Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Папа Ян Павел ІІ

ПЕРАПРАШАЕМ І ПРОСІМ АБ ПРАБАЧЭННІ

Гамілія Яна Паўла ІІ падчас Святой Імшы ў базыліцы св. Пятра ў Дзень Прабачэння 12 сакавіка 2000 г.

1. «У імя Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам! Бо Таго, хто граху не ведаў, Ён учыніў для нас грахом, каб мы ў Ім сталіся праведнасцю Божай» (2 Кар 5, 20-21).

Гэтыя словы св. Паўла Касцёл штогод чытае ў Папяльцовую Сераду, на пачатку Вялікага Посту. У велікапосны перыяд Касцёл прагне асаблівым чынам паяднацца з Хрыстом, які, унутрана натхнёны Духам Святым, распачаў сваю місію, адышоўшы ў пустыню, і там пасціў сорак дзён і сорак начэй (гл. Мк 1, 12-13).

Пад канец посту, як коратка сведчыць евангеліст Марк, Яго спакушаў шатан (гл. 1, 13). Мацвей жа і Лука распавядаюць значна шырэй пра барацьбу Хрыста ў пустыні і пра Яго канчатковую перамогу над спакушальнікам: «Адыдзі ад Мяне, шатане, бо напісана: Пану Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы» (Мц 4, 10).

Той, хто так кажа, ёсць Той, «хто граху не ведаў» (2 Кар 5, 21), гэта Езус, «Святы Божы» (Мк 1, 24).

2. «Бо Таго, хто граху не ведаў, Ён учыніў для нас грахом» (2 Кар 5, 21). (...) Што азначаюць гэтыя словы? Яны здаюцца нам парадоксам і сапраўды ім з'яўляюцца. Як жа мог Бог, які ёсць сама святасць, «учыніць грахом» спасланага ў свет свайго Адзінароднага Сына? А менавіта ж пра гэта мы чытаем ва ўрыўку з другога Ліста св. Паўла да Карынцянаў. Стаім перад таямніцаю, перад таямніцаю на першы погляд трывожнаю, але выразна запісанаю ў Божым Аб'яўленні.

Ужо ў Старым Запавеце Кніга Ісаі гаворыць пра гэта з натхнёным прадбачаннем у чацвёртай песні Слугі Панскага: «Усе мы заблукалі, як авечкі, кожны з нас пайшоў сваёю дарогаю, а Пан узваліў на Яго нашыя правіны» (гл. Іс 53, 6).

Хрыстус, Святы, будучы зусім без граху, згаджаецца ўзяць на сябе ўсе нашыя грахі. Прымае іх, каб нас адкупіць, згаджаецца абцяжарыць сябе нашымі грахамі, каб выканаць місію, даручаную Айцом, які, як піша евангеліст Ян, «так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго... меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

3. Перад Хрыстом, які з любові ўзяў на сябе нашую грахоўнасць, мы пакліканы да глыбокага рахунку сумлення. Адзін з характэрных элементаў Вялікага Юбілею заключаецца ў тым, што я назваў «ачышчэннем памяці» (була «Incarnationis mysterium», 11). Як Наступнік Пятра я прасіў, каб «у гэтым годзе міласэрнасці Касцёл, умацаваны святасцю, якую атрымаў ад свайго Пана, укленчыў перад абліччам Бога і маліў аб прабачэнні за даўнія і цяперашнія грахі сваіх дзяцей» (тамсама). Сённяшняя Першая Нядзеля Вялікага Посту здалася мне адпаведнаю для таго, каб Касцёл, духова сабраны вакол Наступніка Пятра, маліў Божага прабачэння за правіны ўсіх веруючых. Перапрашаем і просім аб прабачэнні!

Гэты заклік абудзіў у касцёльнай супольнасці паглыблены і карысны роздум, які прывёў да выдання некалькі дзён таму дакумента Міжнароднай Тэалагічнай Камісіі пад назваю «Памяць і паяднанне: Касцёл і правіны мінулага». Дзякую тым, хто спрычыніўся да ўзнікнення гэтага тэксту. Ён мае вялікую карысць для правільнага зразумення і правільнай скіраванасці, для сапраўднай просьбы аб прабачэнні, заснаванай на аб'ектыўнай адказнасці, якая яднае хрысціянаў як членаў Містычнага Цела і якая натхняе сёння вернікаў да прызнання разам з уласнымі правінамі таксама правінаў хрысціянаў ранейшых часоў у святле сумленнага гістарычнага і тэалагічнага даследвання. Сапраўды, «з увагі на сувязь, якая ў Містычным Целе яднае нас з іншымі, усе мы, хоць і не нясем асабістай адказнасці і не хочам замяніць суд Божы, які адзін толькі ведае людскія сэрцы, нясем цяжар памылак і правінаў тых, што былі перад намі» («Incarnationis mysterium, 11). Прызнанне памылак мінулага служыць абуджэнню нашых сумленняў перад задачамі сённяшняга часу, адкрываючы перад кожным шлях навяртання.

4. Перапрашаем і просім аб прабачэнні! Праслаўляючы Бога за тое, што ў сваёй міласэрнай любові абудзіў у Касцёле незвычайнае жніво святасці, місійнае ахвярнасці, поўнай адданасці сябе Хрысту і бліжняму, мы не можам не прызнацца ў нявернасці Евангеллю, у якую трапілі некаторыя нашыя браты, асабліва ў другім тысячагоддзі. Просім прабачэння за падзелы, якія адбыліся сярод хрысціянаў, за ўжыванне насілля, якое некаторыя з іх прымянялі на службе Праўдзе, і за пазіцыі недаверу й варожасці, якія няраз займаліся ў адносінах да вызнаўцаў іншых рэлігій.

Тым больш мы прызнаем нашую адказнасць як хрысціянаў за зло сённяшняга дня. Мы не можам не думаць, якая мера нашай адказнасці за атэізм, рэлігійную абыякавасць, секулярызм, этычны рэлятывізм, за парушэнне права на жыццё і за недахоп зацікаўленасці галечаю ў многіх краінах.

З той прычыны, што кожны з нас праз сваю пазіцыю мае частковае дачыненне да гэтага зла, далучаючыся да скажэння аблічча Касцёла, пакорна просім аб прабачэнні.

Адначасова прызнаючы нашыя правіны, мы прабачаем правіны, учыненыя іншымі ў адносінах да нас. На працягу гісторыі хрысціяне неаднаразова цярпелі крыўды, жорсткасць, пераследы з прычыны сваёй веры. Гэтак, як прабачылі ахвяры тых крыўдаў, так прабачаем і мы. Касцёл сёння і заўсёды адчувае абавязак ачышчэння памяці пра тыя сумныя падзеі ад усялякага пачуцця крыўды і помсты. Такім чынам Юбілей становіцца для ўсіх адпаведнаю нагодаю для глыбокага навяртання да Евангелля. З прыняццем Божага прабачэння зыходзіць імкненне да прабачэння братам і да ўзаемнага паяднання.

5. Але што для нас азначае тэрмін «паяднанне»? Каб спасцігнуць яго дакладны сэнс і значэнне, трэба найперш усвядоміць сабе магчымасць падзелу, аддзялення. Так, чалавек - гэта адзінае стварэнне на зямлі, якое можа наладжваць сувязь еднасці са сваім Створцам, але чалавек - таксама адзінае стварэнне, якое можа ад Яго адлучыцца. На жаль, у жыцці чалавек няраз аддаляецца ад Бога.

На шчасце, шмат людзей, гэтаксама як блудны сын, пра якога гаворыць Евангелле ад св. Лукі (гл. Лк 15, 13), пасля адыходу з бацькоўскага дому і растраты атрыманай спадчыны, упаўшы на дно, усведамляюць, колькі яны страцілі (гл. Лк 15, 13-17). Тады яны ступаюць на шлях вяртання: «Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: айцец, я зграшыў...» (Лк 15, 18). Бог, добра ўвасоблены ў вобразе бацькі з прыпавесці, прымае кожнага блуднага сына, які да Яго вяртаецца. Прымае яго праз Хрыста, у якім грэшнік можа стаць «справядлівым» Божаю справядлівасцю. Прымае яго, бо для нас учыніў грахом свайго спрадвечнага Сына. Так, толькі праз Хрыста мы можам стацца Божаю справядлівасцю (гл. 2 Кар 5, 21).

6. «Так Бог палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага». Вось якое мы маем значэнне (...) у таямніцы адкуплення свету! Трэба глыбока ўсвядоміць сабе каштоўнасць агромністага дару, які Айцец даў нам у Езусе. Трэба, каб перад вачыма нашай душы паўстаў Хрыстус - Хрыстус з Гефсіманіі, Хрыстус убічаваны, цернем укаранаваны, абцяжараны грахом і, урэшце, укрыжаваны. Хрыстус узяў на сябе цяжар грахоў усіх людзей, цяжар нашых грахоў, каб мы маглі праз моц Яго збаўчай ахвяры паяднацца з Богам.

Сёння сведкам перад намі паўстае Саул з Тарсу, які стаў святым Паўлам: ён асаблівым чынам спазнаў моц Крыжа па дарозе ў Дамаск. Уваскрослы аб'явіўся яму ва ўсёй сваёй асляпляльнай моцы: «Саул, Саул, чаму пераследуеш Мяне? ... Хто Ты, Пане? ... Я - Езус, якога ты пераследуеш!» (Дз 9, 4-5). Павел, які так моцна спазнаў магутнасць Хрыстовага Крыжа, звяртаецца сёння да нас з гарачаю просьбаю: «Молім вас, каб ласка Божая не надарма была прынята вамі». Гэтая ласка дадзена нам, сцвярджае святы Павел, самім Богам, які сёння кажа нам: «У час спрыяльны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўлення дапамог табе» (2 Кар 6, 1-2).

Марыя, Маці прабачэння, дапамажы нам прыняць ласку прабачэння, якую шчодра дае нам Юбілей. Учыні, каб Вялікі Пост гэтага незвычайнага Святога Году быў для ўсіх нас веруючых і для кожнага чалавека, які шукае Бога, спрыяльнаю часінаю, часам паяднання і часам збаўлення!

«Tygodnik Powszechny», № 12 за 2000 г.
Пераклад з польскай К.Л.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY