Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза

КОНЮХ
Паэзія

ВЕРШЫ
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы

ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?..

11 манашак-сясьцёр Найсьвяцейшай Сям'і з Назарэту, якіх гітлераўцы расстралялі ў Навагрудку 1 жніўня 1943г.
Таццяна ПРОЦЬКА

КАСЦЁЛ У ЧАСЕ ІІ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

Аднымі з найменш вядомых старонак Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца падзеі, звязаныя з рэлігійным жыццём беларускага народа падчас акупацыі, з адносінамі акупацыйных улад да Царквы як сацыяльнага Інстытута. Тлумачыцца гэта тым, што ў сярэдзіне 30-х гадоў савецкая таталітарная дзяржава амаль што вырашыла, як тады пісалі, «царкоўнае пытанне». У канцы 30-х гадоў на ўсёй тэрыторыі Усходняй Беларусі дзейнічалі толькі дзве праваслаўныя царквы. З 10 касцёлаў, якія фармальна лічыліся незачыненымі ўладамі, ні адзін не меў святароў. Арыштаваны, расстраляны ці сасланы ў папраўча-працоўныя лагеры былі тысячы праваслаўных і каталіцкіх святароў. Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ўзнавіла «рэлігійнае пытанне», бо ў Заходняй Беларусі да 1939 года дзейнічала 446 касцёлаў, 542 царквы, 387 сінагог, 14 манастыроў. Святарскую паслугу выконвала 617 каталіцкіх, 606 правасланых святароў, 293 равіны. Да 1939 г. у СССР налічвалася 50 тыс. каталікоў, пасля далучэння – 6,5 млн. Наводзіць «парадак» пачалі адразу з арышту святароў і закрыцця храмаў. Але ажыццявіць яго поўнасцю не паспелі: пачалася вайна.

Спачатку немцы, сярод якіх таксама былі каталікі, прыхільна паставіліся да каталіцкага духавенства. Ксяндзам вярнулі канфіскаваныя Савецкай уладай зямлю і гаспадарчы інвентар. Але адразу абавязалі іх здаваць нямецкім уладам пэўную частку прыбытку, вызначылі віды сельгаспаставак. Мясцовае нямецкае кіраўніцтва не грэбавала зайсці да ксяндза на абед ці вячэру. Але падтрымка ксяндзамі партызан, польскага нацыянальна-вызваленчага руху гэтую прыхільнасць хутка ліквідавала. У 1942 г. гаспадаркі, плошча якіх перавышала 20 га, былі нацыяналізаваны. Ксяндзы абавязаны былі кожны месяц з’яўляцца ў гэбітскамісарыят для рэгістрацыі. Без адзнакі ў спецыяльнай картачцы служба ў касцёле забаранялася. Немцы забаранялі таксама казанні на польскай мове, яны баяліся антынямецкай «агітацыі» з боку ксяндзоў.

Нямецкая палітыка была скіравана супраць адбудовы каталіцтва ва Усходняй Беларусі. Улетку 1941 г. арцыбіскуп Віленскі Ялбжыкоўскі накіраваў групу святароў у былыя касцёлы савецкай Беларусі. Калі яны прыбылі на месцы, то атрымалі ад нямецкай улады загад тут жа вярнуцца назад. Аднак святары не падпарадкаваліся загаду і працягвалі працу на парафіях. З часам усе яны былі арыштаваныя і расстраляны. Такі ж лёс напаткаў і іншых святароў па ўсёй Беларусі. Многія з іх з тых парафіяў, што межавалі з былою савецкаю Беларуссю, напрыклад, з Івянца, выязджалі ў суседнія вёскі і мястэчкі для часовай місіянерскай працы. Але немцы забаранялі і гэта. У выніку ўжо ў снежні 1942 г. Мінск застаўся без каталіцкага духавенства. Часова адпраўляў Святую Імшу ў мінскіх касцёлах літоўскі вайсковы ксёндз Ігнатовічас, які абслугоўваў у асноўным літоўскія батальёны, раскватэраваныя на Міншчыне.

Аднавілі сваю дзейнасць і уніяты – каталікі усходняга абраду. Цэнтрам іх стала мястэчка Альберцін каля Слоніма. У красавіку 1942 г. настаяцель іх місіі, заснаванай у 1924 г., ксёндз А. Неманцэвіч атрымаў з Рыма тытул папскага экзарха для каталікоў усходняга абраду на Беларусі. Спачатку уніяты былі прыхільна сустрэты нямецкімі ўладамі. Ксёндз Неманцэвіч актыўна праводзіў думку, што толькі уніяцтва з’яўляецца беларускаю вераю. У Баранавічах у падтрымку уніяцтва разгарнуў дзейнасць праваслаўны святар айцец Л. Гарошка. Але ўжо ў жніўні 1942 г. ксёндз Неманцэвіч быў арыштаваны СД, вывезены ў Мінск і там расстраляны. Пасля гэтага з Альберціна ў Львоў вымушаны былі выехаць усе манахі-базыльяне. Дзейнасць уніятаў на Беларусі была спынена.

Слуга Божы Антоні Ляшчэвіч МІС (1890-1943)
У складаных абставінах ваеннага ліхалецця людзі звярталіся да Бога за падтрымкай, прасілі Божай ласкі для сябе і сваіх родных. Святары – пасрэднікі паміж Богам і людзьмі – як ніколі, адчулі сваю адказнасць за духоўны стан свае паствы. І каталіцкае, і праваслаўнае духавенства, як магло, старалася дапамагчы людзям у цяжкія часы ваенных выпрабаванняў. Так, калі ў в. Луконіца Зэльвенскага раёна Брэсцкай вобласці за сувязь з партызанамі арыштавалі двух сялян – Івана і Ціхана Махмачоў, ксёндз Генрых Драгель паручыўся за іх перад нямецкай адміністрацыяй і сялян адпусцілі. Нямецкія ўлады выкарыстоўвалі любоў вернікаў да іх пастыраў у сваіх інтарэсах. Каб стрымаць дзейнасць партызан, ксяндзоў арыштоўвалі як заложнікаў, трымалі ў турмах да 6 месяцаў, расстрэльвалі. Шмат святароў ахвяравалі сваім жыццём дзеля людзей, асуджаных гітлераўцамі на смерць. Прыгадаем лёс ксяндза Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія не пакінулі сваіх вернікаў нават пад пагрозаю смерці: 17-18 лютага 1943 г. у Росіцы яны былі спалены фашыстамі разам з католікамі і праваслаўнымі.

Знішчэнне ксяндзоў Ю. Кашыры і А. Ляшчэвіча не было выключэннем. 1 жніўня 1943 г. раніцай адзінаццаць сясцёр-назарэтанак былі расстраляны гітлераўцамі ў Наваградку.

На вайне святары мелі такую ж долю, як іх паства.

Беларусы-каталікі ў ІІ сусветную вайну рабілі спробы беларусізаваць рэлігійнае жыццё. Летам 1941 г. ва Усходнюю Беларусь прыехалі ксяндзы Д. Малец, С. Глякоўскі, П. Татарыновіч, пазней – Вінцэнт Гадлеўскі. Яны пачалі адбудоўваць касцёлы, адабраныя ад вернікаў бальшавікамі, арганізавалі парафіяльнае жыццё ў беларускім духу. Ксёндз В. Гадлеўскі абслугоўваў парафію ў Мінску і адначасова быў галоўным школьным інспектарам Беларусі. Ён склаў новую школьную праграму ў нацыянальным беларускім напрамку.

З дапамогай ксяндза С. Глякоўскага быў выдадзены «Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў» на беларускай мове.

Шэраг беларускіх каталіцкіх дзеячоў у кастрычніку 1942 г. падрыхтавалі праект адкрыцця на Беларусі арцыбіскупства, падпарадкаванага непасрэдна Ватыкану. На пасаду біскупа прапаноўваўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

Сярод тых, хто падпісаў адозву аб рэарганізацыі касцёла, была і вядомая беларуская паэтка Наталля Арсеннева.

Але ў 1942 г. былі арыштаваны беларускія ксяндзы Дыянісій Малец і Станіслаў Глякоўскі. Лёс іх застаўся дакладна невядомы, хоць ёсць меркаванне, што яны былі расстраляны – у СД. У снежні 1942 г. у сваім службовым памяшканні ў Мінску быў арыштаваны і ксёндз Гадлеўскі. Ёсць звесткі, што ён таксама быў расстраляны.

Слуга Божы Юры Кашыра МІС (1904-1943)
Праблема распаўсюджвання каталіцызму на Беларусі падчас вайны мае яшчэ адзін, калі можна так сказаць, польскі аспект. У першую чаргу ён тычыцца ўзаемаадносін каталіцкага духавенства з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, прыхільнікамі развіцца Беларусі пад заступніцтвам Германіі, у другую – з адносінамі ксяндзоў да Арміі Краёвай. Як ніколі дасюль, падчас вайны ва Усходняй Беларусі пачалі распаўсюджвацца думкі пра ксяндзоў, як прыхільнікаў паланізацыі і моцнай польскай дзяржавы. Не апошнюю ролю адыграла ў гэтым і праваслаўнае духавенства. Пачаліся даносы ў нямецкую адміністрацыю – спачатку палякаў на беларусаў, а потым наадварот. Вось прыклад аднаго з іх, які прыводзіць Юры Туронак у кнізе «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»: «Рыма-каталіцкае духавенства праводзіць вялікую прапаганду для аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы. Яно імкнецца згуртаваць насельніцтва і плануе пасля адыходу нямецкіх войскаў стварыць партызанскія атрады для вызвалення акупіраваных абшараў ад ворагаў польскасці, у тым ліку – ад немцаў.

Правадырамі гэтага руху з’яўляюцца рыма-каталіцкія ксяндзы з касцёлаў у Ашмянах, Гальшанах, Гранасеках, Барунах, Смаргоні, Крэве, Драбах, Солах, Жупранах».

Па такіх даносах у лістападзе 1941 г. было расстраляна некалькі ксяндзоў, у тым ліку і Генрык Глябовіч, які распачаў місіянерскую дзейнасць на Міншчыне. Па даносу былі арыштаваны і ксяндзы-беларусы Глякоўскі і Малец.

Яшчэ больш ускладнялася становішча каталіцкага духавенства з-за адносін да Арміі Краёвай. Члены атрадаў Арміі Краёвай у асноўнай масе былі каталіцкага веравызнання. Ксяндзы не маглі ніколі адмовіць у хрысціянскай паслузе, ва ўдзяленні сакрамантаў, таму часта былі ў атрадах у «акаўцаў». Ксяндзы і самі дапамагалі партызанам Арміі Краёвай: збіралі і перадавалі ім ежу, вопратку, давалі прытулак. Калі гітлераўцы знаходзілі ў касцёле ежу ці вопратку, ксяндза адразу ж расстрэльвалі.

З вызваленнем Беларусі ад нямецкай навалы становішча святароў яшчэ больш ускладнілася. Савецкія ўлады распачалі судовыя справы над ксяндзамі, што адпраўлялі службы ў касцёлах падчас вайны. Абвінавачванні былі двух тыпаў – у супрацоўніцтве з немцамі ці ў сувязях з Арміяй Краёвай. Ужо ў снежні 1944 г. былі асуджаны да 15 год лагераў з канфіскацыяй маёмасці ксёндз з мястэчка Радунь Гродзенскай вобласці Вацлаў Нуркоўскі – за тое, што служыў у атрадзе Арміі Краёвай капеланам, і ксёндз Фарнага касцёла ў Гродне Хведар Рыла – за сувязь з гестапа. І хоць даказаць сувязь з немцамі спецслужбы не змаглі, для асуджэння аказалася дастаткова таго, што немцы не расстралялі, а толькі збілі ксяндза і пэўны час пратрымалі ў турме, а потым выпусцілі.

Партыйныя арганізацыі таксама ўзяліся за пошукі ворагаў сярод духавенства – як праваслаўнага, так і каталіцкага. У ЦК КПБ паступалі «Дакладныя запіскі», у якіх спецыяльна створаныя камісіі фабрыкавалі даносы на святароў. Ахвяраю такой «дакладной запіскі» стаў цяперашні кардынал арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк, які адпакутаваў у сталінскім ГУЛАГу дзесяць жахлівых гадоў.

Працэсы над каталіцкімі святарамі працягваліся да 1953 г. Напрыканцы 40-х гадоў тэрміны пакарання сталі больш жорсткімі – 25 гадоў зняволення або расстрэл.

Слуга Божы Генрык Глябовіч (1904-1941)
Судзілі, вядома ж, невінаватых. Людзі, якіх выклікалі на суд як сведак, на працэс ісці не хацелі, пісалі лісты ў вышэйшыя органы ўлады аб невінаватасці святароў. Самі ксяндзы таксама сваю віну не прызнавалі, і таксама пісалі лісты. Як прыклад, ліст пробашча касцёла ў вёсцы Белагруда Лідскага раёна ксяндза Стэфана Гародкі, які пісаў: «Не признаваясь виновным в предъявленном мне обвинении, я доказывал в суде, что это обвинение возникло не на установленной истине, а на беспринципном беззаконии следователя, который путем домогательств и угроз, с применением тюремного карцера, склоняя меня, больного старика, к тому, что я вынужден был признавать все то, что следователь «фантазировал» в протоколах допроса, содержание которых явно не соответствовало моим объяснениям». Але лісты накіроўваліся па месцы асуджэння і далучаліся да крымінальнай справы. Ніякага перагляду спраў асуджаных ніхто не збіраўся рабіць. Суд не цікавіўся ніякімі абставінамі жыцця ксяндзоў падчас вайны. Ксёндз Крукоўскі, што сем месяцаў адсядзеў у н

ямецкай турме, аддаваў свае грошы на ўтрыманне дзіцячага дома. Яго абвінавацілі ў апалячванні выхавацеляў, распаўсюджванні антысавецкай прапаганды.

Вызваліцца з лагераў быў толькі адзін шлях – згадзіцца на супрацоўніцтва са спецслужбамі. «Ксендз Аранович из числа религиозных авторитетов католической церкви Белоруссии и Литвы, имеет значительные связи, так что Аранович в дальнейшем может оказать большую помощь органам МГБ в разработке вражеского элемента из среды католического духовенства и актива католиков», – так следчыя аргументавалі спробы вярбоўкі. Рэабілітацыя асуджанага духавенства ішла цяжка. Напрыканцы 50-х выпусцілі хворых і непрацаздольных. І толькі ў пачатку 90х у КДБ РБ пачалі пераглядаць судовыя справы «польскіх шпіёнаў з ліку каталіцкага духавенства». Многім вернута добрае імя. Але цень здрадніцтва яшчэ ляжыць на многіх непавінных.

Па-ранейшаму надзейна захоўваюць архівы КДБ тайны трагічных лёсаў каталіцкіх святароў.

Але прыйдзе час і дабро абавязкова пераможа, над усім затрыумфуе святло праўды.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY