Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза

КОНЮХ
Паэзія

ВЕРШЫ
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы

ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?..

ДРЫГВІЧ П. і ДРЫГОНІЧ П.

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ

(Успаміны пра святара Станіслава Глякоўскага)

Шмат постацей беларускіх святароў, якія прысвяцілі сваё жыццё духоўнаму адраджэнню народа, астаюцца для нас усё яшчэ малавядомымі. Трагічная ахвярнасць іх лёсаў зацемнена смугою часу і нашаю, такою звыклаю, абыякавасцю. А ці ж зможам мы сёння зразумець сэнс адраджэння каталіцкай веры на Беларусі без іх, яе адданых слугаў і слугаў сваёй радзімы, свайго народа. Іх святарскі і чалавечы прыклад служэння ўсім нам сёння вельмі патрэбны.

Асоба ксяндза Станіслава Глякоўскага, доктара касцельных Усходніх навук, старшыні «Лігі маральнага адраджэння» ў Вільні, вядомага беларускага дзеяча, пакутніка, чый лёс трагічна абарваўся ў 1941 годзе, заслугоўвае глыбокай пашаны і нашай удзячнай памяці.

Змяшчаючы на старонках «Нашай веры» ўспаміны пра яго светлую постаць, якія друкаваліся ў № 67 часопіса «Znič» за 1951 г. і фотаздымкі ксяндза С. Глякоўскага, мы спадзяемся, што на гэтую публікацыю адгукнуцца тыя, хто мае якіясьці звесткі пра яго жыццё і, асабліва, пра абставіны яго трагічнай смерці, якія дасюль астаюцца няпэўнымі.

 
Кс.С.Глякоўскі з кс.А.Станкевічам і кс.В.Гадлеўскім
На віленскіх ці менскіх вуліцах, або ў таварыствах, часта можна было сутыкнуцца з арыгінальнай постаццю каталіцкага духоўніка. Рослы, прыстойны, у цьвеце веку мужчына, з чорнай разьвіхравана-вылазячай з-пад капелюха чупрынай, заўсёды недзе сьпяшаючы, уставіўшы ў землю ўсьмехнена-прыжмураны затурбаваны позірк; мужчына-дзеяч, якога нікому ніколі хіба не ўдалося вывесьці з гумару і пабудзіць да мсьцівае гіпахондрыі: і найбольшы вулкан ягонага абурэння на нікога ня дзеяў адпіхаюча, бо канчаўся бадай заўсёды разбройваючай дабротнасьцю, характэрыстычна выказанай жартаўліва-рогатнай скарагаворкай. Тую ж так арыгінальную постаць зь іншага боку характэрыстычна ўхапіў на сваім удалым малюнку ведамы наш П. Сяргіевіч: на асноведзі роднае нізкае тыпічнае, недзе з Ваўкавышчыны, беларускае хаты – рослая, пахіленая й чула загледжаная ў ваконца, сыльвета духоўная з евангеліяй у руцэ, так загледжаная, як бы там бачыла нешта найлюбейшае ды найсьвяцейшае цягнучае к сабе ягону душу.

З Машарам і Найдзюком
Гэта – ён, Кс. Др. Станіслаў Глякоўскі, ведамы і дарагі наш духоўна-адраджэнскі дзеяч-мучанік, аб якім хочам тут падзяліцца ўспамінамі й думкамі.

Постаць яго, вышэй апісаная, стаіць у памяці нам нязводна, а дзейнасьць не дае заснуць разбуджаным высока-ідэйным думкам; прад усім думкам аб ідэале роднага духоўніка, волата адраджэньня. Спалучэньне шчырапрастаты, натуральнасці, чулай спагаднасьці бяздоллю радзімаму з – агутнай воляй ды глыбінёй асьветы й пабожнасьці, на грунце буйнага фізічнага здароўя – гэта ідэал жаданага сяньня праз нас адраджэнскага беларускага духоўніка. Спалучэньне гэта, казаў бы, найболей ударае ў васобе сьв. п. Кс. Глякоўскага.

Асцэза, сяньня так недаацэньваная, нямодная, была асноўною характэрная духоваю рысай ягонага жыцьця і дзейнасьці. Але ж такая асцэза, якая не адстрашвала ад яго людзей, а прыхінала. Быў цьвёрды для сябе, задаваляючыся найменшымі вымаганьнямі свае асобы, а выразумелым і да крайнасьці ахвярным для іншых. Пэўне ж, выразумеласьць гэта ніколі не стаяла ў рэзкай калізыі з правам Божым, або Касцёльным, таму ў справах істотнай важнасьці быў надта скурпулятны й няўступлівы: напрыклад, выконваючы абрад хросту, словы сакрамэнтальныя «Я цябе хрышчу ў Імя Айца й Сына» выгаварваў дзеля выразнасьці чуць не крычма; і заўсёды сушыў сабе голаў, (асабліва ў Менску), як сакрамэнтальна ўнармаваць цывільныя сужэнствы і г. п.

Кс.С.Глякоўскі і П.Сергіевіч
Як чалавек з поўнаю ведай і навуковай, з тытулам «Доктара Касцельных Усходніх Навук», ён глыбака разумеў душу чалавека, беларуса, а маючы духоўнае багацьце, умеў карысна аддзейваць на іншых. Гэта ён быў ініцыятарам і старшынёй «Лігі Маральнага Адраджэння» ў Вільні. Арганізацыя гэта імкнулася да ўздыму й паглыбленьня духа маральнасьці. Ейна часопіс «Logos» стаяла на даволі высокім узроўкі ды рабіла не малы ўплыў на ажыцьцяўленьне хрысьціянскіх каталіцкіх прынцыпаў маральнасьці. З натхненьня гэтай арганізацыі быў ладжаны ў Вільні ў 1939 г. «Тыдзень барацьбы з порнографіяй». У працягу гэтага «Тыдня» амаль зьніклі беспаваротна з віленскіх кіёскаў, раней так абражаючыя вока, порнографічныя й масонскія ілюстрацыі.

Кс. Станіслаў Глякоўскі, будучы шчырым сьвятаром-каталіком, ніколі не забываў адначасна, што ён беларус, шчыры сын беларускае вёскі і народу, якому ў першую чаргу абавязаны пасьвяціць свае сілы. Таму хутка пасьля павароту із загранічных (рымскіх) студыяў, становіцца прафесарам рэлігіі й прэфэктам у Віленскай Беларускай Гімназіі, будучы для моладзі не толькі настаўнікам, але й найлепшым ейным прыяцелем, апякуном. Дружачы з гімназіяльнай, ён не забывае і акадэміцкай моладзі. Як вікары парафіі св. Яна ў Вільні, жывучы тут жа пры Універсітэце, ён заўсёды стараўся быць у цесный камітыве з беларускім студэнцтвам. І меў жа да гэтага здольнасьці пры сваім сангуіністычным тэмперамэнце, сымпатычнасьці ды навуковым палёце. Колькі вечароў праседжвалася ў яго з большай ці меньшай грамадкай моладзі! Якія мілыя ўспаміны гэных сапраўды шчасьлівых дзён!

Ягонымі захадамі падчас посту ў 1939 г. ладзіліся для беларускай акадэміцкай моладзі рэкалекцыі, праведзеныя з парываючым знатоцтвам праз а. Сніпа TJ (беларуса).

З братамі ў святарстве
Асаблівы культ меў наш Кс. Станіслаў да Найсвяцейшай Маці Божай. Вострая Брама валадала непадзельна ягоным сэрцам. Не аднойчы пасьля вышуспомняных бяседных пасідушак пры ягоным скромным дамовым «камінку» мы заходзілі позьнім вечарам ў сьвятыню, каб напіцца крыху салодкай цішыні й вышэйшага прыгаства ў малітве перад чароўным абразом Богамаці. Ягоная простая пабожнасьць падымала ўсіх да малітоўнага ўзьлёту. Выходзілася тады із сьвятыні з падобным настроем. як тыя калісь захопленыя апосталы з гары Табар. Такія натхняючыя мамэнты праконвалі нас, што маладая вясёлая студэнцкая душа тады толькі аддыхае сапраўднай радасьцю, калі гэта радасьць зродзіцца з чыстага, апрамененага ласкаю Божай, сумленьня.

Разумеў наш Дастойны Узгадаваўца вагу слова ў роднай мове, таму стараўся пашырыць свае збаўленныя ўплывы праз прэсу. Гэта ягоным накладам друкаваўся перыёдык для беларускіх дзетак «Пралескі».

Ужо з гэтага кароткага падліку ідэйнай дзейнасьці Кс. Станіслава Глякоўскага відаць, якога духоўніка выдала беларуская вёска, які дала бліскучы прыклад сьвятара-патрыёты, чыстае жыцьцё якога і духовая веліч безумоўна не аднаго натхне беларускага юнака пайсьці ягонымі сьлядамі.

Але ж не давялося яму да познай старасьці папрацаваць Богу на хвалу, а свайму народу на збаўленьне. Бурлівая хваля ваеннага прасьледу зьмяла яго з твару роднай зямлі. І хто ведае, ці пры сьятой асцэтычнай радыкальнасьці, ня кінуўся ён самахоць у тую хвалю, каб акупіць сваёй крыстальнай ахвярай справядлівейшую долю для гаротнага народу. (На гэта паказваюць некаторыя абставіны ягонага прыбыцьця ў Менск і сьмерці, аб якіх пісаць падрабязна сяньня было б мо шчэ зарана.) Плаціў, праўда, за гэта ідэйна-дзейнай пасьвятай, плаціў, зносячы крыўды ад чужых ды родных ворага, нават ад тых, ад каго меў найсьвяцейшае права спадзявацца, замест байкоту – айцоўскае падпоры.

У 1941 годзе неспадзявана грымнула сумная вестка, што Кс. Др. Глякоўскага і ягонага супрацоўніка Дыянізага Мальца Гестапо арыштавала ў Менску 15 сьнежня г. г. на Кангрэсе Вучыцялёў, за тое, што ня ўсталі падчас пяяньня нацыстаўскага гімну, пратэстуючы за антыкаталіцкія вострыя акцэнты прамовы Галоўнага Камісара Беларусі, Кубэ* . Балючая трывога шчаміла нашы сэрцы. Ужо тады аж надта было ясным, што пад’юджаны Розенбергавы Нацызм, насупроць усіх лагічных меркаваньняў, пастанавіў зьліквідаваць каталіцызм на Беларусі. Таму і доля дарагога Кс. Станіслава выглядала вырашанай – ён будзе адным з першых мучанікаў!..

Як жа гэта трывожнае, трагічнае пачуцьцё спраўдзілася! Ад мамэнту публічнага арышту ніхто болей ані самога Кс. Станіслава, ані Кс. Мальца ўжо больш не аглядаў. Нічога не памаглі ані сьлёзныя просьбы народу, ані захады-інтэрвенцыі каталіцкіх беларускіх дзеячаў, ані пошукі. Лютая імпрэза была так спрэпаравана, што фактычна не было з кім і гаварыць – усіх тузоў, ад якіх мог залежаць ратунак, як ветрам зьмяло з менскае арэны Цывільвэрвальтунг, асталіся толькі загады «сьлядзіць і чысьціць» іншых каталіцкіх духоўнікаў, працуючых у Менску і ваколіцах, якія сталіся пазьнейшымі ахвярамі (як напрыклад, Кс. Казімер Рыбалтоўскі, Кс. Гадлеўскі), каму не ўдалося ўцячы.

Пякучы боль наш па страце гэтых найдаражэйшых духоўных дзеячаў тым большы, што нат ня ведаем, дзе ў якім месцы зложаны іх косьці, на бацькаўшчыне, ці дзе ў замежных канцлягерах; ці родная зямліца прыняла іх чэсьцігодныя астанкі, ці ў масавым гробе мардоўні, ці ў крэматорыі спалены й ветрам разьвеяны. Так што нат і скромнага памятніка ня можам паставіць на іхнім геройска-мучаніцкім гробе, каб замацаваць і перадаць пакаленьням іх сьветлую памяць.

Але ж мо лепшы памятнік мы ім выставілі ў нашых сэрцах і думках, дзе зьніч подзіву, славы, піетызму, удзячнай любові, не загасьне праз вякі, пакаленьні. Молімся ў духу пра іх шчасьлівейшую долю загробную, і, бачачы заслугі, верым, што Божая Справядлівасьць іх абдарыла такою доляй; засылаць малітвы аднак не перастаём, просячы Бога, каб прыняў іх за тых, каму яны сяньня патрэбны, столькі бо дасяньня ўмірае ад лютога зьдзеку й перасьледу ў вабароне сьвятых прынцыпаў Веры ды ідэалаў Народу.

Усе нашыя, у вапошніх часах палажыўшыя голаў, каталіцкія сьвятары гэта вялікія натуры характару духа, глыбокае рэлігійнасьці і патрыятызму. Дык із свайго боку заклікаем усіх Пав. Чытачоў «Зьнічу», каб зьбіралі весткі аб іх і прысылалі ў Рэдакцыю. Трэба нам іх пазнаць, яны бо ўнясьлі сваімі асобамі й жыцьцядзейнасьцю вялікі ўклад у нашае адраджэнне; гэта нашыя героі.


    * Шмат навочных сьведкаў гэта пацьвярджаюць.

 

Пры перадруку захаваны асаблівасці мовы
і правапісу арыгінала (рэд.)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY