Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Дзмітрый МЕРАЖКОЎСКІ

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

Пачатак

ЗБАЎЦА

XVI

У самай «дзівоснай», «парадаксальнай» з кніг, Евангеллі, самае, магчыма, дзіўнае тое, як Езус цудатворца бяжыць ад сваіх жа цудаў, як бы ад сябе самога.

У першы ж дзень служэння ў Капернаўме, калі раннім, яшчэ цёмным світанкам, Ён устае ціхенька і крадком сыходзіць з дому, бяжыць у пустэльную мясціну, і ўсе шукаюць Яго, не разумеючы, куды і навошта Ён пайшоў - уцёкі Ягоныя пачынаюцца і доўжацца да апошняга дня.

І выправіліся ў пустэльнае месца (вучні з Езусам) на лодцы адныя.
... І беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго
(Мк 6, 32-33).

Адной чуткі было дастаткова, каб людзі беглі да Яго.

Аббеглі ўсё наваколле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў (Мк 6, 55).

Людзі бягуць за ім, а Ён бяжыць ад людзей.

І гнеўна выгаварыўшы яму (ацалёнаму), адразу прагнаў яго і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы. ... А той, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у мясцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль (Мк 1, 43, 45).

Нібыта гульня: бяжыць ад людзей, хаваецца, а тыя шукаюць, ловяць Яго. Што Яго прымушае бегчы? Дзіўная, людзям незразумелая, невядомая пакута цудаў. Што перашкаджае Яму вярнуцца да людзей? Спагада, любоў-спагада.

XVII

У самай прачулай з кніг, Евангеллі, самае, магчыма, прачулае тое, як спагада перамагае Непераможнага.

Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей, і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх (Мц 14, 14).

У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і не было чаго есці, Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей... (Мк 8, 1-2).

Цуд любові - памнажэнне хлябоў - адно з найвялікшых і відавочных цудаў сваіх - здзяйсняе Ён толькі з спагады. Можна сказаць, што ўсе цуды у значнай ступені здзяйсняюцца з Ім, а не ўчыняюцца толькі Ім. Выключна з народнай патрэбы чыніць Ён цуды, як бы без ахвоты, насуперак сабе. Хоча любіць роўных, свабодных і любіць-шкадуе рабоў.

Часцяком адводзіць ацалёных «убок» (...), як быццам хавае факт ацалення, саромеецца яго.

Прывялі да Яго глухога гугняўца і прасілі ўскласці на яго руку.

Езус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму.

Здаецца, бачыш гэтыя пальцы, па-жаноцку тонкія, як у Дзевы Марыі («да Маці Сваёй ва ўсім падобны»), поўныя боскай «вабноты», delectabilia, па словах Лентула, і сілы Боскай, імі ж створаныя сонца і зоркі, - здаецца, бачыш іх у страшных і ўбогіх дзірках - вушных адтулінах глухога гугняўцы.

І, плюнуўшы, крануўся языка ягонага.

О, міласэрная нягрэблівасць Лекара! Людзі пасмяюцца з яе - жахнуцца Анёлы.

І, ўзвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў: «Еффафа», што значыць - «адчыніся» (Мк 7, 32-34).

Разам з усім жывым, што енчыць аб паратунку, стогне і Ён, Езус. Гэтак жа «прастагнаў у духу сваім», калі фарысеі патрабавалі ад яго нябесных азнакаў.

XVIII

Далей, усё далей бяжыць ад сваіх жа цудаў - ад сябе самога: у горную, па-над Капернаўмам, пустэльню - спачатку; потым - на іншы бок возера; потым - у Кесарыю Філіпаву, Тыр і Сідон, краіну паганскую - «сабачую»; і, нарэшце, - на «даволі высокую гару» Перамянення (Мк 9, 2), - не йначай, на снежную вяршыню Ярмону, дзе нага людская ніколі не ступала. Але, толькі сыдзе з гары, убачыць ля ног сваіх апантанага нячыстым духам падлетка, які качаецца па зямлі з пенай на вуснах, і бацьку ягонага, які малітоўна прасіць:

Умілажалься з нас і памажы нам (Мк 9, 22);

убачыць вучняў сваіх, якія не далі рады выгнаць нячысты дух.

О, род няверны і разбэшчаны! Дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас -

стогне ізноў з агідаю, з млосцю смяротнай. Але і тут, як заўсёды, перамагае спагада:

Прывядзіце яго да Мяне сюды (Мц 17, 14-17).

ХІХ

Каб зразумець, ад якіх цудаў бяжыць Езус, варта толькі зазірнуць у «Евангелле Дзяцінства» псеўда-Мацвея ды іншыя познія Апокрыфы, збор такіх блюзнерскіх і недарэчных дзівосаў, што цяжка даць веры, каб кнігі гэтыя былі напісаныя веруючымі людзьмі.

Чытырохгадовае немаўля Езус ужо ўваскрашае мёртвага, а Падлетак у майстэрні цеслі Язэпа падаўжае, расцягваючы, надта кароткую дошку; пасланы Марыяй у студню па ваду, калі дарогай разбіваецца гліняны гарлач, прыносіць ваду ў прыполе кашулі. Аднойчы, дурэючы, гэты малы вісус забівае школьных таварышаў. Людзі бягуць ад Яго, як ад хваробы. Язэп з енкам просіць Яго спыніць штукарствы, але марна: чым далей, тым горай - усё больш лухты, агіды, блюзнерства: быццам напісанае д'яблам аблічча Гасподняе.

І самае страшнае тое, што Царква гэта не толькі церпіць, але й ухваляе. Праўдзівыя старажытныя Апокрыфы - «Прыхаваныя Евангеллі» - такія, як «ад Габрэяў» альбо «ад Пятра»; сапраўдныя і найкаштоўныя словы Гасподнія, не запісаныя ў Евангеллі, Agrapha, знішчаюцца Царквою пад выглядам уяўнай «ерасі», а барбарскія, больш познія Апокрыфы застаюцца нечапанымі. Усе апісаныя там дзівосы ўжо ад семнаццатага стагоддзя прымаюцца без агаворак такімі вялікімі настаўнікамі Царквы, як св. Епіфаній і св. Грыгорый Ніскі. У Сярэднявеччы, калі Святое Пісанне пад забаронаю і чытаецца ў царкве толькі па-лацінску, Апокрыфы ва ўсіх у руках і замяняюць Евангелле.

Ды і ў нашы дні мяжа паміж адрынутым на гары Спакушэнняў цудам знешнім, што спараджае веру, і цудам сапраўдным, які спараджаецца вераю, ці праведзеная ў Царкве дагматычна-дасведчана? (…)

ХХ

Усё гэта як быццам прадбачыць Езус, калі бяжыць ад штукаў-дзівосаў. Вось чаму ён стогне: навошта род гэты патрабуе азнакаў-цудаў?

О, смуродная, смяротная задуха людскіх натоўпаў, апанаваных юрам неверагодных відовішчаў, якія бягуць за Езусам, «кідаюцца на Яго», не раўнуючы, як той Гадарынскі вар'ят. Гэтак жа пабягуць яны за іншым, што прыйдзе ў імя сваё:

Я прыйшоў у імя Айца Майго, і не прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце (Ян 5, 43).

Колькі разоў, колькі імгненняў - здаецца, больш за адно імгненне кожнага разу не вынес бы і Ён, - колькі разоў задыхаўся Ён у той смяротнай задусе? Магчыма, крывавы пот Гэтсэманіі і нават той апошні вокліч на крыжы: лама сабахтані, - не такі страшны, як гэта. Вось у такія хвіліны і стогне Ён: «Еффафа! Адчыніся» - узіраючыся ў неба, для Яго закрытае наглуха, як і тыя страшныя цёмныя дзіркі - вушныя адтуліны глухога гугняўцы.

Магчыма, у адну з такіх хвіляў скажа Ён з такой бяздоннай горыччу, якую мы нават уявіць не можам:

Сын чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? (Лк 18, 8).

Ці мог бы Ён гэта сказаць, калі б не было ў Яго пачуцця, якому ў нас няма назвы, бо надта чалавечае слова «роспач» - не для Яго? Здаецца, гэта штосьці падобнае да пачуцця найцяжэйшай «віны» і ўадначас адсутнасці ўсялякай віны перад сабою, перад людзьмі і, магчыма, нават перад Айцом: нібыта чагосьці не дагаварыў, не дарабіў, не дапакутаваў, не далюбіў; свет хацеў уратаваць і не ўратаваў. Здаецца, пачуццё гэтае будзе вярэдзіць душу ўсё астатняе жыццё, да апошняга ўскрыку на крыжы: «Чаму Ты Мяне пакінуў?» Толькі ўваскрэснуўшы, даведаецца Ён, што зрабіў усё, -

палюбіўшы сваіх, сутных у свеце, да канца палюбіў іх (Ян 13, 1), -

уратаваў свет.

ХХІ

Калі адзіны цуд - Ён сам, і вера ў Яго, якой Ён хоча ад нас, найлепшым чынам выказаная словамі: «шчаслівыя, хто, не бачыўшы, - паверыў», дык што ж азначае ўваскрашэнне Лазара? Каб гэты цуд убачыць, не трэба было верыць. Тут ужо як быццам не цуд ад веры, а вера ад цуду. Вось дзе, здаецца, спакуса спакусаў; вось дзе сапраўды «шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».

Ці мог уваскрэснуць Лазар, перш чым уваскрэс Хрыстус? На гэтае пытанне трэба адказаць наўпрост: не мог. Ці мог Хрыстус перамагчы смерць у іншым, перш чым у сабе? І на гэтае пытанне трэба адказаць наўпрост: не мог.

Але такія адказы выглядаюць задужа лёгкімі. У Сярэднявеччы і нават за часамі Кальвіна адказаць было цяжэй: тады за такія адказы палілі на вогнішчы. Калі ж цяпер агонь інквізіцыі згас, дык, верагодна, не таму, што людзі сталі верыць больш свабодна, а таму што не вераць зусім, і, вядома, гэта зусім не азначае, што гэты, надта лёгкі адказ, цяпер менш страшны, чым тады. Перш чым з лёгкасцю адказаць, трэба згадаць цяжкое - а ў нашыя дні вялікіх спакусаў найцяжэйшае - слова аб млыновым камені і аб глыбіні марской (Мк 9, 42). Але варта згадаць і іншае слова, не менш цяжкое, аб тых, што ўзялі ключы разумення і якія самі не ўваходзяць ды іншых не пускаюць (Мц 23, 13). Калі новы адказ на пытанне аб цудзе можа спакусіць «малых гэтых» (Мк 9, 42), дык колькі іх ужо спакусілася і колькі яшчэ спакусіцца старым адказам альбо адсутнасцю ўсялякіх адказаў! Чыя шыя ўваб'ецца раней у млыновы жарон - тых, хто адказвае, альбо тых, хто маўчыць? Цуд ніколі да веры не прыцягваў, а цяпер ад яе адварочвае, - з чыёй віны - ці тых, хто адказвае, ці тых, хто маўчыць? Трэба згадаць і тое, што Вялікі Інквізітар, прадбачыўшы новы адказ самога Хрыста, кажа Яму, калі Хрыстус ізноў з'явіўся свету: «Я Цябе спалю».

Хоча ці не хоча сам Хрыстус, каб такія людзі, як мы цяпер, верылі ў цуды так, як быццам рэлігійнага досведу дваццаці стагоддзяў хрысціянства зусім не было, - вось пытанне, на якое трэба было таксама адказаць, памятаючы пра млыновы камень.

ХХІІ

«Ці павінны былі людзі паверыць у Хрыста, калі б Ён не ўчыніў ніякіх цудаў? - пытаецца св. Тамаш Аквінскі і адказвае: - Павінны былі».

Цяжка і Вялікаму Інквізітару спаліць св. Тамаша на вогнішчы; цяжэй, відаць, чым самога Хрыста. А між тым выснова з таго, пра што кажа Тамаш, зразумелая: калі б Езус уваскрэсіў 10000 Лазараў, гэта б зусім не даказвала, што Ён - Хрыстос, гэтак жа не даказвала б і адваротнага, калі б Ён не ўваскрэсіў аніводнага.

«Я б разбіў сваю сістэму дашчэнту і перажагнаўся, калі б даў веры, што Лазар уваскрэс», - скажа Спіноза. Нічога і гэта, вядома, не даказвае, і не толькі таму, што гаворка ідзе пра тое, што значна большае за ўсялякія сістэмы, але й таму, што пытанне аб цудзе з Лазарам, як і з любым іншым цудам, вырашаецца не на той роўніцы, у якой ставіць яго Спіноза, - не ў розуме, а ў практыцы. Іншымі словамі: адзіным для нас гістарычным досведам евангельскага сведчання тут вырашаецца ўсё.

Першае, над чым не можа не задумацца ўсялякі, хто вызначае гістарычную праўдзівасць гэтага сведчання, ёсць, вядома ж, тое, што ў Сіноптыкаў няма нават месца, куды можна было ўставіць Лазарава ўваскрашэнне. Чым больш кажа нам пра гэтую падзею Чацвёрты Евангеліст, тым больш шматзначным выглядае маўчанне Сіноптыкаў.

У дзень уваскрашэння Лазара першасвятары і фарысеі, сабраўшы раду, кажуць:

Што нам рабіць? Гэты чалавек многа цудаў творыць.
Калі пакінем Яго так, дык усе павераць у Яго...
...З гэтага дня пастанавілі забіць Яго
(Ян 11, 47-48, 53).

Гэта азначае: галоўнае і апошняе, што вырашыла лёс Езуса, было ўваскрашэнне Лазара. Як жа гэтага не ведаюць Сіноптыкі? І, што самае дзіўнае, уваскрэслы Лазар прысутнічае разам з Езусам на Бэтанскай вячэры, за шэсць дзён да Пасхі.

Многія юдэі даведаліся, што ён (Лазар) там, і прыйшлі, - каб пабачыць яго.
А першасвятары вырашылі забіць і Лазара, бо праз яго многія юдэі прыходзілі і верылі ў Езуса
(Ян 12, 1, 9-11).

Як жа гэтага не ведаюць Сіноптыкі? І яшчэ што здзіўляе:

Людзі, якія былі з Ім раней, сведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго з мёртвых, таму і сустрэў Яго народ -

пры ўваходзе ў Ерусалім.

Фарысеі ж гаварылі міжсобку: ці ж не бачыце, што не паспяваеце анічога? Увесь свет ідзе за Ім (Ян 12, 19).

Гэта азначае: увесь свет ведае альбо неўзабаве даведаецца пра ўваскрашэнне Лазара. Як жа нічога не ведаюць Сіноптыкі, а калі ведаюць, дык чаму маўчаць пра гэты найвялікшы, апроч уваскрэсення самога Хрыста, цуд, які пацвярджае галоўнае, - што Езус ёсць Хрыстус?

XXIII

Ведае, зрэшты, тое-сёе пра ўваскрашэнне Лазара адзін з трох Сіноптыкаў, найбліжэйшы да Яна, Лука; але ведае не ў тым парадку, дзе цуд адбываецца па Янавым сведчанні, - не ў гісторыі, а ў містэрыі - у сімвале, прытчы.

Дык прашу цябе, Ойча, пашлі яго (Лазара) у дом бацькі майго, бо ў мяне пяцёра братоў: хай ён засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты, -

умольвае Абрагама багацей у пекле.

Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, дык, калі б хто і з мёртвых уваскрэс, не дадуць веры (Лк 16, 27-31).

Тое, што тут, у Лукі, у містэрыі, там, у Яна, у гісторыі: Лазар уваскрэс - не паверылі.

У цудзе з бясплоднай смакоўніцай у двух першых Сіноптыкаў і ў прыпавесці пра яе ў трэцяга адбываецца нешта падобнае.

«Хай не будзе больш ад цябе плоду адвеку». І адразу ўсохла смакоўніца (Мц 21, 19. - Мк 11, 14, 20).

Тут прытчы ў дзеі. Калі не прынясе смакоўніца пладоў і гэтым годам, дык «налета ссячэш яе» (Лк 13, 6-9): тут дзея ў прытчы.

Дзве прыпавесці - два цуды: Лазар і смакоўніца. Калі магчыма ў адным выпадку, дык чаму ж немагчыма і ў другім - рух ад прыпавесці-сімвалу да цуду-падзеі - ад містэрыі да гісторыі?

XXIV

Паміж двума цудамі-азнакамі - Канай Галілейскай, першым цудам радасці чалавечай, і ўваскрашэннем Лазара, апошнім цудам радасці Боскай, - дзеецца ў Чацвёртым Евангеллі ўсё служэнне Гасподняе. Тое, што мы сказалі аб Кане Галілейскай, варта было б паўтарыць і аб уваскрашэнні Лазара: недасяжны як майстар «святлаценю», chiaroscuro, Ян змешвае найяскравейшае святло з апраметным ценем у такіх няўлоўных для вока водценях-зліццях, што чым болей мы ўзіраемся ў іх, тым менш разумеем - сапраўднае ці ўяўнае тое, што бачым. Дзве з'явы змешвае ён і наўмысна злучае - Гісторыю і Містэрыю, так што ўсе ягоныя сведчанні - напалову гісторыя, напалову містэрыя; змешвае, ці, ізноў-такі, злучае наўмысна яву з прарочым сном, з тым, што ён называе «цудам-азнакаю», а мы мянуем «сімвалам».

Пра гэта трэба памятаць, каб зразумець, што здарылася ў той першы дзень Гасподні ў Кане Галілейскай, і ў той, адзін з апошніх дзён у Бэтаніі.

XXV

Варта толькі параўнаць два ўваскрашэнні - адно Яіравай дачкі, у Сіноптыкаў, і другое - Лазара, у Чацвёртым Евангеллі, каб зразумець, якая паміж імі розніца. Там усё адбываецца адным парадкам - на яве, у гісторыі, а тут у двух - між яваю і сном, Гісторыяй і Містэрыяй; там - аднародны метал, а тут - наймацнейшы сплаў двух металаў; там мы ўсё можам увачавідкі ўявіць, а тут не ўсё: тое-сёе, магчыма, яшчэ больш відавочна, чым у Сіноптыкаў, а тое-сёе прывіднае, амаль няўлоўнае для зроку і, чым бліжэй да цуду, тым больш няўлоўнае, тым больш супярэчыць таму, што можна было б назваць «логікай зроку». Усё адбываецца як быццам у трох вымярэннях, але расказана так, што цяжка ўявіць, цяжка сумясціць у трох каардынатах, а таму пераходзіць, пераліваецца ў чацвёртае; усё выглядае бачным, але выяўляецца так, што сяго-таго нельга ўбачыць.

Немагчыма ўявіць, як гэта Лазар, звязаны, спавіты па руках і нагах палатном, захінуты ў яго, як мумія, выходзіць з магілы.

Развяжэце яго, хай ідзе (Ян 11, 44), -

скажа Хрыстус пасля таго, як ён выйдзе. Паводле тлумачэння старажытных айцоў Царквы, Лазар «вылятае з магілы па паветры, лунае», як здань, прывід, і толькі тады, калі яго развязваюць, пачынае нармальна хадзіць. Гэты, у прынцыпе, меншы цуд - палёт - падаецца яшчэ больш неверагодным, чым уваскрашэнне. Магчыма, таму, што палёт цяжка ўявіць, а ўваскрашэнне ўсё ж такі бачыцца, але пры гэтым, чым дакладней мы яго бачым, тым больш неверагодным яно здаецца.

Тут, у самым асяродку цуду, усё - як у сне альбо трызненні; усё пераліваецца з трох вымярэнняў у чацвёртае; ды ці не там яно адбываецца і насамрэч?

І твар у яго абвязаны быў хусткаю (Ян 11, 44).

Хто развязаў хустку? Марта ці Марыя? Гэта яшчэ можна ўявіць: магчыма, і ў такі твар наважыцца зазірнуць любоў. Але як уявіць сабе, што некаторыя з фарысеяў, кагадзе пабачыўшы цуд, захоўваюць прысутнасць духу на столькі, што даносяць першасвятарам і на неўзабаве скліканай нарадзе разважаюць пра рымскую небяспеку.

Што нам рабіць?.. Прыйдуць Рымляне і забяруць і месца нашае, і народ (Ян 11, 48).

І яшчэ больш неверагоднае: Лазар на Бэтанскай вячэры, хаця і ўваскрэслы, а ўсё ж такі мярцвяк сярод жывых, запрошаны, альбо не запрошаны на бяседу наўпрост з магілы. І ці не прынюхваюцца астатнія госці скрозь духмянасць міра, якім сястра Лазара націрае ногі Гасподнія, да жахлівага паху гніення? І Лазар пра тое, магчыма, ведае. Якімі ж вачыма глядзіць ён на іх, а яны - на яго? Як дзеляцца з ім хлебам і мачаюць кавалкі ў адну і тую ж пасудзіну, што і ён? Пра што пытаюцца ў яго і што ён ім адказвае? Ці памятае штосьці пра тайну ўваскрашэння, ці пра ўсё забыўся? Не, не пра ўсё:

Хай ён засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты (Лк 16, 28).

Як жа ўспрынялі яны сведчанне ягонае? Мы ведаем як: «вырашылі забіць Лазара» (Ян 12, 10).

Я фарысей і сын фарысея; за надзею і ўваскрашэнне памерлых я суд прымаю, -

скажа Павел у Сінедрыёне (Дз 23, 6-8). Калі фарысеі ведаюць штосьці пра ўваскрашэнне з мёртвых, ведаюць, вядома ж, і тыя, якія вынеслі Лазару прысуд, што «ўваскрэснуць» - азначае вярнуцца з таго свету ў гэты, але ўжо не ў мінулы, а ў новы, і ўжо не ў ранейшым целе, а ў новым. У які ж свет і ў якім целе ўваскрэс Лазар? Ці здольныя фарысеі яго забіць? Ці можа ўваскрэслы ізноў памерці? Усе гэтыя пытанні нібыта не прыходзяць у галаву апавядальніку: тое, што зразумелае ў прарочым сне, на яве зусім незразумелае.

Малюнак Уладзіміра ВІШНЕЎСКАГА.

XXVI

І яшчэ больш незразумела: калі Лазар уваскрэс у трохвымерным свеце, у гісторыі, дык пачатак евангельскага аповеду аб гэтым ужо зусім няўцямны, - спакушальны. Сёстры Лазара - Марта і Марыя, калі іхні брат захварэў, пасылаюць паведаміць пра гэта Езусу, які знаходзіўся за Ярданам; здаецца, у двух днях дарогі ад Бэтаніі.

Пане! Той, каго Ты любіш, хворы (Ян 11, 3).

Гэта азначае: «Прыходзь, пакуль яшчэ не позна, ацаліць хворага». Але Езус не спяшаецца; ведае, напэўна, што сябар Ягоны памрэ, застаецца цягам двух дзён там жа, дзе і знаходзіўся; дае яму час памерці і нават быць пахаваным, ды «праславіцца праз гэтую смерць Сын Божы» (Ян 11, 3); і радуецца, што ён памірае:

радуюся за вас, што Мяне не было там (Ян 11, 15).

Трэба мець надта чэрствае ад прыроды альбо ад двухтысячагадовай звычкі да таго, што чытаем у Евангеллі, сэрца, каб не адчуць, што гэта немагчыма; што ніякае сэрца, якое б'ецца ў трохвымерным свеце, ні нават Ягонае, а Ягонае і пагатоў, - так не любіць. Гэта нагадвае горшыя з Апокрыфаў, дзе Падлетак Езус забівае з дапамогаю дзівосных штукаў школьных таварышаў, каб засведчыць перад людзьмі «славу сваю» і каб людзі ў Яго паверылі як у Сына Божага. Ці мог гэтак не ведаць сэрца Гасподняга той, хто ўзляжаў ля гэтага сэрца, - Ян?

Вельмі лёгка, зразумела, вырашыць, што ўсе гэтыя пытанні толькі «малога розуму», rationalismus vulgaris, вартыя лёкая Смердзякова. Але ж мы тут маем справу зусім не з высакароднасцю альбо падступствам чалавечага розуму, а з неадольнай для чалавека, таму што не ім створанай, «логікай пяці пачуццяў». Можна цалкам ад яе адмовіцца, але, аднойчы прыняўшы яе (а той, хто знаходзіць месца цуду ў трохвымерным свеце, як гэта робіць Ян, той прымае яе), нельга не лічыцца з ёю, патрабуючы ад чалавека таго, чаго ён даць не можа.

XXVII

Усё гэта ўкладаецца ў логіку Гісторыі; усё іначай ў логіцы Містэрыі ці, дакладней, на мяжы дзвюх з'яваў: Гісторыі ды Містэрыі.

І вось што, магчыма, самае дзіўнае ў Янавым сведчанні пра ўваскрашэнне Лазара: колькі б нас ні пераконвалі іншыя, колькі б мы самі сябе ні пераконвалі, што Лазар не ўваскрэс, што гэта толькі голая «прыдумка», «міф», альбо, як казаў лёкай Смердзякоў, тут «пра няпраўду ўсё напісана», - варта толькі перачытаць евангельскі аповед, каб зноў пераканацца, што людзі так не прыдумваюць, так не ілгуць, не падманваюць так не толькі іншых, але й саміх сябе; каб ізноў адчуць скрозь прывідную абалонку містэрыі цвёрдае цела гісторыі, пабачыць перамяшаны з аблокамі ланцуг снежных вяршыняў; каб зноў адчуць, што тут, побач з тым, чаго магло й не быць, ёсць тое, што відавочна было; што тут, па Лотцавай формуле, да арыфметычнай сумы складнікаў, да цьмянага шыхту а+в+с, дадаецца ў выніку невядомая велічыня, асляпляльны х - цуд.

У пісьменнасці ўсіх часоў і народаў няма такога пераканаўчага аповеду аб такой неверагоднай падзеі, такога натуральнага - аб такім звышнатуральным, як гэты. Тут, магчыма, самыя пераканаўчыя не вонкавыя гістарычныя пазнакі: «Бэтанія была непадалёку ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць» (Ян 11, 18); «ужо смярдзіць, бо чатыры дні, як ён у магіле» (Ян 11, 39); «Езус яшчэ не ўваходзіў у паселішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марта» (Ян 11, 30). Можна было западозрыць апавядальніка ў жаданні надаць штучную праўдападобнасць падзеям з дапамогаю такіх падрабязнасцяў - асобных кропак зыркага святла ў апраметным ценю, «запаленых» з уласцівым адному Яну майстэрствам «святлаценю». Не, самае пераканаўчае - не вонкавыя пазнакі, а ўнутраныя, якія адкрываюць такую бяздонніцу сэрца Гасподняга, у якую мог зазірнуць толькі той, хто ўзляжаў ля гэтага сэрца.

XXVIII

Езус, калі ўбачыў яе (Марыю), што плача, і юдэяў, якія прыйшлі з ёю і плачуць, сам засмуціўся і ўзрушыўся (...)

І сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Пане! Ідзі і паглядзі.

Езус заплакаў слязьмі (Ян 11, 33-35).

Ці мог бы ён плакаць, калі б ведаў, што Лазар праз хвіліну ўваскрэсне? Але людзі могуць усумніцца ва ўсім, толькі не ў гэтых слязах. След непазбыўны выпалены імі ў сэрцы чалавецтва: ім паверыла яно і будзе верыць да канца свету. Смяротным смяротную цемру высветлілі слёзы гэтыя, як нязгасныя зоркі.

Часцяком, бывала, ідучы за Ім, шукаў я слядоў Ягоных на зямлі, але не знаходзіў, і мне здавалася, што Ён ідзе, не кранаючыся зямлі.

Прывідна-лёгкім крокам ідзе па зямлі, як бесцялесны цень. Шукаюць людзі слядоў Ягоных - не знаходзяць. Але вось знайшлі: прывідна-лёгкая аблачына плоці Ягонай раптам загусла, стала цяжкой, зрабілася такой жа, як наша плоць, - ужо не «падабізнаю» яе, homoioma, па словах Паўла, а ёю самою. Вось калі ўсім сваім смяротным цяжарам, смяротным страхам, пакутай смяротнаю мы адчуваем плоць Ягоную як сваю. Плача аб братах сваіх Брат чалавечы, Смяротны - аб смяротных; плача, як мы; пакутуе, як мы; любіць, як мы. Вось калі дапакутаваў, далюбіў дарэшты - уратаваў свет.

Ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсці ад свету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы сваіх сутных у свеце, да канца палюбіў іх (Ян 13, 1).

Здаецца, калі б не было гэтых слёз Гасподніх, дык не было б хрысціянства, не было б Хрыста.

XXIX

Езус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй (Ян 11, 38).

Гэты «смутак унутраны» зусім, вядома, не на малаверных юдэяў, як пра тое кажуць тлумачальнікі, - не на людзей наогул, а на апошняга ворага іхняга, «чалавеказабойцу сапраўднага», д'ябла - Смерць, за тое, што так доўга трымае іх у рабстве, знеслаўляе і мучае; гэта гнеў воя, што ідзе на бой за вызваленне чалавецтва.

Дух Гасподні на Мне... бо Ён паслаў Мяне... прапаведаваць палонным збавенне... адпусціць спакутаваных на волю.

Такога яшчэ не было ў свеце: ніколі і ніхто з людзей не паўставаў супроць смерці, не кідаў ёй у твар такога выкліку; толькі адзін чалавек, Езус, ва ўсім чалавецтве пайшоў супроць смерці, як Мацнейшы на моцнага, Свабодны на прыгнятальніка.

Унутраны сэнс усяго цуду тут: перамога над смерцю, законам прыроды -законам «лагічнай тоеснасці», механічнай прычыннасці (а+в+с=а+в+с+х); пераадоленне закону свабодаю - цудам Уваскрэсення. Тут Езус - Цудатворца - Збаўца.

ХХХ

Што ж азначае гэтая нібыта невырашальная для нас у Янавым сведчанні і ўсё большая, як мы паглябляемся ў яе, дваістасць: Гісторыя - Містэрыя; было - не было; уваскрэс - не ўваскрэс? Каб гэта зразумець, згадаем словы св. Аўгустына: «употайкі піў Ян з сэрца Гасподняга...»

Што гэта сапраўды так, мы ўбачым на Апошняй Вячэры, дзе, «прытуліўшыся да сэрца Езусавага», выпіў Ян з яго гаркавую тайну здрады (Ян 13, 23-26). А калі так, дык Ян мог ведаць шмат таго, чаго не ведалі іншыя вучні. Мяркуючы па некаторых прыкметах, ці хаця б намёках у саміх Сіноптыкаў (Язэп Арыматэйскі, чалец Сінедрыёну, даўні тайны сябар Езуса; патаемны начны прытулак Хрыста ў Бэтаніі, здаецца, у доме Лазара; невядомы гаспадар дома ў Ерусаліме, магчыма, таксама даўні сябар Езуса, што падрыхтаваў святліцу для Апошняй Вячэры), мяркуючы па такіх намёках, сувязь, больш глыбокая і даўняя, чым ведаюць, ці лічаць патрэбным пра тое казаць Сіноптыкі, яднае Езуса з Ерусалімам. Такім чынам, паміж двума пунктамі гледжання - Галілейскай у Сіноптыкаў і Ерусалімскай у Чацвёртым Евангеллі - зусім няма той супярэчнасці, пра якую казалі раней, і якую ўжо не згадваюць нават некаторыя левыя крытыкі. Цалкам верагодна, Езус правёў у Ерусаліме, апрача апошняй Пасхі, шмат дзён, а магчыма і тыдняў, калі не месяцаў. Здаецца, з гэтых вось Ерусалімскіх дзён і цячэ ў Яна недаступная Сіноптыкам крыніца гістарычна дакладных успамінаў-паданняў. Да іх, відаць, трэба далучыць і падзею, малую ў знешняй і вялізную ва ўнутраным жыцці Хрыста, у тайным жыцці сэрца Ягонага - смерць Лазара, «сябра» Ягонага, як Ён сам яго называе:

Лазар, сябра наш, заснуў (Ян. 11, 11), -

аднаго з тых адзіных, апроч Яна, людзей, пра якіх сказана, што Езус іх «любіў» (Ян 11, 3, 5, 36). Гістарычная праўдзівасць Янавага сведчання аб любові Езуса да сёстраў Лазара - Марты ды Марыі, пацвярджаецца і Трэцім Евангеллем, якое найбольш блізкае да Чацвёртага.

ХХХІ

У прыцемку Нядзельнае раніцы, гэтак жа, як у прыцемках царкоўнага падання, таямніча зліваюцца для нас тры жаночыя вобразы: Марыі Бэтанскай, сястры Лазара, Марыі Магдаліны, з якой Езус выгнаў сем злых духаў і якая, стаўшы Яго вучаніцай, «служыла Яму маёмасцю сваёю» (Лк 8, 2-3), і той невядомай, якая ўзлівала міра на Цела Хрыста, падрыхтаваўшы Яго да пахавання» (Мк 14, 3-9), - магчыма, той самай грэшніцы, пра якую сказана:

даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа (Лк 7, 36-50).

Дзіўна, страшна і свята зліваюцца для нас гэтыя тры асобы не толькі над магілаю Лазара, але і над магілай самога Хрыста. Першая чалавечая істота, якая ўбачыла ўваскрэслага Хрыста, - не ён, а яна; не Пётра, не Ян, а Марыя. Побач з Езусам - Марыя, побач з Невядомым - Невядомая.

У старажытных дзеях Азірыса ўваскрашае Ізіда, Дыёніса - Дэметра-Персефона: Сына - Брата - Жаніха ўваскрашае Маці - Сястра - Нявеста.

Гэта ёсць цень будучыні, а цела - у Хрысце (Клс 2, 17).

Дзве Марыі - адна на пачатку жыцця, другая - у канцы; тая нарадзіла, гэтая ўваскрэсіць.

Тайну Спрадвечна-Жаноцкага ў Спрадвечна-Мужным мог падслухаць у сэрцы Хрыстовым толькі той, хто ўзляжаў каля гэтага сэрца, - шаснаццацігадовы, паводле старажытнага царкоўнага падання, падлетак Ян, з тварам, па дзіўнай Вінчыеўскай здагадцы, жаноцкім, ці дакладней, страшней, яшчэ больш поўным святасці, - мужажаноцкай вабноты; толькі ён мог выпіць з сэрца Гасподняга, як райская пчала з райскай кветкі, гэты найчысцейшы мёд любові найчысцейшай, якой няма імя ў мове чалавечай.

ХХХІІ

Марныя ўсе спробы адасобіць у Янавым сведчанні, сплаве двух металаў, адзін з іх ад другога - Гісторыю ад Містэрыі.

Лазар памёр; Езус употайкі гаворыць аб смерці гэтай і ўваскрашэнні з Марыяй, сястрой ягонай, - вось гісторыя - тое, што было аднойчы ў часе. Лазар уваскрэс: Марыя бачыць Лазара, што выходзіць з магілы: вось містэрыя - тое, што было, ёсць і будзе ў вечнасці. Дзе той парог з аднаго свету ў другі, дзе памежная рыса, - гэтага мы ніколі не ўведаем з дакладнасцю; але здаецца, яна дзесьці каля слёз Гасподніх. Свет для таго, хто глядзіць на яго скрозь такія слёзы, як гэтыя, дрыжыць, тае, цячэ, як расплаўлены метал; у прызме слёз відарыс свету як быццам скажоны, а насамрэч адноўлены, выпраўлены; толькі скрозь такія слёзы можна ўбачыць свет як належыць: «Мінаецца вобраз гэтага свету», - і скрозь гэты свет праглядае другі; у тым, што мы называем «уяўленнем» альбо «сімвалам», а Ян называе «цудам-азнакаю», адкрываецца новая ява, большая за тую, у якой мы жывем.

ХХХІІІ

«Марта, пачуўшы, што ідзе Езус, пайшла насустрач Яму» і сказала:

Пане! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой (Ян 11, 20-21).

Гэта ж самае і тымі ж словамі скажа Марыя (Ян 11, 32), таму што тут Марта - Любоў Дзейная і Марыя - Любоў Сузіральная - дзве сястры, адна сутнасць. «Не памёр бы брат мой», - ціхае нараканне ўсяго жывога, што ад пачатку свету аб збавенні енчыць, і дагэтуль збавення не зазнаўшы. «Калі б Ты быў тут», - ціхі дакор любові, як бы адказ на тое, розумам недасяжнае, нечалавечае слова:

Радуюся за вас, што Мяне не было там, каб цяпер паверылі

Марта-Марыя ўся яшчэ ў свеце тутэйшым, па парозе, што аддзяляе той свет ад гэтага.

Але і цяпер ведаю, што тое, чаго Ты просіш ад Бога, дасць Табе Бог.

Ведае толькі розумам - але яшчэ не сэрцам.

Езус кажа ёй: уваскрэсне брат твой.

... Ведаю, што ўваскрэсне ва ўваскрэсенні, у апошні дзень.

Вось той парог, які яна не пераступіла, і які не можам пераступіць мы - парог паміж часам і вечнасцю. Спынілася на ім і не можа зварухнуцца. Але з дзіўнай сілаю рухае яе Хрыстус:

Я - уваскрэсенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве.

І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ векавечна. Ці верыш у гэта?

Яна кажа Яму: веру, Пане! Я веру, што Ты Хрыстус, Сын Божы, які прыйшоў у свет (Ян 11, 21-27).

Вось тая сіла, якая яшчэ не перанесла, але зараз перанясе яе за парог, - вера ў Яго самога, як цуд над цудам.

Верыць, а ўсё ж такі плача.

Езус, калі ўбачыў яе, што плача, -

Марту-Марыю - увасабленне ўсяго жывога, асуджанага на смерць, -

Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся.

І сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Пане! Ідзі і глядзі.

Езус заплакаў слязьмі.

Вось мяжа двух светаў: спрадвечна-жаночыя слёзы - спрадвечна-мужны гнеў. Плача, як усе; як ніхто ўзрушваецца. Слёзы чалавечыя - да мяжы, а за ёю - «засмучэнне», «узрушэнне» Боскае. У гэтых пачуццях усе людзі з Ім - «сыны Божыя», таму што смерць для ўсіх іх недарэчная, абуральная.

А Езус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы, -

і кажа: адымеце камень.

Гэта сказана ўжо там, за парогам, у вечнасці. Але ўсё яшчэ тут - Марты-Марыі, усяго сяротнага жах смяротны:

Пане! Ужо смярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.

Не было і не будзе больш страшнага слова пра смерць, чым гэтае, сказанае перад тварам самога Жыцця. Вось ён, ва ўсёй сваёй неадольнай, нахабнай сіле закон механічнай прычыннасці, лагічнай тоеснасці: а+в+с=а+в+с; «выйшаў з пылу - у пыл адыдзеш». Здаецца, бачыш, як Сіла на Сілу ідзе, Вораг на Ворага, Жыццё на Смерць; здаецца, чуеш, як вуснамі ўсіх смяротных Смерць кажа самому жыццю: «Ягоных тры дні мінулі, і вось што з ім; мінуць Твае тры дні, і што будзе з Табою?»

Езус кажа ёй -

Марце-Марыі - усяму жывому:

Калі будзеш верыць, убачыш славу Божую (Ян 11, 38-40).

Усё, што будзе потым, і ёсць «сузіранне славы». Але ж ці толькі «ўява», «падман зроку», «галюцынацыя» - гэта тое, чаго няма? Трэба быць у сто разоў большым лёкаем, чым Смердзякоў, каб так думаць і на тым суняцца; не адчуць, што гэтая дзіўная ява ёсць прасвятленнем, прарывам ў іншую прастору, значна большую за тую, у якой мы жывем, так што ў параўнанні з ёю ўсё, што мы ўважаем за «сапраўднасць», можа стацца толькі «падманам зроку», «галюцынацыяй» - тым, чаго няма.

XXXIV

Што ўбачыла Марыя, мы ніколі не даведаемся; мы можам толькі цьмяна здагадвацца пра гэта па словах Хрыстовых, сказаных тою Суботаю, калі ацаленнем Бэтэздскага хворага Езус як быццам парушыў, а насамрэч споўніў - «папоўніў» - закон Божы ў свабодзе Сынавай:

Калі Сын вызваліць вас, дык сапраўды свабодныя будзеце. - Хто следуе слову Маёму, той не ўбачыць смерці адвеку (Ян 8, 36, 51).

Мы можам меркаваць пра гэта і па другім слове, сказаным таго самага дня, калі самі фарысеі-законнікі, не наважыўшыся аддаць на смерць блудніцу, як быццам парушаюць, а на яве спаўняюць Божы закон:

Айцец Мой дагэтуль робіць, і я раблю... Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча...

Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць... Бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Самім Сабе...

Не здзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага.

І выйдуць тыя (Ян 5, 17, 21, 25-28).

Пасля гэтага слова ціхага, а ў часе грымотнага - у вечнасці:

Лазар! Выходзь.

І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткаю (Ян 11, 43-44).

Калі б не ўпала да ног Хрыстовых Марыя, спапялёная гэтай неверагоднай явай-прасвятленнем, дык не пабачыла б і ўваскрэслага Хрыста і з ёю - усё жывое.

Тут ужо Гісторыя сутыкаецца з Містэрыяй, час - з вечнасцю. У гэтым сэнсе Лазар сапраўды ўваскрэс, і можна сказаць: не было б уваскрашэння Лазара, не было б хрысціянства, не было б Хрыста.

XXXV

Ты адкрыў нам многія таямніцы, а мяне абраў з усіх вучняў сваіх і сказаў мне тры словы, імі ж я палымнею, але іншым сказаць не магу, -

згадвае Тамаш Няверны. Зусім верагодна, што гэтыя тры словы, давераныя таму, хто сказаў:

калі не ўбачу... не паверу (Ян 20, 25) -

тычыцца цуду Унебаўшэсця. Калі для кожнага часу яны - свае, дык для нашага, апанаванага небяспекаю нашэсця «чалавекападобных», «не-людзей», рабоў-прыгнятальнікаў, часу, - запаліліся б на небе вогненнай азнакай Лабаруму: Тым пераможам, - азнакаю Сына чалавечага, гэтыя тры словы:

Цуд - Любоў - Свабода.

Магчыма, цяпер, як ніколі, маглі б пачуць людзі, -

што Дух кажа Цэрквам: Пераможцу дам... белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто не ведае, акрамя таго, хто атрымлівае (Адк 2, 17).

Новае імя павядомленае будзе свету Судным Днём трубою Арханёла. Але, магчыма, чуецца яно ўжо і цяпер у шэпце вязняў, якія памятаюць пра Дабравесце:

Дух паслаў Мяне... прапаведаваць вязням вызваленне.

Калі Сын вызваліць вас, дык сапраўды свабодныя будзеце.

Новага імя Ягонага ніхто не ведае; але, магчыма, хутка ўведаем - згадаюць рабы вечныя імя Хрыстовае:

Збаўца

XXXVI

Здаецца, не выпадкова, кажучы аб пачатку служэння Хрыстовага, мы загаварылі пра канец гэтага чыну, таму што пачатак звязаны з канчаткам, першы цуд-азнака - з апошнім, Кана Галілейская - з уваскрашэннем Лазара. Гэтая сувязь - яскравы доказ таго, што ў евангельскіх сведчаннях захаваўся сапраўдны парадак падзеяў жыцця Хрыстовага; калі ж мы гэтага парадку не бачым, дык, магчыма, толькі таму, што яшчэ не навучыліся чытаць Евангелле як належыць.

Колькі гадоў альбо месяцаў доўжылася служэнне Хрыстовае? Блізу году - паводле Сіноптыкаў. Блізу двух гадоў - паводле Чацвёртага Евангелля. Калі мы, карыстаючыся евангельскімі сведчаннямі, не можам гэтага вызначыць з дакладнасцю, дык, магчыма, ужо не толькі таму, што не ўмеем чытаць іх належным чынам, але й таму, што ў саміх сведкаў натуральнае для нас ўспрыманне часу парушаецца надта вострым пачуццём Скону - вечнасці, што надыходзіць: іхні час - не наш.

Ёсць у Евангеллі «апярэджванне падзеяў» і «вяртанне» да іх (...), - навучае св. Аўгустын: праўдзівасць Евангелля («гістарычная аўтэнтычнасць», па-нашаму) незалежная ад таго ці іншага «парадку расповеду» (...); парадак гэты можа не адпавядаць «парадку згадак»(...). Гэта і азначае: трэба ўмець чытаць Евангелле належным чынам, каб убачыць у ім гістарычна праўдзівы ланцуг падзеяў; альбо, іншымі словамі: насуперак левым крытыкам, якія сцвярджаюць, нібыта «жыццё Езуса не можа быць напісана» (...), гэта хоць і цяжэй, чым нават ім здаецца, але ўсё ж магчыма: жыццё Хрыста ў Евангеллі ўжо напісанае.

Каб пераканацца ў гэтым, згадаем адноўлены намі ланцуг падзеяў: першы дзень у Капернаўме; Нагорная пропаведзь; спрэчка аб субоце з фарысеямі; першая нарада фарысеяў з Ірадыянамі, каб пагубіць Езуса; адасланне Дванаццаці на пропаведзь; адкрыццё Валадарства Божага.

Валадарства, Шчасце, Цуд: у гэтых трох словах - чынах - усё служэнне Хрыстовае. Проста, ціха, аднастайна, амаль без усялякіх знешніх, адметных падзеяў і з безліччу нябачных, унутраных, - іх больш, чым ува ўсёй астатняй сусветнай гісторыі (жыццё Хрыста - як начное неба: чым больш глядзіш на яго, тым больш бачыш зорак), праходзіць жыццё Езуса. Вандруючы, несучы добрую вестку людзям, ацаляючы хворых, суцяшаючы тых, хто смуткуе, збіраючы вакол Сябе вучняў, ходзіць Ён па гарадах і паселішчах Галілеі. (…)

ХХХVІІ

Паволі-ўрачыста ўзыходзіць над светам нябачнае сонца - вялікае свяціла Скону. Цьмяна адчувае яго ўсё чалавецтва, як сляпы - цеплыню сонечных промняў. Бачыць яго толькі адзін з народаў - Ізраіль; выяўней усяго Ізраілю бачаць галілейскія натоўпы, што ідуць за Езусам; яшчэ больш выяўна - тыя сотні людзей, якія чулі Езуса на гары Табор; і дарэшты выяўна - вучні Ягоныя. Напоўніцу святлом Скону асветлены толькі адзін чалавек на зямлі - сам Езус.

Калі не астыне зямля раней, чым прыспее на ёй валадарства Божае, дык, магчыма, толькі таму, што сонца году Гасподняга прагрэла яе да самага сэрца.

Дзень памнажэння хлябоў, поўдзень Езусавага жыцця - пункт найбольшага набліжэння вялікага свяціла Скону на зямлі, валадарства Божага - да чалавецтва. Здаецца, гэтым самым днём адасланыя Езусам на пропаведзь вучні

вярнуліся да Яго з радасцю (Лк 10, 17)... і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі (Мк 6, 30).

У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Езус і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Ойча! Бо такое было Тваё ўпадабанне (Лк 10, 21).

Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас.

Вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым.

Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі (Мц 11, 28-30).

Колькі б ні забывалася чалавецтва на Таго, Хто гэта сказаў, успомніць калі-небудзь; колькі б яно ні сумнявалася - паверыць калі-небудзь, што Ім збавіцца свет.

Пераклаў з рускай мовы
Вінцэсь Мудроў

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY