|
|
№
1(11)/2000
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Проза
Да юбілею 2000 Года
Паэзія
Постаці
Погляд збоку
|
Ніводзін народ Еўропы не знявечыў сваёй гісторыка-этнічнай памяці так, як беларусы. Мы не памятаем, а таму не ведаем падзей свайго мінулага, яго герояў, творцаў і святых. Мы не заўважаем слядоў дзядоў на роднай зямлі. Мы забылі, што ў небе ёсць апекуны Беларусі, да якіх мы можам, але не пасылаем сваіх малітваў, забылі, што святыя дапамагалі продкам захаваць памяць, а значыць і веру ў будучыню, якой нам не стае. Пра гэтую памяць крычаць іх творы, сляды дзеяў, але мы не здольныя іх пачуць. На беларускім небасхіле ёсць святы, які асабліва блізкі гарадзенцам, таму што ў Гародні ён жыў і памёр 4 сакавіка 1484 года. Гэта — святы Казімір. У гарадзенскай катэдры, у трансэпце, месціцца алтар святога Казіміра з абразом, створаным беларускім мастаком Валенціем Ваньковічам. Для патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага св. Казімір ад канца ХVІІІ стагоддзя стаў не толькі заступнікам у небе, але і сімвалам незалежнай Беларусі. У 1849 годзе яшчэ адзін беларускі мастак, Ян Хруцкі, якога мы да канца 80-х гадоў дазвалялі называць рускім (нават не мы дазвалялі, а нашае бяспамяцтва) напісаў абраз св. Казіміра. Здзіўляе тое, што палатно сярэдзіны ХІХ стагоддзя, створанае мастаком, які валодаў акадэмічным жывапісам, прасякнута яскравымі рысамі баракальнага мастацтва, якое адышло з ХVІІІ стагоддзем. Гарадзенскі св. Казімір Ваньковіча, створаны на два дзесяцігоддзі раней, больш адпавядаў сучаснай яму эпосе. А ў Хруцкага — тэатральныя хмаркі, анёльчыкі, экспрэсіўная кампазіцыя, рэзкае супастаўленне святла і ценю, баракальныя абрысы карціны. Чаму мастак звярнуўся да баракальнай традыцыі? Думаю, што сын грэка-каталіцкага святара, мастак з "воссоединенных", жанаты з каталічкаю, вымушаны амаль дзесяць гадоў служыць архіепіскапу Сямашку, у гэтым абразе праз выбар сюжэту і стылістыку дэманстраваў свае эмацыйныя сімпатыі, праз повязь з беларускімі культурнымі традыцыямі, якія аформіліся ў эпоху барока, выказваў сваё духоўнае крэда. Народжаны на Беларусі, выхаваны ў сям’і уніяцкага святара, адукаваны ў Полацкім калегіуме, які скончыў у 1827 годзе, Ян Хруцкі не мог не стаць беларусам. Былы езуіцкі калегіум, утвораны Пятром Скаргам у 1581 годзе, разам з касмапалітычнай класікай трымаўся мясцовых культурна-гістарычных традыцыяў. Тут, побач са звонкай лацінай, ад ХVІ стагоддзя гучала беларуская мова. Тут мясцілася знакамітая на Беларусі карцінная галерэя і тут будучы мастак адчуў беларускую мастацкую традыцыю. Далейшае, амаль дзесяцігадовае, навучанне ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў адпрацавала школу, тэхніка-тэхналагічныя навыкі, надало ведаў і досведу, стварыла майстра, творчы дух якога жывіла родная яму Беларусь. У 1840 годзе мастак, які стаў папулярным у Пецярбургу, вяртаецца на Радзіму, на Полаччыну, дзе шмат працуе да апошніх дзён свайго жыцця, якое абарвалася ў 1885 годзе. Адданасць беларускім традыцыям, сваю беларускасць Ян Хруцкі канстатаваў і ў больш ранніх творах. Партрэты Міхала і Рахелі Ромераў, створаныя ў 1847 і 1849 гадах, партрэт М.Маліноўскага, напісаны ў 1847, партрэты П.Янкоўскага, Я.Булгака, І.Сямашкі (усе 1838 года) і іншыя творы поўняцца стылістыкай і эмацыйнасцю барока. Гэтыя палотны мы адразу вылучаем з шэрагу "рускіх" партрэтаў мастака. Мы адчуваем стаўленне мастака да сваіх герояў. Пан Міхал быў для Хруцкага не толькі зямляком, але і блізкім па духу, па стаўленні да жыцця, да Айчыны чалавекам. Перад намі не акадэмічны партрэт прадстаўніка шаноўнага на Гродзеншчыне і Віленшчыне роду Ромераў (такі твор адпавядаў бы тагачаснай рускай модзе), але партрэт, напісаны згодна з беларускай мастацкай традыцыяй, у якім здабыткі рэалістычнага жывапісу спалучыліся з традыцыйнай кампазіцыяй баракальнага сармацкага партрэту, характэрнага для беларускай культуры ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. Кампанент эмблематычнай сістэмы — гербы і надпісы на партрэтах — адлюстроўвае важнасць для шляхецкага светапогляду месца сям’і і роду. Сарматызм прасякае партрэт Язафата Булгака, напісаны незадоўга да смерці апошняга грэка-каталіцкага мітрапаліта. У яго выяве — вытанчанае гучанне псіхалагізму і адухоўленай эмацыйнасці, драматычная сустрэча ўчарашняга і сённяшняга. Дынамічная баракальная кампазіцыя з традыцыйнай дэкаратыўнай драпіроўкай, трапяткі каларыт, ажыўлены акордам чырвонага на шэрым і зялёным. Цела толькі акрэслена накідкай, а ў твары — трагічная кульмінацыя твора. Праз палатно адчуваеш, што гэты магутны і разумны чалавек згубіў тое, што было ягоным стрыжнем, што напаўняла жыццё, надавала яму моц. Мы бачым святара, які ўсведамляе, што ён — апошні грэка-каталіцкі мітрапаліт. Хруцкі стварыў вобраз Булгака, як манумент эпохі, якая адыходзіла ў нябыт. Эпохі роднай, светлай, бурлівай і шчаслівай, ад якой засталася журба, народжаная прадбачаннем будучыні Бацькаўшчыны, дзе былі народ, годнасць, культура і традыцыі, а будзе... Дай, Божа, трываласці! Пальцы сціскаюць падлакотнік, позірк скіраваны туды, дзе чакае асабісты паратунак — вечнае Валадарства Божае. У партрэце Іосіфа Сямашкі ёсць той жа элемент, што і ў партрэце Булгака: драпіроўка, якая тут ператвараецца майстрам з дэкаратыўнага элементу карціны ў крывавую пляму. Пляма люструе на твар, напісаны без псіхалагізму і эмоцыяў. Гэты партрэт успрымаецца як антыпод партрэту Булгака. Сямашка для Хруцкага — здрайца, які "вярнуў" уніятаў у "лоно православной Церкви", які паліў беларускія старадрукі, знішчаў памяць народа, здзекваўся з мастака. Мы бачым чалавека, якога не ратуюць ордэны — знакі афіцыйнай пашаны. Ён — крывавы здрайца Бацькаўшчыны. Сваю культурна-этнічную памяць Ян Хруцкі здолеў пранесці праз усю творчасць, праз усе жанры, нават праз нацюрморт. Мастак рана зразумеў, што сваё роднае, блізкае, духоўна высокае можна паказаць нават праз гэты нізкі, у межах акадэмічнага мастацтва, жанр, які вычвараўся моднымі матывамі вінаграду і іншай экзатычнай садавіны. Патрыятызм мастака, які пачынаў працаваць у гэтым жанры ў далечыні ад Беларусі, выявіўся праз замілаванне звыклай садавінай і гароднінай, грыбамі, малінамі і парэчкамі, лілеямі, рамонкамі, півонямі і цюльпанамі, а таксама някідкімі незапамінанкамі і калоссем. Талент і беларуская душа мастака загучалі ў гэтых сціплых творах меладычным кантам пра Беларусь... Працуючы на прамаскальскія колы віленскага духавенства, Ян Хруцкі здолеў стварыць шэраг вытанчаных, прасветленых архітэктурных пейзажаў з відамі маёнткаў і касцёлаў, дзе праз мастацка-архітэктурную і этнаграфічную адметнасць паказаў нацыянальную непаўторнасць Беларусі на пачатку яе крыжовага шляху. Больш за стагоддзе беларусы, пазбаўленыя нацыянальнай памяці, не пазнавалі ў Хруцкім свайго мастака. Не пазнавалі ў творах гэтага майстра смеласць на адметную думку, асабістую пазіцыю, нацыянальную годнасць, якую ён ціха, але і цвёрда выказваў. Не пазнавалі чалавека і творцу, які меў памяць, каб быць беларусам, і здольнасць пераказаць нам гэтую памяць праз стагоддзі. Угледзьцеся, пазнайце, ганарыцеся.
Таццяна КАВЭЦКАЯ.
|
|
|