|
|
№
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія
Сведчаць архівы
Нашы святыні
Пра самае важнае
Проза
Кантрапункт
|
Апавяданне
Ксёндз варухнуўся на месцы, шчыльней прыціснуўся вухам да акенца. Мар'яну нават здалося, што праз краткі спавядальні ён убачыў сполах на ягоным твары. А можа і цікаўнасць – пэўна ж, не штодня даводзіцца такое выслухваць.
–Забіў чалавека? – Мар'ян выразна пачуў, як шмарганулі па дрэве ксяндзовы акуляры.
–Не, ойча, – сказаў ён, канчаткова разгублены і здзіўлены неразуменнем.
Зрэшты, што дзівіцца: пробашч немалады чалавек, мабыць, не вельмі добра чуе. Вось і атрымалася накладка. Дык трэба яму патлумачыць як след. І толькі Мар'ян намерыўся гэта зрабіць, як сцены касцёла задрыжэлі. Здарылася якраз тое, чаго ён і баяўся: перакрываючы галасы вернікаў, якія перад Імшою маліліся ружанец, памяшканне запоўніў грукат цягніка. Касцёл стаяў збоч чыгункі, і кожны раз за чвэрць гадзіны да пачатку Імшы ўрачыстую цішыню яго сняжыста-белых скляпенняў парушаў міжгародні састаў. З-за гэтага састава Імшу ўжо колькі разоў збіраліся перанесці на больш позні час. Але тады парафіяне з далёкіх вёсак не паспявалі на свае аўтобусы, таму ўсё заставалася па-ранейшаму.
Як знарок, усё сёння, падобна, было супраць яго, Мар'яна. Спачатку ксяндзова неразуменне, цяпер – цягнік. Можа, наогул дарэмна ён прыйшоў у касцёл? Ці не смешна гэта – пытацца парады, калі сам для сябе даўно ўсё вырашыў?
–Прабачце. – Ён падняўся з каленяў, павольна, нібыта сонны, пайшоў да дзвярэй. І ўжо кленчачы каля выхаду насупраць алтара, заўважыў, як ксёндз, высунуўшыся са спавядальні, падае яму знак, каб вярнуўся.
Мар'ян адмоўна хітануў галавой, быццам баючыся, што пробашч кінецца наўздагон, хуценька выскачыў за дзверы, подбегам накіраваўся да машыны.
Спыніўся ён на пагорку, не даязджаючы паўтары сотні метраў да бацькавай хаты. Загнаў машыну ў хмыз, узяў вяроўку, якую так і не насмеліўся выкарыстаць, калі прыязджаў сюды ўранку, перад споведдзю, падаўся да купкі ліпаў.
Дзве з іх, што стаялі бліжэй адна да адной, ён сам калісьці працяў ломікам, каб зрабіць перакладзіну. З часам адтуліны ў камлях зараслі, і перакладзіна атрымалася што трэба. Улетку на ёй майстравалі арэлі, увосень сушылі цыбулю і грыбы. Цяпер яна была вольная.
Мар'ян склаў вяроўку ў дзве столкі, ускінуў на ломік. Потым прасунуў канцы ў зашмаргу, пацягнуў уніз. Вяроўка завісла на жалязяцы. Цяпер заставалася завязаць пятлю і знізу. Але толькі ён памкнуўся гэта зрабіць, як убачыў маці.
Яна выйшла на панадворак, бокам (пасля інсульту яна кепска валодала леваю рукой) пасунулася да паветкі карміць курэй. Высыпала з гарнушка зерне, пастаяла хвіліну-другую каля загарадкі, пайшла назад, да хаты. Не паспела яна ўскараскацца хвораю нагой на высакаваты ганак, як з сяней выйшаў бацька. Прапусціў жонку ў дзверы, пастаяў колькі часу ў адзіноце і падаўся за ёю следам.
Гэтае іх дзіўнае – адзін за адным – сноўданне з хаты ў хату заўсёды яго і смяшыла, і азадачвала. Калі быў маладзейшы – часцей смяшыла, нагадваючы нейкую дзіцячую гульню. Цяпер, калі пасталеў, усё больш наводзіла на сур'ёзныя думкі.
У ягоных з жонкаю адносінах і блізка няма такой знітаванасці. Перамовіліся зранку словам-другім – і ў розныя бакі на цэлы дзень. А пасля таго, як ён захварэў, і наогул аддаліліся адно ад аднаго. Апошнім часам яму ўсё часцей выдае, што Тамара яго гідзіцца. Але ў рашэнні скончыць жыццё самагубствам галоўную ролю адыграла не гэта, не. У яго рак, апошняя стадыя, дык навошта расцягваць канец? Першую аперацыю зрабілі тры гады таму, і ён за ўвесь гэты час, што лячылі хіміяй, наглядзеўся, якія пакуты церпяць і ў што ператвараюцца гэткія, як ён, хворыя. Дык вось, каб не мучыцца самому і не мучыць іншых, ён і надумаўся звесці рахункі... Рашэнне, папраўдзе, далося няпроста. Тым больш што і бацькі ягоныя, і сам ён – каталікі. Доўга, доўга ён вагаўся. Сёння наважыўся параіцца з ксяндзом, ды нічога не атрымалася.
Ён перахапіў вяроўку рукою, мяркуючы, як латвей завязаць вузел, развёў канцы ўбакі.
І ў гэты момант з-за хлява, ад ракі, пачулася роспачлівае авечае бляянне. Бацька высунуў галаву ў расчыненае акно, пыхкаючы папяросінай, трывожна прыслухаўся. Потым пстрыкнуў папяросу ў гарод, знік у пакоі.
Праз колькі хвілін дзверы зноў расчыніліся – на гэты раз рэзка, імкліва. Але выйшаў не бацька, а, як і першы раз, маці. Яна борзда, колькі дазваляла хворая нага, сышла з ганка, пашыбавала да ракі. Не паспела яна схавацца за кустоўем, як і бацька выйшаў. Пастаяў крыху на панадворку, падаўся следам за маці.
Як на злосць, вяроўка не паддавалася. Пакруціўшы яе так і гэтак і зразумеўшы, што зрабіць вузел з караткаватых вольных канцоў ён наўрад здолее, Мар'ян зняў яе з перакладзіны. Зноў зрабіў пятлю, але цяпер ужо пакінуў яе ўнізе, а да лома прывязаў вяроўку канцамі.
Атрымалася добра. Нешырокая зашмарга пагайдалася хвіліну-другую ў паветры, замерла над утаптаным мурагом. Мар'яну яна акурат даходзіла да плячэй. Канечне, нізкавата, але ж як-небудзь дасць рады.
Тым часам на сцяжыне ўдалечыні паказалася постаць. Бацька, смешна падскокваючы, шкандыбаў дахаты і ўголас сам з сабою размаўляў. Па ягоным усхваляваным, заклапочаным твары нават здалёк можна было здагадацца: нешта здарылася.
У хаце стары быў нядоўга. Неўзабаве ён зноў выйшаў на панадворак, зняў з падстрэшка палазкі, паныла паплёўся да ракі. Нягледзячы на спёку, ён быў у ботах, з левага, аттапырваючы халяву, вытыркалася ручка нажа.
Хвілін пятнаццаць было ціха. Нарэшце абое, бацька і маці, паказаліся з-за пагорка. Спачатку матчына галава загайдалася ў мроіве па-над пожняй, потым – бацькава. Сталі бачныя і палазкі. На іх ляжала, адкінуўшы назад галаву, чорная авечка. Бацька, відаць, на месцы яе прырэзаў, таму за санкамі крывавіў па траве нешырокі чырвоны след.
Ля хаты яны спыніліся.
–Яму засып, – сказала маці, і Мар'ян зразумеў, што авечка, хутчэй за ўсё, паламала нагу, зваліўшыся ў паўзакінутую бульбяную яму.
–Засыплю, анягож, – адказаў стары і пайшоў да клеці. Не знайшоўшы там, аднак, таго, чаго шукаў, вярнуўся назад, да палазкоў. – Дзе вяроўка дзелася? Скуру здымаць, дык павесіць трэба.
–От гаспадар ты! – папікнула маці. – Пакладзеш і не памятаеш... Вунь на пагорку, каля жалязякі, твая вяроўка. – Сказала і пакіравала да ліпняку.
Бацька зняў боты, падскокваючы босымі нагамі па колкай скошанай пожні, пайшоў за ёю.
Мар'ян памкнуўся адчэпліваць вяроўку ад перакладзіны, але пабаяўся, што не паспее, і хуценька хіснуўся ў хмыз.
Неўзабаве старыя былі каля перакладзіны.
–Глянь ты – вузел завязаны. – Бацька, неўразумела чухаючы скроню, глядзеў на вяроўку. – Чыя работа?
–Мала чыя, – адгукнулася маці. – Ляжыць вяроўка, во і завязалі дзеля смеху. Тут будзем падвешваць ці на панадворку?
–Тут, – адказаў бацька і зноў паплёўся да хаты.
Маці счакала хвіліну, затым, быццам што ўспомніўшы, спахапілася, кінулася за ім наўздагон.
Колькі часу быў відзён толькі бацька. Потым і маці выйшла з хаты, трымаючы ў адной руцэ вядро з вадою, у другой – мядніцу, пайшла следам за палазкамі.
Стары перавязаў вяроўку на свой лад, яны падвесілі авечку на перакладзіну, і бацька дзе з дапамогаю нажа, а дзе і проста кулакамі пачаў спускаць скуру ўніз, да шыі. Яна ішла лёгка і неўзабаве ляжала, пераліваючыся ільсніста-парцалянавым ісподам, на траве. Бацька спрытна разрэзаў авечую брушыну, вываліў вантробы ў падстаўленую мядніцу, і старая тут жа, на месцы, узялася іх разбіраць.
–Сытая халера, вунь колькі нутранога тлушчу.
–Ага. – Маці аддзяліла спажыўнае ад непатрэбнага, выплюхнула апошняе пад куст – да радасці сарок, што даўно круціліся наўкола ў чаканні пачастунку. – Схадзіць на ферму пазваніць Ма2русю, каб прыехаў забраў.
Яны ўскулілі тушу на палазкі, павольна – адзін спераду, другі ззаду – прытрымліваючы, папраставалі да хаты.
Мар'ян пачакаў, пакул яны адыдуцца, вярнуўся да перакладзіны. Унікаючы глядзець пад ногі, на кроў, пакратаў вяроўку, таргануў уніз. Вяроўка глуха рыпнула, напяўшыся струною, перакруцілася ў ягоных руках, зноў замерла на месцы.
Ад хаты данёсся стук сякеры: бацька сек тушу. Потым яны з маткай выкацілі з клеці ў двор дзяжу, пачалі складваць у яе мяса. Бацька трымаў у руках кавалак, маці густа пасыпала яго соллю, і стары тут жа апускаў апрацаванае на дно дзяжы. Пасаліўшы ўсё, яны закацілі дзяжу ў засень, моўчкі, як і ўсё рабілі дагэтуль, падаліся да хаты.
Наўздзіў, іх дзеянні больш не здаваліся Мар'яну бессэнсоўнымі. Наадварот, усё было падпарадкавана пэўнай мэце. «Схадзіць на ферму пазваніць Марусю...» – не выходзілі з галавы матчыны словы. Аказваецца, ён і ёсць тое, вакол чаго гадзіны, дні, месяцы круцяцца іхнія думкі, надаючы існаванню сэнс і завершанасць. Так заўсёды было, так, яны, напэўна ж, спадзяюцца, і застанецца надалей.
Тады, захварэўшы, ён ім нічога не сказаў ні пра хваробу, ні пра перспектывы. Не хацеў уцягваць ва ўсё гэта. Тым больш, што маці нядаўна перанесла інсульт, і ягонае паведамленне несумненна пагоршыла б яе стан.
Думка скончыць усё менавіта тут, каля бацькоўскай хаты, упершыню наведала яго ў пазамінулы прыезд. Магчыма, гэта выглядае дзіўнавата, але яму вельмі важна ў гэтыя апошнія хвіліны быць блізка роднай хаты і родных людзей. Так сталася, што нікога, апроч бацькоў, у яго не было ў гэтым свеце. Самі слабыя і бездапаможныя, яны могуць зрабіць ягоны адыход не гэткім роспачным і жорсткім. Але цяпер, пасля гэтай валтузні з авечкаю і матчыных слоў, яму зразумела і іншае. Ягоная слабасць найперш ударыць па іх. Так, па іх, бо, пазбавіўшы магчымасці і неабходнасці дбаць пра ягоны дабрабыт, зробіць іх існаванне сапраўды бессэнсоўным. Да таго ж яшчэ абцяжарыць усведамленнем ягонага граху перад Богам, якому абое яны, у адрозненне ад яго, учарашняга савецкага недавярка, вераць шчыра, усім сэрцам... Канечне, ён усё роўна памрэ, не сёння, дык праз месяц. Але ж пакінуць іх сам-насам з горам з-за хваробы – адно, а абняшчасціць па ўласнай волі – зусім, зусім іншае.
І штосьці яшчэ не давала спакою ягонай растузанай, развярэджанай цяжкім одумам душы. Штосьці трывожна-мулкае засела ў ёй стрэмкаю і скрэбла, скрэбла – аж да цемры ў вачах, да болю ў сэрцы.
Так, ён зусім нядаўна, усяго пяць год таму, вярнуўся да Бога пасля доўгага перапынку. Вярнуўся рашуча і, як ён сам меркаваў, – раз і назаўжды. Дык гэтая ягоная задума скончыць самагубствам – што яна, як не здрада і той рашучасці, і веры, і самому сабе? Сённяшняе ягонае жыццё кепскае, слоў няма. Але ж, здараецца, людзі і ў горшых выпадках знаходзяць сілы не ісці на крайнасць. А ён, каталік, зробіць гэта? Вось пра бацькоў ён думаў – гэта добра. Але ж бацькі бацькамі, а сам ён што скажа ў хвіліну, калі давядзецца перад Богам трымаць адказ за зробленае? Не, усё няправільна, не так...
Ягоны роздум перарвала маці. Яна ішла ад хаты ў накірунку фермы і на хаду выцірала аб фартух спаласнутыя пад рукамыйнікам далоні.
Дык што яму ўсё-такі рабіць? Завіснуць у гэтым брудзе над рэшткамі вантробаў ці застацца з ёю, са старым? Да фермы паўтары вярсты, і ён спакойна паспее, аб'ехаўшы наўкола, выехаць матцы насустрач да таго, як яна паспее пазваніць.
Так ён і зробіць, менавіта так.
Ён дачакаўся, калі бацька пойдзе ў хату, асцярожна падаўся краем кустоўя ў гушчар – заводзіць машыну.
|
|
|