Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

ДУХОЎНЫЯ ВЕРШЫ
НЯМЕЦКІХ ПАЭТАЎ ХVIII СТ.

Др. ШЫБЭЛЕР

Песня пакаяння
  1. Даволі! Хопіць песнапення
    Пра марны пах зямных вятроў!
    Прыйдзі, святое захапленне,
    І зачаруй мне дух і кроў,
    Напоўні грудзі мне тугою,
    Якая Божы дар нясе.
    І праз журботу да спакою,
    Да міру й радасці вядзе.

  2. Як часта збочваў я з дарогі,
    Якую Бог мне наказаў,
    Як часта абяцаў, убогі,
    І слоў прысягі не стрымаў.
    Цяпер нясмелы і пакорны,
    Бо пакараны мушу быць,
    Цябе я клічу, жалю поўны,
    Хачу у пакаянні жыць.

  3. Глядзі, я каюся, я брудны,
    Прыму пакорліва Твой гнеў!
    Мой цяжкі грэх на мне, я блудны,
    Мой грэх палохае мяне.
    Увесь маіх злачынстваў шэраг
    Перада мной,- душа маўчы;
    А дзе ім край, і дзе ім бераг,
    Куды ад кары уцячы?

  4. Мой грэх вялікі: і на літасць
    Надзей не можа мець віна;
    Але Твая, мой Божа, міласць -
    Перавышае ўсё яна!
    О Госпадзе! Мой дух узнові,
    Не помсці мне і ласкі дай;
    Ў імя Тваё, ў імя любові
    Даруй мне, Ойча! Не карай!

  5. Мацуй мяне, слабога сына
    Зямлі пакутнай, хай Твой цуд
    Апорай будзе, не пакіне,
    Калі мне Твой настане суд.
    Прымі ж ласкава пакаянні,
    Дазволь узважыць сэрцам лёс,
    Каб я, як добры хрысціянін,
    Свой цяжкі крыж дастойна нёс.

Нараджэнне Збаўцы
  1. Ідзе, ідзе Герой-Магут,
    Каб смерць перамагчы.
    Сын славы Божай, Сын пакут,
    Прамень святла ўначы,
    Прамень святла ўначы.

  2. Хто йдзе? Хто йдзе? Хто той Магут?
    Каб смерць перамагчы?
    Месія гэта; вырве з пут
    Яго ахвярны чын,
    Яго ахвярны чын!

  3. Учалавечаны, Табе
    Паклон, хвала і гімн.-
    Над яслямі вакол Цябе
    У радасці стаім,
    У радасці стаім.

КЛОПШТОК

Песня пакутаў
  1. Крыж любоў маю прымае,
    А любоў - Ісус Хрыстос;
    Той прыхільнасці не мае,
    Хто у вечнасць не ўваскрос.
    Дар твой - марнасць, крутаверць,
    Твой здабытак - толькі смерць,
    А мая любоў - пакуты,
    Мой заступнік перад Сутным.

  2. Крыж любоў маю прымае,
    Крыж адчужанасць атрос,
    Ён любоў маю трымае,
    Акрываўлены Хрыстос,
    І Яго пакутны скон -
    Смерці вырак і праклён.
    А мая любоў - пакуты,
    Мой заступнік перад Сутным.

  3. Ён і ў смерці ў мілажалі
    Заклікае нас любіць,
    Каб Яго не зневажалі
    І Яго наказ - любіць.
    Ці ж не я на крыж прыбіў
    Тым, што моцна не любіў?
    Божа, аслані ад грэху
    Памажы мне, дай уцеху!

  4. Крыж спрыяць любові можа;
    Што страшней такіх спакус?
    Супакой сумленне, Божа,-
    Твой ахвярны дар - Ісус.
    Паглядзі, крывёй апошняй
    Ён грахоўнасць перамог;
    І сваёй крывінкай кожнай
    Мяне выратаваў Бог.

  5. На крыжы любоў і вера -
    Жудасны, жахлівы лёс!
    Смерць, жахніся! Мая вера -
    Неадольны мой Хрыстос!
    Слава, золата і чта
    Не адвернуць ад Хрыста.
    Хай хоць жыцьму пад прымусам,
    А памру з маім Ісусам.

  6. На крыжы - любоў зямная!
    Дык прыходзь жа, смерць! прыходзь!
    Абярнуся прахам хай я, -
    З праху вызваліць Гасподзь.
    Прыме дух мой вечны Сын,
    Я знайду у Ім спачын,
    І нічым ужо ніколі
    Не парушу Божай волі.

РЭДЗІНГ

Калядная песня
  1. Узносьце Богу спеў хвалы
    І Сыну, слаўце трон;
    Ён любіць нас, - дзяцей малых,
    Грахі даруе Ён,
    Грахі даруе Ён.

  2. У вечнай славе наш Гасподзь
    І творы рук Яго;
    Яму наш дух і наша плоць,-
    Праславімце ж Яго!
    Праславімце ж Яго!

  3. Праславімце Тваю любоў,
    Якая моц дае,
    Хто мы былі б, каб не любоў,
    І міласці Твае,
    І міласці Твае!

  4. Яна і шчасце, і парыў
    Наш да бязгрэшнасці
    У Сыне, што і ёсць, і быў,
    Як Ты - ад вечнасці,
    Як Ты - ад вечнасці.

  5. Твой Сын прыйшоў! І мы пяем
    Хвалу Паслу нябёс!
    Прыйшоў, праславіў Віфлеем,
    Збавенне нам прынёс,
    Збавенне нам прынёс.

  6. Галечу нашу, смерць і тло
    Ў надзею абярнуў,
    І ўсё, што прахлае было,
    У веліч апрануў,
    У веліч апрануў.

  7. Ён, вобраз вечнага Тварца
    Вось тут, сярод пялён
    Ляжаў у яслях; Сын Айца
    У наш явіўся спеў,
    У наш явіўся спеў.

  8. Любоў! Ты смерць перамагла,
    Грахі ў нішто звяла; -
    Ты ўратавала нас ад зла,
    І мір ты нам дала,
    І мір ты нам дала.

  9. О, Сыне Божы, грэшны я,
    Наблізіцца дазволь:
    І моліцца душа мая,
    Прымі душэўны боль,
    Прымі душэўны боль.

  10. Няхай жа у анёльскі гімн
    Ульецца голас мой.
    Табе мая падзяка ў ім,
    Душы маёй спакой,
    Душы маёй спакой.

ГЕЛЕРТ

Заахвочванне да Слова Божага
  1. Мая моц - Бог,
    Бог - мой чартог,
    прымаю сэрцам Слова.
    У веры я-
    душа мая
    Ухілена ад злога.

  2. У Слове Ты,
    Бог мілаты,
    яно ў любой аснове.
    Не дай, Гасподзь,
    на дробку хоць
    Засумнявацца ў Слове.

  3. З Табой лягчэй
    Святлу вачэй
    Яно ў Табе спачыла.
    Яно з Табой
    мір і спакой
    У мне навек злучыла.

  4. Яно дало
    Душы цяпло
    жыццё і неўміручасць.
    У вечнасць нас
    Твой кліча час,
    У Слове - наша лучнасць.

  5. Наказ Твой мне -
    Адкінуць гнеў,
    грахоўную заразу;
    Бо ці ж магла б
    жыць без святла
    душа і без наказу?

  6. Маю юдоль
    Сцінаў бы боль
    без каяння у грэху.
    Ты ж радасць даў
    і дараваў
    У Слове мне уцеху.

  7. Адродзіш Ты
    Мне Дух Святы
    праз Слова ацаленне,
    Праз моц маю
    я паўстаю
    Адноўлены збавеннем.

  8. Пакінь жа нам,
    Зямным сынам
    Твайго моц Слова, Божа!
    У Слове Бог
    нам дапамог -
    І праўда пераможа!

Вечаровая песня
  1. За ўсё дабро праслаўся Ты,
    Наш Ойча, Сын і Дух Святы,
    Цябе я не дастойны,
    Цябе хвалю, Цябе малю,
    Табе мае паклоны.

  2. Сардэчна Ты мяне прыняў
    Сярод сваіх вялікіх спраў,
    Малітву заахвоціў;
    Мяне, мой кут дагледзеў тут
    Бацькоўскаю даброццю.

  3. Я ўвесь, Гасподзь, - дарунак Твой,
    Увесь душэўны мой спакой,
    Ён ад Тваёй любові.
    Усім дабром, што я збярог,
    Ты ад шчадрот спадобіў.

  4. Дык будзь у моцы мілаты
    Аслонай мне ў час цемнаты,
    Адкрый свае мне далі.
    І ў смертны час прымі ўсіх нас
    З любоўю, з мілажалем.

КРАМЕР

Імкненне да лучнасці з Богам
  1. Дзе мне знайсці таго, што сэрцам
    Маю душу гатоў любіць.
    Я марна клічу, не азвецца
    На покліч мой ніхто. Маўчыць.
    Мінецца час маіх трывог,
    І мне руку падасць мой Бог.

  2. Як не хваліць Цябе, мой Божа,
    Убачыўшы, які Ты ёсць!
    Твае нам цуды сведчаць гожа
    Пра маглодзеяў Божых прыгажосць.
    Не цень іх, а Тваё святло
    Нятленнае перамагло.

  3. Бы ў люстры бачу вобраз мілы,
    Малітва ўбогая мая.
    Ах! каб душа займела крылы,
    Каб з Творцам зблізіцца мог я!
    Якая радасць у грудзях
    Мяне вяла б на светлы шлях!

  4. Я мог бы ля падножжа трона
    З анёламі Яго ўслаўляць,
    Аблічча Сынава спакойна
    Я мог бы шчасна сузіраць;
    Я, хто ў малітвах недалуж,
    Спяваў бы гімн, як гожы муж.

  5. Хоць кожны твор Яго дае мне
    Ўстакроць, чым слаўленне Тварца,
    Бязмежны сілы свет таемны,
    Не мае мудры чын канца.
    Давід не ўславіў мілаты,
    Якое варты, Божа, Ты.

  6. Гаворыш Ты са мной лагодна,
    Нібы з дзіцяткам, Божа мой.
    Але грахі мяе нягодна
    Мне засланяюць вобраз Твой.
    Што мне рабіць, каб найхутчэй
    Заслону ухіліць з вачэй?

  7. Калі ж у цемры маёй ночы
    Ён мне прасветліць ясны зрок,
    Усё, што ўбачаць мае вочы, -
    Не свет суцэльны, а драбок.
    З Табою помыслы мае,
    А сілы ўбачыць не стае.

  8. Я чую голас Твой заўсёды
    У Божым слове! Толькі ён
    У славаслоўнасці прыроды
    Мне ў будных днях маіх чуцён!
    Чаго хачу? душу і плоць
    У спеў укласці, мой Гасподзь.

  9. Як палка нёс бы я каханне,
    Як я стараўся б у мальбе
    Здабыць Тваё упадабанне,
    Шчаслівы быў бы праз Цябе,
    Калі б мой дух, як цацкі бляск
    Дзіцятка вабіў, а не гас.

  10. Якую нэндзу, Божа, адчуваю!
    Суцеш, прымі, Гасподзь, мяне,
    Паслабі моц майго адчаю;
    Дух мудрасці Тваёй ва мне,
    Каб не паддаўся я пустой
    Мане - рассудлівай душой.

  11. Каб даўся промням Божых ісцін
    Сябе павесці да канца
    Тваіх яснот, каб здолеў выйсці
    На шлях стваральны, шлях Айца.
    Я, хто хваліць дастойна ўжо нядуж,
    Хваліў бы годнасна, як муж!

РЭДЗІНГ

Пра ўваскрашэнне плоці
  1. Ты без мяне знікаеш,
    Душы маёй жытло, -
    З маім канцом прымаеш
    Свой скон і пыл і тло.

  2. Душы маёй апора,
    Жывеш нядоўгі час;
    Настане дзень, і скора
    Разбудзіць вечнасць нас.

  3. Тады ўжо больш не пылам,
    Не ў чэзлым, ніклым тле,
    Паўстанеш ты з магілы
    У яснасці, ў святле.

  4. Угору, у вышыні
    Цяпер мой дух імкне;
    О Божа, Ты адзіны
    Аплот, надзея мне!

  5. І ўбачыць, жахнецца,
    Той, хто ў Табе грашыў;
    Ды з месца не скранецца
    Ад сораму ў душы.

  6. Ах, марна, не схавае
    Грахоўнай ганьбы бруд,
    Не змые, бо чакае
    Яго Твой, Божа, суд.

  7. А я, схіліўшы голаў,
    Паўстану прад Табой;
    І скажаш Ты анёлам
    Узнесці ў горад Твой.

На Новы год
  1. Хваліце з паўнаты грудзей
    З падзякай Богу харалам,
    Хай палкасць душ усіх людзей
    Тварцу узносіць гонар.

  2. Гасподзь ёсць Бог! Дзівосны ход
    Усіх падзей пазначыў;
    Дае нам сёння новы год
    І новыя удачы.

  3. Ён сагравае ласкай нас
    У горкія хвіліны;
    Папросім толькі, ўсамачас
    З дабром ідзе к павінным.

  4. Мы люд Ягоны! Мілата
    Нас Божая вітае. -
    Мінаюць клопаты, нуда,
    А радасць прарастае.

  5. Лячы нас! Ацаляй дух, плоць,
    Лагодлівы наш Божа.
    Дзе ёсць яшчэ такі Гасподзь,
    Што дараваць нам можа.

  6. Спявайце Богу! Слаўны Бог.
    Хто ж тут не заспявае?
    Табе, хто нас ашчасціць змог,
    Падзяку пасылаем.

  7. Прымі з малітвай наш паклон,
    Пашлі дабраславенне,
    Цябе мы славім і Твой трон
    Удзячным песнапеннем.

Пераклад з нямецкай мовы
Васіля СЁМУХІ.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY