Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ
Проза

ПЕРАКЛІЧКА
У свеце Бібліі
Вандроўкі

TRIDENTUM
Haereditas
Постаці

MEMENTO PATRIAM
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ
Нашы святыні

ЛЕСВІЦА Ў НЕБА
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
Інтэрв'ю

СВОЙ ШЛЯХ ДА БОГА
Проза

AFFECTUS MYSTYCUS
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»

«ПРАСТОРА ТВОРЦЫ»

Дадатак да артукула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Ў СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ

У вігілійную ноч па еўрапейскіх прасторах крочыць Санта Клаўс, разносячы падарункі дзецям, у нас гэтым перад Новым годам займаецца Дзед Мароз. Дзеці і не здагадваюцца, што падарункі яны атрымліваюць ад святога Мікалая. Гэта ён у вельмі далёкія часы ноччу падкінуў тры торбачкі з золатам бедным дзяўчатам, якіх бацька з-за голаду надумаўся выправіць на вулічны заробак. А Санта Клаус толькі пайшоў услед за святым Мікалаем, спачатку ў Нідэрландах, а потым і ў іншых краінах.

Святы Мікалай, архіепіскап Мірлікійскі, праславіўся цудамі і пры жыцці, і пасля смерці. Яго жыціе (у Пятра Скаргі, у «Чэццях Мінеях» мітрапаліта Макарыя і Дзмітрыя Растоўскага) заснавана на звестках з Сымона Метафраста і іншых старажытных грэцкіх аўтараў1.

Паводле іх пісанняў, Мікалай нарадзіўся і жыў спачатку (каля 300 г.) у лікійскім горадзе Патарах (Малая Азія). Яго бацькі былі знатнымі і багатымі людзьмі, але доўгі час не мелі дзяцей. І толькі дзякуючы бесперапынным малітвам да Бога Нона ўрэшце нарадзіла сына, якому пры хрышчэнні было дадзена імя Мікалай, што азначае «пераможца народа». Цуды з ім пачаліся адразу пасля нараджэння: падчас хрышчэння немаўля тры гадзіны стаяла ў купелі без падтрымкі, а па серадах і пятніцах адмаўлялася ад матчынага малака. Стаўшы па парадзе свайго дзядькі святаром, Мікалай быў міласэрным, сціплым, ціхім, нешматслоўным і чытаў толькі Святое Пісанне. Пасля смерці бацькоў ён таемна раздаваў іх багацце бедным і ўбогім, тады і адбыўся эпізод з дзяўчатамі, якім хапіла яго грошай не толькі на пражыццё, але і на добры пасаг. У час падарожжа па моры да Святой зямлі Мікалай уратаваў карабель ад шалёнай буры і ажывіў матроса, які ўпаў з мачты. Выбраны па Боскім указанні епіскапам у галоўным горадзе Лікіі Мірах, Мікалай, каб адвучыць духоўных ад надта дарагіх убораў, заўсёды хадзіў у вельмі простым адзенні. Ён ніколі не ўжываў мяса, сілкаваўся толькі раз у дзень вечарам, пры тым за сталом яго для цікавай размовы заўсёды былі адукаваныя святары. Пры Дыяклетыяне епіскап Мір Лікійскіх адседзеў у турме; вызвалены пры імператары Канстанціне, ён разбурыў самы прыгожы паганскі храм Дыяны. Епіскап апекаваўся не толькі духоўнымі патрэбамі свайго горада. Калі аднойчы пачаўся вялікі голад, Мікалай з'явіўся ў сне купцу з Палерма і наказаў яму везці збожжа не ў Іспанію, як той наважыўся, але ў Міры.

Сярод іншых добрых справаў Мікалая - выратаванне з рук ката ў Мірах трох высакародных суседзяў, нявінна асуджаных на смерць; з'яўленне імператару Канстанціну для выратавання паслоў, паклёпніцкі абвінавачаных у здрадзе; суцішэнне буры на моры і ўратаванне карабля праз малітву ў храме. Памёр святы Мікалай у глыбокай старасці ў Мірах і быў пахаваны 6 снежня ў мясцовым саборы, гэтым днём і ўшаноўваецца яго памяць2.

Праз сем стагоддзяў, калі туркі захапілі Лікію, купцы з італьянскага горада Бары, плывучы на трох караблях да Антыёхіі, вырашылі перавезці мошчы святога з Міроў у Італію, апярэдзіўшы пры гэтым венецыянцаў. Задума, здаецца, была нечаканай, падказанай з нябёсаў. Купцы не ўзялі з сабою нічога, у чым можна было б везці святыя мошчы, і таму іх давялося загарнуць у верхняе адзенне аднаго з іх, каб данесці з храма да карабля. Дзень прыбыцця караблёў у Бары 9 мая 1087 г. з таго часу святкуецца ўсімі хрысціянамі як Мікола вясновы. У гэты дзень сюды збіраюцца пілігрымы з усёй Еўропы. Для захоўвання рэліквій у 1089 г. у Бары быў пабудаваны сабор св. Мікалая, дзе вельмі шануецца старажытны абраз святога, падараваны храму ў пачатку ХІV ст. сербскім князем Урашам. Свята было адразу ж засвоена на Русі, нягледзячы на раскол паміж Рымам і Канстанцінопалем.

У 1721 г. епіскап Фальконій знайшоў у ватыканскай бібліятэцы «Дзеянні святога Міколы, епіскапа пінарскага», які жыў у VI ст. пры імператары Юстыніяне. Высветлілася, што эпізоды з «Жыццяў святых» пра Мікалая Мірлікійскага нагадваюць многія старонкі з «Дзеянняў» Міколы Пінарскага. Аднак гэта не паўплывала на папулярнасць св. Мікалая, тым больш што жыціі многіх святых напоўнены легендарнымі эпізодамі3. Філолагі напісалі не адзін навуковы трактат пра фальклорнае ўзбагачэнне вобраза св. Мікалая рэліктамі славянскіх дахрысціянскіх культаў4. Ён апякае маракоў, купцоў, земляробаў, шкаляроў, маладых дзяўчат, дзяцей, пчалярства. Св. Мікалай - самы дэмакратычны, самы просты і даступны святы5.

Святы Мікалай ад першых вякоў хрысціянізацыі Беларусі адзін з самых шанаваных святых. Сярод царкоўных знаходак археолагаў ёсць каменныя разьбяныя абразкі з яго выявай у Наваградку (ХІІ ст.), Мінску (ХІІІ ст.), Тураве (XV-XVІ стст.)6. У гонар св. Мікалая былі асвечаны першыя ў Вільні хрысціянскія храмы: каталіцкі касцёл і праваслаўная царква, заснаваныя адначасова ў ХІУ ст. У міжваенны перыяд менавіта каля гэтага касцёла групаваліся нацыянальна свядомыя беларусы католікі. Мікалаеўская царква звязана з важнай падзеяй беларускай гісторыі: яна была нанова пабудавана каля 1514 г. Канстанцінам Астрожскім у памяць бітвы пад Воршай. Святому з Міроў Лікійскіх прысвечаны старажытныя касцёлы ў Свіры (1454 г.) і Геранёнах (1529 г., пабудаваны канцлерам Альбрэхтам Гаштолдам), а таксама Радзівілаўскі касцёл у Міры (1599-1605 гг.). Мікалаеўскія манастыры здаўна існавалі ў Полацку і Магілёве. Царкоўная унія 1596 г. заключалася у Брэсцкай катэдральнай царкве св. Мікалая.

Сапраўдны культ мірлікійскага епіскапа развіўся пасля перанясення яго мошчаў у Бары і зацвярджэння царкоўным каляндаром адпаведнага свята. У гэты час, побач з фрэскавымі і мазаічнымі, выявы св. Мікалая набылі шырокае распаўсюджанне ў іканапісе. Асноўныя рысы яго іканаграфіі акрэсліліся ў візантыйскім мастацтве ХI-ХIII стст. На абразах святы паказаны ў рост або па пояс у адзенні епіскапа. Узнятай правай рукой ён бласлаўляе, а ў другой трымае Евангелле. Для заходняга хрысціянства больш характэрны першы тып адлюстравання; паясныя выявы пашыраны ў праваслаўных цэрквах, асабліва ў апошнія стагоддзі. Адзначым, што хоць наогул праваслаўе непрыхільна ставіцца да скульптурных выяваў у царкве, для св. Мікалая «зроблена выключэнне» ў выглядзе фігуры св. Міколы Мажайскага (Расія).

На беларускіх землях здаўна існавалі не толькі іканапісныя, але і скульптурныя выявы св. Мікалая, пра што сведчыць эпізод з Пскоўcкага летапісу. У 1540 г. нейкія прахожыя старцы «з чужой зямлі» прывезлі ў Пскоў да дня Успення Багародзіцы дзве разьбяныя іконы св. Мікалая «ў невялікіх храмінках» (ківотах). Пскавічы не ведалі, што з імі рабіць, бо раней такога не бачылі, і пачалі сумнявацца, ці не будзе гэта ідалапаклонствам. Праблему вырашыў адукаваны наўгародскі мітрапаліт Макарый, які асвяціў прынесеныя абразы і загадаў купіць іх7. Сучасныя гісторыкі мастацтва згодныя ў тым, што старцы прышлі ў Пскоў з Беларусі.

Разьбяныя скульптуры св. Мікалая захаваліся ў касцёльных алтарах ад пачатковага перыяду Контррэфармацыі. Найперш згадаем бакавы алтар Маці Божай Ружанцовай, фундаваны Казімірам Сапегам каля 1634 г. у воўпенскім касцёле. Св. Мікалай паказаны ў пары са св. Станіславам, верагодна як персаніфікацыя усходняй і заходняй Цэркваў. Абодва святыя апрануты як рымскія біскупы, але добры старэчы твар Мікалая напалову закрыты густой шырокай барадой. На сагнутай левай руцэ ён трымае важкую кнігу, на якой ляжаць тры мяшочкі з золатам…

У шылавіцкім касцёле, пабудаваным Вольскімі ў 1-й чвэрці XVІІ ст., св. Мікалай паказаны ў той жа іканаграфіі, што і ў Воўпе, але без барады і з кнігай на правай руцэ. У алтары ён стаяў разам са св. Казімірам, а таксама быў намаляваны на фундатарскай лаве, нагадваючы пра фундатараў касцёла - віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага і яго сына Казіміра. Архіўныя матэрыялы паведамляюць пра загінуўшыя алтарныя скульптуры св. Мікалая ў Капылі, Ішкалдзі, Клецку8. Яны, напэўна, былі звязаны з Радзівіламі, у якіх існавала традыцыя называць першага сына імем епіскапа Мірлікійскага. Не выпадкова і на фасадзе нясвіжскага касцёла стаяць скульптуры св. Мікалая і св. Крыштофа, нябесных апекуноў Радзівіла Сіроткі.

У скульптуры св. Мікалая з шарашоўскага касцёла каля ног цудатворцы выразана кадка з трыма дзіцячымі фігуркамі9. Такім чынам майстар нагадаў пра адно з самых незвычайных цудаў св. Мікалая. Аднойчы ў час голаду гаспадар пастаялага двара забіў трох падлеткаў шкаляроў і засаліў іх, каб карміць пастаяльцаў. Мікалай, які выпадкова аказаўся тут, ажывіў хлопчыкаў10. Дзве іншыя скульптуры св. Мікалая з таго ж касцёла нагадваюць спрошчаныя паўторы першай.

У Беларусі захавалася звыш тысячы абразоў св. Мікалая, пераважна ХІХ і пачатку ХХ ст., не больш за 70 з іх належаць да XVІІІ ст., толькі 3-4 можна аднесці да XVІІ ст. Калісьці шанаваліся як цудатворныя абразы св. Мікалая ў Беласароцы (Гомельшчына), Горках, Магільным і Станькаве (Міншчына), але ўсе яны загінулі ў перадваенны час. У адрозненне ад расійскага іканапісу, дзе пераважалі паясныя выявы, на беларускіх абразах XVІІ-XVІІІ стст. св. Мікалай досыць часта маляваўся ў поўны рост, звычайна з Евангеллем у левай руцэ, часам яшчэ і з посахам. Разам з тым ёсць нямала і «прамежкавых» жывапісных выяваў, якія даследчыкамі азначаюцца як «пакаленныя» ці «пабедраныя». На большасці абразоў у верхніх вуглах, на воблачках, знаходзяцца выявы Хрыста з Евангеллем у руках (злева) і Маці Божай з амафорам (справа). Паводле легенды, падчас дыскусіі пра адзінасутнасць Бога Айца і Сына на Нікейскім Саборы (325 г.) Мікалай ударыў апанента-ерэтыка Арыя, за што быў пазбаўлены сану і зняволены ў цямніцы. Уначы да яго з'явіліся Хрыстус і Маці Божая і ўручылі яму знакі епіскапскага сану - Евангелле і амафор.

Адзін з самых старажытных абразоў св. Мікалая, намаляваны тэмперай на дошцы, захаваўся на Брэстчыне. Усю цэнтральную частку займае вытанчаная стройная фігура святога, які падтрымлівае Евангелле левай рукой, схаванай пад фялонню, аздобленай чырвонымі і чорнымі крыжамі, а адведзенай убок правай - бласлаўляе. Іканапісная мадэліроўка тонкіх рысаў твару, рук і ўбрання святога, рытм складак адзення спалучаюцца з рэнесансавым светлым каларытам і маляўнічым пазёмам з чырвонымі кветкамі. Поле абраза аздоблена разьбяным па ляўкасе раслінным арнаментам. Такая іканаграфія з тварам добрага старога і характэрным жэстам рук прайшла праз усю эпоху барока - у якасці ілюстрацый можна назваць пабазыльянскі алтарны аб- раз на палатне 2-й паловы XVIII ст. з Жыровіцкага манастыра.

У іншым, больш урачыстым выглядзе паказаны св. Мікалай на абразе з Маладзечна, датаваным 1751 г. і падпісаным загадкавым манаграмістам М.В.11 Выказвалася меркаванне, што манаграма магла належаць Матэвушу Бейтніку, аднак малаверагодна, каб мастак з езуітаў так дасканала валодаў тэхнікай іканапісу. Велічны епіскап у пурпуровым сакасе, белым падрызніку, аздобным амафоры і мітры стаіць на беразе рэчкі. На другім беразе распасціраецца цудоўны далягляд з храмамі, камяніцамі, пагоркамі з дрэвамі і воблакамі. Асаблівасцю абраза з'яўляецца тое, што мастак «памяняў месцамі» выявы Спаса і Маці Божай. Кампазіцыя з выявай св. Мікалая ў рост на фоне рэчкі і горада паўтараецца на абразе XVIII ст. з Полацка, што наводзіць на думку пра існаванне нейкага агульнага пратографа, напрыклад, у Вільні, дзе царква св. Мікалая існавала з XІV ст.

На некаторых абразах фігура цудатворцы дапаўняецца выявамі, якія нагадваюць пра яго апякунства над маракамі і падарожнікамі ці пра яго цуды. На абразе з-пад Кобрына святы стаіць на беразе ракі з караблём, а ўнізе каля яго ног знаходзіцца кадка з трыма падлеткамі. Далейшае развіццё сюжэту адбывалася ў ХІХ ст., калі беларусы ўсё часцей траплялі на марскую службу ці ў падарожжы: святы з посахам паказаны каля крапасных сценаў на беразе мора, па якім плывуць караблі. На адным з іх, побач з матросамі ў трохвуголках, знаходзіцца і Мікола.

Матыў дабрачыннасці, сімвалізаваны трыма кашалькамі ці залатымі шарамі, быў запазычаны з заходняй іканаграфіі. Ён распаўсюджаны і ў скульптуры, і ў алтарным жывапісе і часта з'яўляецца апазнавальным знакам (атрыбутам) св. Мікалая. Абразы з такім сімвалам, намаляваным на Евангеллі ці асобна ўнізе, захаваліся на Гродзеншчыне, Брэстчыне, Полаччыне, Віленшчыне.

На поўдні Беларусі і Падняпроўі, звязаных з Кіевам, у беларускіх абразах XVII-XVIII стст. выразна захаваная візантыйская традыцыя, узбагачаная новай вобразнасцю і тэхнікай жывапісу. Сапраўды яркім узорам беларускага іканапісу з'яўляецца храмавы абраз св. Мікалая з Магілёва. На ім выява цудатворца паказаны франтальна, па пояс, з непакрытай галавой, у прыгожым, аздобленым золатам і яркімі колерамі епіскапскім адзенні. Абраз адметны ўрачыстым, надзвычай радасным настроем, фон пакрыты раслінным арнаментам, выкананым у тэхніцы разьбы па ляўкасе. Верагодна, ён быў намаляваны ў час пабудовы Мікольскай царквы (1672 г.).

Шанаваны абраз св. Міколы, намаляваны ў 1748 г. тэмперай на дошцы, існаваў яшчэ нядаўна ў царкве вёскі Мокрае Быхаўскага раёна. Паводле вусных звестак, яго час ад часу насілі па ўсіх навакольных вёсках як мясцовую святыню. Яго іканаграфія блізкая да магілёўскай, але св. Мікалай паказаны ў мітры. Фальклорная традыцыя такім чынам адрознівае «Міколу летняга» ад «Міколы зімняга». На жаль, у 1980-я гады абраз згарэў разам з царквой.

Своеасаблівай экспрэсіяй адметны вобраз св. Мікалая на абразах пачатку XVIII ст. з Пагарыння, для якіх характэрна архаічная графічнасць і колеравая маляўнічасць, падобная на фрэскавую. Такую манеру іканапісу мастацтвазнаўцы ўмоўна называюць «столінскай». Цікава, што на гэтых абразах выява Маці Божай знаходзіцца злева, а Хрыста - справа ад Мікалая.

Жыційных абразоў св. Мікалая на Беларусі захавалася вельмі мала, аднак яны існавалі. У візіце 1759 г. кафедральнай Мікалаеўскай царквы ў Брэсце згадваецца «абраз св. Мікалая вельмі старажытнага жывапісу (antiquissimae picturae) з выявамі ў рознай форме 16 цудаў, створаных яшчэ пры зямным жыцці святога. На гэтым абразе сярэбраная пазалочаная шата. Вакол галавы св.Мікалая сярэбраны пазалочаны вянец...» Расказвалі як пра цуд, што калісьці царква гарэла, але абраз, пабываўшы ў агні, не быў пашкоджаны. Захаваліся вусныя звесткі і пра іншыя бясспрэчныя цуды, але па недагляду капітульных святароў яны не былі запісаны. Візітатар загадаў а. Іосіфу Шаталовічу (які і сам вылечыўся ад цяжкай хваробы па малітве перад абразом) запісаць ад людзей, вартых даверу, у спецыяльную кнігу ўсе міласці і цуды з указаннем датаў12 Заснаванне самой царквы легенда прыпісвала купцу, які ледзь не загінуў на балоцістым Мухаўцы і ўратаваўся, звярнуўшыся да св. Мікалая.

На поўдні Мінскай вобласці захаваўся абраз «Св. Мікалай з жыціем» паловы XVIII ст., выкананы слуцкім іканапісцам Васілём Маркіянавічам, выхаванцам Кіева-Пячэрскай іканапіснай школы. Сярэднюю частку абраза з паясной выявай Мікалая па ўсім перыметры атачаюць 12 выяваў, на якіх паказаны моманты з жыцця і цуды святога: нараджэнне Міколы; хрост; прывядзенне да навучання; пасвячэнне ў іерэі; пасвячэнне ў епіскапы; уратаванне трох дзяўчат ад ганьбы; прадстаўленне св. Міколы; з'яўленне святога ў сне імператару Канстанціну; збаўленне трох стратылатаў ад смяротнага пакарання; з'яўленне тром мужам у цямніцы; вяртанне падлетка Васіля. Цуд аб кіеўскім дзіцяці.

На абразе таго ж часу з Магілёва змешчана шэсць выяваў з цудамі св. Мікалая па баках яго фігуры ў рост. З падбору сюжэтаў відаць, што найбольш хвалявала магілёўцаў (і не толькі іх) у XVIII ст.: смяротныя прысуды нявінным і гібель дзяцей на вадзе. На апошняй выяве паказаны цуд ад абраза св. Мікалая. Існавала паданне, што адзін з жыхароў Кіева паплыў на чоўне па Дняпры ў Вышгарад на свята Барыса і Глеба. На зваротным шляху яго жонка, задрамаўшы, выпусціла немаўля з рук у рэчку. На другі дзень дзіця было знойдзена на хорах Сафійскага сабора перад цудатворным абразом Міколы Мокрага.

Акрамя адзіночных выяваў Мікалая на Беларусі сустракаюцца абразы, дзе ён адлюстраваны з іншымі святымі: прарокам Іллёю, Марыяй Магдаленай, Барбарай і іншымі. Такія абразы, напэўна, заказваліся сямейнымі парамі ці сваякамі. Наогул жа св. Мікалай на Беларусі лічыцца найпершым пасля Маці Божай заступнікам за людзей перад Богам.


  1. Żywoty świętych Starego i Nowego Zakonu. T. II. Ptb., 1862. S. 569—574.
  2. Житие и чудеса св. Николая Чудотворца. Мн., 2001. С.102—124.
  3. Мифы и легенды народов мира. Т. 2. М., 1995. С. 208.
  4. Успенский Б. А. Филологические изыскания в области славянских древностей.
  5. Христианство // Мифы народов мира. Т. 2. С. 217—218.
  6. Пластыка Беларусі ХІІ—XVІІІ стагоддзяў / Аўтар і складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мн., 1983. № 17, 21.
  7. Житие и чудеса св. Николая Чудотворца. С. 701
  8. АР БАН Літвы, ф. 43, 10737; НГАБ, ф. 1781, воп. 27, № 469, 290.
  9. Пластыка Беларусі ХІІ—XVІІІ стагоддзяў. № 39—41.
  10. Холл Дж. Словарь сюжетов и символов в искусстве. М., 1999. С. 391—392.
  11. Жывапіс Беларусі ХІІ—XVIII стагоддзяў. Мн., 1980. С. 80—82.
  12. Город Брест-Литовск и его древние храмы // Труды ІХ археологического съезда в Вильне. 1893. Т. 1. М., 1895. С.318—319.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY