Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Трыдэнтум (Трэнта). Панарама горада.

Альпійскія вяршыні стагоддзямі падзялялі Еўропу на арэалы паўночнай (германскай) і паўднёвай (італьянскай, заснаванай на антычнай традыцыі) культуры. Класік мастацтвазнаўчай навукі Генрых Вёльфлін прызнаваўся: «Для германскай Поўначы Італія з’яўляецца па сутнасці нечым чужым. Як здарылася, што гэтая краіна, нягледзячы ні на што, стала для Нямеччыны ўзорам і лёсам? Ці нельга назваць гэта добраахвотнай капітуляцыяй?.. Паняцце «Італія» не мае пастаяннай велічыні, тым больш паняцце «Нямеччына». Але ўсё ж ёсць нешта, што можна вызначыць як нязменнае, нацыянальнае формаадчуванне. Хто едзе з Поўначы ў Італію, таму свет адразу здаецца больш стабільным, простым, канкрэтна адчувальным. Першая званіца-кампанела – як ясна чытаецца яе прызма побач з касцёлам. Само цела касцёла – як ясна выказана маса яго корпуса!»1

Касцёл Сан-Ларэнца.
Касцёл Сант-Апалінарэ.
Касцёл Санта Марыя Маджорэ.
На мяжы горада нас сустракае раманска-гатычны касцёл Сант-Апалінарэ (XIV ст.). Ясны ў сваёй простасці вобраз храма – як ілюстрацыя трактата Вёльфліна. Горад Трэнта – гэта старажытны Трыдэнтум, месца сустрэчы цывілізацыяў і славуты urbis, дзе разыгралася адна з драмаў гісторыі каталіцкага свету. Уехаўшы ў Італію праз альпійскі перавал Брэнэр, мы яшчэ знаходзімся ў арэале германскай культуры. У саборы горада Бальзана (па-нямецку «Бозэн» – цэнтр Паўднёвага Тыроля, адваяванага у Аўстрыі ў 1918 г.) Імшу служаць па-нямецку і чытаюць Пісанне ў Лютэравым перакладзе. Тут жыве аўстрыйская меншасць, якая мае аўтаномію і захоўвае свае традыцыі. Але гэта апошні фарпост чыста нямецкай готыкі. Яшчэ паўгадзіны падарожжа... У Трэнта нацыянальнае формаадчуванне захапляльна складанае. Сузор’е стыляў жыве па законах гармоніі. Калі глядзіш на панараму старога Трэнта, якому цесна ў атачэнні альпійскіх волатаў, успамінаецца мініяцюрны горад з карціны Чурлёніса «Каралеўская казка». Хочацца ўзяць яго ў далоні, гэты дасканалы дыямэнт, грані якога абточаны стагоддзямі. Ідучы ягонымі вуліцамі, падпарадкоўваешся даўняму плану рымскага ваеннага лагера, з якога пазней узнік горад імперыі. Прыемна, што геаметрычная структура вуліц і плошчаў засталася дагэтуль такой, якой накрэсліў яе невядомы цэнтурыён перадавога легіёну.

Трыдэнтум увесь час знаходзіўся ў цэнтры гістарычных стыхіяў, на шляху культурных і ваенных экспансіяў. Горад быў сталіцай каралінгскага ўдзелу, потым тут Цірольскае княства доўга супрацьстаяла венецыянскай экспансіі. Да пачатку XIX ст. Трыдэнтум жыў пад знакам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, а да канца першай сусветнай вайны – у межах Аўстра-Угорскай манархіі. Цяпер Трэнта – тыповы італьянскі універсітэцкі горад, цэнтр самага паўночнага рэгіёну краіны Трэнціна-Альта Адзіджэ.

Адна з граняў мастацкага вобраза Трыдэнта – след усходне-хрысціянскай, візантыйскай традыцыі, якая дамінавала па ўсім адрыятычным узбярэжжы Італіі, а сюды, у перадальпійскія землі, імкнулася светлай плынню з Венецыі. Касцёл Сан-Ларэнца (X—XI стст.) пабудаваны ў раманскім стылі, з выразным уплывам візантыйскай архітэктуры. У яго нарастаючых архітэктурных масах пануе строгая геаметрыя, а ў цэлым ясна чытаецца кампазіцыйная дамінанта храма – крыжовы план пабудовы. Глыбока кранае гэтае мірнае суіснаванне помнікаў усходняй і заходняй хрысціянскіх культур, знаёмае нам па роднай Беларусі.

Сабор св. Вігілія.
Мастацкі і духоўны цэнтр горада – раманска-гатычны сабор святога Вігілія (XII—XII cтст.). У крыпце храма археолагі адкрылі рэшткі раннехрысціянскай царквы і могілак, на якіх пахаваны пакутнік святы Вігілі, трэці біскуп Трыдэнта (VI ст). Магутнасць масаў муроў і вежаў сабора падкрэслівае лёгкі рытм аркадаў, грацыёзных парталаў і круглых вокнаў-ружаў. У прасторы інтэр’ера, пад нябёсамі скляпенняў застыла музыка стагоддзяў…

Інтэр’ер сабора св. Вігілія.
Апагей гісторыі горада – Трыдэнцкі Сабор, адзін з найважнейшых у гісторыі каталіцкага Касцёла. Эпахальны крызіс, наступ пратэстантызму выклікалі неабходнасць абнаўлення, і Папа Павел ІІІ булай «Leatare Jerusalem» склікаў Сабор. 15 снежня 1545 г. ад касцёла Св. Тройцы да сабора св. Вігілія прайшла працэсія з удзелам кардыналаў, арцыбіскупаў, генералаў рэлігійных ордэнаў, тэолагаў, юрыстаў, амбасадараў, мясцовай шляхты і простых вернікаў. Біскуп Бітонта ўрачыста адкрыў Сабор. У цэнтры дэбатаў было імкненне пераадолець раскол у Хрысціянскай Царкве і мабілізаваць Еўропу на супраціў асманскаму нашэсцю. Германскі імператар Карл V, адзін з ініцыятараў склікання найвышэйшага форуму, нават настойваў на запрашэнні ў Трыдэнтум пратэстанцкіх князёў імперыі, якія з’явіліся на Саборы ў 1551 г., аднак дыскусіі не прывялі да згоды, і спроба ўз’яднання скончылася нічым. Войны і эпідэміі, унутрыкасцёльныя канфлікты некалькі разоў перапынялі працу Сабора, які доўжыўся тры сэсіі. Узнікала пагроза яго гвалтоўнага і безвыніковага заканчэння, але надзвычайныя намаганні Папы Пія IV далі плён. Пантыфік прызначыў старшынём Сабору кардынала Маронэ, вопытнага дыпламата. Апошняя ссія распачалася ў 1562 г., а 4 снежня 1563 г. Сабор быў урачыста завершаны. Папа Пій IV зацвердзіў рашэнні форуму булай «Benedictus Deus».

Трыдэнцкі Сабор абвясціў анафему вучэнням пратэстантаў, прызнаў найвышэйшым аўтарытэт Папы, пацвердзіў непарушнасць каталіцкіх догматаў. Была распрацавана шырокая праграма контррэфармацыі ў розных сферах рэлігійнага, сацыяльнага і духоўнага жыцця, складзена «Трыдэнцкае спавяданне» – формула прысягі для духоўных асобаў і прафесараў універсітэтаў, а таксама выдадзены новы «Індэкс забароненых кніг». У авангардзе паслятрыдэнцкай дзейнасці каталіцкага Касцёла вызначыўся ордэн езуітаў – Таварыства Езуса, утвараліся новыя ордэны.

У Рэчы Паспалітай пастановы Трыдэнцкага Сабору былі прыняты на Пётркаўскім Сінодзе у 1577 г., у перыяд найвышэйшай пагрозы для каталіцызму з боку пратэстанцкіх плыняў, што ахапілі значную частку эліты Вялікага Княства Літоўскага. Але яшчэ ў 1569 г. езуіты з’явіліся ў Вільні і распачалі рух «новай каталізацыі». Яны засноўвалі школы і калегіумы, якія адразу склалі канкурэнцыю пратэстанцкім навучальным цэнтрам. Далёкімі водгукамі Трыдэнцкага Сабору сталі, безумоўна, найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі: наданне статусу Акадэміі віленскаму езуіцкаму калегіуму ў 1579 г. паводле булы Папы Грыгора ХІІІ і заключэнне Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596 г. Каталіцкая Еўропа ад Ірландыі да Беларусі перажывала драматычны перыяд пераўтварэнняў. Наша краіна заставалася на рубяжы, за якім пачыналася ўсходняя дэспатыя. Яшчэ 200 гадоў Беларусь выконвала ролю рыцара-абаронцы заходняй цывілізацыі.

Трыдэнцкі Сабор стаў заканадаўцам мастацкага развіцця ва ўсім каталіцкім свеце. Невыпадкова даследчыкі называюць стыль барока «мастацтвам контррэфармацыі». Пратэстантызм з яго адмаўленнем ад святых выяваў ды імкненнем да суровай простасці архітэктурных і мастацкіх формаў не мог даць імпульсы для эвалюцыі мастацкай культуры. Разбурэнне абразаборцамі культурных каштоўнасцяў нанесла непапраўную шкоду культурнай спадчыне ўсяго кантыненту. Каталіцкія творцы, наадварот, імкнуліся да стварэння велічных архітэктурных ансамбляў, маштабных фрэсак з галавакружнымі аптычнымі эфектамі «прарыву прасторы» і тысячамі фігур, а таксама разгорнутых скульптурных кампазіцый. Фарны касцёл езуітаў у Нясвіжы (завершаны італьянскім архітэктарам Я.М. Бернардоні ў 1593 г.) быў сапраўдным маніфестам барока ў беларускім мастацтве і да таго ж першым храмам тыпу Іль Джэзу (на ўзор галоўнага храма ордэна езуітаў у Рыме) на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай.

Храмы св. Вігілія і Санта Марыя Маджорэ (пабудаваны ў 1520—1524 гг., тут таксама праходзілі паседжанні форуму) знаходзіліся ў эпіцэнтры даўняга катаклізму планетарнага маштабу, які ахапіў і Беларусь, вызначыўшы яе нацыянальна-культурнае развіццё і прыналежнасць да еўрапейскай культуры. Пра гэта думаеш, развітваючыся з Трыдэнтам, горадам каталіцкага Сабору.


  1. Вёльфлін Г. Мастацтва Рэнесансу. Італія і нямецкае формаадчуванне // Мастацтва. 1995. №7. С. 47—48.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY