|
|
№
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза
Паэзія
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы
|
Кожны народ, які не першы дзень жыве на Зямлі, мае свае рэліквіі і свае святыні. Гэта не проста «помнікі гісторыі і культуры», не толькі рукатворныя сведкі людскога таленту, але, перад усім – скарбніцы духу, скрышталізаванага ў сваіх найвышэйшых узлётах, высілках, марах, якія ўжо самі ператварыліся ў крыніцы святла, што прамянее на гэтую зямлю, ачышчае і жывіць кожнага, хто гэтага святла шукае. Па вялікім рахунку, гэтае святло ласкі Божае і ёсць тая таямнічая сіла, якая аморфнае насельніцтва кшталтуе ў Народ.
Каб абысці Наваградак і агледзець ягоныя музеі і помнікі – хопіць аднаго дня. Каб захапіцца хараством наваградскай зямлі – дастаткова паўгадзіны пастаяць на высокім грэбені Замкавай гары між велічных руінаў і аддацца сузіранню чаруючых прастораў, што разгортваюцца перад і пад табою. Каб палюбіць гэтую зямлі – мусіш тут нарадзіцца; каб яна палюбіла і прыняла цябе – трэба ўкленчыць перад яе святынямі, як той, што склаў ёй праніклівы гімн-малітву:
«Калі сонца, вандруючы па небе, схіляецца на захад, па крутым адхоне Замкавай гары прасоўваюцца два доўгія цені вежаў, быццам стрэлкі гіганцкага сонечнага гадзінніка адлічваюць бег гадзін, дзён, гадоў, стагоддзяў», – прачытала калісьці ў старой кнізе пра Наваградак. Стоячы там, пад вежамі, адчуваеш, як час бяжыць праз цябе, няўлоўны, як вецер. Бачыш, як цені-стрэлкі рухаюцца, і ў іх чарнаце, як у вечнасці, знікаюць зёлкі, фарбы, прадметы. Паволі цені падбіраюцца да касцёла, што яснее сярод купы дрэў ля падножжа гары, – і раптам заміраюць, курчацца пры яго парозе, і яшчэ ярчэй у прамянях нізкага сонца ззяюць белыя сцены пад чырвоным дахам. Час быццам абмінае Храм... Колькі разоў і я сама стаяла на гэтым месцы, зачараваная, і спрабавала разгадаць таямніцу магіі, якая напаўняе душу такім шчаслівым трымценнем, што, здаецца, адштурхніся ад зямлі – і паляціш, як птушка. Ці то фарбы, празрыстыя і мяккія, як акварэль? Ці то – водар, салодкі, як кветкі, свежы, як раніца, лёгкі, як усмешка? А, можа, гэта – музыка? Той магутны акорд гармоніі, няўлоўны ў сваёй дасканаласці, складзены з гучання арфы палёў, флейты дарог, клавішнага арпеджа дахаў, фагота вежаў, скрыпкі пранізанага сонцам лесу? Тады, дзе той нябачны камертон, тая высокая нота, на якой з такою дасканаласцю настроена ўсё і міжволі настройваешся сам? І ў нейкі момант мне адкрылася: магічным цэнтрам чароўнай дасканаласці, яе камертонам, яе таямніцай быў Храм, які нябачна панаваў над усім, трымаў усе яе часткі і гукі ў дзівоснай раўнавазе? Менавіта яго святло надавала ўзвышаную прыгажосць і сэнс простым рэчам!.. Храмы ніколі не будаваліся на выпадковых месцах. Перад закладкаю фундамента святыні звярталіся да людзей, адораных надзвычайнымі здольнасцямі, – цяпер іх назвалі б экстрасэнсамі, – якія і выбіралі месца пад храм. Калісьці тут, пад Замкаваю гарою, шумеў на ўзгорку дубовы гай, дзе пагане ўкрывалі нязгасны агонь і пакланяліся перад ім богу Пяруну. У 1395 годзе вялікі князь Вітаўт загадаў знішчыць паганскі алтар і збудаваць на гэтым месцы касцёл. Так кволы агеньчык паганскай веры ператварыўся ў жывую крыніцу Хрыстовага святла. З таго часу і называецца касцёл Фарай Вітаўта. Першы касцёл праіснаваў да 1719 г., у 1719-1723 гг. на гэтым жа месцы і была пабудавана святыня. У 1857 г. касцёл быў закрыты царскімі ўладамі, яго нават не дазвалялі рамантаваць. Аднаўленне зруйнаванай святыні пачалося толькі ў 1921 г. Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, які нарадзіўся непадалёк Наваградка, на Дзень Усіх Святых у 1922 г. нанава асвяціў касцёл. За шэсць стагоддзяў шмат каго і чаго пабачылі сцены святыні: пажары, наезды ворагаў, перабудовы, заняпады, адраджэнне... За кожным каменем, за кожным абразом, памятным знакам – гісторыя, лёсы тых, хто быў на гэтай зямлі да нас – нашых продкаў. Паспрабуем адчытаць гэтую гісторыю хаця б у асобных фрагментах. І так, споўнілася 600 гадоў касцёлу Перамянення Пана ў Наваградку! У 1422 годзе менавіта тут браў шлюб польскі кароль, наш суайчыннік, Уладзіслаў Ягайла, з Зоф’яй Гальшанскай, будучай маці польскіх каралёў. Старому каралю было ўжо за 70, і толькі гэты чацвёрты шлюб з 17-гадовай ліцвінкай даў магчымасць заснаваць дынастыю, якая «на недасягальную вышыню моцы і хвалы ўзнесла Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае», – аб чым і сведчыць памятная дошка на сцяне касцёла. А ў бочнай капліцы, фундаванай наваградскім кашталянам Янам Рудамінам Дусяцкім, захаваўся барэльеф з выявай Маці Божай Ружанцовай, Якая благаслаўляе дзевяць рыцараў, якія кленчаць перад Ёю. Тыя восем, што без галоў, загінулі трагічнай смерцю ў бітве з туркамі пад Хоцімам у 1621 годзе. Вось іх імёны: Вялічка, Талішэўскі, Быкоўскі, Чудоўскі, Магільніцкі, Война, Тышкевіч, Асіноўскі... Тут жа – памятная табліца, якая сведчыць аб тым, што ў 1631 г. пробашч касцёла дабудаваў дзве капліцы – св. Экспедыта і Анёлаў Ахоўнікаў, якія былі асвечаны суфраганам Віленскім Юрыем Тышкевічам. Ім жа ў 1631 г. быў кансэкраваны галоўны алтар касцёла. Побач з гэтай старадаўняй дошкай – некалькі новых, з нашага стагоддзя, якія сведчаць, што дух патрыятызму і мужнасці не згас у сэрцах нашчадкаў. На сцяне касцёла, злева ад уваходу, відаць невялікая мармуровая дошка з тэкстам па-польску: «У мурах гэтага касцёла 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч». А трохі наўскос да яе, з правага боку касцёла, капліца з абразом Маці Божай Наваградскай. Ці не перад Ёю, са слязьмі на вачах, малілася пані Барбара Міцкевіч, каб уратаваць хворага Адама? Ці не тая самая, да якой звяртаўся ён на выгнанні: «Ты, што град замковы бароніш з яго верным людам?» Даследчыкі яшчэ пакуль сумняваюцца, а ў Наваградку ўпэўнены, што гэта – Яна!.. З верасня 1991 года ў гэтай капліцы спачываюць астанкі 11 сясцёр-назарэтанак, расстраляных немцамі 1 жніўня 1943 года. Як пацеркі ружанца, іх імёны: Стэла, Барамэя, Даніэля, Фэліцыта, Гвідона, Геліядора, Імэльда, Канізія, Канута, Раймунда, Сергія... Іх, што сваёю ахвярай паспрабавалі перарваць крывавы ланцуг расстрэлаў у Наваградку, памятаюць і да іх звяртаюцца ў малітвах. А каля прыгожага помніка пад сцяной касцёла – заўсёды кветкі... Спачывае на мясцовых могілках сястра Малгажата, апошняя з перадваенных назарэтанак. Гэта яна, каб не замкнулі і не разрабавалі святыню, як гэта было зроблена з касцёлам св. Міхала, паставіла свой ложак у закрыстыі і пільнавала касцёл. Гарачыя малітвы яе і парафіянаў баранілі і надавалі сілы! І – уратавалі!.. Недалёка ад яе магілы пахаваны ксёндз Войцах Навачак, – той, што ў 1956 годзе вярнуўся з сталінскіх лагераў пасля шасцігадовага зняволення, і амаль трыццаць гадоў хрысціў, спавядаў, суцяшаў – усіх, хто прыходзіў шукаць абароны ў Хрыста ў тыя змрочныя гады. Адкуль браліся сілы ў гэтых людзей? У гэтага ж «вернага люду», што стаўся фундаментам святыні, яе абаронай і хвалой? Вера адкрыла ім невычарпальную крыніцу сілы і ласкі Божае! Вера і малітва! Зазірніце ў вочы сястры Сабіны, такой маленькай і слабой на выгляд. Гэта яна шмат гадоў патаемна захоўвала чыстасць і вернасць Хрысту. Яе твар свеціцца спакоем і любоўю. З пашанаю пацісніце руку спадару Пяткевічу – гэта ён многа гадоў рамантаваў арганы і граў на іх падчас набажэнстваў! Ксёндз дзекан Антоні Дзямянка адорыць вас шчыраю ўсмешкаю. Сёння яго касцёл не месціць усіх, хто сюды прыходзіць!.. Няхай прабачаць мне ўсе, каго не згадала ў гэтых кароткіх нататках. Вера аб’яднала і аб’ядноўвае нас усіх – старых і маладых, палякаў і беларусаў. Гэты 600-гадовы юбілей – яскравае таму сведчанне.
|
|
|