 |
СВЯТА |
Усё памыў,
аскроб,
агладзіў,
Вазоны нават напаіў.
Падняў,
зачынены ў шуфлядзе,
Свой нейкі мілы напамін.
Нацёр сукном да бляску цэшку -
Няхай пры позірку гарыць.
І ўсё гляджу на тую сцежку,
Адкуль павінна свята быць.
Хай будзе нават не нядзеляй,
Што захлісне душу Імшой,
А хоць маленькаю надзеяй,
Што запраменіць над душой.
Любому госцю буду рады
І дзверы насцеж расчыню.
Вунь колькі месца для пасаду
І ранню новаму, і дню.
І муха скрыпкаю зумкоча,
І шыба сваццяю бубніць.
А свята ўсё ісці не хоча.
Як свята з хатай пажаніць?
Усё аддасць, што мае, хата,
Што ёсць у клеці і ў кашы.
Калі душа так прагне свята,
Дапамажыце ёй, душы.
|
НА ДЗЯДЫ |
Ніколі зорна так
У нашым краі не бывае,
Як на Дзяды.
Тады
Адразу столькі свечак
загараюцца,
І столькі воч здалёк
да нашых воч
Так востра прыглядаюцца.
І я спыняю крок
І зноў шапчу праз змрок:
- Скажыце, татусь, а ці страшна там,
За брамай той,
Куды ідзеш не сам,
Але якой
не абміне ніхто?
- Скажы, дачушка, што ты сніш
На той не пухкае падушцы?
Малітву шэпчуць карані
У сне дачушцы.
І ўсё адразу не чуваць
Адтуль,
здалёку.
Маўчыць знямелая трава.
Прыціхлі крокі.
Птушыным вокам
гляне страх з начы,
Благога анічога не вяшчуючы.
Гавораць свечкі,
Ну а мы маўчым.
Гавораць душы,
Але мы не чуем іх.
|
ЛІПНЁВАЕ |
У сцябле і лёгкім пёрцы
Цішыня цнатліва спіць.
Многа волі перапёлцы,
Той, што ў жыце просіць піць.
Ты ідзі грыбной сцягою,
Неруш лета не міні.
Тут усё гарыць сягоння
У малінавым агні.
Пахне мёдам і смалою
На спякотлівай вярсце.
Жоўтым цветам і пчалою
Ліпа родная цвіце.
Свежым водарам ліпнёвым
Вее сад і агарод.
Пахнуць мёдам травы,
словы.
І на вуснах нашых - мёд.
|
* * * |
Рэхам з касцёла Роха
Ціхая вестка ляцела.
Макам каля парога
Лета адстракацела.
Кленчыць мой дзень ля гораду
У разгалосіцы спелай.
Лубінам,
бобам,
гарохам
Лета адстракацела.
Вунь як струкі блазнуюць.
Страйк у струкоў няйначай.
З трэскам,
урассыпную,
Лёгка гарошыны скачуць.
Гаснуць гарошыны тыя,
Нават не зловіш вачыма.
Дні мае залатыя
Ціха згарэлі,
без дыму.
І не злавіў я ўсё тую ж
Пташку, што звабліва маніць.
Я то зусім не шкадую,
Я не люблю шкадавання.
Лета адстракацела
Вокнамі электрычак.
Стогнуць халодныя сцены,
Нават цяпла не клічуць.
Многа чаго засталося
Светла-няўлоўнага ў леце.
Тройкай вязуць маю восень
Дождж,
і самота,
і вецер.
|
РАКА |
Мая маленькая рака,
Радня ракі вялікай.
І ты цякла,
і я ўцякаў,
Куды сам час паклікаў.
У ночвах іншых берагоў
Тваю б хоць кроплю ўбачыць.
Сам час
па прыкладу свайго
Твой нораў перайначыў.
Я ведаў,
іншым не раўня,
Ты свой характар маеш.
Ды шлях чужы цябе абняў,
На грэбень уздымае.
Ляціш пад іншыя масты,
Шуміш у замучэнні.
Плывем: вясна,
і я, і ты,
Як тыя трэскі,
па цячэнні.
|
* * * |
Зваліўся лівень
аблогай густой.
Да ніткі апошняй прамокла накідка.
І ўжо не было ўхапіцца за што,
І я хапаўся за тую нітку.
І сцежка плыла, як працяг ручая,
І цёмна на свеце было, як у яме.
Намокла ў кішэні
паштоўка твая,
Плылі па ёй літары ручаямі.
Усё кудысьці сплывала,
плыло,
Сляды заплывалі травой і вадою.
І згоды між намі даўно не было,
А быў гэты лівень,
між мной і табою.
Ён потым аціхне.
Забудзе пра нас,
І дзень захліснецца ад яснай лагоды.
І тысячы свечак запаліць вясна
За некалькі вёрстаў ад нашае згоды.
|
|
 |