|
|
№
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза
Паэзія
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы
|
«...Глянь, кладу сёння перад табою жыццё і дабро, смерць і зло. За сведкаў прад вамі заклікаю сёння неба і зямлю [...]. Выберы жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае, любіў Пана Бога твайго, і слухаў голас Яго» (Другазак 30, 15, 19). Жыццё Які цудоўны і шчодры гэты дар Божае любові! Чалавек носіць у сабе іскрынку, запаленую самім Панам Богам. І пакуль яна гарыць, можа, нават вельмі слаба, чалавек жыве. Крыніца таямнічай сілы жыцця мае выток у самім Стварыцелю. Ён не толькі стварыў жыццё, але і падтрымлівае яго кожнае імгненне. Жывы чалавек – па-габрэйску Адам – узрадаваў самога Бога. Першыя словы, скіраваныя Богам да людзей: «Жывіце і множцеся». Біблійны тэкст аб стварэнні чалавека ўзнёслы і вельмі ўрачысты. Чалавек – апошні твор Бога, карона ўсёй справы Стварэння. Ён раздзяляе з самім Богам валадарства над Зямлёю і нават можа ўдзельнічаць у Божай Славе. Смерць У біблійным тэксце аб стварэнні чалавека пра яе няма ані слова. Смерць з’явіцца потым і будзе ўжо творам не Божых рук, але чалавечых: «А калі былі на полі, Каін кінуўся на свайго брата і забіў яго» (Быц 4, 8). У гэты момант Зямлю першы раз арасіла людская кроў. Так пачалася жахлівая драма пад страшнай назвай «Братазабойства». Ва ўсе часы, гады, дні, хвіліны гісторыі ідзе барацьба жыцця і смерці. І якой жа бязлітаснай была рука Каіна ў Асвенцыме, Хатыкі, Курапатах, на Салаўках!.. А ці спынілася яна хаця б на хвіліну ў мірны час? Хто ж ён, гэты Каін? Біблія дае адназначны адказ: «Гэта наш брат». Балючая праўда, але іншай няма. Каін жыў іначай, чымсьці Абэль, ягоныя думкі былі іншыя, іншыя былі інтарэсы, імкненні. Але яны былі братамі. Ніводзін чалавечы ўчынак не можа быць не заўважаны. Адразу пасля забойства гучыць голас Справядлівага Бога: «Кроў брата твайго голасна кліча да мяне з Зямлі». Голас Божы... Па-рознаму людзі спрабуюць заглушыць гэты голас Адвечнай Справядлівасці, які пранізвае кожнае сэрца. Да прыкладу, каб жахлівыя словы «смерць», «забойства» залішне не трывожылі сумлення, можна назваць тое ж самае паняцце мякчэй, па-навуковаму – «аборт» альбо «эўтаназія». Але ці дапаможа гэта знішчыць кроў мільёнаў людзей, якая кліча да Неба з Зямлі? «Кладу перад вамі жыццё і смерць»... Няма іншага шляху, па якім чалавек мог бы спакойна ісці і не напаткаць праблему жыцця і смерці. Часам нам здаецца, што смерць, забойства чыняць толькі злачынцы. Але як жа шмат залежыць ад кожнага з нас у перамозе жыцця над смерцю, у трыумфе Евангелля! Забойства – не толькі акт пазбаўлення жыцця асобнага чалавека. Супраць сёмага запавету «не забівай» выступае кожны ўчынак чалавека альбо цэлага грамадства, які прыніжае годнасць жыцця і сапраўдных каштоўнасцяў чалавечай культуры. Не толькі «кроў з Зямлі» сведчыць аб тым, які страшны і паўсюдны гэты грэх. Старыя, пакінутыя сваімі ж дзецьмі на волю лёсу, немаўляты, ад якіх адмовіліся іхнія бацькі, калекі, якім не жадаюць дапамагчы іхнія ж браты... Хіба іхнія слёзы і пакуты не «клічуць да Бога з Зямлі»? А наркаманія і сексуальная развязнасць, вопыты і эксперыменты над жывым чалавекам, эротыка і гандаль чалавечым целам, разбітыя сем’і і алкаголь – хіба ўсё гэта служыць жыццю і сапраўднай вольнасці чалавека? Усё гэта адбываецца вакол нас штодня. На жудасныя грахі мы ўжо звыкліся глядзець спакойна. Наша абыякавасць да лёсу брата – найлепшая паслуга шатану, які не губляе дарма часу, каб сеяць на зямлі сваё пустазелле. Калі чалавек сам-насам сустрэнецца з бядой, тады ў яго адразу з’явіцца адчайнае пытанне: «Чаму?» І часцей за ўсё па чалавечых мерках нясе адказнасць за кожную бяду Бог. Да Яго лятуць тады нашыя пытанні: «Чаму столькі зла на свеце? Чаму такім жорсткім можа быць чалавек? Чаму? Чаму? Чаму?» Пытаем, а самі ніяк не хочам згадзіцца, што ёсць толькі адзін адказ. Бо толькі ў Богу мы зможам усё зразумець. Толькі ў Ім усё набірае свой сэнс. Бо ад Яго ўсё пачалося і да яго імкнецца кожнае стварэнне, нават калі яно гэтага і не ўсведамляе. Але чаму ж мы не хочам па-сапраўднаму, шчыра звярнуцца да Бога? Свабода Існуе даволі папулярная думка, што Бог, рэлігія, Касцёл, Евангелле няволяць чалавека. Пра вольнасць мы так шмат чуем! Хочам будаваць вольныя дзяржавы, усё больш і больш папулярным робіцца лібералізм. У імя вольнасці мы нават хочам распараджацца чужым лёсам. Імкнучыся як мага больш дзейнічаць дзеля той волі, мы зусім забыліся, што яна таксама дадзеная нам Богам. Свабода чалавека, як і ўсё, што мае пачатак у Богу, атрымала ад Стварыцеля сваю мэту і напрамак свайго існавання. Адзіная і праўдзівая мэта свабоды – дабро. Чалавечая вольнасць гэтак моцна злучана з дабром, што калі чалавек выбірае зло ў імя чаго б там ні было, ён тым самым нішчыць сваю вольнасць. І нішчыць так моцна, што сам страчвае свае каштоўныя якасці. Толькі працуючы на дабро, чалавек можа наблізіцца да Вечнай Крыніцы Жыцця. Але ж вольны чалавек сам выбірае, і часта, на жаль, ён робіць выбар на сваю ж згубу. Слова Нас можа палохаць адзінота чалавека ў свеце, дзе на кожным кроку яго падсцерагае грэх і нават небяспека духоўнай альбо фізічнай смерці. У Святым Пісанні мы чытаем, што калі Адам і Ева саграшылі, то адразу схаваліся ад Бога. І менавіта Бог першы іх шукае. Там, у райскім садзе, гучаць словы, скіраваныя да кожнага з нас: «Дзе ты, Адаме?» Бог шукае. Ён першы шукае і Каіна, калі пытаецца: «Што ж ты зрабіў?» Але калі ў Адама адкрыліся вочы на грэх, і ён прызнаўся ў ім, то сучасны чалавек часта зусім не саромеецца сваіх учынкаў. «Дзе ты?» – гучала праз вякі і тысячагоддзі. Пасля кожнага злачынства Бог шукае сваё загубленае дзіця і кліча: «Што ты зрабіў?» Але ўсё далей і далей хаваўся чалавек ад свайго Стварыцеля, усё цішэў і цішэў Адвечны Зоў, усё цішэй і цішэй у сэрцах гучала Слова Справядлівасці. І менавіта тады, калі чалавек замкнуў за сабой дзверы перад Словам Божым, Божая любоў да нас перапоўніла межы магчымага. «Слова сталася целам». Прыйшло на свет, каб абвясціць усім, што Ён нас шукае, чакае, калі мы вернемся альбо хаця б прызнаемся ва ўчыненым зле, засаромеемся яго. Слова сталася целам, каб мы змаглі ўбачыць Яго. Езус – паўната жыцця, без Яго няма праўды аб Уваскрашэнні. Ён дапоўніў жыццё праз любоў. Ён бароніць жыццё кожнага чалавека: і грэшніцы Магдалены, і злачынцы на крыжы. Любоў да жыцця прывяла Яго на крыж, каб на ім стварыць нас нанова. Хіба Бог, які безупынна шукае нас, няволіць чалавека? Альбо Езус на крыжы адбірае вольнасць асобы? А тым часам колькі абурэння і незадаволенасці можна пачуць у адносінах да Касцёла і Бога! Многіх чамусьці не задавальняе ўспрыняцце чалавека як дзіцяці Божага, адкупленага крывёю. Лепш чамусьці ўспрымаецца чалавек як «звер, які можа дасканаліцца» (па Канту). Сапраўды, такую істоту можна і зняважыць, і не дазволіць ёй нарадзіцца на свет. Альбо калі чалавека стварылі «варункі грамадскага развіцця» (паводле Маркса), то тыя ж варункі маюць поўнае права распараджацца лёсам чалавека, да прыкладу, адабраць у яго жыццё. Але калі не Бог, то няўжо наркотык дае чалавеку новую вольнасць, няўжо сляпы матэрыялізм спрыяе развіццю асобы? Няўжо гарэлка гарантуе чалавеку шчасце? Усё сказанае вышэй – плён роздуму над Энцыклікай Святога Айца Яна Паўла ІІ «Evangelium vitae» (Евангелле жыцця). Гэта быў заклік Касцёла да людзей добрай волі рашуча ўступіць у барацьбу за жыццё. Завяршаючы Энцыкліку, Пётр нашага часу кіруе свой позірк у бок Крыжа Езуса. Крыж Нават для многіх хрысціянаў часам не зразумела, чаму менавіта Крыж – той знак, які гаворыць аб прыналежнасці да Хрыста. І сапраўды: кожная рэлігія імкнецца падкрэсліць магутнасць Бога, а Крыж – тое месца, дзе Езус быў найслабейшы. Але менавіта тут, на крыжы, знайшлося месца кожнай чалавечай слабасці і дасканаласці. Тут скрыжаваліся ў барацьбе любоў і злосць, чысціня і грэх, паўната жыцця і варожая сіла смерці. Крыж – гэта ахвяра за раструшчаную любоў, забруджаную годнасць асобы, ахвяра за задзервянелыя сэрцы. Крыж – гэта застылы крык ненароджаных дзяцей, акамянелыя слёзы пакінутых бацькоў. Гэта апошняя надзея грэшніка і ратунак злачынцы. Крыж – гэта знак бяды для зла і перамога Божай любові. Напрыканцы ХХ стагоддзя на «Галгофе нашых часоў» «змрок спавіў зямлю і зацьмілася сонца» (Мц 29, 44). Зло аб’ядналася ў барацьбе супраць жыцця. У барацьбе за Дабро разам з Богам у імя Евангелля Жыцця павінны ўступіць я і ты, усе мы, каму дарагое жыццё. Маці Ласкавая! Цябе выбраў Бог, каб Ты сталася Святыняю Жыцця. Табе, Марыя, давяраем сэрцы Тваіх дзяцей, каб праз Тваю ласку выявілася перад імі тое, што ёсць сапраўднай веліччу чалавека. З Тваёй дапамогай няхай убачаць яны, што ім нясе вольнасць, а што – няволіць, дзе сапраўднае жыццё, а дзе – загуба. Маці Ласкавая! Хай кожны пачуе тое Слова аб жыцці, смерці, вольнасці і Крыжы.
|
|
|