Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Ала СЯМЁНАВА

AFFECTUS MYSTYCUS

Animus laetitia viget. - «Дух моцны радасцю».

А радасць тая была ад прадчування ўдзелу ў літургічным дзействе, што пацвярджае глыбокую, адухоўленую еднасць народа Божага: перад лікам Маці Божай Будслаўскай, у яе святыні. Радасць - ад агульнай малітвы пілігрымаў, парафіянаў і парафіянак архікатэдры - святыні Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску - у аўтобусе, што кіраваўся ў Будслаў. Радасць - ад звычайнага цуду беларускай прыроды за вокнамі аўтобуса. Зяленіва, трава, пагоркі, пабліскванне ціхай, яркай вады - Вілейскае вадасховішча: Хараство Божага свету.

Усявышні спрыяў пілігрымцы - прахалодная ўтульнасць летняга дня, злагадны супакой прыроды. Узвышаны настрой, калі галасы набываюць асаблівае гучанне, усе мы, пілігрымы, адчувалі сябе ў новым абсягу Быцця, у новай рэальнасці, у сумеснай рэчаіснасці ў Хрысце, у сумесным імкненні да Будслаўскай святыні Яе - Марыі Панны. Імкнуцца да Яе, Маці Божай, усе народы свету, «як галубы - да галубятняў сваіх» (Іс 60, 8).

І мы - імкнуліся. І ўзносілі малітву. «Вітай, Марыя, ласкі поўная…» І спрабавалі спазнаць душою кожнае слова літаніі: «Сэрца Марыі, годная Святыня Найсвяцейшай Тройцы, Сэрца Марыі, Святыня Бога ўчалавечанага. Сэрца Марыі, ад граху першароднага захаванае…»

Спявалі… «Ave, Ave, Ave, Марыя… Святая Марыя, за нас маліся, Маці Хрыстова, за нас маліся…» Спявалі ўголас. І - як заўважала я неаднойчы - голас набываў нейкую асаблівую гучнасць, якой не меў ні ў якіх іншых абставінах. Толькі ў такіх спевах. Мабыць, таму, што быў і «ўнутраны спеў» душы… А «дух моцны радасцю». І хаця гэта словы чалавека дахрысціянскага свету - паэта і філосафа Лукрэцыя - у нашым выпадку дух моцны радасцю не язычніцкай, неўтаймоўнай, што здатная і на добры, стваральны дух, і на разбуральны ўчынак. А той радасцю, калі душа імкнецца ўзносіцца да вялікага прыроднага і Боскага жыцця, стаць часткаю яго, адысці ад абмежаванасці свайго будзённага, чалавечага «я», увайсці крынічна ў неабсяжную, Высокую плынь, што заўсёды ўзнаўляецца, вызначаецца ўваскрэслым Богам. Той радасцю, пра якую нагадваюць нам мудрыя радкі: «Вясёлае сэрца дабрачыннае, як лекаванне, а панылы дух сушыць косці» (Прып 17, 22).

І ад прасвятлення гэтай радасцю - нібыта набліжаючыся да свету вечных, нятленных сутнасцяў - мы не проста пабачылі ў сіне-блакітным небе тры крыжы Будслаўскай святыні: адчулі Хараство Абсалюту, Красу Вечнага. У Знаку, Сімвале, які Сын Божы праз свае Пакуты, Прыніжэнне, Смерць са знака ганьбы і няславы ператварыў Крыж у Знак Выратавання, Знак Узнясення да Славы Божай. Тры крыжы ў небе… Знак Яго спрадвечнай Славы. Як Знакі Яго бясконцай, міласэрнай, даравальнай Любові, калі сама Смерць стала Набыткам.

Знайсці словы для таго, што адчувалася ў тыя ноч і дзень у Будславе - цяжка…

Гэтае адчуванне ззяння святасці Марыі Панны, якую Анёл Звеставання паводле Божага Слова называе «ласкі поўная» і якая, «даўшы згоду на Слова Божае, стала Маці Езуса і, прыняўшы ўсім сэрцам выратавальную волю Божую і не заплямленая ніякім грахом, аддала Сябе цалкам, як Слуга Панская, Сыну Свайму і Яго справе, падпарадкоўваючыся Яму і разам з Ім, паводле Провіду Усемагутнага Бога, служачы таямніцы Адкуплення» (Другі Ватыканскі Сабор. Lumen gentium. II, 56). Дык вось гэтае адчуванне Яе таямнічай святасці невераемна ўзмацнялася ў Будславе, каля выявы Маці Божай Будслаўскай, Заступніцы Беларусі. Узмацнялася і памяццю пілігрымства - Ларэта: выява Чорнай Мадонны; Чорная Мадонна Яснай Гуры; святыня Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Рыме…

Уражанне ўзмацнялася той памяццю, што пераўтвараецца ў чаканне. Той памяццю, што жывая вераю ў Абранасць Марыі Панны. Той памяццю, што вызнае дэвіз пантыфікату Святога Айца Яна Паўла II - «Totus Tuus»: цалкам Твой, Марыя. Той памяццю, якая грунтуецца на сцвярджэнні: «сапраўднае набажэнства да Маці Божай - <...> хрыстацэнтрычнае, больш таго, яно вельмі глыбока ўкаранёна ў Трынітарнай таямніцы Бога і звязана з таямніцаю Уцелаўлення і Адкуплення» (Ян Павел II. Пераступіць парог надзеі, с. 149).

Так, набажэнства хрыстацэнтрычнае… Містычны энергетызм, пацвярджэнне сапраўднага Быцця, містычная Воля, якая ўсведамляе сябе як Вера ў Бога, Вера ў Хрыста, становіцца ўнутраным розумам - у імгненнях, калі безліч свяцільняў-свечак у руках вернікаў працінаюць цемру ночы. І радасная бязмоўнасць душы, напружанае сузіранне, адчуванне ўзвышанай натхнёнасці нагадваюць: свяцільня - сімвал прысутнасці Божай: «Ты, Пан, свяцільня мая» (2 Кар 22, 29). І крыжовы шлях вернікаў, асветлены гэтым святлом. І кожны, хто ў гэтай ночы нясе сваю свяцільню, падсвядома спасцігае вялікую ісціну - да выратавання можна прыйсці толькі праз дар Любові, праз Ласку: «Вітай, Марыя, ласкі поўная…»

І зямное жыццё, недасканалае, дзе столькі марнага і мітуслівага, выяўляе раптам свой патаемны сэнс, сваю веліч і хараство. А ўрачыстая Імша ўночы - калі яшчэ гараць у руках свечкі, калі гучаць у насычанай асаблівым настроем начной цішы словы малітвы (а перад тым - спевы хораў), дае спазнаць незвычайную глыбіню адарацыі.

А ўсё ва ўрачыстай працэсіі, у Імшы пад адкрытым небам (колькі пілігрымаў сабралася, каб пакланіцца Маці Божай Будслаўскай!), у начным чуванні выяўляецца ў тым незвычайным духоўным стане, што вызначаюць як affectus mystycus - містычнае ўзрушэнне. А калі я чую голас з амбоны, дык акрамя моўленага, нібыта чую яшчэ і гэтыя словы: «Калі ўсё акружала ціхая бязмоўнасць і ноч у сваім працягу дасягнула поўні, сышло з нябёсаў ад каралеўскіх алтароў усемагутнае Слова Тваё» (Зых 18, 14-15). І пачынаю разумець, як гэта можа быць - «ноч светлая, як дзень»… (Пс 138, 12), «бо Бог, які сказаў з цемры заззяць святлу, засвяціў у сэрцах нашых дзеля прасвятлення нас пазнаннем славы Божае ў абліччы Езуса Хрыста» (2 Кар 4, 6).

І ў незабыўным містычным трансе не заўважаецца халодная стынь ночы і пякучы холад каменняў святыні, нават калі на каленях з малітоўнай пакорай набліжаешся да алтара, да выявы Маці Божай Будслаўскай.

А дзень надыходзіць асаблівы, праменна сонечны. І нібыта вітанне анёльскае - над урачыстай працэсіяй, а Імша, якую правіць Яго Эміненцыя кардынал Казімір Свёнтэк, ва ўрачыстым святле дня дае Высокае Сведчанне пра Дзень у абсалютным сэнсе, пра Дзень Урачыстасці Боскай. І засталіся на ўскрайку свядомасці тлум людзей выпадковых на гэтым Свяце, а выявіліся Веліч і Чысціня Маці Божай, што пакліканая Провідам Божым да выратавання ўсіх нас у Веры.

Увогуле - размову можна было пачаць і з іншай праявы ўзвышанага набліжэння да Бога. Аднак - узніклі чамусьці ў памяці тыя тры крыжы ў нябёсах. То - успрыняла як Знак. А працягваючы свой аповед, згадаю з пілігрымкі сваіх суседак па аўтобусе. Так адбылося - моладзь у асноўным рассяродзілася ў двух іншых аўтакарах, а ў нашым - найбольш кабеты статэчныя і мужчыны, так бы мовіць, блізкія да біблійнага ўзросту. Строгія ў аскезе сваёй - і прасветлена шчаслівыя. Таму што з імі і ў іх багацце і набытак, моц, што перастварае нас: Любоў Хрыстова, Ласка Маці Божай. Як яны непадобныя да тых, што я часта бачу ў тым раёне ў Мінску, дзе я жыву, і міжволі чую, як прыціснуў іх друз і бруд, як зачыніліся для іх нябёсы… Знешне гэтыя, мае суседкі па аўтобусе, падобныя да іх. Але толькі знешне.

Затое нагадваюць яны мне парафіянак маёй Белай Фары - касцёла Перамянення Пана - у родным горадзе Наваградку, тых, што хадзілі да святыні і тады, як там не было святара і не адпраўлялася Імша, як улады лічылі вернікаў ледзь не ворагамі народа. Гэта яны, тыя верніцы, захавалі сваю і нашу Веру.

Ядвіга Пісарук… Марыя Каравайская… Многія іншыя. Знаёмыя і незнаёмыя. Яны з тых, на кім трымаўся Касцёл у доўгія гады афіцыйнага ваяўнічага атэізму, з тых, для каго найсвяцейшая Ісціна: Бог ёсць Любоў. У высокім сэнсе. І ў звычаёвым. Яны з тых, дзякуючы каму вера жыла і жыве ў наступных пакаленнях.

Сёння многія прыходзяць у касцёл, не толькі шануючы традыцыю сям'і, але дзякуючы місіянерскім высілкам святароў, клерыкаў, законнікаў, законніц, дзякуючы Богам блаславёнаму штуршку ўласнай душы… Кожны мае права… А тыя жанчыны памятаюць іншы час. Памятаюць, як свята бераглі на Беларусі веру - неафіцыйна. Многія? Ці іх было шмат? Яны - былі… Гэта важна. Яны памятаюць падзеі, факты… Неяк нагадалі мне, як мая маці ўсю Імшу на пахаванні сястры Малгажаты (той самай адзінай назарэтанкі, што засталася жывою з наваградскай супольнасці, і памерла ў 1966 годзе) прастояла на каленях. Увогуле - нічога асаблівага. Мабыць, я і не згадвала б гэтага. Аднак, распавёўшы, пры выпадку, пра тое аднаму знаёмаму, чалавеку дасведчанаму, адукаванаму, удзельніку Біблійнай камісіі, я ў адказ пачула: «І ніхто не данёс!» А быў 1966 год. І маці мая - беспартыйная, нечыноўная, аднак асоба афіцыйная - адвакат. Пра тое, што яна пісала бясконцыя петыцыі, каб адчынілі для вернікаў дзверы Белай Фары, мала хто ведаў. А тут - навідавоку ва ўсіх… Усю Імшу на каленях.

Але - не маглі яны даносіць, мае землякі. Вернікі. Хрысціяне. Каталікі. Тыя, дзеля каго прынеслі сваю ахвяру сёстры-назарэтанкі, тыя, што адчуваюць прысутнасць іх Духу, іх Святасці тут, на гэтай зямлі.

Памятаю гэтых жанчын у Наваградку і 1 жніўня 2000 года, у Дзень Урачыстай Падзякі «за жыццё, пакутніцтва і беатыфікацыю с. М. Стэлы і 10 сёстраў з супольнасці сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту», як было пазначана ў запрашэннях з подпісам: Przelozona prowincjalna. Дзень, што быў азначаны ўнутраным імкненнем, малітоўным напружаннем, натхнёнай пакорай і нябачнай, але адчувальнай прысутнасцю ўзнесеных да Хвалы Алтароў пакутніц-назарэтанак, якім было дадзена «дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і пакутаваць за Яго» (Флп 1, 29). І вернікі з ўсёй Беларусі, з розных дыяцэзій Польшчы - адчувалі вялікую еднасць, перамяненне, навяртанне духоўнае, Любоў - бо толькі таму, хто любіць, адкрываецца пазнанне Бога. І ўсім былі зразумелыя словы нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, хаця прамаўляў ён на славацкай мове.

І разумелі звышчуццём словы Імшы пілігрымы ў Анконе - на шляху ў Апостальскую Сталіцу. У Анконе Імша адпраўлялася на дзвюх мовах. І незнаёмыя жанчыны маліліся на італьянскай мове, падобнай і непадобнай да сваёй высокай першакрыніцы - латыні. Але такою ласкаю і сардэчнасцю свяціліся іх твары пасля запрашэння святароў: «Перадайце бліжняму знак спакою», што ўсё ўспрымалася ў нейкай новай, асаблівай духоўнай танальнасці, словы і дзеянні былі асвечаныя ззяннем таго, што ўзрушыла, скарыла душу - водбліскам адзінай, асноўнай, сапраўднай Рэальнасці, таго, пра што Блэз Паскаль мовіў: «Забыццё свету і ўсяго, акрамя Бога» («Агонь»).

Забыццё… У малітве. У Імшы. У літаніі. Але і ў дачыненні непасрэдным да Свету Божага, у эмпірыцы хараства - прыгажосці неба, мора, лесу, пагоркаў, гораў, дрэваў, кветак ёсць нейкая ўнутраная насычанасць, глыбінны сэнс, якія нельга не адчуць.

І плыве ў бясконцасць мой дух,
І соладка тануць мне ў гэтым моры.

Гэта радкі са знакамітага твора Джакамо Леапардзі - «L'Infinito» - «Бясконцасць». І калі я чытала «манаграфію душы» гэтага паэта - яго вершы, мне нечакана адкрылася, чаму неяк адчужана я ўспрымала А.П. Чэхава. Ён мне заўсёды падабаўся: тонкі, інтэлектуальны, настраёвы… Але нешта я ў ім не прымала і не ўспрымала. Не магла патлумачыць - што. Тут - даўмелася. І Леапардзі, і Чэхаў пакінулі гэты свет досыць рана, вялікі паэт Італіі - у 39 гадоў, вялікі расійскі празаік - у 44, абодва - хварэлі на сухоты. Матыў самоты - і ў аднаго, і ў другога. Але… Чэхаў не меў веры. Вось што я зразумела. Не тое каб ён быў атэіст, не. І запаведзяў ён трымаўся - як чалавек, урач, творца. Аднак ён - няверуючы. І «неба ў дыяментах», і - шчаслівыя будуць людзі праз сто гадоў, і лекар Чэхаў як хрысціянін лекуе падчас эпідэміі… Аднак утрапенне духу, стомленасць ад марнасці жыцця - не проста безвыходныя. У яго відавочна адчуваецца яго прыманне канечнасці жыцця. У Чэхава канец, смерць не маюць прасветленага этычнага значэння. І хай непасрэдна пра тое гаворкі няма, аднак адчуванне гэтага ёсць.

А ў Леапардзі, чалавека вельмі няпростага лёсу, хістанняў душэўных, складаных адносін з пабожным бацькам, мы абавязкова знойдзем: «Я… часта аплакваў у начным бязмоўі дух, што дадзены нам на імгненне» («Успаміны»), «я… блукаю пад іншым, нетутэйшым святлом, там, дзе знікае мая зямная сутнасць…» («Неадчэпная думка»), «Да вечнага прытулку праложыць шлях мой дух» («Да маёй донны»; курсіў мой. - А.С.). У Джакамо Леапардзі вечнасць, «вечны прытулак» - за зямным існаваннем, у яго ёсць упэўненасць і вера ў шчасце «расці ўзростам Божым» (Клс 2, 19). І гэтым імкненнем духу ён інтуітыўна быў заўсёды мне блізкі, падсвядома зразумелы.

Сапраўды - у знікомым нам пазначаецца Бясконцае, глыбінны, незвычайны кантэкст, Яго прысутнасць, Яго блізкасць. І найвышэйшае напружанне духоўных сіл адбываецца ў малітве, у сустрэчы з Богам, у самаадкрыцці Божым, у найвышэйшым містычным вопыце.

Mysterium - Таямніца. Таямніца Веры. Мудрасць Божая, што прыняла аблічча Таямніцы ўтоенай (1 Кар 2, 7). І найбольш мы імкнемся да той Таямніцы ў шчаслівыя моманты набліжэння да Вікарыя Хрыста, Наступніка Пятра, Найвышэйшага Пастыра рымскага Касцёла - Яна Паўла II. Падчас вандровак Папы, падчас пілігрымак у Апостальскую Сталіцу, падчас вывучэння яго кніг і энцыклік.

Veritatis Splendor - ззянне Праўды. Праўды, пра якую Апостал Павел некалі сведчыў: «Дый гаворым не вучонымі словамі мудрасці чалавечае, але навучанымі ад Духа Святога» (1 Кар 2, 13). Гэта сапраўды тая Праўда, што недаступная нават разумнаму чалавеку, што вызнае толькі сваю прыродную моц, але даступная верніку, якога навучае Дух. І мы адчуваем Вялікі Цуд, цудадзейную моц малітвы з Вераю, набліжэнне да Таямніцы Хрыстовай, да вызнання сапраўднай Веры, сапраўднага Касцёла, «якому ўласціва быць адначасова і чалавечым, і Боскім, бачным і надзеленым нябачнымі рэальнасцямі» (Другі Ватыканскі Сабор, Канстытуцыя «Пра набажэнства». Уводзіны, 2). І адчуваем - «кожная рэальнасць ёсць дабро, бо яна створана Богам» (А. Дэмусцье. Законніцкае жыццё: прыпавесць яе гісторыі. «Символ», 1991. № 25. С. 25). І адчыняецца сэрца для Любові, для Ласкі Божай…

І застаюцца ў памяці - не проста фактам, а дзейснай, узрушальнай з'явай Боскай Прамудрасці, калі ўспамін абавязкова абарочваецца чаканнем. І ў хвіліны іспытаў і скрухі памяць ажыўляецца і суцешна нагадвае пра высокія моманты набліжэння да сапраўднай Радасці і Ісціны. І ўзмацняе той напамін удзелам у літургіі - кожнадзённай і ў нядзелю, дзень Панскі, і ў святы - успаміны людзей, што маюць вечную каштоўнасць.

І мы чуем у кожнай Святой Імшы: «Гэта чыніце на Маю памяць». І прымаем сакрамант Ахвяры Хрыстовай. «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. … Гэта ёсць келіх Крыві Мае, новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў».

«Гэта чыніце на Маю памяць». І Пастыр католікаў усяго свету, Ян Павел II, тлумачыць нам: «Гэта памяць - прысутнасць. Таямніца гэтага цуду заключаецца ў дзеянні Духа Святога…» («Дар і Таямніца», с. 85). І адчуваем моц Яго Духу. Affectus mystycus. І жывем з гэтым у душы… У моманты шчаслівыя, і ў гадзіны іспытаў і выпрабаванняў…

І асвятляе нас моц Яго Духу - часам і нечакана. Ніколі не забуду. Італія. Балоння. Канец 1980-х гадоў. Афіцыйны атэізм патроху саступае месца талерантнасці. Група турыстаў. Розных. Нейкае мясцовае свята з відавочнымі адзнакамі рытуалаў Сярэднявечча. Досыць паназіраўшы за юнакамі, што падкідвалі свае штандары ўгору, адыходжу ад групы. Уваходжу ў святыню Сан-Петроніа. Строгая готыка. Тэракота цэглы. Высокі спакой.

І раптам нейкая духаносная, духаўздымная плынь падхоплівае мяне. Нейкае найвышэйшае адкрыццё Духа. Нешта невымоўнае… «…дарма ласкай Ягонай» (Рым 3, 24) асветленая. Дзякуючы Провіду, не заслугам. З ласкі Бога ў Яго неймавернай міласэрнасці і літасці… І адчыняецца пераможная ў сваёй высокай пакоры Рэчаіснасць Божая. Musica Mundana - Музыка Сфераў, паводле Баэцыя. Нешта падобнае мне пашчасціла адчуць у старажытнай, сечанай у скале святыні ў Сэнт-Эмільене, у Францыі. І ў пэўных, пазначаных Звыш варунках у касцёле Перамянення Пана, у маёй Белай Фары, у родным горадзе… У архікатэдры, у касцёле Імя Найсвяцейшай Марыі Панны - у Мінску…

У архікатэдры - куды іду я днём будзённым, у дзень Панскі ў нядзелю, у святы…

Affectus mystycus. Самаадкрыццё Божае, чуццё вялікай, іншай Рэальнасці. Вялікай Ласкі… Вялікай Любові. Містычная сустрэча. Калі чалавек ва ўладзе Яго.

«Будзь Воля Твая…»

Змяненне абрысу свету, асвячэнне жыцця, блізкасць Боскага - вызнанне містычнага вопыту. Боскае ўваходзіць у свет. Вечнае з намі і сярод нас - праз гістарычную з'яву: з'яўленне Сына Божага. Адчуванне Вышэйшай Боскай Рэчаіснасці, новы змест Існага - як стрыжань духоўны, як галоўная выснова жыцця.

… Часам чую ад сяброў, знаёмых пытанне: чым ты жывеш? як? дзе сілы знаходзіш? Бывае - адказваю. Здараецца - маўчу. Выпадае - спрабую падзяліцца, пераканаць… Які гэта вялікі Набытак - Вера. І як мацуе малітва, малітоўны роздум. Святая Імша, натхненне літургіі, святло асаблівых містычных імгненняў, гадзін, дзён…

… Наноў адчыняю дзверы святыні. Перад Святой Імшой згадваю рознае. І вось гэтае: «Спадзявайся на Пана й добрае рабі, жыві на зямлі і цноту хавай; суцяшайся Панам, і Ён табе дасць, што сэрца тваё пажадае <…> і справядлівасць твая ўзыдзе, ты раніцы светласць, і праўда твая - быццам светласць палудня» (Пс 37, 3, 4, 6).

Перажываю сакральны рытуал Святой Імшы. Узвышаюся душой.

І наноў абнаўляецца жыццё.

«Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY