|
|
№
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза
Паэзія
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы
|
(Злачынства і пакаранне ХХ стагоддзя)
Чым далей жыву і чым больш сустракаюся з маімі знаёмымі, тым больш пераконваюся, што давядзецца мне згадзіцца з жаданнем маіх знаёмых і сяброў, якія не даюць мне спакою пры сустрэчах і пераконваюць напісаць пра сваё жыццё. Прычыны гэтага жадання я разумею. Мае сябры ніяк не могуць зразумець, як мне, які правёў чвэрць стагоддзя ў няволі, удалося захаваць сябе фізічна і маральна. Мне і самому часам здаецца, што гэта быў страшны сон. Ды не – гэта сапраўднае жыццё, пацверджанае фактамі, дакументамі і маёй сённяшняй прысутнасцю сярод вас. Таму з Божай дапамогай пачынаю пісаць... Дык жа, у дарогу! Пачынаю гэтую гісторыю ад сваіх продкаў. Хто я і адкуль? Дзеда маёй мамы Ганны звалі Тамаш, ён меў трох сыноў – Лукаша, Ігната і Лаўрэна. Усе яны былі прыгоннымі, служылі ў памешчыка пана Длужнеўскага. Панскі маёнтак называўся «Чорнае» і знаходзіўся ў Андрэеўскай воласці Полацкага павета Віцебскай губерні, цяпер гэта Шумілінскі раён на Віцебшчыне. Тамаш быў разумны і ўмеў глядзець наперад. Чуў ён ад людзей, што прыгон – кепская рэч, дый на ўласным вопыце пераканаўся, што чалавек павінен быць вольным, бо на тое ён і чалавек. А тут даводзіцца гнуць спіну на пана Длужнеўскага і ўсю сваю энергію, працу аддаваць дзеля панскага багацця і дабрабыту. А пан Длужнеўскі таксама быў дальнабачны і скеміў, што прыгон – не на век. І вось Тамаш змовіўся з панам, а пан і згадзіўся адпусціць Тамаша на водруб, гэта значыць, згадзіўся прадаць яму кавалак зямлі на ўскраіне, дзе была частка балота і частка добрай зямлі – усяго 20 дзесяцін. было гэта да 1861 года, да часу вызвалення сялян у царскай Расіі ад прыгоннай залежнасці. Такія выпадкі былі вядомыя ў гісторыі рускага прыгону. Тургенеў у сваім апавяданні «Бежын луг» піша пра Хора і Каліныча. Дык вось, Хот быў на водрубе, а Каліныч – прыгонны; Хор хадзіў у ботах, а Каліныч – у лапцях. Вось і наш Тамаш зрабіўся на водрубе ўласнікам і разам са сваімі сынамі зажыў па-новаму. Найперш ён даў магчымасць сваім сынам скончыць народную школу – Андрэеўскае народнае вучылішча – адзінае на ўсю воласць, якое знаходзілася за вярсту ад іхняга водруба. А водруб займеў назву «Балбоцькі», напэўна, ад слова балбатаць, бо на балоце заўсёды чулася «балбатанне» цецярукоў ды глухароў. Да вёсачкі далучыліся яшчэ два гаспадары, мабыць, на гэткіх жа водрубных умовах. Усе тры сыны Тамаша былі надзвычай здольнымі хлопцамі. Старэйшы Лукаш на працягу шаснаццаці гадоў быў старшынёю Андрэеўскай воласці, а старшыню людзі выбіралі штогод. Малодшы Лаўрэн пасля народнай школы агульным сходам сялян быў накіраваны на вучобу ў Магілёўскую фельчарскую школу. На ўсю Андрэеўскую воласць, якая налічвала 52 вёскі, не было не толькі ніводнага доктара, але нават і фельчара. Дактары былі толькі ў Полацку ды Віцебску, а да Віцебска – 60 кіламетраў, да Полацка – 50. Таму Лаўрэн пасля пяцігадовай вучобы вярнуўся ў сваю воласць і лячыў мясцовы люд да самай сваёй смерці. Сярэдні ж сын Ігнат застаўся гаспадаром на водрубе. Вось гэты Ігнат Аглушэвіч і стаў бацькам маёй мамы. Мама мела дзвюх сясцёр – Амілю і Францішку і ажно шасцярых братоў. (...). Майго прадзеда па бацьку звалі Ніцэфарам. Нарадзіўся ён на Каўказе. У часе заваёвы Каўказа рускімі войскамі адзін рускі генерал пашкадаваў грузінскага князька, бо надта ж адважна ён супраціўляўся, і загадаў салдатам не забіваць яго, а ўзяць у палон. Салдаты выканалі загад. Так у руках рускага генерала апынуўся Ніцэфар Барадзелі. Генерал прывёз яго ці то ў Маскву, ці то ў Пецярбург і зрабіў яго ці то лакеем, ці то дзеншчыком. Генерал быў знаёмы з панамі Рэўтамі – Чорным панам і Белым панам. Іх маёнтак Таклінава знаходзіўся таксама ў Андрэеўскай воласці. Месца гэтае было на беразе Заходняй Дзвіны, насупраць мястэчка Ула Полацкага павету. Аднойчы паны Рэўты зрабілі абмен з генералам. Абмен быў такі: паны Рэўты далі генералу ці то пародзістага ганчака, ці то паляўнічую стрэльбу французскага майстра Ляфашэ, а генерал аддаў ім свайго Ніцэфара Барадзелі. Так Ніцэфар Барадзелі стаў прыгонным паноў Рэўтаў. Памешчык зрабіў яго ці то «цівуном», ці то палявым аграномам. Жанілі яго з вельмі прыгожаю дзяўчынаю Марцэляю, якая таксама была прыгоннай. Вось гэтая Марцэля і стала маткаю майго бацькі Язэпа. А Ніцэфара Барадзелі пачалі называць Нікіфарам Барадзюлям. Нядоўгім быў ягоны век у паноў Рэўтаў, у вёсцы Камачына, на беразе Заходняй Дзвіны, за кіламетр ад маёнтка Таклінава. Не мог ён прывыкнуць да прыгоннага жыцця на чужыне, і ў хуткім часе памёр, пакінуўшы Марцэлю з траіма дзецьмі: Язэпам – 9 год, Генрыкам – 7 і Зузаннай – 5 год. (...) Марцэля пасля выйшла замуж у вёску Тарасенкі за Лявона Шчарбака і забрала з сабою Зузанну, а Язэпа і Генрыка аддала дзеду Юстыну ў вёску Козікі. (...) Дзеці там выраслі і пасля вызвалення сялян ад прыгону атрымалі два зямельныя надзелы. (...) Ганна Аглушэвіч (мая мама) выйшла замуж за Язэпа Барадзюлю і пераехала з вёскі Балбоцькі ў вёску Козікі. (...) У 1889 годзе ў іх нарадзіўся першы сын Антон. Маёй маці, калі яна выйшла замуж, было 16 гадоў, вопыту яна не мела і не змагла як след дагледзець свайго першынца. Ён падышоў блізенька да грубкі, у якой палаў агонь, адчыніў дзверцы і цяга захапіла ягоную кашульку... Выратаваць яго не ўдалося. (...) Мама была ў адчаі. Суседкі падхапілі здарэнне «на языкі», маўляў, не дагледзела дзіця, загубіла хлопчыка. Другім дзіцем быў я. Нарадзіўся я 4 верасня 1893 года. Мама, напужаная трагедыяй з першынцам Антосем, прысвяціла мяне апецы Маці Божай. У першыя ж дні майго жыцця яна занесла мяне ў касцёл у мястэчка Ула і паклала перад алтаром Багародзіцы, просячы ў Яе дапамогі і аховы. (...) Вучыўся я ў народнай школе, потым – у Віцебскім гарадскім вучылішчы. (...) Працаваў перапісчыкам, сакратаром, справаводам у Віцебскім акруговым судзе і адначасна рыхтаваўся да паступлення ў духоўную семінарыю. Пасля паспяхова вытрыманых уступных экзаменаў быў прыняты ў Магілёўскую рыма-каталіцкую семінарыю, якая знаходзілася ў Пецярбурзе. Было гэта ў 1912 годзе. У семінарыі вучыўся на казённым утрыманні і закончыў яе ў ліку лепшых у 1917 годзе. Атрымаў накіраванне ў Пецярбургскую духоўную рыма-каталіцкую акадэмію, дзе прабыў да 1919 года, – да ліквідацыі гэтай установы, якая на аснове Рыжскага дагавору была пераведзена ў Люблін як багаслоўскі факультэт Люблінскага універсітэту. Я, беларус, які не меў нікога знаёмага ў Польшчы, не паехаў заканчваць духоўную адукацыю, а прыняў прызначэнне ад Магілёўскага рыма-каталіцкага мітрапаліта ў Ленінградзе Эдуарда Ропа, які прызначыў мяне вікарыем у Полацк. Там я прабыў восем месяцаў і атрымаў новае прызначэнне – пробашчам трох касцёлаў: Камена-Губінскага, Бешанковіцкага і Ушацкага. Было гэта 4 снежня 1919 года. Службу я нёс да 29 снежня 1926 года. Пасля ад’езду з Расіі біскупа Дзербінні, які афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву ў 1925 годзе для ўрэгулявання духоўных спраў Каталіцкага Касцёла ў Расіі, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Гэтая хваля захапіла і мяне. Я быў арыштаваны 29 снежня 1926 года ў Камена-Губінскім касцёле прадстаўніком Мінскага АГПУ па ордэры, які быў падпісаны начальнікам Мінскага АГПУ тав. Апанскім. Але гэта здарылася ў 1926-м... У 1919-м жа... Маё прызначэнне ў Камена-Губіна супала з вельмі цяжкім часам. Ішла вайна з Польшчай. І хоць адкрытых баёў ужо не было, але перастрэлкі і сутычкі яшчэ адбываліся. Пасёлак і наш касцёл знаходзіліся на нейтральнай тэрыторыі. Таму гэтая мясцовасць некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі – то рускім, то палякам. Пробашч Фелікс Зарэмба, які да мяне быў у гэтым касцёле, баючыся пераследу ўладаў, пайшоў з польскім атрадам у Польшчу. Касцёл некалькі разоў пераходзіў то да рускіх, то да палякаў і быў разрабаваны. Цэнтральныя дзверы былі выламаны, кнігі і касцельныя рэчы раскіданыя па падлозе. Уваход быў занесены снегам. У гэткім выглядзе 8 снежня 1919 года я і прыняў касцёл. Званы на касцельных вежах захаваліся, і мы з маім бацькам пачалі званіць у вялікі звон, абвяшчаючы, што прыехаў ксёндз. Праз гадзіну пачаў збірацца народ. Адрамантавалі дзверы, расчысцілі двор, навялі парадак. Парафіяне прынеслі схаваныя па хатах харугвы і літургічныя строі. Так што 8 снежня – вялікае свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі – я адслужыў у касцёле з мноствам народу. І пачалася праца. У акрузе лютаваў тыф. Хворых было вельмі многа, таму даводзілася шмат ездзіць па хатах. Едзеш і не ведаеш, хто цябе спаткае: атрад рускіх альбо польскі раз’езд. Быў гэткі выпадак. Прыехалі да мяне з просьбай паспавядаць двух хворых і пахрысціць траіх дзяцей на хутары Венецыя. Паехаў. На дзесятым кіламетры затрымлівае мяне паставы рускі салдат: «Стой! Куды едзеш?» Гаспадар кажа, што вязе да хворага мясцовага ксяндза. Начальнік раз’езда даў мне пропуск. Ад’ехалі два кіламетры і на дарогу з-за кустоў выскачыў польскі салдат. Тая ж карціна. «Стой! Куды едзеш?» Гаспадар кажа тое ж самае. Польскі афіцэр даў пропуск. Нарэшце трапляю на хутар: спавядаю, хрышчу дзяцей. А за гэты час абстаноўка зноў змянілася. Польскі атрад адыходзіць са сваіх пазіцый у глыб лесу. Адступае ён цераз хутар Венецыя, і таму мы зноў спаткаліся з польскім афіцэрам. Ён мне параіў: «Едзьце з намі, бо рускія не дадуць вам спакою – час ваенны». «Не, – кажу, – я павінен вярнуцца назад. У мяне парафія, а я – пробашч». Вяртаюся. Затрымліваюць рускія. Робяць вобыск, мне аб’яўляюць, што я шпіён і што я сустракаўся з польскім атрадам. Пашанцавала толькі, што начальнікам атрада быў католік-мадзяр. Ён праверыў мае рэчы (св. алей, малітоўнік, метрыкі ахрышчаных дзяцей), дапытаў пра мяне мясцовых сялян. Тыя пацвердзілі, што я ксёндз. Начальнік адпусціў мяне, а на развітанне сказаў: «Шчаслівы вы чалавек. У ваеннай абстаноўцы за падазрэнне ў шпіянажы – ваенны трыбунал, расстрэл». У гэткіх вось абставінах мне давялося абслугоўваць тры парафіі – Камена-Губінскую, Бешанковіцкую, Ушацкую, а таксама часткова Лепельскую і Ульскую. У 1920 годзе я заразіўся тыфам, які зваліў мяне з ног у Бешанковічах, што і выратавала мяне, бо там стаяў полк рускіх і быў доктар Эрдман. Праўда, лякарстваў амаль не было, але доктар падмацоўваў мяне камфарай. Праляжаў я там сем тыдняў, крызісную тэмпературу меў 41,5. Вытрываў. Застаўся жыць. Але вельмі аслаб. Не мог нават прайсці праз пакой, у якім ляжаў. (...) Падрыхтоўка да майго арышта ішла доўга. Мяне акружылі сакрэтнымі супрацоўнікамі. Напачатку імкнуліся справакаваць. На польска-савецкай мяжы быў затрыманы нейкі Няміра, які прызнаўся, што ішоў у Камена-Губіна да пробашча Зарэмбы. Ён не ведаў, што ксёндз Зарэмба пайшоў з палякамі ў Польшчу, па дарозе захварэў на тыф і памёр. Няміра быў арыштаваны і адасланы ў Мінскае АГПУ, які паслаў да мяне свайго супрацоўніка Кандрашова пад прозвішчам Няміры. Ён з’явіўся да мяне ў кароткіх штанах, жоўтых гетрах з фотаздымкам нейкага Зінкевіча і па-польску, вельмі асцярожна сказаў мне, што ён з Польшчы і мае да мяне сакрэтную справу. Я адразу зразумеў, што гэта правакатар, таму што з палякамі ў мяне ніякіх сувязяў і знаёмстваў не было. Я сказаў Няміру-Кандрашову па-руску, што не маю ніякіх сакрэтаў з палякамі, а калі, маўляў, маеш да мяне справу, то, калі ласка: хрышчу, вянчаю, спавядаю, вучу народ, як быць шчаслівым не толькі на зямлі, але і ў небе. Вось мая праца. Госць знік. На другі ж дзень я паведаміў у Мінскі АГПУ, каб мне больш гэткіх «сяброў» не прысылалі. Гэты Кандрашоў за няўмелую работу атрымаў пяць гадоў «Соловецкого лагеря особого назначения» (СЛОН). У 1928 годзе мы з ім там і спаткаліся. Ён быў там ахоўнікам, пры сустрэчы злосна сказаў: «Мяне пасадзіў і сам сеў». Гэткім чынам мой арышт цераз Няміру-Кандрашова быў сарваны і Мінскі АГПУ быў настроены супраць мяне вельмі варожа. Назіраць за мной даручылі мясцоваму камсамольскаму сакратару Івану Галаю і вартаўніцы польскай школы Марыі Калуцкай, якая пасля гэтага адразу зрабілася надзвычай «пабожнай». Яна пачала поўзаць ад цэнтральнага ўваходу да галоўнага алтара на каленях. Я адразу здагадаўся, што тут да чаго, але рабіў выгляд, што нічога не разумею. (...) За пару гадоў матэрыял быў сабраны. Пракурор даў санкцыю на арышт. Мінскі АГПУ прад’явіў мне абвінавачванне па 119 і 121 артыкулах Крымінальнага (старога) кодэкса СССР. Адзін – «Преподавание вероучения малолетним», другі – «Использование религиозных предрассудков с целью свержения власти». У новых грамадзянскіх і крымінальных кодэксах гэткіх артыкулаў не захавалася. Увечары 29 снежня 1926 года з Лепеля па мяне прыехалі дзве павозкі, запрэжаныя парамі коней. На іх сядзелі два прадстаўнікі Мінскага АГПУ і чатыры салдаты-ахоўнікі. Пасля вобыску мяне павезлі ў Лепель, затым – праз Оршу – у Мінск. 1 студзеня 1927 года я быў першым арыштаваным, прывезеным у Мінскі АГПУ, з чым мяне і «павіншаваў» супрацоўнік гэтай установы. Мяне пасадзілі ў адзіночку – у падзямелле без вокнаў. У камеры сядзеў зняволены за шпіянаж на карысць Латвіі. Асуджаны ён быў на расстрэл і цяпер чакаў памілавання з Масквы. Камера была на тры крокі ўшыркі і на пяць удоўж. Асуджаны на расстрэл ляжаў на дашчаным тапчане. На сцяне над ім была намалявана труна і надпіс «Тут ляжыць...» Я ўладкаваўся насупраць. Гэтак было загадана следчым, напэўна, дзеля таго, каб запужаць мяне: глядзі, маўляў, што цябе чакае. Але на мяне гэтая камедыя не падзейнічала: я быў зусім спакойны. Пасля двухтыднёвага сядзення ў адзіночцы мяне выклікалі да следчага – нямецкага камуніста. Ён быў палітычным эмігрантам, меў палітычны прыстанак у Расіі (В. Пік). На першым жа допыце ён пераканаўся, што супраць мяне няма абвінаваўчага матэрыялу, ёсць толькі сакрэтныя даносы сакрэтных інфарматараў – і ён адмовіўся весці следства. Тады быў прызначаны другі следчы. Ягоная тактыка была пабудаваная на тым, што хоць і не хапае абвінаваўчага матэрыялу, але справу трэба зрабіць. І ён надумаўся знайсці сведку. Арыштаваў майго арганіста Ігната Шчарбака, які жыў у мяне пры касцёле ў Камена-Губіне і выконваў абавязкі закрыстыяна і арганіста. Яго прывезлі ў Мінск і сказалі, што ксёндз сам сеў і яго пацягне. Гэткім чынам следчы разлічваў займець добрага сведку супраць мяне. Ягоныя надзеі спраўдзіліся. Ігнат паверыў следчаму, а той яшчэ дадаў: «Згніеш у Сібіры разам з ксяндзом». Потым, калі я на нейкі час вярнуўся дахаты пасля зняволення, Шчарбак напісаў мне ліст:
«Паважаны Іосіф Іосіфавіч! Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што Вы вярнуліся з Сібіру. Узгадваючы мінулае, мне вельмі страшна, што пакрыўдзіў Вас у 1927 годзе, калі мяне запатрабавалі ў Мінск па Вашай справе. Следчы мяне спачатку запужаў, што я згнію ў турме з-за Вас. Быццам гэта Вы ўцягваеце мяне ў гэтую справу. І я сказаў яму, што Вы вучылі дзяцей Божаму Закону. А я ж ведаў, што дзяцей вучылі бацькі, а Вы толькі экзаменавалі. А яшчэ я сказаў, што да Вас прыходзілі па справах розныя людзі. Следчы запытаў: «Можа, і шпіёны таксама прыходзілі?» Я адказаў, што, можа, і шпіёны таксама прыходзілі.
Цяпер, калі набліжаецца смерць, мяне вельмі мучае сумленне, што я, як той Юда, прадаў Вас. Прашу прабачыць мне і прызначыць якое заўгодна пакаранне. Я зрабіў усё толькі з-за страху, што і мяне таксама пагоняць у Сібір».
20 лютага 1947 года
в. Тарасёнкі, І. Шчарбак. Навошта следчы ўчыніў гэткі бесчалавечны здзек, я не мог зразумець. Майму суседу па камеры прыйшла адмова ў памілаванні. Можа, мяне зблыталі з ім? Альбо следчы свядома гэтак уздзейнічаў на маю псіхіку, думаючы, што, спужаўшыся, я падпішу абвінавачванне і прызнаю сваю віну? Я пачаў капаць магілу, але недзе праз паўгадзіны прыехаў чэкіст на матацыкле і загадаў: «Адставіць!» І загадаў вярнуць мяне ў турму. Разам з рыдлёўкай мяне прывезлі назад, але пасадзілі ўжо ў новую камеру, дзе было сем чалавек. Усе ляжалі на падлозе – ні палкоў, ні тапчаноў там не было. Праз некалькі дзён мяне зноў выклікалі ўначы з камеры і пад аховай двух часавых з вінтоўкамі і камісара з наганам павялі на трэці паверх. Так я апынуўся ў кабінеце начальніка Мінскага АГПУ Апанскага. Прыняў ён мяне вельмі ветліва, падаў руку, павітаўся, пасадзіў насупраць у фатэль. Прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся і насцярожыўся: што гэта можа значыць – нядаўна загадвалі «капаць магілу», а цяпер прапаноўваюць цыгарэты. Аказалася, гэта была чарговая псіхалагічная хітрасць. Апанскі кажа: «Мы ведаем, што вы наш чалавек, паходзіце з беднай беларускай сям’і, дзед ваш быў прыгонным». Я пацвердзіў. «Дык памажыце нам, – кажа далей. – Вакол нас ворагі. Польская мяжа ад Мінска – за 45 кіламетраў, кожную ноч ловім польскіх шпіёнаў. Вы будзеце ксяндзом у Мінску, можа, нават біскупам. Дадзім вам машыну, забяспечым матэрыяльна...» «Гэта значыць, што вы хочаце мяне зрабіць сваім сакрэтным супрацоўнікам» – пытаюся. – Але я на гэта не пайду!» «Не пойдзеце, – адказвае Апанскі, – паедзеце на Салаўкі». На гэтым ягоная прыветнасць і сардэчнасць скончыліся, і ён выгукнуў: «Узяць яго!» Мяне зноў вярнулі ў камеру. Прайшло некалькі дзён, і ў красавіку мне абвясцілі, што «особое Совещание Москвы ОГПУ от 4 марта 1927 года постановило заключить гр. Бородюлю в Соловецкий лагерь особого назначения сроком на три года». Мяне пераводзяць на перасылку, дазваляюць напісаць дамоў, загадваюць рыхтавацца да этапу. Я напісаў ліст дамоў. Праз тыдзень да мяне прыехаў мой бацька, прывёз патрэбныя рэчы. Хутка выклікалі на этап. Этап быў вельмі цяжкі, таму што нас, палітычных, утрымлівалі разам з крымінальнікамі і бандытамі, дзе паўсюль верхаводзіла шпана. Першы этап быў «Мінск-Орша». У сталыпінскім вагоне з жалезнымі кратамі нас было 60 чалавек. Палову вагона займала ахова, палову – зняволеныя этапнікі. Да таго ж, у асобных памяшканнях-клетках на чатыры паверхі змяшчалася па сем чалавек. Я трапіў на чацвёрты паверх у клетку, дзе стаць было немагчыма, можна было толькі сядзець альбо ляжаць. Заміж дзвярэй у гэтай клетцы была адтуліна, праз якую можна было ўлезці ракам, трымаючыся за краты. Гэтак даехалі да Оршы. На вакзале нас выгрузілі і пад узмоцненай аховай пагналі пешкі ў перасыльную турму. У турме свае парадкі: лазня, дэзінфекцыя, пераход у перасыльную камеру. Камера чыстая, паветра свежае, светла. Тут мы прабылі каля тыдня. Пасля нас выклікалі на новы этап: «Орша-Віцебск». Парадак гэткі ж, толькі ў Віцебскай турме было столькі зняволеных, што месцаў на нарах зусім не было. Усе нашы этапнікі спалі на падлозе. Мне ўдалося за пяць рублёў купіць у старшыні камеры месца на нарах на ноч. Але ляжаць было вельмі цесна: каб павярнуцца на другі бок, трэба было прасіць суседзяў таксама павярнуцца. У Віцебскай турме давялося прабыць тыдні тры. У гэты час прыбыў да нас з новым этапам мой дзекан ксёндз Павел Карповіч. Усе мае парафіі, якія я абслугоўваў, належалі да Лепельскага дэканату, а ён быў дзеканам у Лепелі з 1905 года. Як свайму блізкаму чалавеку, я саступіў яму сваё купленае месца, а сам палез пад нары, на падлогу. Потым дзекана Паўла Карповіча выслалі этапам «Віцебск-Масква» ў ссылку на Поўнач. А мяне наступным этапам «Віцебск-Ленінград» накіравалі ў Салавецкі лагер. На вакзале ў Віцебску, калі нас грузілі ў сталыпінскі катаржны вагон, мяне прыйшоў праводзіць мой бацька. Было яму тады 60 гадоў. Я папрасіў дазволу ў начальніка канвою спаткацца з бацькам. Начальнік даў салдата з вінтоўкай, і я спаткаўся з бацькам... Ён не плакаў, не паказваў сваіх пакутаў і трымаўся бадзёра. Я таксама трымаўся бадзёра. На развітанне бацька сказаў мне: «Там, куды цябе вязуць, сонца свеціць?» Адказваю: «Свеціць». – «А вада таксама ёсць?» Адказваю: «Ёсць!» – «Значыць, сонца свеціць, вада ёсць, а пайку хлеба, ведаю, даюць і катаржнікам. Але ты не катаржнік... Я ведаю: ты не вінаваты... Значыць, жыць можна!» А мама з дзвюма цёткамі, якія таксама мяне праводзілі, вельмі горка плакалі. Гэтыя ж бацькоўскія словы сталі для мяне праграмай і яркай пуцяводнай зоркай легендарнага жыцця. У самыя цяжкія і крытычныя моманты я казаў сам сабе: «Сонца свеціць? Свеціць! Вада ёсць? Ёсць! Пайку далі? Далі... Жыві!» І выжыў. Наступны этап «Віцебск-Ленінград» (...) У Ленінградзе пад узмоцненым канвоем праводзілі нас у 2-ю перасыльную турму. Над яе варотамі напісана: «Не плач пры ўваходзе, не радуйся, выходзячы». Не ведаю, ці захаваліся там яшчэ гэтыя словы. Там пратрымалі нас недзе каля тыдня і далей накіравалі этапам «Ленінград-Кем». У Кемі нас хутка, проста на чыгунцы, перасадзілі ў нармальныя вагоны і выправілі ў апошні этап – да Папова Вострава. На Паповым Востравы перасыльны пункт Салавецкага лагера (СЛОН) – «Соловецкий лагень особого назначения». Тут, на перасыльным пункце, мяне сустрэў ксёндз Юзаф Белагалоў, які раней прыбыў сюды. Ён добра ведаў мяне па Духоўнай Акадэміі ў Ленінградзе, дзе ў 1917-1919 гг. ён быў прафесарам кананічнага права, а я – студэнтам. На гэтым перасыльным пункце два першыя тыдні рэжым быў вельмі суровы. У бараку, куды нас памясцілі, кішэла жудаснае мноства блашчыцаў: сутана, павешаная на ноч на сцяну, раніцай была не чорная – жоўтая. Выйсці з барака нават у прыбіралью без канвою не дазвалялася. Харчаваліся толькі варам і пайкаю хлеба. Як пасля высветлілася, гэта рабілася дзеля запалохвання бедных нявольнікаў. Пасля такога суровага двухтыднёвага рэжыму – перамена. Канвою не стала. Зона была абнесена калючым дротам, вышкамі з аховаю, узброеная вінтоўкамі, побач былі сабакі. Але затое ў зоне можна было вольна хадзіць. Ксёндз-прафесар Белагалоў зараз жа прыйшоў да мяне ў барак, прынёс чайнік з варам, какаву, цукар і супакоіў мяне, што гэткія два тыдні, як каранцін, праходзяць усе новенькія. І сапраўды, у хуткім часе мяне ўжо з новым этапам накіравалі на працу ў лес на Кемі-Ухцінскі тракт (КУТ). 17 кіламетраў да сяла Падужэм’е мы ішлі па дарозе калонай па 4 чалавекі ў радзе, канваіры – па баках. Ад Падужэм’я пачаўся непраходны лес, у якім не было ніякай дарогі, адна сцежка, па якой можна было ісці толькі аднаму чалавеку. Тут нашу калону перафарміравалі: сем чалавек, канваір, сем чалавек, канваір... Ішлі мы чацвёра сутак, адпачывалі ўначы пры вогнішчы. Хлеб і сухую рыбу канваіры везлі на конях у мяхах. Так прыйшлі на пункт «Юма», што па-фінску азначае «сляза». Быў май, сонца прыгравала, таму перанеслі мы гэты пераход даволі лёгка. Нас прыняў Л. С. Барысаў, таксама зняволены – з трохгадовым стажам. Размеркаваў нас па катэгорыях (...) Мяне ён узяў у канцылярыя рахункаводам тэхнічнай часткі. Так пачалося лагернае жыццё. (...) У 1928 годзе вызвалілася пасада паштовага экспедытара. Ранейшы экспедытар ужо адбыў свой трохгадовы тэрмін і быў высланы ў ссылку. Новая работа была такая: кожныя дзесяць дзён я збіраў ад зняволеных лісты з усіх пунктаў (тут яны называліся «камандзіроўкамі») і давозіў іх у горад Кем на пошту. Там жа атрымліваў пошту і павінен быў раздаць таксама на ўсе камандзіроўкі. (...) У гэты час я жыў на пустой камандзіроўцы Авін-парог з праваслаўным святаром Паповым з Курска. Ён таксама меў трохгадовы тэрмін зняволення і быў вартаўніком гэтай камандзіроўкі. На гэтай працы скончыўся тэрмін майго трохгадовага зняволення, і я чакаў адказу з Масквы: якое рашэнне адносна мяне прыме «особое совещание Москвы»? Масква вырашыла саслаць мяне ў Архангельск на тры гады, да таго ж, на высылку мяне павінны былі даставіць з канвоем. Тут запратэставаў мой начальнік Леанід Сяргеевіч Барысаў: у лагеры я карыстаўся безканвойным перамяшчэннем і нават атрымліваў вялікія сумы грошай. Ён напісаў рапарт на імя начальніка Салавецкіх лагераў Марцынэлі. Дазвол далі, і ў маі 1930 года я прыехаў у Архангельск. Тут я спаткаў зняволеных ксяндзоў Антонія Жукоўскага – дзекана з Іркуцка, Мікалая Міхасёнка – пробашча з Навасібірска і айца Фёдарава – экзарха грэка-каталікоў з Ленінграда. Жылі мы ў вартаўніцы недалёка ад касцёла. Касцёл тады яшчэ існаваў як будынак, але быў заняты пад жаночае аддзяленне венералагічнага дыспансэра. У Архангельску было шмат ссыльных католікаў, і мы іх абслугоўвалі: хрысцілі, спавядалі, вянчалі... Калі пра гэта даведаліся ў ГПУ, то нас пагналі далей на Поўнач. Я і Жукоўскі былі накіраваны праз Сыктыўкар у сяло Усцькулум. А Фёдарава і Міхасёнка адправілі яшчэ кудысьці. У гэтай дарозе нас суправаджаў тайны ахоўнік. (...) Ксяндза Жукоўскага пакінулі ў Сыктыўкары, а мяне пагналі далей. У сяле Данское я сустрэў ссыльнага ксяндза з Волагды Яна Ворслава, ён у 1933 годзе быў абмяняны на камуніста, які сядзеў у Латвіі. У сяле Дон было вельмі шмат ссыльных. Амаль у кожным доме – па 2-3 чалавекі, а сяло тое мела 300 дамоў. На кожнага ссыльнага камендатура выдавала са склада 8 кг жытняй мукі і больш нічога. Так што шмат людзей памерла ад голаду (пелагры). У гэтым сяле я прабыў да канца тэрміну. Летам 1933 года атрымаў дакументы аб вызваленні. Выехаў у Віцебск. Ад ксяндза Пятра Аўгла ў Магілёве, які быў тады заміж біскпа адміністратарам Магілёўскай дыяцэзіі, я атрымаў прызначэнне ў Віцебск – пробашчам касцёлаў св. Антонія і св. Барбары. Але ў Віцебску я праслужыў усяго два тыдні. У кастрычніку, ружанцовым месяцы, Віцебскі АГПУ не дазволіў мне працаваць пробашчам і імкнуўся ўсяляк прымусіць мяне працаваць на іх. Я не згадзіўся. І напрыканцы 1933 года мяне зноў выслалі ў Архангельск – у новую ссылку. Там я прабыў да 1935 года. У маі мяне зноў арыштавалі, і «Особое совещание Москвы» завочна асудзіла мяне на тры гады сібірскіх-марыінскіх лагероў. У марыінскай турме я прабыў да мая 1936 года, працаваў фельчарам пры турэмнай амбулаторыі. У маі 1936 года мяне выправілі адбываць тэрмін у Нарыльск – за Палярны круг. Плылі па Енісеі да ліпеня 1936 года. Апошняя гавань – Дудзінка. А ад Дудзінкі этапам ішоў пешкі 112 кіламетраў. Надвор’е было сырое, дарога балоцістая. У Нарыльск прыйшоў я ў канцы ліпеня. (...) Да верасня 1937 года працаваў старэйшым медыцынскім статыстам. У гэтым годзе мяне зноў арыштавалі і выслалі ў штрафную камандзіроўку Каларгон, дзе ўсю восень і зіму 1937-1938 гг. я працаваў у пральні. У маі мяне вызвалілі і прымусілі працаваць па вольнаму найму загадчыкам па гаспадарцы ў санбаклабараторыі. Гаспадарка невялікая – 2 баракі, шмат мышэй. Тут я прапрацаваў да 1939 года, а затым мяне зноў арыштавалі і выязная сесія Таймырскага акруговага суда пад старшынствам суддзі Янава асудзіла мяне. Гэта быў не суд, а трагіпалітычны фарс. Масква дала ўказанне абавязкова зрабіць справу. Зрабілі. І асудзілі мяне на сем гадоў лагероў і пяць гадоў ссылкі. А справа гэтая пачала стварацца яшчэ ў 1936 годзе, калі скончыўся мой першы тэрмін. Я знаходзіўся тады пад «запытамі» і чакаў вырашэння свайго лёсу 6 месяцаў. Тады і напісаў я ліст да Кацярыны Паўлаўны Пешкавай (першай жонкі Максіма Горкага). У той час яна была Старшынёй Польскага Чырвонага Крыжа. Яна ведала мяне асабіста і падтрымлівала мяне маральна і матэрыяльна. Адказу ад яе я не атрымаў, але, як бачна, за мной пачалі сачыць у лагеры. У гэты цяжкі і крытычны для мяне час ноччу да мяне з’явіўся Хрыстус...
(...) Я стаю на каленях у глыбокай малітве са слязьмі на вачах перад замкнёнымі дзвярыма. Дзверы – з дзвюх палавін. У тым месцы, дзе паловы сыходзяцца, ад верху да нізу ідзе срэбная паласа, папярок дзвярэй таксама гэткая ж паласа. І такім чынам атрымаўся на дзвярах вялікі срэбны крыж. Праз усю срэбную паласу – дзве лічбы: 84 і 58. А над дзвярыма ў акруглай раме вісіць абраз Пана Езуса. Я маліўся перад гэтым абразом. Колькі – не памятаю.
У часе малітвы Хрыстус Пан нахіліўся нада мною, узяўшыся рукамі за раму. У такой схіленай паставе Ён выразна прамовіў нада мною (а я ўвесь гэты час кленчыў) два разы:
«Злітуюся над табой! Злітуюся над табой!»
Я абудзіўся. Адчуў, што моцна плакаў. Задумаўся, што гэта магло ўсё значыць? І... зноў убачыў працяг візіі.
Дзверы адчыніліся. Крыжа не стала. Ён знік, а абраз Пана Езуса гэткі самы вісіць над дзвярыма. А за дзвярыма – маленькі белы пакой, у тым пакоі пры сцяне стаіць маленькі алтарык, падрыхтаваны, як для справавання Святой Імшы. І я сам сябе ўбачыў пры тым алтары, нібы я адпраўляю Імшу Святую...
Да раніцы больш я не змог заснуць. У хуткім часе пасля тае візіі мяне арыштавалі і пасадзілі на чатыры месяцы ў турму. Увесь гэты час я думаў, што маглі азначаць тыя лічбы: 84 і 58 на срэбным крыжы. Бо крыж – гэта пакуты. Але лічбы? І толькі 26 лістапада 1939 года, калі мяне судзілі, сталі зразумелыя для мяне тыя лічбы. Асудзілі мяне на сем гадоў турмы (84 месяцы), артыкул – 58. Падмацаваны візіяй і цудоўнымі словамі Езуса Хрыста, я прыняў гэты крыж з надзеяй, што вытрымаю яго. Шмат чаго цяжкага перажыў я ў турмах ды абозах. (...) А ў 1958 годзе я напаткаў гэты абраз Пана Езуса Хрыста ў акруглай раме: такі самы, як я бачыў у начной візіі ў кастрычніку 1938 года ў Нарыльску. Гэты абраз і цяпер са мной, у капліцы. У Рызе... А той суд праходзіў так. За мною, як пасля высветлілася, сачылі тры сакрэтныя супрацоўнікі (таксама зняволеныя): Кошма, Качаткоў і Казакоў. Яны падавалі звесткі пра ўсе размовы, што вялі са мной. Яны ж былі і на судзе ў якасці сведак па абвінавачванні. А маіх сведак следчы Папоў на суд не дапусціў. На судзе сведка Кошма сказаў, быццам я яму казаў, што калі скончу тэрмін, то пасля зноў буду ксяндзом. Другі сведка Качаткоў сказаў, быццам я казаў, што за мяжой ксяндзам жывецца лепш: мы ў турме, а яны – на волі. Казакоў сведчыў пра мае кепскія адносіны да калгасаў. Суд праходзіў пры зачыненых дзвярах. Пасля апытання сведак далі мне слова. Я сказаў, што калі я і казаў, што буду зноў ксяндзом, то злачынству такому – грош цана. Другому сведчанню таксама цана не большая, трэцяму – зноў жа. А ў выніку: нуль + нуль + нуль. І атрымліваецца страшна вялікае злачынства, за якое мне ліха ведае што пагражае. На гэтыя мае словы суддзя падняўся і прамовіў: «Што я зраблю, – такое распараджэнне Масквы». Суд пайшоў раіцца. Я чакаю. Засядацелем на судзе быў Мароз, стары жыхар Нарыльска, другі засядацель – маладая жанчына, таксама з Нарыльска. Суд вяртаецца. Зачыталі тэрмін: сем гадоў паўночных лагераў, потым – пяць гадоў ссылкі ў Сібір. Пазней засядацель Мароз казаў мне, што Масква прызначыла мне 10 гадоў лагераў і пяць гадоў ссылкі ў Сібір, але засядацелі запратэставалі, і суддзя згадзіўс на сем гадоў. Жартаваў, што за мае тры нулі мне скінулі тры гады. Так я апынуўся зноў у лагеры – зняволены з вялікім тэрмінам. Спачатку працаваў на агульных работах, потым – фельчарам на перавязках у хірургічным аддзяленні і, нарэшце, загадчыкам фізічна-тэрапеўтычным кабінетам. У маім распараджэнні было дзве кварцавыя лямпы і яшчэ розныя прэпараты для лячэння. На гэтай працы я прабыў да пачатку вайны. Перад вайгою ў Нарыльскім лагеры была праведзена суровая медыцынская камісія. Яна адабрала слабых, старых, інвалідаў для адпраўкі на Вялікую зямлю. Я як інвалід трэцяй групы трапіў у гэтую партыю і быў адасланы ў маі 1941 года ў Канск, а з Канска – у пасёлак Тугач Краснаярскага краю. У жніўні 1941 года я прыбыў у гэты лагер. Спачатку працаваў на агульнай працы, а потым зноў фельчарам – да мая 1945 года. Але вызваленне тады яшчэ не прыйшло. На падставе дырэктывы 185 аб ваенным часе мяне пакінулі ў лагеры па вольным найме фельчарам. Начальнікам бальніцы быў Генрых Іосіфавіч Навотны – па нацыянальнасці чэх, па веравызнанні – католік. Атрымаў 10 год толькі за тое, што добра ведаў нямецкую мову. Зразумела, што западозрылі ў магчымай дапамозе немцам. (...) Быў такі выпадак са мною ў гэтым лагеры. Звярнуўся да мяне камендант Тугачынскага лагера, крымінальнік Мікалаеў і папрасіў, каб я даў яму 300 грамаў спірту. Я, вядома, не выдаў спірту гэтаму бандыту. І ён адпомсціў мне даносам, што я ў бальніцы спавядаю хворых. Мяне знялі на агульныя работы. Гэты ж самы камендант першым унёс мяне ў спіскі. Але на шчасце прыехала ў лагер начальства. Аднаго з іх, Баброўнікава, я добра ведаў. Звярнуўся да яго з просьбаю разабрацца. Праверылі. Выйшла, што ва ўсёй бальніцы не было ніводнага католіка і нават праваслаўнага, а толькі магаметане, будысты, яўрэі. Даносчыка пакаралі цяжкімі работамі, я застаўся на сваёй працы – да мая 1945 года. А 15 жніўня 1946 года я атрымаў паперы аб вызваленні. У Віцебску ўжо касцёлаў не было. Я паехаў у Рыгу. Арцыбіскуп, мітрапаліт Антоні Спрыговіч даў мне для пачатку жыцця тысячу рублёў і прызначыў вікарыем у Даўгаўпілс. У 1947 годзе я атрымаў новае прызначэнне – пробашчам касцёла ў Пасіене Лудзенскага дэканату. Тут праслужыў да 7 лістапада 1949 года... І мяне зноў арыштавалі. На гэты раз «Особое совещание Москвы» завочна асудзіла мяне на вечную ссылку ў Паўночна-усходнюю Сібір. У ссылку мяне адправілі пад канвоем, этапамі: «Рыга-Масква», «Масква-Свярдлоўск», «Свярдлоўск-Навасібірск», «Навасібірск-Краснаярск», «Краснаярск-Канск». З Канску ўжо без канвоя накіравалі ў сяло Абан. У Абане наш этап прыняў начальнік Абанскага ГПУ і абвясціў, што накіроўвае ўсіх у лес, на падсечку соснаў. 100 кіламетраў нас павязуць на грузавіках, а 50 пойдзем пешкі па сцежцы. Там пабудуем сабе баракі і будзем працаваць. Такое жыццё мяне не магло ўзрадаваць. Сядзеў я ў задуме на прызьбе ляснічага, дзе часова спыніўся, і думкі мае былі надта невясёлыя. Маліўся. Перспектыва стаць катаржным рабочым навеяла на мяне сумныя думкі. У гэты час нейкі дзядуля, падобны з выгляду да св. Язэпа, неўпрыкмет падышоў да мяне, паклаў руку на плячо і запытаў: «Пра што задумаўся, старына?» Я адказваю: «Будзеш тут думаць. Прыехаў на вечную ссылку, накіроўваюць на лясныя работы, 50 кіламетраў пешкі прайсці – ці не замнога для майго здароўя?» Дзядуля ўздыхнуў: «Бачыў я ўчора, як вас везлі сюды на машынах. А я прыйшоў сюды пешкі, ды яшчэ ў кандалах... Ідзі ты, чалавеча, у бальніцу: на гары вунь стаіць, за возерам... Там ёсць ссыльны доктар з Рыгі. Паможа табе». І дзядула адышоў ад мяне. Быў я такі разнерваваны, што напачатку нават не звярнуў увагі, як жа магло быць, каб той дзядуля прыйшоў пешкі ў Сібір ды яшчэ ў кандалах. Калі ж гэта ён ішоў? Кандалоў пры Савецкай уладзе ўжо не было. Дый чыгункай карысталіся... Адкуль жа гэты дзядуля з’явіўся да мяне? Паспрабаваў дагнаць – і не дагнаў. На працягу пяці гадоў той ссылкі я так і не спакаў яго. Хто ён? Адкуль? Да гэтага часу не ведаю. Ужо і не ўведаю, але парады тады ягонай я паслухаўся. Пайшоў у бальніцу, там мне выпісалі даведку, што па стане здароўя я не магу працаваць на цяжкіх работах. На наступны дзень упаўнаважаны ГПУ чырвоным алоўкам выкрасліў маё прозвішча са спісу. Адно што ў Абане не пакінуў, бо было зашмат ссыльных, а накіраваў у сяло Камарай за 17 кіламетраў ад Абана. Толькі трэба было раз на два тыдні прыходзіць у Абан адзначацца. Тут, у Камараі, я жыў даволі спакойна, кожны дзень у сваім пакоі адпраўляў Святую Імшу. У сяле было 100 двароў. Гэта былі сяляне беларусы, якія выязджалі на пасяленне ў Сібір у пошуках лепшай долі. Жыў я ў былой маленькай лазенцы. Мой гаспадар працаваў сакратаром сельсавету, быў малапісьменны, і таму мая дапамога яму вельмі спатрэбілася. Апрача таго, многім я дапамагаў яшчэ і як фельчар. Калі ГПУ заўважыла, што я маю значны ўплыў на мясцовы люд, мяне перавялі ў раён, г. зн. у Абан. Начальнік ГПУ так і сказаў: «Тут вы будзеце ў нас пад рукой». А мне і тут было не горш: пошта на месцы, аптэка, бальніца. Тут, у Абане, мяне і заспела смерць Сталіна. Тут пачалося прадвесце майго вызвалення. Тут жа я спаткаў ссыльных ксяндзоў: Яна Жука, якога перакінулі сюды з Усцьпорта на Енісеі, Казіміра Габрылайціса з Літвы і Сцяпана Яварскага – уніяцкага святара са Львова. Так што, жыць стала весялей, у сэрцы з’явілася надзея, што ссылка мая – не вечная, а некалі ёй абавязкова прыйдзе канец. Так і выйшла. У маі 1954 года я атрымаў паведамленне з Масквы ад генеральнага пракурора Рудэнкі, што мяне вызваляюць пасля афармлення неабходных дакументаў. Такім чынам, у кастрычніку 1954 года я паехаў з ссылкі. Адразу ж атрымаў прызначэнне ад арцыбіскупа мітрапаліта Антонія Спрынговіча пробашчам у Педрую Браслаўскага дэканату. Касцёл старажытны, заснаваны яшчэ Львом Сапегам у 1632 годзе. Але ён патрабаваў тэрміновага рамонту. За два гады мы з парафіянамі яго зрабілі. У 1956 годзе я атрымаў ліст ад новага біскупа Пятра Стродта, што 13 чэрвеня ён прыедзе да мяне на візітацыю. Было гэта якраз свята св. Антонія – апекуна касцёла. Візітацыя прайшла вельмі прыгожа. Было шмат вернікаў, 14 ксяндзоў, 4 клерыкі. У часе візітацыі да споведзі прыступілі пяць тысяч чалавек, да бежмавання – тры тысячы. Шмат было мясцовых людзей, але шмат прыехала і паромам праз Дзвіну. Сабралі шмат грошай, якія былі перададзены на ўтрыманне семінарыі і курыі. За гэтае свята мне давялося паплаціцца сваёй службай. Браслаўскае раённае ГПУ зрабіла ўсё, каб адабраць у мяне рэгістрацыйныя дакументы. Яны гэтага дасягнулі. Напрыканцы ліпеня 1958 года ўпаўнаважаны па справах рэлігіі забраў у мяне дакументы. Так у мяне адабралі маё законнае права адпраўляць Святую Імшу ў касцёле. Цяпер мяне ўжо не судзілі і не ссылалі, а толькі паралізавалі маю духоўную дзейнасць ды ізалявалі ад службы ў касцёле. У гэткім становішчы я пражыў дваццаць гадоў, з 1958 да 1978 года. Шмат разоў я звяртаўся да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і заўсёды мне адказвалі адно і тое ж: «Маліцеся дома». І толькі 13 сакавіка 1978 года ўпаўнаважаны па справах рэлігіі ў Рызе тав. Лапа дазволіў мне служыць у касцёле, г. зн., калі да мяне прыйшла глыбокая старасць – я меў ужо 85 гадоў. (...) На працягу 1962-1963 гг. па загаду Генеральнага Пракурора г. Масквы ўсе мае справы пераглядаліся і былі ануліраваны вышэйшымі судовымі органамі. Усё гэта азначае, што я быў асуджаны незаконна і, невінаваты, правёў чвэрць стагоддзя ў турмах, лагерах і ссылках. (Далей у тэксце ідуць пяць дакументаў, выдадзеных грамадзяніну Іосіфу Іосіфавічу Барадзюлю. Дакументы гэтыя – аб пераглядзе ягоных спраў. Справы пераглядаліся Вярхоўным судом РСФСР, Вярхоўным судом БССР, Вярхоўным судом Латвійскай ССР, Віцебскім абласным судом, Архангельскім абласным судом. Усе яны заканчваюцца падобна: «справа спынена з-за адсутнасці састава злачынства», «справа спынена з-за недаказанасці абвінавачвання», «справа спынена з-за адсутнасці ў яго дзеяннях састава злачынства». – І. Ж.) На аснове гэтых фактаў і дакументаў мне дазволена працваць у касцёле св. Альберта г. Рыкі, дзе я цяпер прабываю, існую і, наколькі мне дазваляе здароўе, маючы 88 гадоў жыцця, стараюся служыць народу, касцёлу і Богу. г. Рыга 1981 год.
Да друку падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
|
|
|