Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза

КОНЮХ
Паэзія

ВЕРШЫ
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы

ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?..


БЕСТСЕЛЕР КАТАЛІЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Кніга Святога Айца Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі» выйшла восенню 1994 г. спачатку ў Італіі і амаль адначасова на мове арыгінала ў Польшчы. Яна абышла ўжо ўвесь свет, сабрала мільённыя наклады больш як на дваццаці мовах і стала сапраўдным бестселерам каталіцкай літаратуры.

Гэта унікальная кніга, якая складаецца з гранічна шчырых, глыбокіх адказаў главы Каталіцкага Касцёла на нечаканыя, а часам і проста каверзныя пытанні вядомага італьянскага журналіста і пісьменніка Віторыё Мэсоры, і якую тэолагі ацэньваюць як «непасрэднае, вольнае ад схемаў і фільтраў, адлюстраванне рэлігійнага і інтэлектуальнага свету Яна Паўла ІІ», як «ключ да разумення і інтэрпрэтацыі ўсяго яго вучэння», рыхтуецца таксама да выхаду на беларускай мове.

Па словах В. Мэсоры, чытач знойдзе на яе старонках «асабістыя прызнанні, рэфлексіі і духоўныя парады, містычную медытацыю, погляд у мінулае і будучае, тэалагічныя, а таксама філасофскія разважанні» Святога Айца.

Прапануем увазе нашых чытачоў невялікі ўрывак з кнігі «Пераступіць парог надзеі», а менавіта – адказы на два першыя пытанні, і не сумняваемся, што і на Беларусі яна выкліча вялікую цікавасць, бо закранае балючыя і жыццёва важныя для сучаснага чалавека праблемы.

 
Папа Ян Павел ІІ

ПЕРАСТУПІЦЬ ПАРОГ НАДЗЕІ

1. ПАПА: ВЫКЛІК І ТАЯМНІЦА

Святы Айцец, у першым пытанні хацелся б закрануць самыя карані. Таму, зразумела, будзе яно крыху даўжэйшае за астатнія. Вось я знаходжуся перад чалавекам, які, згодна з даўнім звычаем, убраны ў белае і носіць на грудзях крыж. Павінен зазначыць, што гэты чалавек, якога мы называем Папам (па-грэцку – айцец), незалежна ад таго, якое носіць імя, сам па сабе – якаясь таямніца і знак пратэсту, альбо проста выклік у кантэксце таго, што для многіх нашых сучаснікаў з’яўляецца крытэрыем рацыянальнасці ці звыклай здаровай развагі.

Сапраўды, у стасунку да Папы трэба выбіраць. Вера вызначае Галаву Каталіцкага Касцёла як намесніка Езуса Хрыста (і менавіта так успрымаюць яго вернікі). Такім чынам, Папа лічыцца чалавекам, які прадстаўляе на Зямлі Сына Божага, чалавекам, які «выступае ад імя» Другой Асобы Святой Тройцы. Так гаворыць пра сябе кожны Папа, зразумела, з належнаю пакораю, але і не з меншаю ўпэўненасцю. Гэтаму вераць католікі, якія невыпадкова называюць яго Святым Айцом, Светласцю.

Аднак шмат іншых людзей сцвярджае, што такая прэтэнзія абсурдная і бессэнсоўная. Для іх Папа не прадстаўнік Бога, а якісьці перажытак даўніх міфаў і легендаў, якіх «сталы» чалавек сёння прыняць не можа.

Значыць, у дачыненні да Вашай Светласці, гэтаксама як у дачыненні да кожнага Вашага папярэдніка і наступніка – трэба, як сказаў бы Паскаль, «біцца аб заклад»: Святы Айцец – гэта альбо таемны знак Бога Жывога, альбо таксама праяўленне ілюзіі, якая існуе ўжо дзве тысячы гадоў.

І таму, калі можна спытаць: ці Вы ніколі не сумняваліся і не сумняваецеся ў надзейнасці свае асаблівай сувязі з Езусам Хрыстом, а значыць, з Богам? Ці Вы не мелі ніколі – зразумела, не сумненняў – але хоць бы пытанняў і праблемаў (што натуральна для чалавека), якія датычаць праўдзівасці таго Credo (Веру), якое Вы паўтараеце ў часе Святой Імшы, – Credo, якое абвяшчае веру нечуваную і найвышэйшым гарантам якой з’яўляецца Ваша Светласць?

Думаю, што мы павінны пачаць з удакладнення слоў і паняццяў. Ваша пытанне пранікнута з аднаго боку жывою вераю, а з другога – пэўным неспакоем. Гэта я павінен адзначыць адразу, з самага пачатку, і разам з тым, звярнуцца да выразу, з якога пачалася мая паслуга ў Сталіцы Святога Пятра: «Не бойцеся!»

Хрыстус неаднаразова звяртаўс з гэтым заклікам да людзей, якіх сустракаў. Так прамовіў Анёл да Марыі: «Не бойся» (параўнай Лк 1, 30). Гэтаксама сказаў Юзафу: «Не бойся» (пар. Мц 1, 20). Так гаварыў Хрыстус Апосталам і Пятру ў розных абставінах і асабліва пасля Свайго змёртвыхпаўстання Ён казаў: «Не бойцеся!» Бо адчуваў, што яны баяцца. Яны не былі ўпэўненыя, што Той, каго бачаць, – Той Самы Хрыстус, якога яны ведалі. Баяліся, калі Ён быў схоплены, баяліся яшчэ больш, калі Ён змёртвыхпаўстаў.

Словы, якія прамовіў Хрыстус, паўтарае Касцёл. І разам з Касцёлам іх паўтарае Папа, і робіць гэта з першае пропаведзі на плошчы Святога Пятра: «Не бойцеся». Сказаны яны «ў крэдыт». Як бачым, словы гэтыя глыбока ўкаранёныя ў Евангеллі. Проста гэта словы Самога Хрыста.

Чаго мы не павінны баяцца? Не павінны баяцца праўды пра нас саміх. Гэтую праўду аднойчы ўбачыў на свае вочы Пётр і прамовіў да Езуса: «Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (Лк 5, 8).

Думаю, што не адзін Пётр зразумеў гэтую праўду. Разумее яе кожны чалавек. Разумее як кожны наступнік Пятра. Асабліва ясна разумее яе той, хто з Вамі размаўляе. Кожны з нас удзячны Пятру за тое, што сказаў ён аднойчы: «Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Хрыстус адказаў яму: «Не бойся, з гэтага часу будзеш лаўцом людзей» (Лк 5, 10). Не бойся людзей! Чалавек заўсёды такі, які ёсць. Сістэмы, якія чалавек стварае, заўсёды недасканалыя, і тым больш чалавек упэўнены ў сабе. Адкуль гэта бярэцца? Сыходзіць гэта з людскога сэрца. Нашае сэрца неспакойнае. І ягоны неспакой найлепей ведае сам Хрыстус. «Ён ведае, што ёсць у чалавеку» (пар. Ян 2, 25).

Такім чынам, у сувязі з Вашым першым пытаннем я хачу звярнуцца да слоў Хрыста і адначасна да маіх першых слоў на плошчы Святога Пятра. А менавіта: «Не бойся!», калі цябе людзі называюць Намеснікам Хрыста, калі звяртаюцца да цябе: Святы Айцец альбо таксама Ваша Светласць, ці ўжываюць падобныя звароты, якія, здавалася б, нават супярэчаць Евангеллю. Бо сам Хрыстус сказаў: «І айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, каторы на нябёсах. І не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстус» (Мц 23, 9-10). Аднак жа звароты гэтыя паўсталі на аснове даўняй традыцыі. Яны сталі ў пэўным сэнсе моўнаю звычкаю, і зваротаў гэтых таксама не трэба баяцца.

Колькі разоў Хрыстус заклікае: «Не бойцеся», заўсёды маючы на ўвазе і Бога, і чалавека. Ён хоча сказаць: не бойцеся Бога, Які, паводле філосафаў – трансцэндэнтны Абсалют. Не бойцеся Бога, наадварот, кажыце да Яго разам са Мною: «Ойча наш» (Мц 6, 9). Не бойцеся гаварыць: Ойча! Імкніцеся нават быць дасканалымі, як Ён, і таму, што Ён дасканалы. Сапраўды – «Будзьце ж беззаганныя, як беззаганны Айцец ваш, што ў нябёсах» (Мц 5, 48).

Хрыстус – гэта Сакрамэнт нябачнага Бога. Сакрамэнт азначае прысутнасць. Бог – з намі. Бог бясконца дасканалы, Ён не толькі з чалавекам, але Сам стаўся чалавекам у Езусе Хрысце. Не бойцеся Бога, Які стаўся чалавекам! Менавіта гэта вымавіў Пётр паблізу Цэзарэі Філіпавай: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). Тым самым гаварыў: Ты Сын Божы, які стаўся чалавекам. Пётр не баяўся так сказаць, хоць словы гэтыя не сыходзілі ад яго. Словы гэтыя сыходзілі ад Айца. «Толькі Айцец ведае Сына, і толькі Сын ведае Айца» (пар. Мц 11, 27). «Шчаслівы ты, Сымон, сын Ёнін, бо не цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, што ў нябёсах» (Мц 16, 17). Словы, якія прамовіў Пётр, прамовіў сілаю Духа Святога. Касцёл таксама пастаянна прамаўляе іх сілаю Духа Святога.

Такім чынам, Пётр не баяўся Бога, які стаўся чалавекам. Затое баяўся за Сына Божага, як за чалавека. Бо не мог пагадзіцца, што будзе Ён бічаваны і цернем укаранаваны і ў канцы ўкрыжаваны. Гэтага Пётр прыняць не мог. Гэтага баяўся. І Хрыстус за гэта Пятру сурова вымавіў. Але яго не адкінуў.

Не адкінуў гэтага чалавека, які меў добрую волю і гарачае сэрца. Чалавека, які яшчэ ў Садзе Аліўным выняў меч, каб абараніць свайго Настаўніка. Езус сказаў яму толькі: «Шатан пажадаў вас, – значыць і цябе – каб прасейваць, як пшаніцу, але я прасіў за цябе (...). Ты некалі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх у веры» (пар. Лк 22, 31-32). І так, Хрыстус не адкінуў Пятра, ацаніў яго прызнанне бліз Цэзарэі Філіпавай і сілаю Духа Святога правёў яго праз Сваю ўласную муку, а таксама праз яго ўласнае адрачэнне.

Як чалавек Пётр паказаў, што ён не здольны ўсюды пайсці за Хрыстом, і асабліва на смерць. Аднак пасля змёртвыхпаўстання ён быў першым з Апосталаў, хто прыбег да гроба разам з Янам, каб упэўніцца, што там няма Цела Хрыстовага.

Пасля змёртвыхпаўстання Хрыстус таксама пацвердзіў Пятрову місію. Сказаў яму вельмі выразна: «Пасі авечкі Мае! (...) Пасі авечкі Мае!» (Ян 21, 15-16). А перад тым пытаў Пятра, ці любіць той Яго. Пётр, які адрокся ад Хрыста, не перастаў, аднак, Яго любіць, і мог адказаць: «Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 15). Але не паўтарыў ужо «Хоць бы прыйшлося мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе» (Мц 26, 35). Гэта ўжо не было справаю самога Пятра і яго звычайнай чалавечай сілы; гэта ўжо было справаю Духа Святога, абяцанага Хрыстом таму, хто меўся Яго заступіць на зямлі.

Сапраўды, у дзень Пяцідзесятніцы Пётр першы прамовіў да сабраных жыдоў і людзей, якія прыбылі з розных краін; гаварыў пра віну, якую ўчынілі тыя, што прыбілі Хрыста да Крыжа, і пацвярджаў праўду Яго змёртвыхпаўстання. Ён заклікаў таксама да навяртання і хросту. І такім чынам, дзякуючы справе Духа Святога, Хрыстус мог даверыцца Пятру, мог абаперціся на яго – на яго і на ўсіх іншых апосталаў – разам з Паўлам, які тады яшчэ пераследаваў хрысціянаў і ненавідзеў нават імя Езуса.

На гэтым фоне, а гэты фон гістарычны, усе такія выразы як «Намеснік Хрыста», «Ваша Светласць», «Святы Айцец» – мала важныя. Важна тое, што вынікае з смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста. Важна тое, што сыходзіць з моцы Духа Святога. У гэтым сэнсе Пётр і разам з ім іншыя апосталы – у першую чаргу Павел, – пасля свайго навяртання, сталі сапраўднымі сведкамі Хрыста, аж да праліцця крыві.

Значыць, у выніку, Пётр – той, хто не толькі не выракся ўжо больш Хрыста, не паўтарыў свайго злашчаснага, «што не ведае чалавека гэтага» (Мц 26, 72), але да канца вытрываў у веры. «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). Такім чынам ён стаў «скалою», хоць як чалавек быў, можа, зыбучым пяском. Скала – сам Хрыстус, і Хрыстус будуе Свой Касцёл на Пятры. На Пятры, Паўле і апосталах. Касцёл – апостальскі праз моц Хрыста.

Гэты касцёл вызнае: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога». Касцёл вызнае гэта праз вякі і стагоддзі разам з усімі, хто падзяляе яго веру. Разам з усімі, каму Айцец аб’явіў у Духу Святым Сына, гэтак як Сын у Духу Святым аб’явіў ім Айца (пар. Мц 11, 25-27).

Гэта аб’яўленне канчатковае, яго можна толькі прыняць альбо адкінуць. Яго можна прыняць, вызнаючы Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і Езуса Хрыста, Сына, Адзінасутнага Айцу, а таксама Духа Святога, Пана і Жыватворцу, – альбо можна таксама ўсё гэта адкінуць і напісаць вялікімі літарамі: «Бог не мае Сына», «Езус Хрыстус не Сын Божы, а толькі адзін з прарокаў і то нават не апошні, а ўсяго толькі чалавек». Ці трэба здзіўляцца такой пазіцыі, ведаючы, што і сам Пётр меў тут цяжкасці? Ён верыў у Сына Божага, але не мог пагадзіцца, што гэты Сын Божы, як чалавек, будзе бічаваны, цернем укрыжаваны і памрэ на крыжы.

Ці трэба здзіўляцца, што нават вызнаўцам адзінага Бога, сведкам якога быў Аўраам, цяжка прыняць веру ў Бога ўкрыжаванага? Яны лічаць, што Бог можа быць толькі магутны і дасканалы, абсалютна трансцэндэнтны і цудоўны ў Сваёй моцы, святы і неасяжны для чалавека. Бог можа быць толькі такі! Не можа Ён быць Айцом і Сынам, і Духам Святым. Не можа быць Любоўю, якая сябе дае, якая сябе дазваляе бачыць, чуць і наследаваць сябе як чалавека, якая дазваляе сябе прыніжаць, біць па твары і ўкрыжоўваць. Гэта не можа быць Бог!.. Такім чынам, у самым цэнтры вялікай монатэістычнай традыцыі прысутнічае такі глыбокі разлом.

У Касцёле, збудаваным на Скале, якою з’яўляецца Хрыстус, – Пётр, Апосталы і іх наступнікі – гэта сведкі Бога ўкрыжаванага і змёртвыхпаўсталага ў Хрысце. Такім чынам, яны – сведкі жыцця, магутнейшага за смерць. Яны – сведкі Бога, які дае жыццё, таму што Бог – гэта Любоў (пар. 1 Ян 4, 8). Яны – сведкі, бо бачылі, чулі і дакраналіся – рукамі, зрокам і слыхам Пятра, Яна і гэтулькіх іншых. Але Хрыстус сказаў Тамашу: «Шчаслівыя, якія не бачылі і паверылі» (Ян 20, 29).

І так, Вы слушна кажаце, што Папа – гэта таямніца. Слушна Вы кажаце таксама, што ён з’яўляецца знакам пратэсту, што ён – гэта выклік. Пра Самога Хрыста старац Сімяон сказаў, што будзе Ён «знакам, якому працівіцца будуць» (пар. Лк 2, 34).

Вы сцвярджаеце таксама, што ў адносінах да гэтай праўды – а значыць, у адносінах да Папы – трэба выбіраць, а выбар для многіх не такі лёгкі. Ці быў гэты выбар лёгкім для самога Пятра? Ці лёгкі ён для кожнага з ягоных наступнікаў? Хіба лёгкі ён для цяперашняга Папы? Выбар – гэта ініцыятыва чалавека. Хрыстус, аднак, гаворыць: «Бо не цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, што ў нябёсах» (Мц 16, 17). Значыць, выбар – не толькі ініцыятыва чалавека, але таксама дзеянне Бога ў чалавеку, які Сябе ў ім аб’яўляе. І дзякуючы моцы гэтага Божага дзеяння, чалавек можа паўтарыць: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16), і пасля можа прамаўляць усё Credo, якое ўнутрана спаяна глыбіннаю логікаю Аб’яўлення. Чалавек можа таксама нагадваць сабе і іншым тыя патрабаванні, якія сыходзяць з тае ж самае логікі веры і прасякнутыя тым самым святлом праўды. Ён можа ўсё гэта рабіць, хоць ведае, што стане з-за гэтага «знакам пратэсту».

Што ж такому чалавеку застаецца? Застаюцца яму толькі словы Самога Езуса, скіраваныя да апосталаў: «Калі Мяне пераследавалі, будуць пераследаваць і вас; калі Маё слова захавалі, і вашае слова захаваюць» (Ян 15, 20). Такім чынам: «Не бойцеся!» Не бойцеся таямніцы Бога, не бойцеся Яго любові, не бойцеся ні слабасці чалавека, ні таксама яго велічы! Чалавек не перастае быць вялікім нават у сваёй слабасці. Не бойцеся сведчыць аб годнасці кожнае чалавечае асобы – з хвіліны зачацця аж да смерці.

І яшчэ, калі гаварыць пра азначэнні: Папу называюць таксама намеснікам Хрыста. Гэтае азначэнне трэба разумець у цэласным кантэксце Евангелля. Перад Унебаўшэсцем Езус сказаў апосталам: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Значыць, хоць і нябачны, Ён асабіста прысутнічае ў Сваім Касцёле. Прысутнічае Ён таксама ў кожным хрысціяніне праз моц хрышчэння і іншых сакрамэнтаў. Таму ўжо Айцы Касцёла звычайна гаварылі: «Christianus alter Christus» (хрысціянін – другі Хрыстус), тым самым імкнучыся падкрэсліць годнасць ахрышчанага і яго пакліканне ў Хрысце да святасці.

Акрамя таго, Хрыстус асаблівым чынам прысутнічае ў кожным святары, які, здзяйсняючы Эўхарыстыю, альбо ўдзяляючы Сакрамэнты, чыніць гэта in persona Christi.

У гэтым кантэксце азначэнне «Намеснік Хрыста» набывае сапраўдны сэнс. Яно ўказвае не столькі на годнасць, колькі на паслугу, імкнучыся падкрэсліць задачы Папы ў Касцёле, яго Пятрову паслугу, якая мае на мэце дабро Касцёла і вернікаў. Гэта дасканала зразумеў святы Грыгоры Вялікі, які з усіх тытулаў, звязаных з функцыяй Біскупа Рыму, выдзяляў тытул Servus servorum Dei (слуга слугаў Божых). Зрэшты, не тоькі Папа бывае надзелены гэтым тытулам. Кожны біскуп – Vicarius Christi (Вікарый Хрыста) у адносінах да паверанага яму Касцёла. Папа – Вікарый Рымскага Касцёла, а праз яго – усіх касцёлаў, якія прабываюць з ім у супольнасці – у супольнасці веры і ў супольнасці інстытуцыйнай, кананічнай. Гэты тытул вызначае годнасць Біскупа Рыму, але годнасці гэтай нельга браць ізалявана. Яна вельмі цесна звязана з годнасцю ўсяго Біскупскага Калегіума, гэтаксама як і з годнасцю кожнага біскупа, кожнага святара і кожнага ахрышчанага.

А якую ж асаблівую годнасць маюць кансэкраваныя асобы, жанчыны і мужчыны, якія сваім пакліканнем выбіраюць ажыццяўленне шлюбнага вымярэння Касцёла, нявесты Хрыстовай! Хрыстус, Адкупіцель свету і чалавека – Жаніх Касцёла і ўсіх у Касцёле – «пакуль з імі Жаніх» (пар. Мц 9, 15). Асаблівае заданне Папы – вызнаваць гэтую праўду, а таксама пэўным чынам нагадваць аб ёй Касцёлу ў Рыме і ўсяму Касцёлу, чалавецтву і свету.

Такім чынам, каб у нейкай ступені развеяць Вашу асцярогу, прадыктаваную, зрэшты, глыбокаю вераю, я параіў бы Вам чытаць Святога Аўгустына. Як жа часта ён любіў паўтараць: Vobiscum episcopus, vobiscum christianum (для вас я біскуп, з вамі – хрысціянін; пар. нпр. Sermo 340, 1:PL 38, 1483)! Добра падумаўшы, наколькі ж больш значнае гэтае christianus, чым episcopus, – нават калі гаворка ідзе пра Біскупа Рыму.

 
2. МАЛІЦЦА: ЯК І ДЗЕЛЯ ЧАГО

Няхай жа будзе мне дазволена папрасіць Вашу Светласць адкрыць нам хоць бы частку таямніцы свайго сэрца. У сувязі з перакананнем, што ў Вашай асобе – гэтак як у выпадку кожнага Папы – прысутнічае таямніца, якую прымаем, дзякуючы веры, узнікае міжвольнае пытанне: як Ваша Светласць нясе такі цяжар, што, па-людску беручы, непасільны. Ніводзін чалавек на зямлі, нават найвышэйшыя прадстаўнікі паасобных рэлігій не маюць такога тыпу адказнасці: бо ніхто не ўваходзіць у такую сціслую сувязь з Богам.

Дазвольце спытаць: як ваша Светласць звяртаецца да Хрыста? Якім чынам вядзе ў малітве дыялог з тым Хрыстом, Які даручыў Пятру (каб дайшлі ажно да Вашай Светласці, дзякуючы апостальскай пераемнасці) «ключы Валадарства нябеснага», надзяляючы яго ўладаю «звязвання і развязвання»?

Пытаеце пра малітву, пытаеце ў Папы пра тое, як ён моліцца. Вельмі ўдзячны за гэтае пытанне. Можа, пачнем з таго, што Святы Павел піша ў Пасланні да Рымлянаў. Думаю, апостал трапляе in medias res, калі гаворыць: «Дух дапамагае ў слабасці нашай. Бо калі не ўмеем маліцца так, як трэба, сам Дух просіць за нас маленнямі невымоўнымі» (Рым 8, 26).

Што такое малітва? Звычайна лічыцца, што гэта – размова. У размове заўсёды ёсць «я» і «ты», у дадзеным выпадку «Ты» пішацца з вялікай літары.

Першапачатковы вопыт малітвы вучыць, што «я» тут нібыта вядучае. Пасля пераконваемся, што на справе выходзіць іначай. Вядучым з’яўляецца «Ты», у якім бярэ пачатак наша малітва. Менавіта гэтаму навучае Святы Павел у Пасланні да Рымлянаў. Для Паўла малітва – гэта адлюстраванне ўсёй створанай рэчаіснасці, у пэўным сэнсе – касмічная функцыя.

Чалавек – святар усяго стварэння, прамаўляе ад яго імя, але прамаўляе настолькі, наколькі вядзе яго Дух. Трэба было б асэнсаваць увесь гэты фрагмент Паслання да Рымлянаў, каб увайсці ў глыб таго, чым з’яўляецца малітва.

У Пасланні чытаем: «Стварэнне з надзеяй чакае з’яўлення сыноў Божых. Бо стварэнне паддалося марнасці не самахоць, але па волі таго, хто пакарыў, у надзеі, што і само яго будзе вызвалена з няволі тлену на волю і славу дзяцей Божых. Бо ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе дагэтуль у муках нараджэння. Дый не толькі яно, але і мы самі, што маем зачатак Духу, і мы ўсёю істотаю сваёю стогнем, чакаючы ўсынаўлення – адкуплення цела нашага. Бо мы вызвалены надзеяй. І тут сустракаемся з ужо цытаванымі папярэдне словамі, дзе Апостал сцвярджае: «Дух дапамагае ў слабасці нашай, бо калі не ўмеем маліцца так, як трэба, сам Дух просіць за нас маленнямі невымоўнымі» (Рым 8, 26).

Такім чынам найважнейшы ў малітве – Бог. Найважнейшы – Хрыстус, Які пастаянна вызваляе стварэнне з няволі тлену і вядзе да волі, да хвалы дзяцей Божых. Найважнейшы – Дух святы, Які «дапамагае ў слабасці нашай». Мы заўсёды пачынаем аалітву з думкаю, што гэта наша ініцыятыва. Тым часам – гэта заўсёды Божая ініцыятыва ў нас. Дакладна так, як піша Святы Павел. Гэта ініцыятыва вяртае нам нашу ўласную чалавечнасць, вяртае нам нашу асаблівую годнасць. Словам, вядзе нас да вышэйшай годнасці дзяцей Божых, якія з’яўляюцца надзеяй усяго стварэння.

Маліцца можна і трэба рознымі спосабамі, так як шчодра навучыла нас таму Біблія. Кніга Псальмаў у гэтым незаменная. Трэба маліцца «маленнем невымоўным», каб увайсці ў рытм маленняў самога Духу. Трэба прасіць аб прабачэнні, уключаючыся ў вялікі прызык Хрыста Адкупіцеля (пар. Гбр 5, 7). І ўсім гэтым трэба абвяшчаць хвалу. Малітва заўсёды – opus gloriae (твор хвалы). Чалавек – святар стварэння. Хрыстус пацвердзіў гэтую яго годнасць і гэтае пакліканне. Стварэнне спаўняе свой opus gloriae праз тое, што ёсць, чым ёсць і чым становіцца.

Навука і тэхніка таксама пэўным чынам служаць той самай мэце. Аднак жа, паколькі яны тварэнне рук чалавечых, то могуць ад гэтае мэты адводзіць. Паўстае небяспека, што цяпер узмацняецца гэта ў нашай цывілізацыі, таму гэтай цывілізацыі так цяжка быць цывілізацыяй жыцця і любові. Не хапае ў ёй менавіта гэтага opus gloriae, галоўнага прызначэння ўсіх стварэнняў, і асабліва чалавека, які быў створаны дзеля таго, каб праз Хрыста стацца для гэтых стварэнняў святаром, прарокам і каралём.

Пра малітву напісана вельмі шмат. Яшчэ больш, чым напісана, спазнана малітвы ў гісторыі роду людскога, і асабліва ў гісторыі Ізраіля, а таксама ў гісторыі хрысціянства. Паўнаты малітвы чалавек дасягае не тады, калі найбольш выказвае сябе, але тады, калі ў ёй найпаўней прысутнічае Сам Бог. Сведчыць пра тое гісторыя містычнай малітвы на Усходзе і на Захадзе: св. Францішак, св. Тэрэза з Авіля, св. Ян ад Крыжа, а на Усходзе, напрыклад, св. Серафім Сароўскі і шмат іншых.

Працяг >>>

Пераклад Крыстыня ЛЯЛЬКО


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY