае права думаць гэтаксама?! Бо на працягу ўсяе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і хлоп з-пад Кракава, і мужык з-пад Мінска мелі дакладна адно і тое ж у тагачасных грамадскіх працэсах у дзяржавабудаўніцтве, гаспадарцы і культуры – гэта значыць, нічога. Хлоп з-пад Кракава і мужык з-пад Мінска мелі тады вельмі падобнае пачуццё ў дзяржаўных справах – пачуццё прывязанасці да «малой», лакальнай бацькаўшчыны і... да розных формаў мясцовага рэлігійнага культу. Адрозненне ў іх грамадскай свядомасці фактычна было мінімальным, а нацыянальнай свядомасці ўвогуле не было. Існавалі толькі рэгіянальныя адметнасці, зрэшты, што гэта такое, рэдка ўяўляў сабе нават самы адукаваны хлоп ці мужык. І толькі тагачасныя нацыянальнатворчыя працэсы прывялі да зараджэння ў «простага люду» новых пачуццяў самасвядомасці і прыналежнасці да чагосьці большага, чым звыклае непасрэднае атачэнне. У значнай ступені абапіраючыся на рэлігійнае адрозненне, ствараючы новую сімволіку, удалося прышчапіць «простаму люду» тую нацыянальную свядомасць.

Ува ўсёй Еўропе ў той час сутыкненне вясковых тлумаў (ці вясковага паходжання мяшчухоў і пралетарыяў) з вялікімі плынямі прагрэсу цягнула за сабой крышталізацыю масавых нацыянальных пачуццяў, што адпавядала патрэбам супольнасці ўвогуле і яго эліты ў прыватнасці. Напрыклад, тады ўдалося пераканаць падкракаўскіх хлопаў, што гэта яны сапраўдныя спадчыннікі дзяржаўнай польскай традыцыі, але... таго ж самага не ўдалося зрабіць з падмінскімі мужыкамі, бо на Беларусі не было свецкай ці рэлігійнай эліты, якой такое перакананне было патрэбным. Барацьба паміж элітай, якая цягнулася да Расіі, і элітай, якая цягнулася да Польшчы, давяла да таго, што беларусы маглі атаясаміцца толькі з адной дзяржаўнай традыцыяй. Тут пачыналася, аднак, адчуванне адметнасці Беларусі. У тыя часы дзяржавы, касцёлы, цэрквы, партыі ігралі ў нацыянальнатворчых працэсах галоўную ролю – прынамсі, на пачатку тых працэсаў. Змагаліся яны паміж сабой за права «распараджацца людскімі душамі» – пры гэтым адначасова існавалі некалькі нацыянальных праектаў, якія ўзаемна канкурыравалі на адной тэрыторыі, а ў рэшце рэшт адзін браў верх над астатнімі. Гэтак брэтонцы сталі... французамі, шатландцы сталі брытанцамі, верхняшлёнсакі сталі палякамі, але – ірландцы зрабіліся асобнай нацыяй, таксама нарвежцы, ісландцы, летувісы. Ціск знізу, з «народных масаў», у сваю чаргу прывёў да развіцця і ўзмацнення інтэрнацыяналізму альбо новай формы патрыятызму, у параўнанні з «класічным нацыяналізмам» значна больш дэмакратычнага. Беларусы ж ніколі не маглі выбраць раз і назаўжды аніводнага (!!!) з нацыянальных праектаў, якія канкурыравалі паміж сабой.

Сёння няма ніякіх падставаў для таго, каб цяперашнія французы ці палякі нешляхецкага паходжання маглі вельмі спрошчана і прымітыўна верыць у міф іх адвечнай прыналежнасці да свайго «гістарычнага народа», але цяперашнія беларусы такога ж паходжання мелі б з той прычыны адчуванне абдзеленасці, крыўды ажно з ХІХ стагоддзя, бо ім давялося б паверыць, што яны... «нарадзіліся ўчора»!

Адрозненне ў дадзеным выпадку ў тым, што ў беларускай версіі той факт, што аграмадны супольны тлум не меў паважнай ролі ў палітыцы на працягу доўгіх стагоддзяў, проста больш відавочны. Таму на беларускай зямлі ў тых жа стагоддзях паўстала значная і моцная мяжа ў рэлігіі і мове паміж шляхтай і сялянствам, чаго ажно ў такой ступені не было нідзе ў Еўропе, нават калі існавалі значныя адрозненні паміж мовай «эліты» і «простага люду». Адметнасць беларускай гісторыі ў тым, што класавыя адрозненні былі тут больш рэзкія, выразныя, заўважныя і непераадольныя, бо тут проста цяжка было падмануць сябе і іншых, цяжка было будаваць міфы пра існаванне нацыянальнай супольнасці, «агульнай справы», «аднаго народа». Каб развівацца, беларускі нацыяналізм гэтаксама патрабаваў бы, як і іншыя нацыяналізмы, паклікаць на дапамогу гістарычныя шаблоны, толькі што ў выпадку Беларусі гэта было б адной суцэльнай карыкатурай, больш ілжывай і хісткай, чым у якім-небудзь іншым кутку. Гэта тлумачыць, чаму беларускае нацыянальнае пачуццё развівалася... амаль выключна ў межах сацыялістычнай ідэі, якая лічыла «нацыянальную ідэю» неадменнай часткай агульначалавечага рэвалюцыйнага працэсу.

Нацыя ў часы постнацыялізмаў

Сёння выразнасць народнага адчування «беларускасці» ўжо не павінна быць для беларусаў прычынай пачуцця абдзеленасці і прыніжанасці. Тое, што было недахопам нацыі ў ХІХ стагоддзі і ў большай частцы ХХ стагоддзя, сёння – казырная карта. А будзе так і ўва ўсім ХХІ стагоддзі. Сучасная нацыя не можа быць нацыяй у варожым атачэнні, як гэта ўяўлялі сабе тэарэтыкі нацыяналізму.

Працэсы агульнасусветнай інтэграцыі скіраваны цяпер да руйнавання ўсялякага адрознення паміж рознымі чалавечымі групоўкамі і да змяншэння вагі і кошту нацыянальных справаў. Але тыя ж супольнасці чамусьці не хочуць растварыцца ў агульнасусветным тлушчы, як прагнуць таго тэарэтыкі эканамізму і «агульнасусветнага рынку без межаў».

Жаданні простых пабожных, каб агульнае жыццё было больш дэмакратычным, могуць у сваю чаргу прывесці да новай формы адрознення і шматузроўневай самасвядомасці – мясцовай, нацыянальнай, кантынентальнай і агульначалавечай. У такім працэсе нацыі не мусяць, а наогул і не хочуць, знікнуць, але мусяць зрабіцца інтэгральнай часткай дэцэнтралізаванай супольнасці (унізе) і агульнасветавай інтэграцыі (наверсе). У такой сітуацыі Беларусь як абшар скрыжавання ўсіх шляхоў апынецца не ў якой-небудзь, а ў прывілеяванай стартавай пазіцыі.

Ёсць шмат дзяржаўных традыцый, па якія можа сягнуць Беларусь. У ХІХ стагоддзі гэта і выклікала дакучлівае пачуццё ненармальнасці. Аднак сёння тая поліфонія, мяшанне культураў зрабіліся агульнасусветнай рэлігіяй, а гістарычны вопыт беларусаў даў такі эфект, што іх Край у шматлікіх накірунках чалавечага светапогляду апярэдзіў іншыя нацыі. Менавіта цеснае спляценне на Беларусі патрыятычнага светапогляду з інтэрнацыянальным ёсць той самай казырной картай у часе пабудовы сучаснай супольнасці, на справе дэмакратычнай, грамадзянскай, што абапіраецца на каштоўнасці неўміручага Асветніцтва – свабоду, роўнасць, братэрства.

Вялікія гістарычныя эпохі, што пакінулі свой след на гэтай зямлі, беларусы мусяць падзяліць з іншымі народамі. Продкі беларусаў удзельнічалі ў агульных працэсах паўстання сучаснага чалавецтва часцей і выразней за сваіх суседзяў, а вопыт такога ўдзелу зрабіўся тым чыннікам, які дае лягчэйшы шлях пабудове новай супольнасці. Калісьці гісторыя дзяліла беларусаў, напэўна, гэта пякло і балела, але гэта ж прывяло да ўмацавання той свядомасці, што найлепш адпавядае сучасным намаганням. Напрыклад, падчас ваеннай кампаніі Напалеона ў 1812 годзе частка жыхароў Беларусі ваявала на баку цара, а другая – на баку Напалеона. Тыя, што стаялі на баку цара, былі перакананыя, што ваююць супраць захопніка, а тыя, што на баку Напалеона, былі ўпэўненыя, што ваююць супраць дэспатызму і тыраніі. Гэта значыць, тыя і тыя ваявалі за пэўную форму свабоды і супраць пэўнай формы прымусу і ўціску. Яны не маглі, аднак, атаясамліваць сябе ані з царскай Расіяй, ані з напалеонаўскай Францыяй, а маглі толькі выбраць тое, што здавалася ім меншым злом. І менавіта такі выбар без выбару нараджае пачуццё талерантнасці. А вось пра французаў ці рускіх гэтага сказаць нельга – іх жаўнеры ведалі, што змагаюцца не толькі ў імя афіцыйна абвешчанай «праўды», але перадусім дзеля эгаістычнай экспансіі свайго правадыра і сваёй дзяржавы.

Прынцыпы Асветніцтва і развіццё нацыяналізмаў

Развіццё нацыяналізмаў адпавядала патрэбам развіцця ўсяе цывілізацыі ў ХІХ стагоддзі. Але гэтае ж развіццё рабіла немагчымым поўную рэалізацыю універсальных прынцыпаў тэарэтыкаў Асветніцтва. І ў гэтым працэсе тыя чалавечыя супольнасці, якія не мелі выразна адметных рысаў ад іншых супольнасцяў, якія самі не дамінавалі над іншымі, не мелі ніякіх шанцаў выбіцца на адпаведны часу ўзровень. У такой сітуацыі апынулася беларуская супольнасць. Але з гэтых самых прычынаў нават тыя еўрапейскія супольнасці, якія пэўны час імкнуліся стварыць грамадзянскую нацыю, што абапіралася б на палітычныя каштоўнасці, а не на тэндэнцыйна адабраныя элементы гісторыі, моўныя ці этнічна-рытуальныя асаблівасці, таксама не мелі ніякіх шанцаў. Рэвалюцыйная Францыя 1789–1814 гадоў, як пазней савецкія рэспублікі, на пачатку свайго існавання імкнулася да будаўніцтва супольнасці роўных грамадзянаў, а не да пошуку этнічнай прыналежнасці асобы. З уплывам часу гэтае імкненне хутка перамянілася, аднак ужо ў ХІХ, а тым болей у ХХ стагоддзі прыйшла патрэба ў дзяржавах са шчыльнымі межамі дзеля пазбаўлення ад канкурэнтаў на ўласным рынку. Менавіта гэта выклікала бурлівы рост усялякіх нацыяналізмаў: французскага, расійскага, польскага еtc. У такіх супольнасцях і іх элітах быў лёгка заўважны страх перад вонкавым націскам, які паступова спіхнуў у роў побач з дарогай нават сляды імкнення да пабудовы менавіта грамадзянскай, «неэтнічнай» супольнасці.

Невыпадкова амаль ва ўсёй сучаснай Еўропе нямецкая дэфініцыя нацыі, якая выходзіць з «крыві», з этнічнай прыналежнасці, брала выразны верх над французскай версіяй, што абапіралася на правы асобы, правы чалавека і грамадзяніна. Нават польскі народ, чые эліты ў ХІХ стагоддзі асабліва імкнуліся выхоўваць менавіта гуманістычныя, грамадзянскія прынцыпы фармавання нацыі, што выяўлялася яшчэ з часоў Асветніцтва, у рэшце рэшт паддаўся ўплывам нямецкай канцэпцыі «адзінства нацыі» па «крыві» і па «духу». Польскія паўстанні ХІХ стагоддзя ўзнімаліся ў імя свабоды і братэрства народаў, у імя дзяржавы шматнацыянальнай і грамадзянскай. Але гэтая тэндэнцыя пацярпела паражэнне – і запанавала другая: на грунце адзінага польскага народа, што абапіраецца выключна на каталіцкую традыцыю. (...)

Нацыянальныя і палітычныя прынцыпы эпохі Асветніцтва не маглі быць рэалізаваныя ў тых часах, калі грамадска-гаспадарчыя структуры ХІХ стагоддзя рабілі прынцыпова немагчымым рэалізацыю адкрытага грамадства. Такія магчымасці з'явіліся толькі цяпер.

Гісторыя Беларусі і сучасны этап яе дзеяў

Беларусь як гістарычны абшар заўжды была месцам сутыкнення розных культураў і цяпер мае ўсе магчымасці для будаўніцтва нацыянальнага пачуцця, якое абапіралася б на пачуццё тэрыторыі. На прынцыпы грамадзянства, але не «нацыянальнасці». Менавіта цяпер надышлі часы, калі для сябе і для суседніх народаў беларусы могуць найбольш рацыянальна выкарыстаць свой гістарычны вопыт.

Тут перакрыжоўваюцца ўплывы Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, імператарскай Расіі і Савецкага Саюза. Кожная з тых традыцый мае тут сваю і толькі мясцовую адметнасць. У гэтых традыцыях адны бачаць пазітыўныя акцэнты, а другія – негатыўныя. Але аніводную з тых традыцый нельга толькі асуджаць і адкідваць, як нельга ўхваляць і ўзвялічваць. Больш за тое, менавіта беларусам прасцей, чым летувісам, палякам ці рускім альбо ўкраінцам, не зважаць на міфы і аднамерныя гістарычныя прысуды. Беларусам прасцей з адлегласці і крытычным позіркам глядзець на ўсё, што было на гэтай зямлі, лягчэй дзяліць не заўжды прыгожую яе гісторыю са сваімі суседзямі. Беларусы як быццам асуджаныя быць фактарам працверазення ў гэтай частцы Еўропы, а таксама – на адраджэнне гуманістычнага аптымізму на будучыню. І гэтых шанцаў змарнаваць нельга.

Гісторыя заўжды будзе такой, якой была, і нельга змяніць мінулага, але можна браць з мінулага тыя элементы, якія аказаліся трывалыя ў часе і карысныя для чалавечага існавання. Безумоўна, думкі маюць права быць і заўжды будуць рознымі, што датычыць ацэнак асобных працэсаў, але не трэба падпадаць спакусам інструменталізацыі гісторыі ў інтарэсах кароткатэрміновых уладаў, як палітычных, так і гаспадарчых. Таксама не справа гісторыі абражаць каго-кольвек, выкрэсліваць асобныя факты, будаваць новыя міфы замест старых. Калі было так, як было, трэба прызнаць, што ў часе свайго існавання такія фармацыі, як Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя і СССР павінны былі мець у вачах тагачасных насельнікаў Беларусі больш карысці, чым стратаў. Названыя гістарычныя фармацыі не маглі б доўга ўтрымацца, каб не знайшлі прыхільнікаў сярод мясцовага жыхарства і рэальна ўкладзенай супольнасці. Толькі аднымі рэпрэсіямі не ўтрымаўся дагэтуль аніводны рэжым. Але адпор паўстае толькі тады, калі супольнасць даспявае да прагі пераменаў, а беларусы шмат разоў у сваёй гісторыі, калі паўставалі і біліся як аніводны іншы народ, даводзілі, што маюць нешта сваё на гэтым свеце і за так яго аддаваць не будуць. Тут дарэчы прыгадаць хоць бы ўсенародную партызанку з другой сусветнай вайны.

Калі ж усе прыгаданыя гістарычныя фармацыі ў рэшце рэшт адна за другой разваліліся, гэта значыць, што з пэўнага моманту, які сёння цяжка акрэсліць, яны ўжо былі няздольныя прыстасавацца да новых вымаганняў агульначалавечага працэсу, яго гістарычнага развіцця. Тыя фармацыі проста не знайшлі ў беларускім грамадстве дастатковай падтрымкі, каб існаваць далей. Большасць беларускай супольнасці аднойчы прыходзіла да высновы, што бараніць далей тую ці гэтую ўладу... няма сэнсу.

І тут – ізноў тое самае! Адны будуць прымаць часы Кіеўскай Русі, другія націскаць на стагоддзі ВКЛ, яшчэ адны – на час Савецкай Беларусі. А іншыя, наадварот, могуць ненавідзець той ці іншы адрэзак беларускай гісторыі. Што ж, гэта права кожнага. Але прафесія гісторыка патрабуе чагосьці большага. Перадусім павагі да фактаў і да людзей, якія ў шчырай веры ці ў шчырым падмане, але ўдзельнічалі ў тым ці іншым гістарычным працэсе. А гэта вымагае разумення і ведання прычынаў, што штурханулі іх да такога ўдзелу. Бо супольнасць была такая, а не іншая, бо такія былі эліты, панавалі такія прыярытэты, была паўсюдна такая мода, бо кожны бачыў свой асабісты інтарэс у тым ці іншым працэсе, і пры ўсіх сваіх недахопах кожная тая фармацыя мела, аднак, на тым канкрэтным адрэзку гістарычнага часу нейкую выгоду для пераважнай большасці насельнікаў.

З усяго гістарычнага вопыту найбольш каштоўнае падсумаванне – што было і што з таго выйшла. Каб потым «знайсці» тое, што ў дадзеным адрэзку часу было трывалым і каштоўным. Бо кожны адрэзак гісторыі пакінуў сляды, якія могуць быць карыснымі для нашай сучаснасці. Таму добра было адкінуць мроі пра «ідэальнае» мінулае, такое ці гэтакае, далёкае ці блізкае. А таксама сцерагчыся, як агню, аднабаковага асуджэння чаго-кольвек з таго, што было і чаго ўжо не пераменіш.

Сёння Беларусь стаіць перад новым раздзелам гісторыі і перад новымі заданнямі. Таму гісторыкі не павінны «будаваць» зверху вымроеныя «вартасці» для жывых, цяперашніх, рэальных беларусаў. Гэта шлях элітарызму і пагарды да чалавека. Гэты шлях адкладзе ў часе на цэлае пакаленне пабудову сапраўднай дэмакратыі, сапраўднай свабоды і сапраўднай роўнасці ў грамадстве. Нядаўні распад СССР лішні раз пацвердзіў, што нельга «будаваць новага чалавека» сілай, нават калі тыя семдзесят савецкіх гадоў сапраўды стварылі і масава ўкаранілі новыя элементы таго «праектаванага» чалавека. Савецкі перыяд, як і ўсе ранейшыя, гэтаксама пакінуў па сабе сляды, вартасныя для будучыні – і нельга пра гэта забываць ці не хацець памятаць. Гісторыя не паддаецца фарсаванню, падгону, спеху. Самае большае – можна прышчапіць пэўныя ідэі, пэўныя каштоўнасці, зразумела, большым ці меншым клопатам, але потым яны будуць жыць і развівацца сваім жыццём, гэта значыць, незалежна ні ад тых, хто іх «прышчапіў», ні ад палітычных і грамадскіх структураў канкрэтнай фармацыі, якія самі найперш гэтыя ідэі распаўсюдзілі.

Гісторык павінен толькі збіраць і тлумачыць факты, якія ўжо здзейсніліся. Ён павінен трымацца здалёк ад стварэння нейкага вобразу, ідэальнага альбо штучна выдуманага, тым болей для патрэбаў той ці іншай ідэалогіі. Гісторык павінен зразумець, чаму гэта беларусы як супольнасць менавіта такія, а не іншыя, а таксама паказаць, што ў іх мінулым спрычынілася да таго, што яны такія, а не іншыя – гэтаксама, што з іх мінулага можа быць здатнае для развіцця і творчасці, а што, без сумневу, павядзе да застою і нават рэгрэсу. Зрэшты, выбар будучыні не належыць гісторыкам – толькі самому грамадству, такому, якое яно ёсць у дадзеным, канкрэтным адрэзку гістарычнага часу. Абражацца на грамадства не мае сэнсу. Нават калі тое грамадства згубіла рацыю і не хоча памятаць, у якім месцы...

Традыцыяналізм беларусаў і сучаснасць

Гісторыя Беларусі і прыгожая, і цяжкая – нават страшная. Але калі часам здаралася, што беларусы ўдзельнічалі-такі ва ўціску іншых народаў, то выключна з той прычыны, што самі былі змушаныя, змабілізаваныя да таго праз мацнейшых за сябе. Амаль што ніколі беларусы як нацыя не душылі каго-небудзь самастойна. З другога боку, беларусы адыгралі значную ролю ў многіх цывілізацыйных працэсах і ў фармаванні культурнага абшару на мяжы Усходу і Захаду Еўропы: у развіцці розных версій хрысціянства (праваслаўя, каталіцтва, пратэстанцтва, уніяцтва), прыманні розных іншаверцаў (татараў, караімаў, юдэяў, армянаў), удзеле ў такіх глабальных плынях, як Рэнесанс, Рэфармацыя, Асветніцтва, розных накірунках сацыялізму. Беларусы масава ўдзельнічалі ў рэвалюцыях 1905 і 1917 гадоў, гэтаксама ў змаганні супраць фашызму. Безумоўна, кожны працэс, у якім удзельнічалі беларусы, часам ішоў «не туды», і на тым шляху было шмат памылак і злачынстваў, шмат чалавечага гора і трагедыі ўсяго народа.

Беларусы доўга і цяжка выходзілі з балота феадалізму. У гэтай частцы Еўропы даўжэй, чым у любым іншым месцы, дамінавала вясковая гаспадарка, што ў пэўным сэнсе зрабіла немагчымым сінхранізацыю Беларусі з еўрапейскім і агульнасусветным гаспадарчым, палітычным і культурным жыццём. Савецкі сацыялізм вельмі хутка ператварыўся ў своеасаблівы «постфеадалізм», гэткую «спробу дагнаць і перагнаць» астатні свет нейкай бочнай дарогай. У асобных галінах вытворчасці гэта нават удалося, але ў іншых былі горкае паражэнне, поўны правал і чалавечыя трагедыі. Аднак з савецкага перыяду гісторыі беларусы здолелі выйсці з арганізаванай дзяржаўнай структурай і выразнымі, замацаванымі і бясспрэчнымі дзяржаўнымі межамі. Сацыялізм з новай і перспектыўнай фармацыі хутка ператвараўся на Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, у постфеадальную структуру, якая давяла да поўнага скасавання дэ факто грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека, на лозунгах абароны якіх сам сацыялізм у сваім часе вырас. У тэорыю і практыку сацыялізму з кожным годам пранікалі розныя плыні нацыяналізму, галоўным чынам расійскага. І гэта вялікая гістарычная трагедыя, але тым не менш тыя ідэі, тыя каштоўнасці, якія вызнавала і надалей вызнае пераважная большасць беларусаў, не падлягаюць ні сляпому адмаўленню як «памылковыя», ні тым больш снабісцкай пагардзе. Тыя ідэі і вартасці даўно адарваліся ад сацыялістычнай тэорыі і жывуць уласным жыццём, незалежна ад самадурства асобных малых і вялікіх функцыянераў. І гісторык, а зрэшты, любы чалавек, абавязаны ставіцца да таго ўважліва і сур'ёзна, іначай няма як гаварыць пра... дэмакратыю, гуманізм, павагу да іншага светапогляду. Аддзяліць зерне ад мякіны – вось у чым сэнс сённяшняй працы гісторыкаў Беларусі.

Гістарычныя традыцыі Беларусі парадаксальным чынам дастасаваныя менавіта да вымаганняў сучаснай сусветнай супольнасці. На беларусах няма таго «гістарычнага гарба» сваёй мінуўшчыны ні ў выглядзе ўласнай «супервелічы», ні мегаламаніі. Тое, што даўней магло выглядаць як хвала і слава, сёння сярод многіх народаў выглядае як ганьба і сорам – асабліва пасля вопыту ХІХ–ХХ стагоддзяў. О, колькі народаў з вялікай ахвотай выкінулі б са сваёй гісторыі каланіялізм, імперыялізм, расізм! Беларусам няма чаго зайздросціць тым цывілізаваным народам, бо нават калі тыя народы ўсё яшчэ «мацнейшыя» сёння, то невядома, кім і дзе яны будуць з такім багажом заўтра, бо мусяць праходзіць доўгі і цяжкі шлях ачышчэння свайго сумлення. Але беларусам трэба толькі паўстаць над уласнаю звычкаю з часоў феадалізму і постфеадалізму. Такая неабходнасць павінна змабілізаваць грамадства на Беларусі. Няма чаго наследаваць тых, хто кіраваў учора, бо заўтра прыйдзе толькі адно заўтра. Няма сэнсу таксама адгароджвацца ад суседзяў, з якімі ўсё ж такі сотні гадоў беларусы неяк жылі: было кепскае, але ж было і добрае.

Спецыфіка Беларусі менавіта ў тым, што гэты Край ёсць адвечным абшарам узаемнага пранікнення розных уплываў, абшарам талерантнасці і шматкультурнасці. Тут укаранёныя традыцыі мясцовага, тэрытарыяльнага патрыятызму і традыцыі каранёў, «народнасці», але і традыцыі грамадскага радыкалізму. Усе гэтыя традыцыі неабходна зразумець дзеля развіцця універсалізму, без якога будаўніцтва Новай Еўропы, трывалага парадку і спакою не будзе магчымым. Менавіта рысы універсалізму, укаранёныя тут, на Беларусі, і менавіта тыя рысы, што адпавядаюць патрабаванням сучаснага адрэзку развіцця гісторыі Еўропы, павінны спрыяць беларусам зрабіць рашучы і моцны крок наперад.

Такое становішча не ёсць вынікам нейкіх этнічных беларускіх рысаў, але спецыфікай развіцця ўсёй гісторыі Беларусі. Гэта і ёсць тая асноўная і галоўная прычына, чаму менавіта гісторыя Беларусі мне найбольш блізкая і дарагая – нават у сваіх самых трагічных момантах...

Lithuania, № 3 за 1995 год. Варшава.
Пераклаў з польскай А.Ч.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY