Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Ірына ЖАРНАСЕК

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА

Вера ў душы чалавека... Ніхто і ніколі, напэўна, не спазнае да канца таямніцы яе нараджэння. Калі, якім шляхам трапляе ў душу тое першае зернейка веры, умацоўваецца там, прарастае?.. Адно зразумела дакладна: дзеля таго, каб зернейка прарасло, патрэбна рука дбайнага сейбіта, які пажадаў бы ўкінуць яго ў душу. Хто для нас выконвае ролю сейбіта? Святар? Сястра-законніца? Маці? Сябар? А можа, проста добры чалавек, які мае ў сваёй душы гэты вялікі скарб — каталіцкую веру — і пажадаў падзяліцца ім з намі? Па-рознаму гэта бывае. Ды толькі дзякуй Богу за тых людзей, якія імкнуцца падзяліцца скарбам сваёй веры з іншымі, тым самым пашыраючы Евангелле на нашай зямлі. Зазвычай яны робяць гэта цалкам бескарысліва.

Кожны з нас мог бы прыгдаць свае першыя крокі на шляху веры і таго, хто быў у той час побач з намі. Вось як, да прыкладу, напісаў у рэдакцыю «Нашай веры» ў 1997 годзе клерык Гродзенскай духоўнай семінарыі Аляксандр Рагіня пра сваю зямлячку Ганну Дубовік: «Яе жыццё магло б стаць прыкладам для кожнага хрысціяніна. З дзяцінства яна аддала ў ахвяру Хрысту сваё жаданне служыць Яму ў сваіх бліжніх... Менавіта ёй я ўдзячны за тое, што яна наблізіла мяне да Бога. Яна вельмі клапатліва апекавалася мною, заўсёды хацела, каб я служыў Богу, малілася за гэта. І так сталася».

Ганна Дубовік
Хто яна была, Ганна Дубовік? Звычайная сялянка з Пастаўшчыны, з в. Круткі. Яна не даводзілася раднёю Аляксандру і тым не менш вось такія словы пра яе... Але штосьці падобнае маглі б сказаць многія яе землякі. Незвычайны яна была чалавек, Ганна Дубовік. Была... Яна памерла ў маі 1994 года. Але яе след на зямлі настолькі значны, што гаварыць пра яе на старонках «Нашай веры» мае сэнс.

Ганна нарадзілася ў сялянскай сям’і, была выхавана ў каталіцкай веры і з дзяцінства прымала самы актыўны ўдзел у жыцці лучайскай парафіі. Пераслед веры выпаў на гады Ганнінай маладосці. Адны ў той час надламаліся, адступіліся, другія імкнуліся захаваць незалежнасць свайго сумлення і таму выязджалі за мяжу. Вельмі нямногія рызыкавалі застацца на Радзіме і адначасна захаваць незалежнасць сваёй веры і сумлення. Да гэтых нямногіх належала і дзяўчына з Круткоў Ганя Дубовік. Праўда, у 1945 годзе, калі ў Лучаі арыштавалі ксяндза Яна Рамэйку, а таксама некаторых вяскоўцаў, бацькі ўгаварылі і яе выехаць у Вільню. Там яна пазнаёмілася з законніцамі ўршулянкамі, пасябравала з імі і, магчыма, таксама адчула ў сваёй душы голас паклікання да закону. Але ў 1947 годзе сёстры, баючыся арышту, выехалі ў Польшчу. Ганя ж вярнулася ў Круткі. Хто ведае, можа, не раз пазней яна пашкадавала аб гэтым, бо тое, што выпала на яе долю на Радзіме, іншы раз, здавалася, перавышала слабыя дзявочыя сілы. Але Пан Бог вызначыў для яе асаблівую дарогу, дарогу апостальства на Бацькаўшчыне.

Ад беларускіх Круткоў да сумна вядомага месца сталінскіх лагераў Інты нават не сотні кіламетраў, тут адлік перавышае тысячу. Менавіта там адбываў сваё выгнанне кс. Ян Рамэйка. Гэта за яго штодня маліліся парафіяне лучайскага касцёла разам з кс. Чаславам Барвіцкім, які ў той час прыехаў сюды служыць. І гэта да яго ў адведзіны Ганя Дубовік адважна вырушыла са сваіх Круткоў. Ехаць давялося ў вагоне для перавозкі жывёлы, на лепшы не мела грошай. Святар працаваў дрывасекам. Прыйшла проста ў тайгу, на лесанарыхтоўкі, і ён, уражаны неспадзяваным з’яўленнем сваёй парафіянкі, выпусціў з рук сякеру...

На размову ім адвялі вельмі мала часу. Але яго хапіла, каб паведаміць святару, што яго памятаюць, за яго моляцца, чакаюць. А ён, вязень, цешыўся, што касцёл у Лучаі зноў дзейнічае. Пакінула яму харчы, якія прывезла, атрымала благаславенне на зваротны шлях і зноў вырушыла ў жахлівую далёкую дарогу. Вагон быў перапоўнены, для Гані месца знайшлося толькі на прыступках. Знясіленая дарогай, яна заснула і... звалілася з тых прыступак на адхон. Калі паднялася на ногі, то са здзіўленнем зразумела, што і рукі, і ногі цэлыя, а, значыць, яна можа прадоўжыць свой шлях, праўда, ужо пехатою. Пайшла. Адна па няветлай тайзе. Галодная, з апухлымі нагамі, яна сяк-так дабрыла да наступнай станцыі, і там ёй удалося сесці на цягнік, што ішоў на Маскву. Заўсёды потым, прыгадваючы гэтае здарэнне, яна не стамлялася дзякаваць Богу за Ягоную апеку, бо магла ж яна і не падняцца на ногі на тым адхоне, магла б маці не дачакацца дачкі. Але яна шчасліва вярнулася, бо ў Бога, мабыць, быў іншы план для яе жыццёвай дарогі.

А ў 1948 годзе арыштавалі і кс. Часлава Барвіцкага. Для Гані Дубовік пачаліся новыя паездкі — у Полацк, дзе яго ўтрымлівалі ў турме восем месяцаў. Ездзіла праз кожныя два тыдні, вазіла харчы, якія ёй прыносілі парафіяне. Потым быў суд... У сакавіку 1949 г. Ганя паехала ўжо ў Оршу, адкуль, як вядома, шляхі вязняў разыходзіліся далей — у турмы і лагеры СССР. 25 красавіка таго ж года кс. Барвіцкі напіша ёй з лагера: «Дзякуй табе за тое, што доўгія месяцы я не быў галодны. Столькі ты мела дарог! Няхай табе П.Ез. адплаціць... М.Б.Вастрабрамская прынесла цябе ў Воршу. У самы час. Увесь вагон глядзеў праз вокны, як ты дрыжэла на холадзе, просячы кожнага начальніка перадаць у цягнік перадачу...»

Урачыстая працэсія вакол лучайскага касцёла. Перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце ідзе сястра Міхаэля (Ганна Дубовік).
Архіў Ганны Дубовік, якім мне, дзякуючы ласцы св. п. сястры-зконніцы Уладыславы Таяновіч, пашчасціла карыстацца, вялікі. Удзячная Богу, што мне давялося чытаць і перачытваць тыя балючыя старонкі гісторыі Касцёла на Беларусі. Толькі лістоў кс. Барвіцкага з выгнання Ганна Дубовік зберагла больш за сотню. А яшчэ яна зберагла лісты ад многіх сваіх сябровак, знаёмых святароў. І вельмі шмат, цэлыя прыгаршчы квітанцый на адасланыя пасылкі і грашовыя пераводы — у Інту, п/а Долінка Карагандзінскай вобл., на станцыю Жарык той жа вобласці, у г. Уладзімір, г. Верхне-Уральск... Усё гэта — адрасы вязняў, выгнаннікаў, для якіх яна, Ганна Дубовік, альбо Ганя, як ласкава яны яе называлі, была сапраўдным апірышчам і падтрымкаю.

Вось што напісаў ёй кс. Барвіцкі ў чэрвені 1955 г.: «Ведаю, што любая ты Сэрцу Е., што любіць цябе Беззаганная і што анёлы ніколі не пакідаюць цябе. Тваё жыццё запісана ў залатой кнізе апекуноў нашага цудоўнага белага дома (касцёла. — І.Ж.). Усё, што цяжка, мае свой кошт. Значыць, цэніць цябе наш Збавіцель, бо маеш шмат выпрабаванняў і праз сябе прапускаеш каштоўнае, цяжкае. Найпрыгажэйшая ўзнагарода падрыхтавана для цябе на сваім месцы пры Сэрцы Е. А жыццё бяжыць, і хвіліна тая набліжаецца...»

Яшчэ ў адным лісце, датаваным 1955 годам, ён усклікае: «Які я шчаслівы, што на сваёй жыццёвай дарозе знайшоў гэткае добрае сэрца, як тваё! Кожны твой ліст — радасць!»

Найменш яна пісала яму пра сваё асабістае жыццё, найбольш — пра парафіянаў, пра тых, хто без святара адышоў у вечнасць, хто нарадзіўся. Парафіяне прыносілі ёй ахвяры і прасілі паслаць святару-выгнанніку. Заўсёды акуратна рабіла гэта і часта прасіла яго адправіць Святую Імшу за кагосьці з ахвярадаўцаў. Ён меў такую цудоўную магчымасць. Многія святары на выгнанні яе не мелі, а ён амаль усе гады выгнання шчасліва маліўся за сваіх парафіянаў.

Ганна была своеасаблівым мастком паміж выгнаннікамі. Часта хтосьці з іх прасіў яе пераслаць адрас кагосьці альбо прасіў камусьці перадаць якую вестку. Нялёгка было гэта рабіць пры савецкай цэнзуры. З вялікімі цяжкасцямі, але ўсё ж ёй удалося дапамагчы звязацца лістамі кс. Барвіцкаму і законніцы Вандзе Банішэўскай, якая ў той час адбывала выгнанне ва Уладзіміры. Дарэчы, спадзяюся, што прыйдзе час, калі ў мяне будзе дастаткова матэрыялу, каб распавесці нашым чытачам і пра гэтага выключнага чалавека — Ванду Банішэўскую. Рызыкавала Ганна і тады, калі звязвала ліставанне двух даўніх сяброў, а на той час выгнаннікаў: кс. Барвіцкага і кс. Віктара Завадскага з Варапаева. Але і гэта ёй удалося.

Яна шмат малілася. Гэта вельмі моцна адчуваецца па святарскіх парадах ёй і іхняй удзячнасці за малітву. Яна, як і многія вернікі лучайскага касцёла, заставалася і надалей практыкуючай каталічкай. Насуперак усяму яны не адступаліся ў сваёй веры.

24 лістапада 1955 года кс. Барвіцкі на адрас Ганны прыслаў ліст да ўсіх парафіянаў. У ім ён пісаў: «Мала хто застаўся паблізу вас, але нічога. Гэта чысцец. Гэта ўсё ж не пекла. З чысца заўсёды ідуць у неба. Не дай Божа застацца няверуючым, адысці ад усяго святога, ад Стварыцеля. Вось гэта тады ўжо і будзе пекла. Яно азначае — змарнаваць час жыцця на зямлі і да таго ж — страціць неба. Таму я вельмі рады, што вы маліліся ў касцёле на Дзень Усіх Святых. Няхай святыя маюць вас у сваёй апецы. Цешыць мяне, што бацькі давялі сваіх дзяцей да першай Св. Камуніі. Гэта вялікая радасць для Неба».

Яна ішла па жыцці асаблівым шляхам, шляхам апостальства. Напэўна ж, не сама яна яго выбрала, але па натхненні з неба, бо для яе абраны шлях не быў рамантычна-высакароднай прыгодай маладосці, але стаўся ўсім жыццём. Натхненне было з неба, але яна, кволая з выгляду сялянская дзяўчына, дала згоду на нялёгкі шлях апостальства.

Прыйдзе шчаслівы для кс. Барвіцкага дзень 31 ліпеня 1956 года, калі ён напіша Ганне ўжо не ліст, а кароткую паштоўку з падзякай за шматгадовую апеку і паведаміць, што яму дазволена пакінуць лагер. Ён прыедзе ў Лучай. Ды толькі дарэмна ўзрадуюцца вернікі: служыць Богу ў касцёле яму не дазволіць улада, і кс. Барвіцкі будзе вымушаны выехаць у Польшчу.

Алтар Маці Божай у лучайскім касцёле. 1957 г.
Касцёл у Лучаі зноў апусцее без святара. Але парафіяне пэўны час яшчэ будуць збірацца ў ім на малітвы. Пазней жа і гэта ім забароняць. Настане час, калі з касцёла — помніка архітэктуры позняга барока і класіцызму ХVІІІ ст., пабудаванага на фундацыі Тадэвуша Агінскага — вынесуць цудоўныя абразы, усё начынне, літургічныя шаты. І толькі, як сцвярджаюць вяскоўцы, атэісты не здолеюць здзерці са сцяны вялікі крыж. Не хапіла сілы. Але ж глядзець на яго яны таксама не маглі, таму завесілі брызентам. Касцёл ператварылі ў склад. І працягвалася гэтае збыткаванне амаль сорак гадоў.

Ганна Дубовік і тады не адступілася. Але што яна магла, звычайная калгасніца, адна з многіх? Аказалася, шмат. Яна працягвала моцна верыць у Бога. Сяброўства маладосці трывала і надалей. Амаль кожны дзень ёй прыходзіла шмат лістоў. Яе сяброўкі, выехаўшы за мяжу, няблага ўладкавалі сваё жыццё: адны выйшлі замуж і жылі ў дастатку, іншыя сталі законніцамі. Кс. Барвіцкі меў у Польшчы парафію, кс. Завадскі — у Літве, Ванда Банішэўская служыла Богу ў Беластоку, Зося Ахрамей — ажно ў Рыме. Але перапіска з Ганнай Дубовік трывала. У тых лістах, якія зберагла яна, амаль нічога не прачытаеш пра побытавае жыццё, а калі што і ўзгадвалася, дык толькі так, мімаходзь, як пра штосьці неістотнае. На тых старонках, як у чыстай крыніцы, адлюстроўваецца, пульсуе іхняе духоўнае жыццё, жыццё Касцёла тых гадоў — і ў свеце, і ў нас.

Галоўны алтар лучайскага касцёла. 1957 г.
Ён жыў, Касцёл на Беларусі. Былі зачыненыя, разрабаваныя святыні, вельмі мала было святароў. І ўсё ж ён жыў, у многім дзякуючы такім людзям, як Ганна Дубовік. Часта ў яе хаце людзі збіраліся на маёвыя, чэрвеньскія ці ружанцовыя набажэнствы. А часам які-небудзь заезджы святар і Святую Імшу адпраўляў. Ганна ўзяла на сябе яшчэ адну вялікую адказнасць — катэхізацыю дзяцей. Рыхтавала іх у групах па 10—12 чалавек, потым сама ж і везла ў Гадуцішкі, што на Літве, да Першай Споведзі. Захаваўся чарнавік аднаго яе ліста да кагосьці са святароў, у якім яна добра апавядае пра духоўнае жыццё ў тыя часы. «Кожнае свята мы лучымся з вамі з дапамогай радыё, бо не ўсе могуць паехаць у касцёл за няблізкі свет. Дык адно шчасце для нас — радыё. Праўда, на жаль, часта вельмі дрэнна чуваць. І ўсё ж гэтая гадзіна для нас святая. Хоць адно слоўца зловім, і ўжо разумеем, які гэта момант Св. Імшы. А калі часам добра чуваць, то нашы сэрцы спяваюць: «Алелюя!» У гэткія хвіліны мы наталяем наш духоўны голад, падмацоўваемся Божым словам на цэлы тыдзень. Таму дзякуем Богу за вашу працу, за вашу настойлівасць, за гэты Божы дар, калі мы яднаемся духоўна ў Яго бескрывавай Ахвяры. А пару разоў на год прывозім святара ў свае вёскі — да нашых слабых, хворых. Тады і ўсе мы таксама карыстаем з ягонай паслугі».

Далей яна падрабязна апісвае, як на свята Трох Каралёў вазіла групу дзяцей да Першай Святой Споведзі ў Гадуцішкі: як у тры гадзіны ночы іх падвозілі на трактары на станцыю, як ехалі, чакалі раніцай у Гадуцішках, калі адчыняць касцёл, як потым усе яны перажылі шмат радасці пры яслях Божага Дзіцяці.

Не злічыць, колькі яна перапісала сваёй рукой кароткіх катэхізісаў для навучання дзяцей, колькі — песень, малітваў. Глядзіш цяпер на гэтыя пажоўклыя карткі, старыя абразкі, віншавальныя паштоўкі альбо памяткі Першай Споведзі, зробленыя яе рукамі, і неяк не ўкладваецца ў галаве, што ўсё гэта рабіла калгасніца, якая з-за цяжкай працы почасту не мела спакойнага адпачынку. Нельга не здзіўляцца, дзе яна брала на сваю апостальскую працу час, сілы, надзею, што ўсё гэта некалі зменіцца? Часам ёй прыходзіла ў дзень па сем лістоў. На ўсе спраўна адказвала, з усімі была ветліваю, усім дзякавала за памяць і за малітвы за Бацькаўшчыну, на якой так няпроста жылося тым, хто верыў у Бога. Мабыць, былі хвіліны слабасці і ў мужнай Ганны Дубовік, бо сяброўка маладосці Ванда Банішэўская супакойвала яе ў адным з лістоў: «Найперш прашу цябе не перажываць, а цалкам даверыцца Езусу. Ён не пакіне цябе адну, можа, будзеш Ягоным найбольшым суцяшэннем. Даверся! Даверся! Даверся! Памятаю, як ты падтрымлівала мяне, калі я была на выгнанні. Заўсёды малюся за цябе...»

Іх, сяброў духоўна багатай маладосці, і надалей лучыла малітва. Яна дапамагала жыць і тым, хто быў цяпер на чужыне, і тым, хто па сваёй волі застаўся тут. І надалей вяскоўцы прыносілі Ганне Дубовік ахвяры на Святую Імшу, а яна ехала ў Гадуцішкі, Вільню, прасіла там святароў адпраўляць Св. Імшу за вернікаў лучайскай парафіі. Часта за іх маліліся і кс. Барвіцкі, кс. Завадскі, пра што абавязкова паведамлялі Ганне ў лістах.

Ішла другая палова 80-х. Паўсюль ужо людзі цешыліся атрыманай рэлігійнай свабодай, а ў Лучаі ўсё яшчэ не жадалі вярнуць вернікам касцёл. Там планавалі адчыніць канцэртную залу. Для Ганны Дубовік гэта былі зноў гады бясконцых падарожжаў — у Маскву, Віцебск, Мінск, Паставы. Размовы, размовы, размовы... І ўсё ж справядлівасць узяла верх — касцёл вярнулі. Ці не найбольш радавалася гэтай падзеі яна, Ганна Дубовік. Як узнагарода за ўсе перанесеныя труды стала для яе паездка ў Рым, якую арганізавалі сябры маладосці. Была сустрэча са Святым Айцом. Была яна запрошана на абед да Яго Святасці і мела магчымасць распавесці яму пакутную гісторыю пра гісторыю Касцёла на Беларусі, тую самую, якая складалася і з яе доўгіх апостальскіх дарог, бясконцых лістоў і пасылак святарам-выгнаннікам, з патаемнага, але настойлівага вызнання каталіцкай веры...

На схіле жыцця збылася і яшчэ адна вялікая мара Ганны Дубовік — яна ўступіла ў ордэн сясцёр бернардынак, стала законніцай. Не, нікуды не паехала з родных мясцінаў, прайшла свой шлях да канца тут, толькі часам ездзіла ў свой законніцы дом у Вільні.

У законе яна прыняла імя: Міхаэля. Сястра Міхаэля... Праўда, для вяскоўцаў яна так і засталася Ганнай, альбо проста — Ганяй. А пастарэлы, хворы і нямоглы ксёндз Барвіцкі ў 1991 годзе молада й радасна ўсклікаў у лісце да яе: «Вы там (на Беларусі. — І.Ж.) выконваеце апостальскую працу. Але найбольш Пан Езус любіць с. Міхаэлю! Міхаэль — азначае: хто ж як Бог! Гэты святы Арханёл Міхал перамог узбунтаваных анёлаў. Моцнае і прыгожае гэта імя!»

А сяброўка юнацтва Зося Ахрамей, якая таксама стала законніцай і цяпер насіла імя: Халента, пісала з Рыма: «Дарагая с. Міхаэля! Часам думаю, якімі дзіўнымі шляхамі вядзе нас Пан Бог: мяне закінуў ажно ў Рым, а ты была патрэбнаю дома для падтрымкі веры сярод людзей, бо заўсёды была мужнаю, як св. Павел, ніколі не адступалася ні перад цяжкасцямі, ні перад небяспекаю. Ганя, дарагая, нягледзячы на тое, што нас раздзяляюць тысячы кіламетраў, мы злучаныя духоўна. Малюся і памятаю цябе!»

Напэўна, не выпадкова Ганна Дубовік, якая ўсё сваё жыццё змагалася з тым, што было варожае Хрысту, выбрала сабе імя Міхаэля. Бо сама мела выключна моцную веру ў Яго, а яна, вера, у сваю чаргу, зрабіла сялянскую дзяўчыну з Круткоў надзвычай мужнаю, высакароднаю і надзяліла яе незвычайнаю духоўнаю прыгажосцю.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY