Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Эдвард БАНЕЦКІ

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ

«У гэтыя мясціны
трэба ісці праз пустыню...»
Караль Вайтыла «Вандроўка ў святыя мясціны»

Каб зразумець пілігрымку Яна Паўла ІІ ў Святую Зямлю, трэба імкнуцца глядзець так далёка, як Папа, які шмат гадоў яе рыхтаваў. Трэба памятаць, што ніводнае падарожжа Яна Паўла ІІ не было выправай на сустрэчу ў такой складанай сітуацыі.

СВЯТЫЯ МЯСЦІНЫ

Гэта пілігрымка ў святыя мясціны. Святыя для габрэяў, хрысціянаў і мусульманаў. Для кожнага з прадстаўнікоў гэтых вызнанняў яны святыя па-свойму. Бо Святая Зямля – святая для ўсіх, але супольная святасць відавочна не азначае супольнай пашаны. Наадварот, яна азначае спрэчкі і барацьбу асабліва тады, калі справа датычыць Ерузалема. Аказваецца, што самыя вострыя спрэчкі узнікаюць вакол святых рэчаў.

Для габрэяў Ерузалем, Сіён, зямля Ізраіля – гэта крыніца містычнай энергіі, якая дазволіла ім ператрываць 2000 гадоў раскіданасці. Для хрысціянаў – гэта месца найважнейшых у гісторыі чалавецтва падзеяў, а горад Ерузалем– сімвал духоўнага Ерузалема. (...)

Для ісламу – гэта месца «начной вандроўкі» Магамета: прынесены сюды анёлам аднаго разу, адсюль ён узышоў на неба. Ерузалем для магаметанаў стаў важным толькі тады, калі горад увайшоў у арбіту панавання ісламу, г.зн. пасля заваёвы горада каліфам Амарам у 638г. Мячэць тут збудавалі праз 50 гадоў пасля таго.

ПАЛЕСТЫНА І ІЗРАІЛЬ

Папская пілігрымка ў святыя мясціны – гэта візіт у дзяржаву Ізраіль. З самага свайго пачатку гэтая дзяржава, як соль у вачах арабскага свету. Да сённяшняга дня Ізраіль ваюе з Ліванам, Сірыяй і Іракам. Існуе пастаянная напружанасць з палестынцамі. Адносіны паміж двума народамі складаныя. Тэрыторыя анэксаваная Ізраілем, тэрыторыя Палестынскай Аўтаноміі, розная ў розных месцах ступень незалежнасці палестынцаў, ізраільскія пасяленні на прыгранічнай акупаванай тэрыторыі, арабы (палестынцы, але так іх нельга называць) — грамадзяне Ізраіля і тыя, што жывучы ў Ізраілі, грамадзянства не прынялі, урэшце — лагеры палестынскіх бежанцаў, ужо каля 50 гадоў раскіданыя ў арабскіх краінах, а таксама нямногія – на тэрыторыі Ізраіля. Колькі ёсць бежанцаў, ніхто дакладна не ведае, гаворка ідзе пра адзін, два альбо нават тры мільёны.

Гэта толькі некаторыя моманты палітычнай сітуацыі, у якой знаходзяцца Палестына і Ізраіль. (...) Але гэта асобная тэма, не звязаная з вандроўкаю Папы.

ГАБРЭЙСКА-ХРЫСЦІЯНСКАЯ СУСТРЭЧА

Прысутнасць Касцёла ў Святой Зямлі заўсёды была прысутнасцю хрысціянскіх арабскіх супольнасцяў (у Ізраілі жыве 130 тыс. хрысціянаў, з Палестынскаю Аўтаноміяй – 180 тыс., арабы складаюць 82% ад гэтай колькасці). Таму нічога дзіўнага, што Касцёл быў хутчэй супраць сіянізму і без энтузіязму сустрэў узнікненне ў 1948 г. дзяржавы Ізраіль. Дыпламатычныя адносіны з Ізраілем Ватыкан устанавіў толькі ў 1994 г.

Такім чынам гэтая пілігрымка – габрэйска-хрысціянская сустрэча, можна сказаць сустрэча «ў вярхах». Ступень яе складанасці вызначаюць памяць пра стагоддзі варожасці паміж хрысціянамі і габрэямі, Халакост, бязмежныя напластаванні недаверу і ўзаемнага ігнаравання. Такога, як гэты візіт Папы ў дзяржаву Ізраіль, яшчэ не было (...)

ЗАСЛУГІ ПАПЫ

Несумненна, падчас гэтага візіту выявілася вялікая сімпатыя да Яна Паўла ІІ, які больш адважна, чым яго папярэднікі, распачаў тэму паяднання з габрэйскім народам. Было згадана, што 7 красавіка 1994 г. Папа сказаў: «Мы павінны прызнаць, што антысемітызм, ксенафобія і расавая нянавісць былі зародкам нацысцкіх злачынстваў. Католікі і габрэі з таго часу павінны супольна працаваць, каб супрацьпаставіць сябе новым праявам гэтага зла ў сучасным свеце». Было таксама згадана, што ў 1994 г., перш чым Апостальская Сталіца прызначыла свайго прадстаўніка ў дзяржаве Ізраіль (1994 г.), Ян Павел ІІ поўнасцю прызнаў статус гэтай дзяржавы (20 красавіка 1984 г.). У часе візіту прыгадвалася, што, наведваючы рымскую сінагогу (13 красавіка 1986 г.), ён сказаў: «З юдаізмам нас яднаюць сувязі, якіх мы не маем з іншымі рэлігіямі. Вы – нашы ўлюбёныя браты, сапраўды можна сказаць – старэйшыя браты».

Вялікі рабін Ізраіля Мэір Лау зазначыў: «Я чакаю пазітыўных вынікаў гэтага візіту, ён дазволіць нам адкрыць новую старонку ў адносінах паміж нашымі народамі і веравызнаннямі» (...)

ПРЫЛЁТ

Каб расло дрэўца міру...
Ужо пры святле пражэктараў 21 сакавіка 2000 г. у 17:30 Ян Павел ІІ пакінуў самалёт і ў аэрапорце Бэн Гурыёна пад Тэль-Авівам пад імжыстым дажджом пацалаваў зямлю Ізраіля. Распачалася прывітальная цырымонія. (...)

«Толькі 200 пакаленняў аддзяляе нас ад тае хвіліны, калі чалавек па імені Абрагам пакінуў зямлю айцоў і накіраваўся ў зямлю, якая з’яўляецца сёння маёй краінай. Толькі 150 пакаленняў аддзяляе збаўчы вогненны слуп Зыходу з Егіпту ад слупа знішчальнага дыму ў Шаах», – так распачаў прывітальную прамову прэзідэнт Ізраіля. Ён гаварыў пра тулянні і цярпенні народа, які сёння ўжо не з’яўляецца народам выгнаннікам: «Мы – пакаленне, народжанае ў эпоху вяртання габрэяў і адбудовы свае Айчыны». Ён дзякаваў Папу за асуджэнне антысемітызму, за просьбу аб прабачэнні правінаў Касцёла ў адносінах да габрэяў у мінулыя стагоддзі. Ён прыгадаў заклік Папы да супольнага супрацьдзеяння расізму і антысемітызму ў свеце; сказаў пра рэлігійную свабоду ў Ізраілі, пра вольны доступ у святыя мясціны, пра супольнае жыццё габрэяў, хрысціянаў, мусульманаў, пра бясконцыя войны, якія вядзе маладая дзяржава і пра жаданне міру з усімі арабскімі народамі. (...)

Прыгожы тэкст прамовы прэзідэнта – credo сучаснага Ізраіля. Папа адказаў: «Маё падарожжа – гэта пілігрымка да пачаткаў нашай рэлігійнай гісторыі. Пілігрымка, якая павінна ажывіць міжрэлігійны дыялог габрэяў, мусульманаў і хрысціянаў». У прамове Вэйцмана пераважалі палітычныя праблемы; прамова Яна Паўла ІІ была цалкам рэлігійная. Пасля гэтага Папа на верталёце адляцеў у рэзідэнцыю Апостальскай Дэлегатуры ў Ерузалеме.

БЭТЛЕЕМ

22 сакавіка, серада. Кароткая цырымонія над Іарданам, на тым месцы, дзе, праўдападобна, хрысціў Ян. (...)

«Зямля, зямля! Адкажы на жаданні вечнай Мудрасці. Месца сустрэчы, перастань быць пустыняю, стань аазісам ...» Дзень наведзінаў Бэтлеема – гэта дзень палестынцаў. У Бэтлееме жывуць арабы; бар’еры на дарозе пазначаюць межы Палестынскай Аўтаноміі. Сонца напераменку з дажджом. Святая Імша – перад базылікаю Народзінаў. На Імшы прысутнічае Ясер Арафат. Ён вітае Папу (прывітальная прамова Святога Айца была прачытана вернікам перад Святою Імшою па-арабску і па-ангельску). Арафат на Св. Імшы, Арафат у лагеры для бежанцаў узнагароджвае Папу ордэнам, Арафат прамаўляе — Арафат праменіцца радасцю...

А Папа? Збылася яго мара. Ён хацеў тут адправіць першае папскае Божае Нараджэнне – не выйшла. Св. Імша цэлебруецца пад адкрытым небам. Халодны вецер змяняе цёплае сонца. Папа заканчвае гамілію. Перш чым распачалося Ахвяраванне, з бліжняй мячэці загучаў пранізлівы спеў муэзіна. Дысананс? Хіба, не. Святы Айцец нават не зірнуў у бок мінарэту: разам з цэлебрансамі спакойна чакаў канца спеву. А незадоўга да гэтага Папа вітаў мусульманскую супольнасць у Бэтлееме і заахвочваў распачаць «новую эру» паразумення і супрацоўніцтва дзеля дабра Святой Зямлі. Мячэць стаіць зусім блізка ад базылікі...

Наведзіны месца народзінаў Збаўцы. Доўгая, ціхая малітва. Нічога не адбываецца, каментатары на гэтым моманце не затрымліваюцца, але без гэтых хвілінаў ціхай малітвы, без гэтых мясцінаў уся вандроўка не мела б таго значэння, якое яна мае. Што ж тут каментаваць? (...)

СУСТРЭЧА З РАБІНАМІ

23 сакавіка. Сустрэча адбывалася пры зачыненых дзвярах. Перш чым яна пачалася, рабіны, сабраўшыся ў зале, запрасілі прысутных кардыналаў сказаць некалькі слоў пра сябе і пра свае ўзаемаадносіны з габрэямі. Гэтыя імправізаваныя прамовы былі надзвычай шчырыя, а настрой – вельмі добры; пасля, калі Папа ўжо прыйшоў, настрой стаў проста сардэчны. (...)

Сустрэча ў Інстытуце Памяці Яд Вашэм лічыцца кульмінацыйным пунктам візіта. Адчувалася вялікае асабістае ўзрушэнне Папы, асабліва тады, калі кантар спяваў прыгожую малітву, спецыяльна складзеную для гэтага месца. Яну Паўлу ІІ прадставілі групу ўратаваных з Халакосту людзей, у тым ліку — адну асобу, якую, як быццам, уратаваў малады ксёндз: яна сцвярджала, што гэта быў Караль Вайтыла. Цяжка сказаць, наколькі гэтая гісторыя праўдзівая. (...)

У часе ўсёй сустрэчы пераважаў настрой радасці і захаплення.

МІЖРЭЛІГІЙНАЯ СУСТРЭЧА

У часе міжрэлігійнай сустрэчы ў Ерузалеме.
У гэты дзень Папу чакала яшчэ адно нялёгкае перажыванне. У час вячэрняй міжрэлігійнай сустрэчы адбылася выключная падзея. У зале, дзе сабраліся прадстаўнікі розных рэлігій, Папа сядзеў разам з вялікім рабінам Ерузалема Лауам і шэйхам Татсіра Тамімі. Вялікі муфцій не ўдзельнічаў у гэтай сустрэчы. Як стала вядома, ён не хацеў сустракацца з рабінамі, таму яго замяняў шэйх Тамімі, найвышэйшы суддзя рэлігійнага трыбуналу на тэрыторыі Палестынскай Аўтаноміі.

Пасля прыгожай і добразычлівай прамовы рабіна ўстаў шэйх і пачаў прамаўляць па-арабску. (...) Ён вітаў Святога Айца ў Святым Горадзе Ерузалеме, ад вякоў прызначаным Богам для палестынцаў. Ён запэўніваў, што яны будуць змагацца за яго мірнымі метадамі, але, калі гэта не дапаможа, то са зброяю ў руках. Ён доўга пералічваў крыўды свайго народу. (...) Калі Папа садзіў у вялікі вазоннік дрэўца міру, шэйх далікатна адышоў. Прамова Святога Айца была прысвечана прысутнасці рэлігіі ў жыцці грамадства і была, несумненна, адной з найважнейшых падчас гэтай пілігрымкі.

ГАРА БЛАГАСЛАВЕННЯЎ

Сустрэча на Гары Благаславенняў адрознівалася ад іншых у часе гэтай пілігрымкі. У Галілею прыбыло каля 100 тыс. неакатэхуменаў, свецкіх асобаў, найбольш маладых, але былі таксама старэйшыя і нават вельмі старыя. (...)

Калі падчас літургіі Святы Айцец пазіраў на Галілейскае возера, якое ляжала перад ім, і на гэты вялізны натоўп пераважна маладых людзей, што сядзелі альбо стаялі на схіле Гары, як у амфітэатры, толькі што пад небам, ён, напэўна, думаў пра Рабіна Езуса, які менавіта тут, на гэтай гары прамаўляў сваю Нагорную Пропаведзь...

НАЗАРЭТ

Грот Звеставання. На алтары ў Гроце Папа паклаў Залатую Ружу — дар, якім ушаноўваюцца самыя вялікія хрысціянскія санктуарыі. Святы Айцец гаварыў тут пра павагу да годнасці чалавечага жыцця, прысвяціў Багародзіцы сем’і Святой Зямлі і ўсяго свету.

У Ерузалеме, у сядзібе праваслаўнага патрыярхату, Папа чарговы раз заклікаў да еднасці хрысціянаў, згадаў гістарычную сустрэчу Паўла VІ і экуменічнага патрыярха Канстанцінопаля Афінагора І.

СЦЯНА ПЛАЧУ

Каля Сцяны Плачу.
Апошні дзень пілігрымкі, 26 сакавіка. (...) Раніцаю Святы Айцец наведвае мячэці на ўзгор’і святыні, сустракаецца з вялікім муфціем і накіроўваецца да Усходняй Сцяны, якую часта называюць Сцяною Плачу. Прамаўляе рабін Міхаэль Мельхіёр, міністр па справах эміграцыі. (Ён чытае 122 псальм. Затым гэты ж псальм быў прачытаны Папам. – Рэд.)... Пасля Папа падыходзіць да муру. Як гэта прывыклі рабіць габрэі, ён абапіраецца на камяні і засяроджваецца на малітве. Я бачу, што ў яго правай руцэ з’явілася картка. Папа выразна, вуснамі адмаўляе малітву, напісаную на картцы, пасля, як гэта звычайна робяць габрэі, што моляцца ў гэтым месцы, складае паперку і кладзе яе паміж камянямі. На картцы быў напісаны тэкст малітвы, якую чытаў Святы Айцец у Папяльцовую Сераду, той тэкст, у якім ён просіць Бога прабачыць Касцёлу правіны, учыненыя ў адносінах да братоў-габрэяў.

БАЗЫЛІКА СВЯТОГА ГРОБУ

Святая Імша ў базыліцы Гробу. Людзей няшмат. Папа спускаецца ў грот, моліцца хвіліну на адзіноце, пасля адзявае фіялетавыя літургічныя шаты, і пачынаецца Святая Імша. Імша адпраўляецца на лаціне (бо ў базыліцы Святога Гробу паводле вельмі старых пастановаў Імша не адпраўляецца на нацыянальных мовах). Словы перад Св. Імшою, гамілія, слова на заканчэнне літургіі, сканцэнтраваныя на праблеме еднасці хрысціянаў. Пілігрымка заканчваецца. Пасля набажэнства Святы Айцец пажадаў яшчэ раз вярнуцца ў базыліку Святога Гробу. Там ён узышоў на Кальварыю, дзе нейкі час ціха маліўся.

* * *

Чым была гэтая пілігрымка? Была пілігрымкаю Папы ў мясціны, звязаныя з гісторыяй збаўлення. Майсея, якога ён адведаў на Сінаі, тут сустрэў у табліцах Дзесяці Словаў літургічных чытанняў. Ян Хрысціцель над Іарданам, Назарэт, Бэтлеем і пасля іншыя мясціны ў Галілеі, нарэшце Святы Горад Ерузалем. Што было самым важным? Самымі важнымі былі хвіліны цішы. Кароткі, ціхі прыстанак над Галілейскім возерам (...), малітва ў бенедыктынскім кляштары, у месцы размнажэння хлеба.

Св. Імша ў Вячэрніку, малітва пры Сцяне Плачу, скіраваная да Бога просьба Слугі слугаў Божых аб прабачэнні ў тым месцы, дзе ад вякоў моляцца пабожныя габрэі, і нарэшце – наведзіны Гробу – гэтага маўклівага сведкі Змёртвыхпаўстання нашага Пана Езуса Хрыста. Гэта было найважнейшае. (...)

Гледзячы на Святога Айца, які цэлебраваў Св. Імшу пры Святым Гробе, я думаў, што ён ішоў да гэтага месца сам і вёў Касцёл многія гады. Часта праз пустыню. Але ж «у гэтыя мясціны трэба ісці праз пустыню».

Ксёндз Адам Банецкі з Ізраіля і Палестыны.
«Tygodnik Powszechny», № 14 за 2000 г.
Пераклад з польскай рэд.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY