|
|
№
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза
Паэзія
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы
|
Слынны пісьменнік Іван Бунін аб сваім рамане «Жыцьцё Арсеньнява», за які ён атрымаў Нобэляўскую прэмію, гаварыў: «Гэта ня аўтабіяграфія, а тым балей ня фатаграфія майго юнацтва». На думку вядомага Кірыла Зайцава – у «Жыцьці Арсеньнява» ўсё біяграфічнае дарэшты перагарэла ў полымі мастацкай творчасьці». Няўжо дарэшты? Досыць пазнаёміцца з кніжкай «Жыцьцё Буніна», напісанай ягонай жонкай В. Мурамцавай, каб пераканацца, што жыцьцёвыя шляхі Арсеньнява і Буніна бадай цалкам супадаюць паміж сабой. У «Жыцьці Арсеньнява» Бунін піша: «Так і я калісьці да гэтага сьвету належаў. І нават чуўся палымяным каталіком. Ні Акропаль, ні Баальбэк, ні Фівы, ні Пэстум, ні сьвятая Сафія ў Царградзе, ні старыя цэрквы ў расейскіх Крэмлях і дагэтуль няпараўнальныя для мяне з гатычнымі катэдрамі. Як уразілі мяне арганы, калі я ўпяршыню (за юнацкія гады) апынуўся ў касьцёле, хоць гэта быў усяго толькі касьцёл у Віцебску! Малады Арсеньняў трапіў у Віцебск, як на першы погляд, дык зусім выпадкова: «Застацца?» – раздумваў я ў Смаленску. Не, далей у Віцебск! «У Віцебск я прыехаў адвячоркам. Вечар быў марозны, сьветлы. Усюды было вельмі сьнежна, глуха й чыста, нечапана, горад здаўся мне старажытным і не расейскім: высокія, разам зьлітыя дамы з крутымі дахамі, зь невялікімі вокнамі, з глыбокімі й незвычайнымі паўкруглымі брамамі ў ніжніх паверхах». «Цямнела, я прыйшоў на невядомую плошчу, на якой узвышаўся жоўты касьцёл з дзьвюма званіцамі. Увайшоўшы ў яго, я пабачыў паўзмрок, шэрагі лаваў, уперадзе на прастоле паўкруг агеньчыкаў. І адразу спакваля, задуменна запяялі недзе нада мной арганы, паплылі прыглушана і плаўна, потым пачалі ўздымацца, расьці – жвава, мэталічна, нібы аслабаняючыся з-пад чагосьці, што прыгнечвала іх, а потым раптам вырваліся й гучна разліліся нябеснымі вялічаньнямі... У змроку абапал грубых каменных калёнаў, што ўходзілі ўпярод і ўгору, губляючыся ў цемры, чорнымі зданямі стаялі на цокалях нейкія жалезныя панцырнікі. У вышыні над аўтаром змрочна памірала вялікае шматкаляровае вакно».
– Памром за сьвятое Дабравешчаньне! Адзін з прывілеяў славутага Вітаўта адзначае іхні сталы звычай распачынаць усякую справу сьпярша: «Сьвятому Дабравешчаньню чалом ударыўшы». У гэтай царкве маліліся Аляксандр Неўскі й Альгерд Вялікі, жанаты з дочкамі Віцебскіх князёў. Аб ёй жа згадвалася на знаным Канстанцкім саборы, на якім Яраніму Праскаму закідалася тое, што наведаўшы яе ў 1423 г., ён пасьля называў праваслаўных «добрымі хрысьціянамі». І яе бязьлістасна разбурылі бальшавікі ў сьнежні 1961 г. А каб тады Арсеньняў, у той зімовы вечар, зайшоў у гэтую без малага тысячагадовую царкву, дык пачуў бы адно з найбольш выдатных і чульлівых выслаўленьняў праваслаўнай богаслужбы: «Сьвеце ціхі і сьвятыя славы Несьмяротнага, Айца Нябеснага, Шчаснага Ісусе Хрысьце! Прыйшоўшы на захад сонца, пабачыўшы сьвет вячэрні». Але-ж ніхто акрамя Буніна й бальшавіцкіх цэнзараў ня ў стане змяніць Віцебскі маршрут Арсеньнява. Віцебскі касьцёл, пасьвячаны ў імя сьвятога Антона Падуанскага зь Лісабону, пачалі будаваць у 1731 годзе манахі бэрнардыны. Праз два гады, як згадваецца ў тутэйшым «Летапісу Сьцяпана Аверкі»: «У лета 1733 травеня 31 дня, па старому каляндару, на 8-мы дзень пасьля сьвята Божага Цела выгарэў горад Віцебск: ратуша, рынак, крамы і цэрквы ад вялебных айцоў бэрнардынаў, якія рабілі арганы дай зайгралі на ўвесь сьвет». Аднак лёс у сваю чаргу пажартаваў над Сьцяпанам Аверкам, зьмяніўшы ягоную гісторыю на прароцтва. Невядомы натхнёны арганісты з «Жыцьця Арсеньнява» запраўды зайграў на арганах віцебскіх бэрнардынаў на ўвесь сьвет, за вылучэньнем СССР. Савецкая цэнзура, прэпаруючы для падсаведскіх чытачоў творы Буніна, не дазволіла Арсеньняву пачуць іх. Пасьля пажару касьцёл сьв. Антона адбудавалі ў 1736 г. у стылі барока, без якога нельга ўвогуле ўявіць сабе гарады Беларусі, але разам з тым ён усё-ж менш цікавы за іншыя барочныя сьвятыні Віцебску. Супраць яго, на тэй-жа Рынкавай плошчы, мелася ад 1772 г. нязвычайна лёгкая па сваіх паасобных прапорцыях, нібы мяжэрыстая Ўваскрасенская царква, якую пабудаваў беларускі дойлід Мікола Струк. У народзе аб ёй захавалася паданьне, што яна вельмі спадабалася ў 1812 г. Напалеону і ён забараніў скарыстаць яе пад вайсковы шпіталь. Яе – дасканалы барочны помнік беларускага паходжаньня – бальшавікі падарвалі аманалам у 1936 годзе. У тым жа годзе яны зруйнавалі дашчэнту велічны Ўсьпенскі сабор, які, знаходзячыся на высокім ды стромкім беразе Дзьвіны, панаваў над усім Віцебскам і быў пабудаваны ў 1750 г. для манахаў базыяльнаў італійцам Фантані.
Будынак былога касьцёлу Антона Падуанскага захаваўся й па вайне, але зьнішчаны ягоныя зграбныя званіцы, у якіх барока знайшло свой найбольшы адбітак. Загінула й шматкаляровае вакно, што зьяўлялася, магчыма, пачаткам усіх сучасных вітражоў віцебляніна Марка Шагала, ад катэдры ў Мэце да сынагогі ў Айн-Карыме. На шмат якіх малюнках гэтага сусьветнай вядомасьці мастака, замілаванага на ўсё жыцьцё родным Віцебскам, можна пабачыць зьнявечаны цяпер касьцёл сьв. Антона. І каб нават аджылі сярэднявечныя панцырнікі, дык і яны-б ня выратавалі яго ад канчатковага апаганеньня бальшавіцкімі вылюдкамі, але назаўсёды, хоць і безназоўным, застаўся ён у «Жыцьці Арсеньнява», а таму дагэтуль чуе ўвесь сьвет ягоныя цудоўныя арганы. У самы Віцебск юнак Арсеньняў трапіў наўмысьля, а ня выпадкова. Помніце, як ён кажа: «Потым у Віцебск, Полацак... – Навошта? – Ня ведаю. Перадусім мне вельмі падабаюцца самыя словы: Смаленск, Віцебск, Полацак...» Не падлягае сумлеву, што справа тут ня ў самым гучэньні, як той маўляў, вышэй адзначаных гэаграфічных назоваў па Рыга-Арлоўскай чыгунцы Расейскай імпэрыі. З «Гэрбоўніку дваранскіх родаў» даведваемся, што: «Род Буніных паходзіць ад Сямёна Бункоўскага, мужа знатнага, які выехаў у 15-м стагодзьдзі зь Літвы са сваёй дружынай на ратнюю службу да Вялікага Князя Маскоўскага Васіля Васільевіча». Аб тым жа згадвае й сам Бунін у сваёй прадмове да кніжкі «Увясну, у Юдзеі», выдадзенай у 1952 г. у Ню Ёрку. Як вядома гэты самы род даў таксама паэта В. Жукоўскага – пазашлюбнага сына абшарніка А. Буніна й палонянай турчанкі Сальхі. І ці ня кроў продкаў прымусіла Арсеньнява (Буніна?) паехаць у Смаленск, Віцебск, Полацак – слаўныя гарады калісьці магутнай і грознай Літвы? Часопіс «Божым шляхам», № 1 (106), 1968 г.
Пры перадруку захаваны асаблівасці мовы
і правапісу арыгінала.
|
|
|