|
|
№
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва
Уладзімір КАРЭЛІН,
Мікалай МЕЛЬНІКАЎ, Аляксандр ЯРАШЭВІЧ ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Проза
У свеце Бібліі
Вандроўкі
Haereditas
Постаці
Пераклады
Нашы святыні
Haereditas
Інтэрв'ю
Проза
Паэзія
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
|
«Божа, чаму ж нам, беларусам, трэба цярпець столькі за сваё роднае слова, нават у пазнаванні Тваёй Боскай Праўды, ды ў малітве да Цябе?.. То ж Ты абдарыў народы мовамі адпаведнымі, каб кожны мог з іх на сваёй мове не толькі разумецца паміжсобку, але і лепш разумеў Тваю навуку, ды мог у лепшым і глыбейшым разуменні выказваць Табе жалі, скаргі і просьбы свае. Усе ж народы роўныя перад Табою, як і мовы іхнія. Чаму ж тады мы мусім цярпець пераслед мовы нашай не толькі ў штодзённым жыцці, але і ў Святынях Тваіх, збудаваных нашымі ж рукамі, на Славу Тваю? — ды цярпець гэты пераслед не толькі ад недаверкаў, але і ад такіх жа хрысціян, як мы…», — так пісаў у газеце «Бацькаўшчына», якая выдавалася ў Мюнхене, знаны лідэр беларускай эміграцыі, доктар філасофіі Вінцэнт Жук-Грышкевіч у 1964 годзе ў «Рэфлексіях на смерць ксяндза Віктара Шутовіча».
У 1913 г. Шутовіч скончыў вучобу, а 29 чэрвеня таго ж года быў высвенчаны на святара. Нейкі час працаваў вікарыем у Віленскай катэдры, а ў 1914 годзе паступіў у Петраградскую духоўную акадэмію, дзе скончыў два курсы. Па якой прычыне спыніў далейшую вучобу — невядома. Вярнуўшыся на Беларусь, айцец Шутовіч быў накіраваны віленскім біскупам Эдвардам Ропам на пасаду пробашча ў Барадзенічы Браслаўскага павету. Пра гэты перыяд жыцця айца Віктара ксёндз Пётр Татарыновіч пісаў: «Тут ён разгарнуў адразу вельмі актыўную працу, уводзячы беларусізацыю ў касцёле, не толькі беларускія казані, але пацеры, песні і касцельныя запісы вяліся па-беларуску. Ён арганізаваў беларускія школы, пашыраў беларускія газеты і кніжкі, вучыў народ у святыні і па-за ёй пры ўсякіх нагодах любіць сваю мову і сваю культуру, змагацца за свабоду свайго народа». Мясцовы люд адразу палюбіў маладога святара. Яго любілі як роднага бацьку, як сапраўднага пастыра для «блудных авечак». Ён раздзяляў са сваім народам боль і радасць, шчасце і смутак, надзеі і расчараванні. Быў вельмі простым і непасрэдным у стасунках з людзьмі, дбаў пра сваіх вернікаў, і тыя ішлі да яго з усімі сваімі клопатамі і спадзяваннямі. З вялікімі цяжкасцямі ўдалося перажыць айцу Віктару халодныя і галодныя 1918-19 гады. Улады ў той час мяняліся настолькі часта, што, кладучыся спаць пры адной, назаўтра раніцай можна было прачнуцца пры другой. І ўсе ставіліся да працы беларускага святара даволі негатыўна, а то і варожа. Адны бачылі ў яго дзейнасці «камуністычную прапаганду», а другія — «ксяндзоўска-папоўскую атруту». Але ён не наракаў і не плакаўся, ён проста сумленна выконваў ускладзеную на яго Богам вялікую і пачэсную місію. Калі ў 1919 годзе на Беларусь прыйшла Чырвоная армія, то амаль усе каталіцкія святары суседніх з Барадзенічамі парафіяў паўцякалі. Давялося айцу Віктару акрамя сваёй парафіі абслугоўваць і суседнія. У той час яго голас можна было пачуць у Новым Пагосце і Шаркаўшчыне, Германовічах і Друі, Ёдах і Далёкіх, Іказні ды іншых мясцінах. У 1921 годзе Беларусь па Рыжскай дамове была падзеленая на дзве часткі. Адносіны да гэтай падзеі вельмі трапна выказаў малады паэт з Усходняй Беларусі Алесь Дудар у вершы «Пасеклі наш край папалам…»:
Польскія ўлады адразу ж узяліся за айца Віктара Шутовіча. У чым толькі яго ні абвінавачвалі: і ў беларускім шавінізме, і што «польскіх дзяцей не прымае да споведзі», і ў камуністычнай агітацыі. Пад націскам уладаў віленскі біскуп Юры Матулевіч быў вымушаны стварыць камісію па дзейнасці а. Шутовіча. 29 мая 1921 года ў Барадзенічы прыехала група людзей, якая пачала разбірацца ў сутнасці справы. Безумоўна, чакаць ад гэтых людзей станоўчага вырашэння пытання не даводзілася, бо ў большасці сваёй гэта былі заўзятыя беларусафобы і шавіністы. З імі прыехаў і ксёндз Асціловіч з Мёраў. Ён выказаў жаданне гаварыць казанні ў касцёле па-польску, але парафіяне не хацелі. Тады ксёндз Асціловіч «пачаў казаць, што Бог не разумее беларускай мовы, а Папа Рымскі будзе абурацца, калі ў касцёле будзе гучаць беларуская, а не польская мова». Гэта не дапамагло. Сяляне як адзін, за выняткам некалькіх шляхцюкоў, стаялі за родную мову і свайго святара. І на гэты раз перамаглі. Каля дзесяці гадоў працягвалася плённая святарская праца айца Віктара Шутовіча сярод беларускага насельніцтва Барадзеніцкай парафіі. Не звяртаючы ўвагі на пераслед, яўны шантаж, запалохванні, а. Віктар нёс святло праўды і веры пад саламяныя стрэхі сваіх землякоў. І толькі дзякуючы заступніцтву і прыхільнасці віленскага біскупа, літоўца па нацыянальнасці, айца Юрыя Матулевіча (Юргіса Матулайціса), яму ўдавалася ўтрымацца на гэтай пасадзе. Але ў 1927 годзе а. Матулевіча замяніў біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Сваім загадам ад 12 студзеня таго ж года Ялбжыкоўскі выслаў а. Віктара ў Трысцяны, на польска-беларускае памежжа, дзе моўная і палітычная сітуацыя была іншай. Жыхары гэтай парафіі, хоць і размаўлялі на мясцовай беларускай гаворцы, мелі нізкую нацыянальную самасвядомасць, атаясамлівалі сваё веравызнанне з нацыянальнасцю. І тым не менш, а. Шутовіч у хаўрусе з даўнім сябрам і добрым беларускім патрыётам а. Язэпам Рэшацем (парафія якога знаходзілася паблізу) разгарнуў шырокую нацыянальную дзейнасць. Павольна, але няўхільна ўводзіў у святыню набажэнствы на беларускай мове, гаварыў хрысціянска-патрыятычныя казанні. Спрабаваў адчыніць беларускую школу, закладаў моцны грунт беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Але недзе ў канцы 1928 года а. Віктар зразумеў, што жыць і працаваць яму спакойна не дадуць, і таму адважыўся на адчайны крок — выезд за мяжу. Напісаў ліст ксяндзу Яну Тарасевічу, вядомаму беларускаму грамадскаму дзеячу, які жыў у Гордфардзе (ЗША), з просьбай знайсці яму сталы прытулак і, па-магчымасці, працу. Адказ прыйшоў праз некалькі месяцаў. Атрымаўшы патрэбныя дакументы і сякія-такія грошы на дарогу, а. Віктар у красавіку 1929 г. выехаў у Злучаныя Штаты. Вось як вобразна і дасціпна паведамляў пра гэта беларускі часопіс «Шлях моладзі», які выдаваўся ў Вільні: «Ведамы беларускі дзеяч кс. В.Шутовіч выехаў у Амэрыку, дзе ўжо працуе на грунце рэлігійным. Адтуль ужо хіба арцыбіскуп Ялбжыкоўскі не выгане яго?!» Жыццё ў Амерыцы не было лёгкім для ксяндза Шутовіча. Хоць і меў непасрэдны кантакт і добрыя стасункі з беларускай эміграцыяй, але душэўнага камфорту не адчуваў. Грамадскія, палітычныя і канфесійныя супярэчнасці па жывым раздзіралі адзінае беларускае нацыянальнае цела. Спрэчкі сярод грамадскіх дзеячаў на Бацькаўшчыне пераносіліся сюды, а тут яшчэ больш абвастраліся і рабіліся хранічнымі. Адсутнасць багатых і ўплывовых людзей сярод самой эміграцыі, нізкая нацыянальная самасвядомасць, брак уласна беларускіх цэркваў і касцёлаў выклікалі ў сэрцы трывогу і боль. Жыць давялося ў амерыканскім каталіцкім кляштары айцоў салятынаў. Ратаваўся працай. Пісаў артыкулы, якія дасылаў у адзіную беларускую газету «Беларуская трыбуна», што выходзіла ў Чыкага. Перакладаў на родную мову рэлігійную літаратуру. Быў у гушчы грамадскага жыцця. Але бывалі такія моманты, калі апускаліся рукі і ў душу прыходзілі адчай і неадступная настальгія. Тады хацелася ўсё кінуць і, не звяртаючы ўвагі на акіян і тысячы кіламетраў, якія раздзялялі яго з Бацькаўшчынай, пехатой, як нястомнаму пілігрыму, выправіцца ў дарогу да родных і святых мясцінаў. І ўбачыць край, дзе цячэ срэбраводны Нёман, дзе на ўзвышшах паўсталі, як зачараваныя, волаты-замкі, дзе гучаць званы старых цэркваў і касцёлаў, дзе адбіваецца месяц у водах спакойнай і задумлівай Вяллі, дзе шумяць векавечныя пушчы і лясы, прыветна ўсміхаюцца гасцінныя гаі і бары, дзе як марскія хвалі пераліваюцца жытнія палі, журчыць толькі табе знаёмая крынічка і бачыцца толькі твая сцяжынка... Пражыўшы тры гады ў ЗША, а. Віктар вярнуўся на Радзіму. Вярнуўся крыху іншым. У адным з лістоў да сябра ён пісаў: «Другім чалавекам я вярнуўся з Амэрыкі. Там убачыў я вялікія гурты народаў. У грамадзянстве там вярхі з нізамі роўныя. Толькі ў Амэрыцы я ўбачыў праўдзівую дэмакрацыю». У тым жа лісце а. Віктар пісаў: »Але добра птушцы ў залатой клетцы, ды лепей ёй на зялёнай ветцы. Так мне было і ў Амэрыцы… Амэрыкане вымагалі ад мяне адрачыся свайго і аддацца зусім для іх, так прынамсі мне здавалася… Гэта мне паказалася неразумным і ледзь не здрадай Бацькаўшчыне». У 1932 годзе а. Шутовіч прыехаў у Вільню і адразу быў прызначаны вікарыем у Харошчы. Час быў вельмі неспрыяльны. Забараняліся беларускія газеты і часопісы любога палітычнага накірунку, грамадскія арганізацыі, культурна-асветныя таварыствы. Вымушаны быў падладжвацца пад патрабаванні часу і айцец Віктар. Хоць мовай штодзённага ўжытку ў яго заставалася беларуская, але ў касцельнай, школьнай і катэхізацыйнай працы ён павінен быў карыстацца польскай мовай — так патрабавала вышэйшае каталіцкае духавенства. За а. Шутовічам сачылі ўвесь час. Але ён не скарыўся! У адным з лістоў ён пісаў: «Праследуюць мяне, але з дарогі маёй не ўступлю і ў жыцці не зламаюся. Перажыў я бальшавікоў і расейскую рэвалюцыю, прайшоў я амерыканскія школы жыцця, дык перанясу я і гэты здзек і паніжэнне чалавечай годнасці. А мне цярпець гэта не цяжка, бо я люблю свой народ і сваю Бацькаўшчыну». Балела душа ў а. Віктара ад несправядлівасці. Заставалася толькі адно — працаваць на будучыню. Верылася, што надыдуць лепшыя часы. Акрамя святарскай службы, шмат пісаў у розныя перыядычныя выданні, перапісваўся з сябрамі. У 2-й палове 30-х гадоў пачаў актыўна займацца беларускім фальклорам. Запісваў абрады, казкі, прыказкі, прымаўкі. І «няма такой беларускай песні, якой бы я не запісаў», — прызнаваўся ён. Шмат чытаў. Ведаючы каля дзесяці моваў, стараўся выпісваць патрэбныя выданні з-за мяжы. Усё гэта давала стымул для жыцця і веры ў свой народ. Неяк непрыкметна нават для сябе самога пачаў усё больш сур’ёзна займацца літаратурнай дзейнасцю. Асабліва цягнула да драматургіі. Напісаў 5-актовую драму, прысвечаную 950-годдзю хрысціянства на Беларусі, якая займала 70 лістоў машынапісу. Збіраўся напісаць гістарычную п’есу пра Вітаўта Вялікага, вясёлую, жыццярадасную народную камедыю, працягваў пісаць артыкулы аб святкаванні Калядаў, Купалля ды іншых народных святаў. Безумоўна, часта прыходзілі сумненні, узнікалі думкі аб вартасці напісанага, аб патрэбе ўсяго гэтага. Тады звяртаўся за парадай да ксяндза Адама Станкевіча, аўтарытэтнейшага чалавека ў Заходняй Беларусі, якога а. Віктар вельмі любіў і паважаў. Айцец Адам стараўся яго падтрымаць, падбадзёрыць, знайсці добрае слоўца. У чэрвені 1938 года беларускае грамадства адзначыла 25-ыя ўгодкі святарскай дзейнасці айца Віктара Шутовіча, што супалі з такімі ж угодкамі ксяндза Язэпа Германовіча. Святкаванні праходзілі найперш у Вільні і былі вельмі ўрачыстыя. Прайшла вялікая беларуская пілігрымка ў Віленскай Кальварыі, у якой прынялі ўдзел абодва юбіляры, пасля чаго адбылася вялікая, добра падрыхтаваная імпрэза. На ўрачыстасці прысутнічаў і Максім Танк. Было сказана шмат добрых чалавечых слоў пра ахвярную дзейнасць гэтых двух рупліўцаў на ніве служэння Богу і свайму народу. А. Віктару найбольш спадабалася, «што беларусы добра гаварылі пацеры і надта добра пяялі», бо менавіта ў гэтым ён бачыў плён сваёй працы. Падобнае свята адбылося і ў Харошчыцкай парафіі. Прыехала каля дваццаці беларускіх ксяндзоў. Касцёл быў прыбраны вельмі ўрачыста і святочна. Прыйшло шмат беларускіх сялян з навакольных вёсак, якія ад душы віншавалі свайго святара і настаўніка.
Але час для гэтага быў неспрыяльны. Пачалася другая сусветная вайна. У верасні 1939 года на землі Заходняй Беларусі прыйшлі першыя Саветы, а праз два гады — немцы. Айцец Шутовіч усю нямецкую акупацыю пражыў ў Харошчыцкай парафіі, дзе займаўся выключна рэлігійнай дзейнасцю. У палітыку не лез, разумеючы, што дабра ад немцаў не дачакацца. Перад самым нямецкім прыходам у Вільні выдаў «Маёвую чытанку» — кніжачку для касцельнага набажэнства. Яна выйшла ў 1940 годзе ў Беларускім каталіцкім выдавецтве. Лёс усяго астатняга, напісанага Шутовічам, невядомы. Хутчэй за ўсё, яно было знішчана ці згарэла на крывавай дарозе беларускай Галгофы. У чэрвені 1944 года ён прыехаў у Мінск, дзе нейкі час служыў святаром у Катэдральным касцёле.
Так склалася, што на Беларусі такія ксяндзы, як а. Віктар Шутовіч, выконвалі такую ж ролю, як першыя Хрыстовыя Апосталы на пачатку хрысціянскай веры. З цяжкасцю, у вельмі неспрыяльных умовах, часта рызыкуючы жыццём, яны закладвалі падмуркі новага каталіцкага Касцёла, дзе годна і ўтульна пачувалі б сябе беларуская мова і беларускі народ. Дык памолімся ж за іх, за іх працу і за іх веру.
|
|
|