Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза

КОНЮХ
Паэзія

ВЕРШЫ
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы

ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?..

Мар’ян ДУКСА

А НАШ НАРОД НЕ ВЫРАКСЯ ЦЯБЕ

***

Адна дарога, і яна – да Бога.
Якая ўсё ж у гэтым яснасць духа!
Адна дарога, хоць іх вельмі многа.
Адна – між іншых варыянтаў руху.

Ёсць добрае, прыкіньце самі, выйсце
з блукання, утрапення і пакуты.
Навокал стрэлкі клічуць нас кудысці,
убок так цягнуць іншыя маршруты.

Маўчаць яны пра свой нікчэмны фініш,
пра блізкі попел гонару людскога.
А сэрца мудрае нічым не спыніш...
Адна дарога, і яна – да Бога.

 
***

Прыпадымі
людзей ляжачых, вера,
вазьмі за рукі
і прыпадымі.
Пакліч у змрок,
што густа, як хімера,
пануе і звісае над людзьмі.
Пясочак цёплы
сцежкі ціхаходнай
таемным чынам
будзе ўсіх лячыць,
пакуль агеньчык
зоркі пуцяводнай
наперадзе
між дрэў не заблішчыць.
Памкнуцца ў сэрца думкі-меданосы,
задыхае
у твар яшчэ раз май...
Жывая вера,
ты – нябесны посах.
Хоць крышачку
люд хілы падтрымай.

 
У КАСЦЁЛЕ

Святло распаўсюджвае
кожны малюнак касцёльны.
Уважлівы Езус
глядзіць на мяне невясёлы.
І некуды знік
акаляючы свет навакольны.
І лётаюць, лётаюць
перад вачамі Анёлы.
І ззяннем нябесным
мяне ахінае скляпенне,
ад шыб каляровых
кладуцца праменняў карункі.
На вуліцы тлумнай
пакінуў сваё утрапенне,
я перад дзвярамі пакінуў
будзённыя думкі.
І вось апынуўся прад Богам
я раненька-рана,
пакорна-шчаслівы
я ў храм акунаюся Боскі.
І ўвесь заміраю
насупраць старога аргана,
дрыготка лаўлю
я яго залацістыя ўсплёскі.
І россыпы гукаў,
што коцяцца ўніз вадападам,
мой боль зацяжны
паступова, паціхеньку гояць.
На чыстае свята,
пранізаны велічным святам,
я скрыпку душы
намагаюся ціха настроіць.

 
ДА МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

І адчувалі мы спрадвеку
цераз увесь працяглы час
Тваю ласкавую апеку,
увагу шчырую да нас.

Заўжды прыносіла параду
І Божы асвятляла храм.
І цёплую сваю спагаду
Ты, шчодрая, дарыла нам.

І так было ужо спрадвечна:
праз нашых мук туман густы
Ты усміхалася сардэчна,
нам пасылала знакі Ты.

Нам пасылала ў будзень шэры
свой незвычайны светлы цуд,
каб у сябе і ў Бога верыў
заўсёды беларускі люд.

І з радасцю мы ўсе, жывыя,
да Божых горнемся святынь.
О, Найсвяцейшая Марыя,
Ты нас і сёння не пакінь.

І азары нам цёмны будзень,
прамення дай маёй зямлі.
Калі нам вельмі цяжка будзе,
Ты нас да сэрца прытулі.

 
***

Няпраўда, калі грэх я свой чыню,
то вельмі ясна помню пакаянне –
і ўсё гэта нагадвае гульню,
дзе шчырасці і праўды ані звання.

Я не таму грэх на душу бяру,
што веру цвёрда: будзе з ім расстанне –
яго, бы школьнай сціркаю, сатру,
паклікаўшы да сэрца пакаянне.

Чаму штодзённа знаюся са злом,
мне гэта нават сёння невядома.
І я не быў ніколі хітруном
у той ступені, каб грашыць свядома.

Душу ж так цісне злых учынкаў куль –
хто вінаваты: людзі ці лянота?
Даймае шкадаванне: я пакуль
бездапаможна-слабая істота.

Я думаю, не цягне і на грош
душа-зіма, што цепліць спадзяванне...
На ногі ўстаць дапамагае ўсё ж
чарговае людское пакаянне.

 
А НАШ НАРОД НЕ ВЫРАКСЯ ЦЯБЕ

А наш народ асіліць бездарожжа,
хоць доўгі час блукаў ён у жальбе.
Цябе заўсёды помніў, мілы Божа.
А наш народ не выракся Цябе.

Я да Цябе усёй душой хінуся,
Ты сонцам ззяеш у маім жыцці.
Ах Божа, паспрыяй жа Беларусі
на роўны шлях нарэшце узысці.

Цярпелі мы ад лютасці варожай,
ды ў муках мы не страцілі сябе.
Мы выжылі усё-ткі, мілы Божа,
і наш народ не выракся Цябе.

Вось-вось закаласіцца наша збожжа –
мы доўга шчыравалі на сяўбе.
Нам шчасце свеціць, свеціць, мілы Божа,
бо наш народ не выракся Цябе.

Дзень наступае радасна і гожа,
душа ўжо не сціскаецца ў журбе,
Ты нас трымаеш моцна, мілы Божа,
мы верылі і верым у Цябе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY