 |
* * *
Мядовы солад хмельнаросых траў.
Надрэчны ранак вабна увабраў
Густы настой успаранага лета.
Сягнула ў неба сонца - жары птах,
П'е з чашы свету, і ліецца пах.
І вышні Бог любоўна бачыць гэта.
Зямля мая - ты самы спеўны храм.
Да светлін зор душой цягнуўся сам,
Захоплены жывога дня тварэннем.
Як дзьмухаўца падняты ветрам пух,
Гайдаецца мой чалавечы дух
Высока там -
Пад небным сутарэннем.
О, космас чалавечае душы!
Глыбей няма...
Ды Юдавы грашы
Спакусна сеюць вечнае трымценне.
І не світальна чыстаю бруёй
Жыццё зямлі ўпіваецца -
Крывёй.
І меркне ранак дня,
Як летуценне.
|
АД ШЧЫРАГА СЭРЦА
Вечар з душой замглёнай,
Поўнай няясных зорак,
Ступіць хадой стамлёнай
Ціха на наш падворак.
Сцішацца рукі матуліны,
Як лебедзі на азерцы.
Слухае зноў расчулена,
З цеплынёй у сэрцы
Дыктаркі словы ветлыя,
Спевы лірычна цёплыя.
Маміны думкі светлыя,
Маміны вочы добрыя.
Звадамі свет не палошыць.
Шчасця ў ім - поўнай мераю.
«Колькі людзей харошых!» -
Мама удзячна веруе.
Сцішаны ўсе навальніцы,
Хмары не сунуцца нізкія.
Вечныя працаўніцы,
Ёй яны родныя, блізкія.
Ўзрушна сачу за мамай.
Толькі рашу задачу,
Я напішу таксама
Ў радыёперадачу.
Мабыць, задача тая
Мною дасюль не рэшана.
Часу ўсё не хапае...
Вось і сабраўся, грэшны я.
Сёння пішу, праграма,
Сэрца, што болем сцякае:
Дзесь, паміж зорак, мама
Песні ад вас чакае.
Зрынуўшы дня зямнога
Клопаты лёгкім пухам,
Там яна мае многа
Часу, каб спевы слухаць.
Рукі сышлі матуліны,
Як лебедзі на азерца.
Вас я прашу расчулена,
Ад шчырага сэрца.
Хай над яе нябытам
Песні пральюцца слёзы:
«Ой чыё ж то жыта,
Чые ж то пракосы...» |
ПАГАРЭЛКА
Згалела начыста Ірэна,
Як мыш касцельная, ў зіму:
Ні палкі дроў, ні копкі сена -
Журыся Богу аднаму.
Усё глынуў агонь пражорны,
Як толькі хату і ўбярог?!
Ды смутак цёткі горкі, чорны
Людзям пачуць пасобіў Бог.
І вось Ірэна ў санях едзе,
Гудзе надрэчнае сяльцо -
І міласэрныя суседзі
Нясуць з двароў сваіх сянцо.
Пусцілі ўраз «па кругу шапку» -
Ці ж выбавіцца аднаму?!
Сабралі сена па ахапку,
І столькі - хопіць на зіму.
Ямчэй уссеўшыся на сена,
У кажушку на схіле дня
Сцябае пужкаю Ірэна
Жвавей маруднага каня. |
* * *
Сівец, пажухлы ад спякоты дзённай,
Прымнуць падэшвы з козытам - наўпрост
Малою Пеллю, сцішанай і соннай,
Ляціш у заціш белую бяроз.
Святлісты гай, суладна і высока
Адкрыты ўсім завевам і вятрам,
Абуджаны не раз імклівым крокам,
Тваёй малітвы найсвяцейшы храм.
Я мог гадзіны ўзрушлівыя слухаць
Тут пошапак затоеных бяроз
І ўзносіцца бязважна, светла духам
У вышу сонцам вылітых нябёс.
І ўжо адтуль, з лагоднае вышэчы,
У зыркіх промнях дзённага святла
Глядзець на дробны побыт чалавечы,
Дзе востра прарастала семя зла. |
|
 |