|
|
№
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва
Уладзімір КАРЭЛІН,
Мікалай МЕЛЬНІКАЎ, Аляксандр ЯРАШЭВІЧ ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Проза
У свеце Бібліі
Вандроўкі
Haereditas
Постаці
Пераклады
Нашы святыні
Haereditas
Інтэрв'ю
Проза
Паэзія
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
|
Ружанец. Для кожнага католіка - гэта не проста адзін са спосабаў малітвы; гэта - асаблівы сімвал практыкі веры, яе неад'емная частка, без якой ужо немагчыма ўявіць каталіцкую пабожнасць. Незаменны і верны спадарожнік у нашай размове з Богам, Ружанец дапамагае нам праз Марыю выпрошваць у Яе Сына патрэбныя ласкі для сябе і сваіх блізкіх. З Ружанца пачынаецца і Ружанцам заканчваецца малітоўны шлях верніка. І калі ўжо навечна супакояцца складзеныя на грудзях рукі, калі суцішацца пальцы, якія праз усё жыццё не стамляліся перабіраць далікатныя пацерынкі ружанца, тады яго ланцужок абаўе, атуліць гэтыя рукі як знак веры, як знак нашай вечнай лучнасці з Богам. Здаецца, Ружанец быў заўсёды. Мы нават не задумваемся, што гэтая традыцыйная і любімая намі і нашымі продкамі малітва склалася толькі пяць стагоддзяў назад, у Сярэднявеччы. Ды тут якраз няма патрэбы згадваць яе гісторыю, бо ў мінулым нумары «НВ», у артыкуле пра абразы Маці Божай Ружанцовай, падрабязна пісалася пра пачаткі гэтай старажытнай малітвы. Так шчасліва склалася, што тою публікацыяй часопіс ужо як бы падрыхтаваў сваіх чытачоў да ўспрымання новага і важнага дакумента, а менавіта - Апостальскага ліста Rosarium Virginis Mariae («Ружанец Панны Марыі»), які 16 кастрычніка, у дзень 24-й гадавіны свайго пантыфікату, абвясціў Святы Айцец Ян Павел ІІ. Яго Святасць запрасіў усіх пастыраў і вернікаў Касцёла нанова адкрыць Ружанец і аб'явіў перыяд ад кастрычніка 2002 года да кастрычніка 2003 Годам Ружанца. Ці трэба казаць, што гэты дакумент стаў для многіх неспадзяванкаю? Але ж, відаць, нездарма ад самага пачатку пантыфікату за цяперашнім Папам трывала замацавалася азначэнне «Папа-неспадзяванак». Вось ужо амаль чвэрць веку Святы Айцец не перастае ўсіх нас па-добраму здзіўляць. Што праўда, як слушна заўважыў польскі дамініканін а. Марцін Лісак, «незвычайнае сведчанне веры, вялікая колькасць важных дакументаў і іншых справаў сённяшняга Папы паволі ўжо прызвычаілі нас да неспадзяванак як спосабу пастаяннага вырывання вернікаў са стану рэлігійнай дрымоты». І ўсё ж новы папскі дакумент, які датычыць такой здавалася б «непарушнай» і такой традыцыйнай справы як Ружанец, выклікаў і чарговае здзіўленне, і асаблівую зацікаўленасць. Нанова адкрываючы нам Ружанец, Папа паказвае незвычайную глыбіню гэтай простай і такой звыклай малітвы. Святы Айцец падкрэслівае, што «Ружанец належыць да найлепшай і да найбольш выпрабаванай традыцыі хрысціянскай кантэмпляцыі. Развіўшыся на Захадзе, ён з'яўляецца тыпова медытацыйнаю малітваю і ў пэўнай ступені адпавядае «малітве сэрца», ці «Езусавай малітве», якая ўзрасла на глебе хрысціянскага Усходу» (5). Вялікі прыхільнік Ружанцовай малітвы Святы Айцец падкрэслівае, што марыйны характар Ружанца ў сваёй аснове з'яўляецца «хрысталагічным». Ён піша: «У Ружанцы мы молім Марыю, Святыню Духа Святога (пар. Лк 1, 35), а Яна становіцца перад Айцом, які адарыў Яе паўнатою ласкаў, і перад Сынам, народжаным з Яе ўлоння, молячыся з намі і за нас (16). (...) Ружанец - гэта таксама дарога абвяшчэння і спасціжэння таямніцы Хрыста, на якой яна пастаянна праяўляецца ў розных сферах хрысціянскага досведу» (17). І ўсё ж з чаго вынікае папскае дапаўненне Ружанцовай малітвы таямніцамі святла (mysteria lucis), якія былі матывы і прычыны такога кроку? На гэта пытанне абгрунтавана і глыбока адказвае сам аўтар Ліста. Ён у прыватнасці зазначае: «Ружанец, у той форме, якая прыжылася ў найбольш пашыранай практыцы, зацверджанай касцёльнымі ўладамі, паказвае толькі некаторыя са шматлікіх таямніцаў жыцця Хрыста. Такі выбар быў прадыктаваны першапачатковаю схемаю гэтай малітвы, звязанай з лічбаю 150, колькасцю псальмаў у Псалтыры. Аднак я лічу, што для таго, каб развіць хрысталагічнае вымярэнне Ружанца, слушным было б дапаўненне, якое (пакінутае свабоднаму выбару асобаў і супольнасцяў) дазволіла б ахапіць таксама таямніцы публічнага жыцця Хрыста паміж хростам у Ярдане і мукаю. (...) Гэта ў гады публічнага жыцця таямніца Хрыста аб'яўляецца па спецыяльным праве як таямніца святла: «Пакуль Я на свеце, Я - святло свету» (Ян 9, 5). (...) Гэтае дапаўненне новымі таямніцамі, нічым не шкодзячы ніводнаму з істотных аспектаў традыцыйнага ўкладу гэтай малітвы, павінна паспрыяць таму, што яна будзе перажывацца ў хрысціянскай духовасці з новаю зацікаўленасцю як сапраўдныя ўводзіны ў глыбіню Сэрца Езуса Хрыста, акіяну радасці і святла, болю і хвалы» (19). Прапануючы нашым чытачам урыўкі з гэтага важнага дакумента, мы змяшчаем таксама новы склад Ружанца і паведамляем, што выдавецтвам «Pro Christo» падрыхтаваны да друку на беларускай мове поўны тэкст Апостальскага ліста «Rosarium Virginis Mariae».
|
|
|