|
***
У гатычным Гданьску
На высокім паддашшы –
Так блізка да нябёсаў
І так далёка ад цябе...
Радасць і сум у маёй душы.
Ціхаю зорнаю ноччу
Бачу, як паволі ідзеш ты
Па старым гладкім бруку,
І легкадумна выхінаюся з акна,
Бы тое цікаўнае дзіця,
Што тры вякі назад
Згледзела тут караля...
Выхінаюся –
І ўжо лячу табе насустрач.
Але ці падставяць мне,
Як тому дзіцяці,
Добрыя анёлкі
Кошык з свежаю рыбаю?
Ці ўратуе мяне Пан Бог
У гэтым адчайным лёце
Табе насустрач?
Паспяваю так толькі падумаць
І... прачынаюся.
У гатычным Гданьску
Пад бой гадзінніка
На Марыяцкай вежы
Зноў спяшаюся ў катэдру,
Каб яшчэ раз убачыць
Тое цікаўнае дзіця,
Што вечна ляціць
Насустрач свайму каралю.
9.ІХ.1993 г.
|
А. М.
Разам
у незнаёмым старажытным месце
Адшукаем дарогу да Божай Святыні.
Змучаныя хуткаю, спешнай хадою
Паспеем укленчыць перад Ім,
Жывым і Прысутным.
А пасля ў тваіх сумных,
харошых вачах
Я нечакана ўбачу
Водблеск Ягонай Любові.
І гэта скажа мне больш
пра цябе,
Чым усе непачутыя словы...
Сандомеж.
10.ІХ.1995.
|
***
|
Перуджа.Брама Сярэднявечча на via Appia |
Калі пачалася наша размова –
Дыялог нашых сэрцаў, вачэй і вуснаў?
Пытанне тваё, на якое шукаю адказу,
І ўсхвалявана перабіраю драбнічкі
Першых нашых сустрэч, позіркаў першых і словаў.
Што паяднала нас, дасюль незнаёмых?
(Пытанне маё, якое таксама прагне адказу).
Можа, блуканне мінулаю восенню
Па сонечна-халоднай Перуджы? –
Але пакручастыя хітрыя вулкі
Ніколі не сыйшліся ў адну,
Каб нас звесці.
А, можа, вершы мае, якія ўвосень тую пісала?..
Ды прысвячала я іх зусім не табе.
Ці, можа, сум настальгічны,
Якім сагравалі мы
Выслізганыя вякамі камяніцы этрускаў?
Але й сум той быў розны:
Мой Беларусі належаў,
А твой да Варшавы імкнуўся.
А, можа, малітвы ў Асізі,
Дзе такі асязальны дух Святога Францішка,
Радаснага самотніка і паэта?..
Здагадка зусім нечакана прыходзіць
Над томікам вершаў Віславы Шымборскай,
Што ў падарунак ад цябе атрымала.
Між старонак складана-узнёслых
Так проста і міла яснее абразочак Святога,
Які рука твая не забыла пакласці.
Францішак над галубамі схіліўся
Пад замілаваным паглядам законніцы Клары,
Сястры і сяброўкі адданай.
На адвароце – словы «Простай малітвы» чытаю:
«O Signore, fa di me uno Strumento della tua pace...»1
І разумею нарэшце, што марна пачатку шукаць
Нашых з табою размоваў,
Нашых светлых сумоўяў і еднасці нашай.
Бо не мае пачатку Тое,
што вечным завецца.
17.Х.1995 г.
|
- «О Пане, учыні мяне Прыладаю Твайго спакою...» (італ.).
|
|