|
|
№
4(22)/2002
Дакументы
Мастацтва
Уладзімір КАРЭЛІН,
Мікалай МЕЛЬНІКАЎ, Аляксандр ЯРАШЭВІЧ ВОБРАЗ СВЯТОГА МІКАЛАЯ Проза
У свеце Бібліі
Вандроўкі
Haereditas
Постаці
Пераклады
Нашы святыні
Haereditas
Інтэрв'ю
Проза
Паэзія
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
|
Сённяшні раздрай у людскім свеце не дадае аптымізму зямному чалавечаму жыццю. Грошы, маскультура, разбэшчанасць, варажнеча — і як вынік: забойствы, тэракты, войны... Дзе і што дзеіць тым часам высокі чалавечы інтэлект? Чым занятая інтэлігенцыя, майстры культуры і літаратуры? Ці не азначае гэта, што на сучасным этапе чалавечага жыцця часовую, будзем спадзявацца, перавагу над сіламі дабра займелі сілы зла, што паднебная жыццятворная музыка Моцарта заглушаецца дэцыбельнай какафоніяй новых сальеры? Безумоўна, не будзем расквечваць усімі колерамі вясёлкі сваё прамінулае — яно таксама неадназначнае, аднак перажытае, і ўжо адно гэта дае нам права казаць пра яго, няхай і як пра змагарную і няпростую, але ўсё ж пераможную, веху гармоніі Духу над стыхіяй Сатаны. Апошнім часам духоўныя пошукі той самай гармоніі пачалі ўсё больш і часцей займаць розумы і душы нашых сучаснікаў. Хрысціянская вера і яе Храм Божы — адныя з першых, хто заснаваў духоўнае асветніцтва дзеля захавання і ўзвелічэння дабра, паклікання да яго і тварэння яго ў знак ухвалы аднойчы дадзенага чалавеку Жыцця. Тварыць і прапаведаваць дабро — гэта своеасаблівае місіянерства. У абмежаваным абсягу нашай нацыянальнай культуры і літаратуры — тое ўвогуле патрабуе мужнасці і сумлення. Сапраўдны беларускі літаратар пэўным чынам выконвае функцыі духоўнага прапаведніка. Праз спрадвечнае, біблейскае і новазапаветнае ён спрабуе расплюшчыць вочы свайму чытачу на няўвідную, але адзіную і непагрэшную ісціну — Тварца, Законніка і Збаўцу. Гэтая пажыццёвая і бескарысная праца ёсць для пісьменніка і паэта своеасаблівай Галгофай — адкрытай споведдзю свайму духоўніку перад людзьмі... Толькі той, хто здольны на такое ўласнае выкрыццё і той, чыё выкрыццё вартае быць прыкладам высокага павучання для іншых, у рэшце рэшт, як найвышэйшай узнагародай, адорваецца звыш талентам Божым... Нядаўна пры часопісе «Наша вера» наладжаны перыядычны выпуск кніжак у серыі «Бібліятэка «Нашай веры». Мы яшчэ добра помнім падобныя праекты пры дзяржаўных часопісах. Да прыкладу, «Бібліятэку часопіса «Маладосць», якая, на жаль, скончыла сваё існаванне без падтрымкі дзяржавы. І вось часопіс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі спрабуе падоўжыць літаратурна-культурніцкую эстафету на беларускамоўным абсягу шматканфесійнай і двухмоўнай беларускай дзяржавы. У «Бібліятэцы часопіса «Наша вера» пабачылі свет ужо дзве мастацкія кніжкі: прозы — «Гадара» навапалачанкі Ірыны Жарнасек і паэзіі — «На белых аблоках сноў» гараднічанкі Дануты Бічэль. Імёны — вядомыя і, што важна, выразныя і пазнавальныя ў агульнай плыні па сутнасці аднатоннага сучаснага літаратурнага працэсу. Данута Бічэль ярка заявіла пра сябе яшчэ за савецкім часам і, мажліва, сваёю неардынарнаю і выбітнаю творчасцю («кропля камень точыць»), сама пра тое асабліва не дбаючы, набліжала час сённяшняй разняволенасці, як уласна чалавека і грамадзяніна, так і свайго «забранага краю»... Шчыра кажучы, і цяперашнія яе вершы не адарваныя ад прамінулага, хоць у найлепшых сваіх метафарычных памкненнях яны найперш прагнуць прадказаць магчымую будучыню (што апошнім часам у яе найчасцей асацыюецца са змірэннем наканаванага Звыш). Хоць паэт, па вялікім рахунку, — прарок, і калі няспешна і сур’ёзна ўчытацца ў паэзію Дануты Бічэль (кніжка выбранага «Снапок»), то нельга не прасачыць мастацкую «прыгнечанасць» і «верхаглядства» ў яе творчасці. Безумоўна, што вочы паэткі ўвабралі ў сябе кожную травіну і быліну, але калі зямля згінала яе над «хлебам штодзённым», то неба выпроствала і акрыляла за «Духам Святым»...
Толькі чалавек з аглухлай душой і акамянелай памяццю не можа вычуваць у згаданых радках сваёй зямной («глінянай») сувязі з тым высокім, што было «ўдыхнута» ў нас ад першапачатку. Іначай не напісаліся б услед за гэтым і такія (на мой погляд, блізкія да геніяльных) радкі:
Можна толькі вітаць паэтку, якая выдыхае з засмяглых вуснаў у настылую пространь Айчыны зацепленыя ёю словы, якія паступова праясняюць нашым вачам, нібыта скрозь прамерзлыя шыбы, заваконны паднебны свет з усімі яго праявамі... Менавіта падобны стан душы, сагрэтай духам дабра і любові, спараджае вось такія рэдкасныя радкі паэтычнага ўзрушэння:
Хоць такі чалавечы пожад, такое паэтычнае прадбачанне ўласнага зямнога выраку не хочацца называць прарочым і, урэшце, збытным... Дзеля справядлівасці зазначу, што кніжка Дануты Бічэль «На белых аблоках сноў» усё ж пабачыла свет пад умоўным «другім нумарам», а пад «першым» (дэбютным) — выйшла кніжка прозы «Гадара» Ірыны Жарнасек. Гэтая «правінцыйная» пісьменніца сучаснымі «мэтрамі» сталічнага літаратурнага бамонду не тое што не прымаецца ў сур’ёзны разлік, а як бы, перакруціўшы вышэй упомненую сітуацыю, лічыцца ў іх «ведамасных і вядомасных рэестрах» пад «другім нумарам»... А Ірына — пісьменнік ад Бога. Дазволю сабе тут рэмарку ў звязку з алюзіяй на сказанае. Калісьці адзін крытык жаночага роду (сёння, на жаль, незаслужана забыты) у рэцэнзіі на мой першы вершаваны зборнічак насмеліўся напісаць падобнае адносна маёй сціплай (тым больш па тым часе) асобы: паэт ад Бога. Не думаю, што гэта дадало мне «незаслужанай славы», але міжвольна ўцягнула мяне ў сваё сілавое поле, з якога я да гэтай пары не магу выйсці... Тое поле я мог бы цяпер, не баючыся памыліцца, назваць Верай. Ва ўсіх сэнсах і аспектах ўсёвызначальнага Слова... Гэтае ж слова, на мой суб’ектыўны погляд, з’яўляецца характэрным і для ўсёй літаратурнай творчасці Ірыны Жарнасек. Працуючы наводдаль і, можна сказаць, паралельна біблійных тэкстаў, яна не толькі не страчвае сваёй мастацкай самасці, а часцей за ўсё ўзнімаецца над уласнай зямной сутнасцю, спрабуючы наблізіцца да вышэйшых духоўных іпастасяў. Я добра памятаю, як доўга брадзіла ў калялітурных колах, трымаючы пад уздзеяннем свайго ацверажальнага настою, выдрукаванае калісьці ў «ЛіМе» яе цудоўнае па стылі і форме апавяданне «Гадара»... Мала які пісьменнік пасля такой творчай удачы пазбег бы пыхлівасці. Але толькі не той, хто змог такое напісаць. Зрэшты як і не саступаючае яму па ўкладзеным таленце апавяданне «Ноч пасля Галгофы». Пісьменнік, як творца, у сваім зямным вызначэнні — заўжды не больш, чым Варава ў супастаўленні з Творцам. Але і гэтая пакутная мера сапраўднаму мастаку высокая, бо дарам Боскім пазначаная. І нездарма ж пішуцца, як на балючым узрушэнні выдыхаюцца, такія словы напрыканцы згаданага аповеду: «Варава памаўчаў і неспадзявана запытаў: — Ну а ты? Ты хіба не рады, што выпусцілі Вараву, а не... Яго? Андрэй сумеўся. Ці рады ён? Правёў рукой па твары і толькі цяпер заўважыў, што твар мокры. Па кім ён плакаў: па Настаўніку? па сабе? па... Вараву? — Варава, а ты... Ты сам... рады? — Ну, сказаў! — выбухнуў Варава, ускінуў над вогнішчам руку і... гэтак жа раптоўна аціх. Задумаўся. Потым дадаў неяк бясколерна і хрыпата: — Хіба я магу не радавацца? І Андрэй зразумеў: не, ён не рады. Тое, што цяпер было ў ягоным сэрцы, нельга назваць радасцю. Можна назваць чым заўгодна, але не радасцю». Госпадзе, я пішу гэты тэкст якраз напярэдадні жыццёвага «раўнадзенства» пісьменніцы. У яе — юбілей. Таму хацеў бы сказаць пані Ірэне: я веру вам, веру ў ваш талент і ў вашу веру. Шчыра кажучы, я шчаслівы, што сёння мы з вамі аднаверцы. Заадно пажадаю здароўя, дабра і творчых радасцяў і ўсім тым людзям, якія спрычыніліся да выдання высокамастацкай кніжнай серыі «Бібліятэкі часопіса «Наша вера». Гэта добры знак як для беларускай культуры і літаратуры, так і для нашай веры ўвогуле.
|
|
|