Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(13)/2000
На кніжнай паліцы
У свеце Бібліі
Мастацтва

УНЕБАЎЗЯТАЯ
Да Юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы
Нашы святыні

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА

КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ У МІНСКУ
Пра самае важнае
Проза

ГРЭХ. Апавяданне
Кантрапункт

Святлана АДАМОВІЧ

ЗАКОЗЕЛЬСКАЯ КАПЛІЦА


У бібліяграфічных крыніцах ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. звесткі пра мястэчка Закозель* вельмі нешматлікія і пераважна абмежаваныя паведамленнямі пра тое, што «маёнтак знаходзіцца ва ўладанні роду Ажэшкаў (герб Кораб)... за 46 км ад г. Кобрына па дарозе Осаў – Антопаль і разам з фальваркамі налічвае 8 018 тысяч дзесяцінаў зямлі».

Сучасныя польскія і беларускія даследчыкі больш надаюць увагі палацава-паркаваму ансамблю ў Закозелі (ён захаваўся да сённяшняга часу), аднак звестак пра будаўніцтва і існаванне капліцы ў іх працах вельмі мала.

Вядома, што з ХVІІІ ст. маёнтак Закозель належаў Юзафу Ажэшку, але хутчэй за ўсё будаўніцтва заказельскага комплексу распачыналася ў той час, калі маёнткам валодаў Нікадым Ажэшка – сын Юзафа. Згодна з тэстамантам і ўводным лістом, складзеным 20 ліпеня 1843 г., ад Нікадыма маёнтак перайшоў да Калікста Нікадэмавіча Ажэшкі, які прадоўжыў пачатую бацькам працу па будаўніцтве і ўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля. Відаць, менавіта Каліксту Ажэшку мы абавязаны і тым, што ў Закозелі была збудавана цудоўная неагатычная капліца, якая і сёння, нягледзячы на яе ненайлепшы стан, упрыгожвае мястэчка.

Пасля заканчэння будаўніцтва капліца служыла родавай пахавальняй Ажэшкаў.

Дата будаўніцтва святыні вядомая дзякуючы звесткам пераліковай ведамасці Кобрынскага павета за 1867–1868 гг., дзе паведамляецца, што заказельская філіяльная капліца пабудавана з дазволу віленскага біскупа Кланцэвіча ў 1849 г.1. Аўтарам праекта заказельскай капліцы быў вядомы польскі і беларускі архітэктар Францішак Яшчальд (1808–1873), па праектах якога ўзводзіліся многія выдатныя архітэктурныя збудаванні, у тым ліку і на Беларусі (замкі ў Косаве, Вістычах Брэсцкай вобласці, палацы на Палессі і Гродзеншчыне).

У Нацыянальным гістарычным архіве г. Гродна захоўваецца даволі шмат дакументаў, якія датычаць гісторыі капліцы. Так, напрыклад, у адным з іх паведамляецца: «...каталіцкая капліца ў м. Закозель была пабудавана для пахавання памерлых з роду Аржэшкаў (аўтары рускамоўных крыніцаў дадавалі ў напісанні прозвішча Ажэшка літару «р». – С.А.), у якой ужо пахаваныя Восіп Аржэшка, яго сын Нікадым, дачка яго Феафіла, у замустве Бухавецкая, і бацька жонкі нябожчыка – Іван Хржаноўскі... Апрача гэтага, ёсць яшчэ дзве гатовыя пахавальні. Да закрыцця ў капліцы адпраўляліся набажэнствы па святах і нядзелях, парафіянаў рыма-католікаў не было»2. Напачатку святыня была прыпісана да брашэвіцкай парафіі (на пачатку ХХ ст. яна ўжо належала янаўскаму касцёлу. – С.А.).

Аўтар артыкула, надрукаванага ў «Геаграфічным слоўніку» (1895), піша пра капліцу ў мінулым часе, бо ў 1865 г. адпаведна з указам Галоўнага Начальніка краю яна ўжо была зачыненая. Тлумачэнне прычыны яе закрыцця ёсць у адным з данясенняў гродзенскаму губернатару, дзе гаворыцца, што «існаванне капліцы мела б кепскі ўплыў на шматлікіх слугаў Закозеля, а адасобленасць маёнтка перашкаджае нагляду за польскай прапагандай»3.

У 60-я гг. ХІХ ст. Калікст* * рэдка наведваў Заказель і ўсімі справамі маёнтка займалася яго маці – Фернанда Іванаўна (да замуства – Хржаноўская). Але і яна, валодаючы ўжо толькі часткай маёнтка, зрэдку прыязджала ў Закозель і больш жыла ў Валынскай губерні, аднак праз давераных асобаў намагалася захаваць капліцу як сямейную пахавальню, пра што сведчыць вялікае ліставанне, якое знаходзіцца ў фондах НГАБ г. Гродна.

Пасля смерці ў Парыжы аднаго з сыноў, Юлія, Фернанда Ажэшка звярнулася да начальства па дазвол пахаваць памерлага ў закозельскай капліцы. Яна атрымала дазвол на перазахаванне, але ў той жа час з канцылярыі губернатара прыйшоў загад: «Капліца не можа быць адчыненай. Што датычыць маёмасці і будынка, дык паколькі капліца гэта не была парафіяльнай і з'яўлялася ўласнасцю ўладальнікаў маёнтка, то маёмасць і будынак належыць вярнуць Ажэшкам з тым, аднак, каб капліца была перароблена ў пахавальню са зруйнаваннем на ёй царкоўных купалоў і каб у будынку не засталося алтара і ніякіх прыладаў для набажэнства...»4.

У 1867 г. капліцу ўсё ж адчынілі, а ключы перадалі валовельскаму святару: ад вышэйшага начальства паступіў новы загад – перадаць капліцу праваслаўным уладам. У рапарце павятовага спраўніка, пададзеным на пачатку 1867 г., ёсць паведамленне пра тое, што капліца павінна быць перароблена да 1 мая наступнага года5.

Спадзяванняў на захаванне святыні практычна не было: «...Алтар будзе зняты, але з той прычыны, што ён збудаваны з мармуру і жалеза і шчыльна ўмацаваны ў цагляныя сцены, патрэбны некаторы час для таго, каб даслаць здольнага да гэтай працы майстра. Што датычыць царкоўных купалоў, дык іх зняцце і пераробка будынка немагчымыя без архітэктара і адмысловых рабочых і вымагаюць вялікіх затратаў – просьба пакінуць іх у тым самым выглядзе»6, – так пісаў у сваім прашэнні памешчык Вольскі (давераная асоба графіні Ажэшкі). Ліставанне па гэтым пытанні працягвалася некалькі месяцаў. Справа ўскладнялася адсутнасцю ўладальніка маёнтка і тым, што давераныя асобы не маглі прымаць самастойных рашэнняў. Але, нягледзячы на тое, што капліца была зачыненая, а галоўны ўваход замураваны і атынкаваны, просьбы захаваць першапачатковы выгляд родавай пахавальні працягвалі паступаць. Так, у 1868 г. міністр унутраных справаў атрымаў прашэнне ад дваранаў Кобрынскага павета наступнага зместу: «...Збудаваная 20 гадоў таму капліца ў маёнтку Закозель, засведчаная ў спісах 1853 г., зачынена з прычыны непатрэбнасці, бо, акрамя памешчыцы і слугаў, католікаў амаль няма... Мэта закрыцця дасягнутая, калі ў ёй не будзе адпраўляцца набажэнства... Пераробка будынка з цаглянымі ўпрыгожваннямі ў гатычным стылі вымагае затратаў і знявечання збудавання... пакінутая ў цяперашнім выглядзе капліца не можа нікому нашкодзіць, тым больш што капліца пабудавана ў гаі, паблізу памешчыцкага двара, а не ў вёсцы... Просім пакінуць без зменаў як звонку, так і знутры...».

Цяжка сказаць, што прымусіла кіраўніцтва краю адмяніць рашэнне перарабіць капліцу. Яна і сапраўды была зачынена для набажэнстваў на доўгія гады, але не разбураная. У 1868 г. святар валовельскай царквы Балабушэвіч разам з вопісам маёмасці перадаў яе прыставу. З гэтага вопісу, а таксама з іншых дакументаў тых часоў мы маем уяўленне пра тое, як выглядала капліца: «...Будынак з востраканечным купалам завяршаўся чыгунным крыжам; унутры вежаў з чыгуннымі востраканечнымі шпілямі па вуглах у чыгунных кіётах знаходзіліся чатыры фігуры ў чалавечы рост. Перад уваходам у капліцу стаялі два драўляныя слупы з ліхтарамі (больш позняга паходжання. – С.А.). Перад уваходам у капліцу з каменя, апрацаванага пад мармур, было зроблена 10 прыступак... Інтэр'еры будынка ўпрыгожвалі драўляныя разьбяныя пераплёты, шматколернасць ваконнага шкла, гіпсавыя фігуркі, чыгунныя перагародкі адмысловай работы, а таксама цудоўныя абразы, напісаныя на палатне... Хоры і галоўны алтар таксама былі зроблены з чыгуна – усё вылучалася высокім густам і майстэрствам...».

У ХІХ ст. на могілках побач з капліцай на драўляным слупе зрабілі званіцу, крытую гонтам.

Шчаслівы выпадак дазволіў аўтару гэтых радкоў знайсці ў фондах расійскага Дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга літагравюру, на якой адлюстравана капліца і фрагмент парка. Праца выканана ў пачатку 1850-х гг. – неўзабаве пасля завяршэння будаўніцтва капліцы. На гравюры ёсць надпіс па-французску – «Imp. Lemercier, Paris» * * *, які звязвае яе паходжанне з імем аднаго з братоў Ажэшкаў – Юлія, які жыў і памёр у Францыі.

Труны Ажэшкаў захоўваліся ў падвале капліцы яшчэ доўгія гады пасля яе закрыцця.

У 1915 г. у час нядоўгай нямецкай акупацыі заходніх тэрыторый Беларусі медны дах быў зняты з заказельскай капліцы і будынак некалькі гадоў стаяў пад адкрытым небам. Новы цынкавы дах быў пакладзены Каралем Талочакам, які набыў маёнтак у 1923 г. і валодаў ім да 1939 г.

Капліца стаіць на невялікім штучным узгорку на тэрыторыі парка, які служыць годным абрамленнем архітэктурнаму помніку. Шмат што ўжо страчана, але нават невялікія фрагменты парка сведчаць пра арыгінальнасць яго кампазіцыйнага вырашэння, выразнасць і маляўнічасць. Святыня, якая некалькі дзесяцігоддзяў прастаяла незапатрабаваная, адкрытая ўсім вятрам і нягодам, і сёння вабіць сваёй веліччу і прыгажосцю. Але помнік архітэктуры сярэдзіны ХІХ ст. ужо даўно ў небяспецы, і калі ў бліжэйшы час не пачнецца рэстаўрацыйная праца, мы можам назаўсёды страціць яго. Страціць яшчэ адну святыню гармоніі, спакою і дабрыні...

Святлана АДАМОВІЧ, гісторык.

Фота А. Яроменкі.


    *На думку аўтара "Тапанімічнага слоўніка Беларусі" В.Жучкевіча, назва вёскі Заказель, якая знаходзіцца ў Драгічынскім раёне, паходзіць ад значэння: "паселішча за ўрочышчам Козель".
    * *Адзін з братоў – Юлій – жыў за мяжой, а трэці брат – Нікадым – загінуў у час паўстання 1863 г. У заказельскім парку быў зроблены невялікі абеліск у гонар удзельнікаў паўстання 1863 г. і ў прыватнасці – Нікадыма Ажэшкі. На помніку быў надпіс: "За душу Нікадыма і ўсіх палеглых у лясах".
    * * *Пер. з фр.: "Друкарня Лемерсье, Парыж"; другі надпіс на літаграфіі зроблены таксама па-французску: "Eug Ciceri et Ph. Benoist tith", што, хутчэй за ўсё, абазначае скарочаныя імёны аўтараў.

  1. НГАБ г. Гродна, ф. 8, воп. 2, спр. 1406, л. 198.
  2. НГАБ г. Гродна, ф. 1, воп. 3, спр. 3495, л. 3.
  3. Тамсама.
  4. Тамсама, л. 5.
  5. Тамсама, л. 19.
  6. РДГА г. Санкт-Пецярбурга, ф. 821, воп. 125, спр. 1408, л. 14.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY